«Варта імкнуцца да лепшага», — адзначыў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы са старшынёй Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Юрыем Сянько. Кіраўнік дзяржавы зарыентаваў аператыўна рэагаваць на запыты і патрэбы работнікаў, акрэсліў шэраг стратэгічных задач, якія неабходна вырашаць. Падчас сустрэчы Прэзідэнт даручыў увесці дадатковыя матэрыяльныя стымулы для працуючых пенсіянераў, а таксама папрасіў прафсаюзы актыўна падключыцца да ўборачнай. Якая работа вядзецца па гэтых кірунках, што адбываецца ў самай масавай грамадскай арганізацыі нашай краіны (членамі прафсаюзаў з’яўляюцца каля 4 мільёнаў чалавек, якія ўваходзяць у 24 тысячы «пярвічак»), чым адметная беларуская мадэль сацыяльнага партнёрства і карысны кітайскі досвед, у эксклюзіўным інтэрв’ю «Звяздзе» распавёў старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Юрый Сянько.
— Гэты год для Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі — асаблівы. Адзначаецца 120-годдзе прафсаюзнага руху. Які шлях быў пройдзены, чаго ўдалося дасягнуць?
— Беларускія прафсаюзы — адны з найстарэйшых у свеце. Пункт адліку — 1904 год. Менавіта тады пачалося масавае стварэнне прафсаюзаў. Яны сфарміраваліся практычна ва ўсіх буйных гарадах Беларусі. Прафсаюзы ўтварыліся на пратэснай хвалі — у адказ на нечалавечыя ўмовы працы, адносіны да работнікаў.
Шлях быў пройдзены каласальны — сёлета мы адзначаем 120-годдзе прафсаюзнага руху. Мы ганарымся тым, што гэта супадае з найважнейшымі для нашай краіны датамі, сярод якіх — 80-годдзе вызвалення Беларусі, 30-годдзе інстытута прэзідэнцтва. За мяжой прафсаюзы дагэтуль працуюць у пратэсным фармаце. А ў нашай краіне сфарміравалася ўнікальная сістэма, якая дазваляе праз цывілізаваны сацыяльны дыялог вырашаць усе неабходныя пытанні. Гэта гістарычнае дасягненне і станоўчая адметнасць Беларусі. Прэзідэнт яшчэ ў сваёй першай перадвыбарнай праграме заявіў, што ў цэнтры ўвагі заўжды будзе чалавек працы. І за ўсе гады ніколі не адмовіўся ад гэтага абяцання, а паступальна ўвасабляў яго ў жыццё. Беларусь насамрэч дзяржава для народа, гэта пацвярджаецца рэальнымі фактамі.
У 1995 годзе кіраўнік дзяржавы падпісаў адзін з найважнейшых у сферы працоўных адносін указаў, у якім прапісана комплекснае, паслядоўнае развіццё сістэмы сацыяльнага партнёрства. З таго часу ўсе ключавыя пытанні абмяркоўваюцца з удзелам прафсаюзаў. Інстытут сацыяльнага партнёрства развіўся ў разуменні грамадства — па-іншаму нельга. І гэта вельмі правільна.
30-годдзе іннстытута прэзідэнства, якое мы таксама адзначаем сёлета, — гэта ў сукупнасці ўся тая праца, якая была зроблена за гэты час. Дзякуючы тым падыходам, якія кіраўнік дзяржавы сістэмна, дакладна выбудаваў у нашай краіне, у тым ліку і прафсаюзы атрымалі магчымасць наладзіць плённае ўзаемадзеянне з органамі дзяржаўнага кіравання праз дыялог. Усе важныя рашэнні ў нашай краіне прымаюцца з удзелам прафсаюзаў, паколькі яны так ці інакш датычацца чалавека працы, яго інтарэсаў. Мы маем права і магчымасць вызначыць сваю пазіцыю па тым ці іншым кірунку, і нас чуюць. Рэгулярна праходзяць пасяджэнні трохбаковага Нацыянальнага савета па працоўных і сацыяльных пытаннях, калі ўрад, прафсаюзы і наймальнікі збіраюцца разам для вырашэння важных задач. Падпісваецца рашэнне, якое абавязковае для выканання ўсімі бакамі. Гэтаму папярэднічаюць сур’ёзныя дэбаты экспертаў, якія збіраюцца на сваім узроўні. Яны абмяркоўваюць дэталі наконт таго, якім чынам можа развівацца сітуацыя пасля прыняцця таго ці іншага рашэння. Пошук аптымальнага рашэння ў рэжыме рэальных кантактаў паміж трыма бакамі — вельмі важная і эфектыўная форма ўзаемадзеяння.
