Вы тут

Бывайце, стрэс і пракрастынацыя!


Комплекс для павышэння працаздольнасці і самазаспакаення стварылі вучоныя навукова-метадычнай установы БДУ «Рэспубліканскі цэнтр праблем чалавека». Мы пратэсціравалі ўнікальную распрацоўку, і вось што з гэтага выйшла.


Фота з адкрытых крыніц

У сучасным свеце існуе мноства прычын для стрэсу. У наша жыццё яны ўрываюцца з зайздросным пастаянствам. Так, паводле апытання, праведзенага сёлета Усерасійскім цэнтрам вывучэння грамадскай думкі, каля трэці расіян сутыкаюцца са стрэсам рэдка ці часам (34% і 37%). А 18% рэспандэнтаў знаходзяцца ў гэтым стане часта ці ўвесь час. У нашай краіне сітуацыя не лепшая: па статыстыцы аналітычнага цэнтра «Бітрыкс24», у 2021 годзе стрэс адчувалі 92% супрацоўнікаў кампаній Беларусі. А паводле леташняга апытання партала Praca. by, у якім прынялі ўдзел 1350 чалавек, 45,3% яго ўдзельнікаў увесь час адчуваюць стрэс на рабоце, і больш за 36% ніяк з ім не змагаюцца.

Але як гэта трэба рабіць? І ці варта? Аказваецца, невялікае хваляванне не прыносіць шкоды арганізму, нават, наадварот, неабходнае для павышэння актыўнасці мозгу і ўвагі. Чаго не скажаш пра моцны і доўгі стрэс, які цягне за сабой складаныя наступствы для здароўя. Сярод іх, напрыклад, захворванні сардэчна-сасудзістай і нервовай сістэм. У барацьбе са стрэсам медыкі раяць умерана займацца спортам і правільна харчавацца. Сон таксама спрыяе хуткаму аднаўленню арганізма і большай устойлівасці да стрэсавых сітуацый. Падобнае можна сказаць і аб занятках любімай справай, зносінах з роднымі і блізкімі. Поўныя рэкамендацыі апублікаваны на сайце Міністэрства аховы здароўя Беларусі.

Спосаб барацьбы са стрэсам на рабоце прапанавалі і вучоныя навукова-метадычнай установы БДУ «Рэспубліканскі цэнтр праблем чалавека». Распрацаваны імі комплекс павінен навучыць чалавека кіраваць рэакцыяй свайго арганізма. Трэнінг створаны на аснове дыхальных практыкаванняў, закліканых дапамагчы дасягнуць аптымальнага псіхічнага і фізічнага стану. Важную ролю іграе і прынцып біялагічнай зваротнай сувязі. Гэта методыка тэрапіі, з дапамогай якой пацыенты вучацца кантраляваць некаторыя ўнутраныя рэакцыі, такія як дыханне і частата сардэчных скарачэнняў. Такі комплекс можна ўкараняць у розныя прадпрыемствы, каб пры неабходнасці прайсці трэнінг мог любы супрацоўнік арганізацыі. Дарэчы, падыдзе ён і для прафілактыкі і лячэння псіхалагічных захворванняў, напрыклад СДУГ і АКР.

А што ўяўляе сабой комплекс для самазаспакаення? На першы погляд, нічога незвычайнага: камп’ютар, некалькі датчыкаў і акуляры віртуальнай рэальнасці. Адзін з распрацоўшчыкаў навінкі, малодшы навуковы супрацоўнік Рэспубліканскага цэнтра праблем чалавека БДУ Антон Дзем’яновіч, тлумачыць: навукоўцы стварылі ўласныя праграмнае забеспячэнне і прыладу. Менавіта да яе і падключаюцца акуляры і розныя датчыкі: дыхання, пульсу, тэмпературы, а таксама датчык электрычнай актыўнасці скуры. Апарат, падобны на невялікую скрыначку, займаецца апрацоўкай інфармацыі з датчыкаў.

Пакуль прыладу ўключаюць і наладжваюць, даведваюся пра сёе-тое. Аказваецца, не варта чакаць стабільнага выніку пасля першага сеанса:

— Першы трэнінг азнаямленчы. На наступных сеансах чалавек паступова трэніруецца кіраваць сваімі фізіялагічнымі працэсамі. Усяго патрэбна 10-12 наведванняў пад кантролем спецыяліста. Пры апошнім прапаноўваецца прадэманстраваць адпрацаваныя навыкі ўжо без прынцыпу зваротнай сувязі, — распавядае Антон Дзем’яновіч, надзеючы мне на галаву VR-акуляры.

Перад вачыма з’явіўся экран, а на ім — заданне, якое неабходна выканаць. Спачатку трэба было глыбока ўдыхнуць і выдыхнуць. Дарэчы, у стрэсавых сітуацыях нам уласціва дыхаць грудзьмі. А вось дыханне жыватом, гэта значыць дыяфрагмай, дапамагае людзям кантраляваць свой фізічны стан і тым самым змяншаць узровень стрэсу, што садзейнічае павышэнню працаздольнасці.

Павольна змяняюцца адна за адной фатаграфіі прыроды: хваёвыя лясы, звілістыя рэчкі, а потым — райскія астравы ў бязмежным акіяне. А на фоне — ціхая спакойная мелодыя. Наогул выкарыстанне тэхналогіі віртуальнай рэальнасці — галоўная перавага распрацаванага вучонымі БДУ комплексу. Калі чалавек сыходзіць у створаную спецыяльна для яго прастору, рэзка памяншаецца колькасць фактараў, якія адцягваюць яго ўвагу. А эфектыўнасць трэнінгу павялічваецца ў разы.

Удых, а потым зноў выдых. Паступова ў галаве, дзе зусім нядаўна, нібы пчолы ў вуллі, раіліся думкі, становіцца пуста. З’яўляецца прыемнае, мяккае пачуццё расслаблення. Дасягнуць яго аказалася зусім не складана. Няма і асаблівых абмежаванняў па здароўі. Праўда, людзям з праблемамі з сэрцам ці дыхальнай сістэмай лепш карыстацца комплексам асцярожна.

Раптам надпіс «Расслабцеся і ні пра што не думайце» знікае з экрана. Вось так, зусім непрыкметна прайшлі 12 хвілін сеанса. 
Распрацоўшчыкі запэўніваюць: у планах — зрабіць комплекс даступным шырокаму колу людзей. Спадзяемся, што гэта будзе магчыма ўжо ў хуткім часе.

Аміна НАЗАРАВА

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Што кожны ахвотны можа зрабіць, каб палепшыць любімы горад?

Што кожны ахвотны можа зрабіць, каб палепшыць любімы горад?

Супрацоўнікі Мінпрыроды расказалі, якая карысць ад дрэў у горадзе.

Грамадства

Час рабіць запасы

Час рабіць запасы

Восень для спецыялістаў аграрнай галіны — час падводзіць вынікі, і сёлета яны годныя. 

Навука

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.