— Якім чынам прафсаюзы ўцягнутыя ў заканатворчую дзейнасць?
— Прафсаюзы вельмі ўважліва ставяцца да таго, каб нарматыўна-прававы акт, які будзе надалей працаваць, стаў стымулюючым элементам для работніка па заработнай плаце, адпачынку, сацыяльных гарантыях і іншых важных пытаннях, і ні ў якім разе не пагоршыў становішча чалавека працы. З падачы Федэрацыі прафсаюзаў вырашаюцца многія надзённыя пытанні. Сярод апошніх прыкладаў — па нашай прапанове з гэтага года маладым спецыялістам прадастаўляецца спецыяльны падатковы вылік. Пэўная частка ў заработнай плаце такіх работнікаў не абкладаецца падаткам. У выніку, калі палічыць за год, то кожны малады спецыяліст дадаткова атрымлівае каля тысячы рублёў.
З мінулага месяца зменены падыходы па выплаце «бальнічных». Удзел у распрацоўцы адпаведнага дакумента брала і Федэрацыя прафсаюзаў. І сёння вырашана пытанне, якое ФПБ узнімала неаднаразова. Размова ідзе аб памеры выплат па бальнічных лістах для маладых работнікаў, у якіх працоўны стаж менш за паўгода. З ліпеня, з моманту ўступлення дакумента ў дзеянне, гэтыя выплаты павялічыліся практычна ўтрая.
— Адно з надзённых пытанняў — удасканаленне падыходаў па выплаце пенсій работнікаў, якія дасягнулі пенсіённага ўзросту і працягваюць працаваць…
— Нярэдка здараецца сітуацыя, калі чалавек дасягае пенсіённага ўзросту, але ён поўны сіл і жадання працягваць працаваць. Такіх у нас шмат. У гэтых работнікаў высокая кваліфікацыя і вялікі вопыт. Яны запатрабаваныя спецыялісты ў сваёй справе. Але людзі становяцца перад выбарам, паколькі недаатрымліваюць пэўныя сумы сваёй пенсіі. Калі казаць простымі словамі, то сёння памер пенсіі залежыць, па сутнасці, ад двух складнікаў — гэта стаж працы чалавека і яго заробак, які ўлічваецца для вызначэння індывідуальнага каэфіцыента па пэўнай схеме. І чым большы стаж працы і вышэйшы індывідуальны каэфіцыент, тым, адпаведна, і вышэйшы памер прызначанай пенсіі. Аднак пенсія працуючым пенсіянерам выплачваецца з абмежаваннем індывідуальнага каэфіцыента 1,3. Тым самым пенсіянеры, у якіх пры назначэнні пенсіі індывідуальны каэфіцыент склаў вышэй за 1,3, атрымліваюць пенсію ў перыяд работы не ў поўным аб’ёме. Хтосьці губляе некалькі дзясяткаў рублёў, а ў кагосьці даходзіць і да некалькіх сотняў. Прафсаюзы неаднаразова падымалі гэтае пытанне і настойвалі: падыходы трэба змяніць. Кіраўнік дзяржавы падтрымаў прафсаюзы і даручыў распрацаваць праект дакумента, які дасць магчымасць зняць абмежаванні па выплаце пенсій працуючым пенсіянерам. Такая работа вядзецца і ў трэцім квартале павінна быць завершана.
— Якія станоўчыя змяненні закладваюцца ў калектыўныя дагаворы?
— Калектыўныя дагаворы, якіх у нашай краіне ўжо дзейнічае каля 18 тысяч, прайшлі праз эвалюцыю. Калі раней наймальнікі даволі асцярожна ставіліся да іх заключэння, то цяпер мы маем вопыт маштабнага выкарыстання. Ніхто не бачыць пагрозы, наадварот, наймальнік глядзіць на калектыўны дагавор як на дадатковы элемент стымулявання кадраў для забеспячэння стабільнай работы — належныя вынікі працы, якасць. Са свайго боку работнік разумее, што гэта прэміі, дадатковы адпачынак, іншыя важныя элементы, якія прапісаны ў калдагаворы. З адпаведным настроем чалавек і працуе. Адзін бок атрымлівае дывідэнды ў выглядзе сацыяльных ільгот, гарантый, другі — эфект у дасягненні вынікаў. Усё гэта ў рэшце рэшт працуе на карысць грамадства.
Пры заключэнні кожнага з калектыўных дагавораў адміністрацыя арганізацыі і прафкам арыентуюцца на Генеральнае пагадненне паміж урадам, аб’яднаннямі наймальнікаў і прафсаюзаў, а таксама пагадненне, заключанае ў адпаведнай галіне. Выбудавана дакладная сістэма: галіновае пагадненне вызначае, які мінімум гарантый павінен быць закладзены ў кожнай арганізацыі. Іншымі словамі, ёсць абавязковы мінімум, максімум вызначаецца на месцы. Гэта самыя розныя пазіцыі — ад абавязацельстваў наймальніка падаўжаць працоўныя адносіны тым ці іншым катэгорыям работнікаў да розных выплат і прадастаўлення дадатковых дзён водпуску. Прычым усе гэтыя нормы — абавязковыя да выканання. Напрыклад, больш за 87 працэнтаў ад агульнай колькасці калдагавораў змяшчаюць дадатковыя меры падтрымкі моладзі, сярод якіх — розныя даплаты, заахвочванні і гэтак далей. Звыш 60 працэнтаў вызначаюць меры па вырашэнні жыллёвага пытання для работнікаў (прадастаўленне інтэрната, арэнднага жылля, выплата матэрыяльнай дапамогі на аплату арандаванага жылля і інш.). Каля 80 працэнтаў калдагавораў прапісалі даплаты на аздараўленне і санаторна-курортнае лячэнне, а таксама патанненне пуцёвак на санаторна-курортнае аздараўленне работнікаў. Такая ж доля дагавораў прадугледжвае розныя нормы па стварэнні ў арганізацыях спрыяльных умоў для работнікаў з сямейнымі абавязкамі — дадатковыя выхадныя дні, дапамогу ў аздараўленні дзяцей, да падрыхтоўкі да школы і іншыя бонусы.
— Прававая абарона і юрыдычная дапамога работнікам — адзін з асноўных кірункаў дзейнасці прафсаюзаў. Як ажыццяўляецца гэтая работа?
— За дапамогай прафсаюзных юрыстаў можна звярнуцца па тэлефоне, на асабістым прыёме або праз спецыяльны сэрвіс на інтэрнэт-партале ФПБ, пакінуць пісьмовы ці электронны зварот. Акрамя таго, кожны месяц прафсаюзныя юрысты непасрэдна ў раёнах, на прадпрыемствах і арганізацыях кансультуюць і аказваюць неабходную дапамогу па пытаннях, звязаных з працоўным, пенсіённым, жыллёвым заканадаўствам. Ніводны зварот не пакідаем без увагі.
Напрыклад, у Гомельскай вобласці на такім прыёме два работнікі звярнуліся наконт аднаразовай выплаты. Пытанне датычылася прымянення на практыцы пастановы ўрада, якая рэгулюе пытанні заключэння кантрактаў з шэрагам катэгорый работнікаў, якія працуюць у раёнах, што былі забруджаны ў выніку аварыі на Чарнобыльскай АЭС. У прыватнасці, дакументам прадугледжана выплата аднаразовай дапамогі такім катэгорыям работнікаў. Аднак у выпадку з работнікамі, якія прыйшлі на прававы прыём, наймальнік палічыў, што не павінен аказваць такую дапамогу. Юрыст прафсаюза работнікаў аховы здароўя, які вёў гэты прыём, дэталёва вывучыў сітуацыю, прапрацаваў пытанне з органамі дзяржаўнага і мясцовага кіравання, і ў выніку спрэчка была вырашана ў дасудовым парадку — работнікам выплацілі па 200 базавых велічынь кожнаму.
Часам здараюцца сітуацыі, калі наймальнік адмаўляецца выконваць норму закона. Тады разам з работнікам ідзем у суд і там адстойваем яго правы. Як правіла, гэта сітуацыі, звязаныя з незаконным звальненнем работнікаў, неправамерным накладаннем дысцыплінарных спагнанняў, нявыплатай розных кампенсацый, узнагароджанняў і г. д. Напрыклад, урач-хірург адной з бальніц Мінскай вобласці быў звольнены ў сувязі з тым, што скончыўся тэрмін дзеяння кантракта. Спецыяліст хацеў прадоўжыць працаваць і прыйшоў па дапамогу ў прафсаюзы. Юрыст прафсаюза работнікаў аховы здароўя дэталёва вывучыў сітуацыю. Аказалася, звальненне незаконнае. Справа ў тым, што ўрачу да пенсіі заставалася ўсяго тры гады. А Пагадненне паміж галоўным упраўленнем па ахове здароўя Мінскага абласнога выканаўчага камітэта і Мінскай абласной арганізацыяй Беларускага прафсаюза работнікаў аховы здароўя дакладна вызначае, што наймальнікі абавязаны прадаўжаць кантракты работнікам, якім засталося тры і менш гады да дасягнення агульнаўстаноўленага пенсійнага ўзросту. Прадстаўнік прафсаюза дапамог работніку скласці іскавую заяву ў суд аб аднаўленні на рабоце на ранейшай пасадзе і спагнанні на яго карысць сярэдняга заробку за час вымушанага прагулу. У выніку разгляду справы ў судзе работнік быў адноўлены на ранейшым месцы працы. Акрамя таго, наймальнік выплаціў яму звыш 4 тысяч рублёў за час вымушанага прагулу і пакрыццё маральнай шкоды ў памеры 300 рублёў.
Яшчэ прыклад. На сённяшні дзень практычна 76 працэнтаў ад усіх калектыўных дагавораў змяшчаюць норму аб дадатковых, звыш устаноўленага заканадаўствам, выплатах сям’і загінулага на вытворчасці па віне наймальніка работніка. Сумы значныя: не менш за 10 гадавых заробкаў загінулага. Аднак у асобных выпадках наймальнікі па тых ці іншых прычынах адмаўляюцца выплачваць гэтыя сродкі. У такіх сытуацыях прафсаюзы абараняюць інтарэсы людзей у судах. Напрыклад, у Дзятлаўскім раёне інтарэсы сям’і работніка, які загінуў на вытворчасці, адстойваў у судзе галоўны прававы інспектар працы прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу. На падставе норм калектыўнага дагавора арганізацыі, мясцовага і галіновага пагадненняў суд абавязаў наймальніка выплаціць на карысць сям’і загінулага работніка звыш 74 тысяч рублёў.
— Чым характарызуецца сітуацыя ў плане гарантавання бяспекі на вытворчасці?
— Тут прафсаюзы выступаюць своеасаблівым кантралёрам: дакладна адсочваем, ці ўсё зроблена з боку наймальніка, каб работніку былі гарантаваныя бяспечныя ўмовы працы. Гэта і сродкі індывідуальнай аховы, і аптэчкі, і агульны стан тэхнікі. Абавязкова, калі патрэбна па рэжыме работы, адпаведнае харчаванне, адпачынак, вада, кандыцыянеры. Усе тыя ўмовы, якія сёння сучаснаму работніку павінны быць забяспечаны. Зараз любы наймальнік цудоўна разумее, што гэта надзвычай важна. Калі неабходна своечасова выправіць сітуацыю, то прафсаюзы падключаюцца, і ўсё вырашаецца належным чынам. Рэакцыя на нашы заўвагі вельмі хуткая.
Так, за першае паўгоддзе тэхнічнымі інспектарамі працы ФПБ выяўлена каля 29 тысяч парушэнняў заканадаўства аб ахове працы. Абсалютная большасць з іх пасля выдачы прафсаюзамі адпаведных рэкамендацый аператыўна ліквідавана наймальнікамі. Сярод найбольш распаўсюджаных парушэнняў — недахопы ў арганізацыі працоўных месцаў, адсутнасць ці няякасная распрацоўка інструкцый па ахове працы, парушэнні пры правядзенні навучання па адпаведных пытаннях, незабеспячэнне работнікаў сродкамі індывідуальнай абароны, адсутнасць неабходных санітарна-бытавых умоў.
— Як ажыццяўляецца маніторынг цэн і тарыфаў, наколькі іх рост суадносіцца з ростам заробку?
— Прафсаюзы даўно задзейнічаны ў маніторынгу цэн, кіраўнік дзяржавы падтрымаў гэтую нашу ініціятыву. Мы ажыццяўляем своеасаблівы «народны» кантроль. Ён у першыю чаргу датычыцца недахопу тых ці іншых таварных пазіцый на паліцах крамаў. Наша задача — кантраляваць належнае забеспячэнне людзей належным асартыментам па даступных цэнах. Цяпер гэта перыядычны тэматычны кантроль, і будзем надалей гэтым займацца. Гэта вельмі важна, і нашы спецыялісты разумеюць адказную задачу.
— Якія магчымасці ў работнікаў і іх дзяцей па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні?
— Сістэма прафсаюзнага аздараўлення захавалася яшчэ з савецкіх часоў, мы ўдзячны кіраўніку дзяржавы, які падтрымаў тую пераемнасць традыцый, якая існавала яшчэ з часоў Савецкага Саюза. Самае галоўнае, што захавалася інфраструктура — тыя ж санаторыі і дамы адпачынку. Зараз у нашай сістэме працуюць 12 санаторна-курортных устаноў, 6 гасцініц, 6 турыстычных аб’ектаў у выглядзе турбаз, нават ёсць паляўнічая гаспадарка. Адначасова можа адпачываць 4,5 тысячы чалавек толькі ў санаторыях. Хацеў бы падкрэсліць, што мы пастаянна працуем над удасканаленнем сістэмы аздараўлення. Штогод выдзяляюцца значныя сродкі для мадэрнізацыі, капітальных рамонтаў аб’ектаў, набыцця неабходнага абсталявання. У першую чаргу прадастаўляюцца пуцёўкі для членаў прафсаюзаў, людзі маюць важкія зніжкі. Практыкуюцца новыя формы работы ў санаторыях, на турбазах, якія знаходзяцца ва ўнікальных найпрыгажэйшых мясцінах. Сярод іх — стварэнне палатачных гарадкоў. Сёлета на Браслаўскіх азёрах арганізавалі вялікі палатачны гарадок з трохразовым харчаваннем у нашых сталовых. Гэтая пляцоўка карысталася вялікім попытам. Так што ёсць шырокія магчымасці для адпачынку і аздараўлення, якімі людзі з задавальненнем карыстаюцца.
— Якім чынам адаптуецца прафесійная адукацыя да патрабаванняў рынку працы, якую ролю ў гэтым важным працэсе адыгрываюць прафсаюзы?
— Сёння ўся сістэма адукацыі выбудавана праз адрасны запыт на той ці іншы кірунак, які неабходны нашай эканоміцы. Тут задзейнічаны ўсе ключавыя міністэрствы і ведамствы. Федэрацыя прафсаюзаў аналізуе рынак працы, мы ўдзельнічаем у падрыхтоўцы заяўкі. У тым ліку Міжнародны ўніверсітэт «МИТСО» рыхтуе спецыялістаў па адпаведных кірунках.
Таксама надзвычай важна належнае развіццё сістэмы прафесіянальна-тэхнічнай адукацыі. Зразумела, што эфектыўнасць работы прадпрыемства ў многім залежыць менавіта ад яго кадравага патэнцыялу. Вытворцам неабходны спецыялісты з добрай тэарэтычнай і практычнай падрыхтоўкай. Гэта насамрэч агульная задача і для навучальных устаноў, і для прадпрыемстваў — заказчыкаў кадраў. Менавіта практыкаарыентаваны падыход, прадастаўленне магчымасці студэнтам асвойваць прафесію непасрэдна на вытворчасці, дае магчымасць маладым людзям і навучацца, і ў той жа час бачыць перспектывы свайго прафесійнага росту. А прадпрыемствы ў сваю чаргу бачаць свае патэнцыйныя кадры.
Дарэчы, менавіта дзеля якаснай практычнай падрыхтоўкі будучых аграрыяў прафсаюзы нядаўна перадалі навучэнцам Лепельскага аграрна-тэхнічнага каледжа трактар BELARUS. Гэта сучасная мадэль тэхнікі, якая выкарыстоўваецца ў многіх арганізацыях. Такім чынам у навучэнцаў будзе дадатковая магчымасть загадзя пазнаёміцца з тэхнікай, каб прыйсці на работу ўжо падрыхтаванымі спецыялістамі.
— Як прафсаюзы далучыліся да ўборачнай кампаніі?
— Прафсаюзы заўжды актыўна ўдзельнічалі ў арганізацыі ўборачнай кампаніі, аказвалі необходную дапамогу. Асноўная наша задача — каб своечасова выплачвалася заработная плата, былі бяспечныя ўмовы працы, каб людзі былі забяспечаны гарачым харчаваннем. Да пачатку ўборачнай кампаніі сельгаспрадпрыемствы падышлі з поўнай гатоўнасцю.
І нейкіх сістэмных пытанняў сёння ў гэтай сферы няма. Часам здараюцца пазаштатныя сітуацыі — зламалася тэхніка ці яшчэ што. Але ўсё гэта хутка вырашаецца.
Дарэчы, на час уборачнай кампаніі мы запусцілі «гарачую лінію» па ўмовах працы ўдзельнікаў жніва. Працуе яна кожны дзень — з 8-30 да 22 гадзін. Зваротаў паступае не так шмат. Гэта яшчэ раз сведчыць, што ў пераважнай большасці да арганізацыі працы ўдзельнікаў уборачнай кампаніі наймальнікі падыходзяць адказна. Разам з тым было і некалькі выпадкаў, калі пасля звароту прадстаўнікі прафсаюза выехалі на месца, і скаргі людзей пацвердзіліся. Напрыклад, былі нараканні на тое, што не працуе кандыцыянер у трактары, што няправільна вядзецца ўлік працоўнага часу. Наймальнікі аператыўна адрэгавалі на заўвагі прафсаюза і паправілі сітуацыю.
Гэты досвед нам паказвае, что вельмі важна ацэньваць рэальную сітуацыю на месцах вачыма саміх работнікаў. Таму зараз мы разглядаем магчымасць зрабіць у прафсаюзах пастаянную «гарачую лінію» па ўсіх пытаннях, звязанных з працоўнай сферай. Такі вопыт работы ёсць у Кітаі. Там працуюць у кругласутачным рэжыме «гарачыя лініі» з вельмі хуткай рэакцыяй на тое ці іншае пытанне. Ёсць сістэма кантролю за рэагаваннем на заявы работнікаў. Думаю, што мы такую ж сістэму выбудуем у Беларусі. Ёсць магчымасць перафарматаваць пэўныя кірункі работы і стварыць аператыўную міжгаліновую «гарачую лінію», якая збірае інфармацыю і накіроўвае на рэагаванне. Варта трымаць руку на пульсе. Перакананы, што гэтая работа будзе мець плён.
— Удзельнічаюць прафсаюзы і ў ліквідацыі наступстваў непагадзі…
— Прафсаюзы заўсёды настроены на тое, каб па максімуме падключыцца да важных спраў. Патрыётаў нашай краіны шмат, яны гатовыя дапамагчы. Не ўсё вымяраецца грашыма, многія рэчы вырашаюцца на патрыятычным, добрым, душэўным падыходзе. На салідарнасці і ўзаемадапамозе.
Так і з ліквідацыяй наступстваў стыхіі. Людзі выйшлі на суботнікі — маштабны працоўны дэсант па ўборцы тэрыторый, навядзенні парадку. Больш за 2 тысячы прафсаюзных актывістаў працавалі ў той жа Гомельскай вобласці. Дзе неабходна, дапамагалі і матэрыяльна: закупілі і перадалі бензапілы, бензагенератары. На месцах прафкамы дапамагалі работнікам сваіх прадпрыемстваў, тым, каму стыхія нанесла сур’ёзную шкоду дамам. У далейшым мы гатовы падключыцца і да аднаўлення лесу на тэрыторыях, дзе прайшоў ураган.
— Як развіваецца міжнароднае супрацоўніцтва, у тым ліку з найбуйнейшай у свеце па колькасці членаў Усекітайскай федэрацыяй прафсаюзаў?
— Скажу не толькі як старшыня Федэрацыі прафсаюзаў, а і як былы пасол Беларусі ў Кітаі — у пэўны час мы сутыкаліся і сутыкаемся з ціскам на нашу краіну на розных міжнародных пляцоўках. Але ў гэтай сітуацыі ёсць плюс — высветлілася, што ў Беларусі шмат партнёраў, якія поўнасцю падтрымліваюць нашу палітыку. Наша задача — праз міжнародныя пляцоўкі, з дапамогай сяброўскіх краін, спакойна распавесці сваю пазіцыю. У тым ліку тым, хто атрымаў не зусім дакладную інфармацыю. Прафсаюзы зараз наладзілі прамыя кантакты з многімі замежнымі калегамі. Адзін з моцных партнёраў — Кітай, з якім добразычлівыя, даверлівыя кантакты, шмат у чым дзякуючы сяброўскім адносінам паміж лідарамі нашых краін. Па лініі прафсаюзаў нам цікава працягнуць пераймаць досвед работы КНР, прафсаюзаў Кітая. Наймагутнейшая арганізацыя, адна з самых вялікіх у свеце. Нядаўна мы праводзілі сустрэчу з Пекінскай прафсаюзнай арганізацыяй, у якой каля 8 мільёнаў членаў. У бліжэйшай перспектыве — правесці сустрэчу з цэнтральным апаратам Усекітайскай федэрацыі прафсаюзаў для працягу работы, якая была выбудавана. Нам таксама ёсць чым падзяліцца.
Усё гэта датычыцца і Расіі, іншых сяброўскіх краін. І на міжнародных пляцоўках у нас поўная падтрымка. Наконт абароны правоў працоўных, адстойвання суверэнітэту. Усе прынцыпы і падыходы супадаюць.
Прэзідэнт дакладна вызначыў, што не трэба нам замежных каштоўнасцяў. Нашы традыцыі складваліся стагоддзямі, іх неабходна захаваць. Мы павінны жыць так, як самі беларусы жадаюць, а не па лякалах Захаду. Беларусы павінны прымаць рашэнні. Чалавек — аснова ўсяго.
Беларускія прафсаюзы — надзейная платформа адзінства грамадства. У гэтым наша моц і наша перспектыва. Прафсаюзы як самая масавая грамадская арганізацыя, як сказаў Прэзідэнт «народная партыя», аб’ядноўваюць усе патрыятычныя сілы. Мы выступаем ініцыятарамі многіх важных мерапрыемстваў, якія праводзяцца ў Беларусі. Спадзяюся, што так будзе і надалей. Прынамсі, для гэтага створаны ўсе перадумовы.
Гутарыў Мікалай ЛІТВІНАЎ
Фота Лізаветы ГОЛАД
Наводзіць парадак — з розумам.
Міжнародная спецыялізіваная выстаўка жыллёва-камунальнай гаспадаркі пройдзе ў Мінску.