Вы тут

Адкрыты прыём заявак на конкурс маладых журналістаў «Прэс-код»


Днямі ў Доме прэсы правялі круглы стол «Моладзь і медыя: перспектывы маладых журналістаў у сучаснай медыяпрасторы», падчас якога далі старт прыёму заявак на Рэспубліканскі конкурс маладых журналістаў «Прэс-код». Адной з тэм абмеркавання сталі вынікі конкурсу папярэдніх гадоў, а яшчэ закранулі пытанні развіцця прафесійнага журналісцкага асяроддзя, станаўлення моладзі і ўкаранення яе ініцыятыў, удасканалення адкрытай і адказнай журналістыкі, магчымасці для ўзаемадзення і абмену вопытам. У круглым стале ўзялі ўдзел прадстаўнікі міністэрстваў інфармацыі, адукацыі, СМІ, БРСМ, ВНУ і моладзі.


У сучаснай медыяпрасторы з імклівым развіццём лічбавых тэхналогій і сацыяльных сетак у маладых людзей ёсць шмат магчымасцяў для самарэалізацыі і паспяховага кар’ернага росту ў журналістыцы. Гэта адбываецца, таму што менавіта юнакі і дзяўчаты, як ніхто іншы, адчуваюць новыя тэндэнцыі, не баяцца выкарыстоўваць новыя фарматы і падыходы для творчай і прафесійнай рэалізацыі сябе ў гэтай сферы.

Рэспубліканскі конкурс «Прэс-код» быў створаны Міністэрствам інфармацыі і грамадскім аб’яднаннем БРСМ у 2021 годзе. Гэты праект рэалізуецца з мэтай выканання задач дзяржаўнай інфармацыйнай палітыкі і вельмі актуальны і запатрабаваны моладдзю кожны год.

— Работа з моладдзю — найважнейшы складнік дзяржаўнай інфармацыйнай палітыкі, — адзначыў першы намеснік міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь Андрэй Кунцэвіч. — Наша міністэрства нацэлена на стварэнне ўмоў для хутчэйшага станаўлення маладых журналістаў і фарміраванне пэўнага кадравага рэзерву. Такія мерапрыемствы, як рэспубліканскі конкурс маладых журналістаў «Прэс-код», дапамагаюць вырашаць гэтыя задачы. Мы бачым, што конкурс спадабаўся маладым людзям. Пры гэтым удзельнікамі становяцца не толькі журналісты-пачаткоўцы, але і моладзь з самых розных сфер, якой цікава ствараць свой кантэнт. Мяркуючы па вялікай колькасці заявак на папярэдніх конкурсах, мы разумеем, што дасягнулі сваёй мэты. Прыемна, што пераможцы і прызёры ўжо сёння «на алоўку» ў кіраўнікоў рэспубліканскіх СМІ. Многія з іх прыняты туды на работу, а некаторыя робяць дастаткова паспяховую кар’еру на ўзроўні рэгіянальных СМІ. Важна адзначыць, што конкурс «Прэс-код» акумулюе журналісцкія работы не толькі ў тэкставым варыянце, але і шукае таленавітую моладзь, якая валодае здольнасцямі ў фотажурналістыцы, мастацтве, аператарскай рабоце.

— Дзякуючы конкурсу мы можам знаходзіць маладых людзей, якія чамусьці адразу не ўбачылі сябе ў журналістыцы, але ў нейкі момант усвядомілі, што гэта іх прызванне, — адзначыў першы намеснік ЦК ГА «БРСМ» Аляксандр Лук’янаў. — Конкурс дапамагае збіраць аўтарскія матэрыялы, карыкатуры, відэасюжэты, відэаблогі і яркія праекты з усёй краіны.

Адзін з такіх маладых людзей Андрэй Шамычкоў, пераможца Рэспубліканскага конкурсу маладых журналістаў «Прэс-код» 2023 года ў намінацыі «Найлепшы відэаблог», падзяліўся сваім вопытам удзелу ў конкурсе і распавёў, чаму зацікаўленым маладым людзям неабходна спрабаваць свае магчымасці ў сферы «медыя»:

— Гісторыя на самай справе атрымалася пацешная: я вучыўся на энергетыка, працаваў у галіне маркетынгу, пры тым удзельнічаў у гэтым журналісцкім конкурсе, таму што мне было цікава паспрабаваць свае сілы, ацаніць, наколькі ў мяне вялікі багаж ведаў, і паглядзець, што з гэтага атрымаецца. Вынік — нечаканая перамога ў конкурсе. У медыясферы дарогі адкрыты для ўсіх, галоўнае — не ўпускаць магчымасці.

Пасля ўдзелу ў конкурсе Андрэй разам з БРСМ, НАН Беларусі і радыёстанцыяй «Пілот FM» стварылі сумесны праект «Хронікі вызвалення», у якім распавядалі аб ходзе ваеннай аперацыі «Баграціён», выкарыстоўваючы рассакрэчаныя аператыўныя зводкі Генеральнага штаба Чырвонай Арміі. «Я стаў вядучым і рэдактарам гэтага праекта, чаму быў вельмі рады. Ён займае асобнае месца ў маім сэрцы. Гісторыю сваёй краіны павінен ведаць кожны», — дзеліцца юнак.

Падчас круглага стала гаварылі і пра класічную журналісцкую адукацыю. Яна, па словах Андрэя Кунцэвіча, запатрабаваная сярод маладых людзей. «Ва ўсякім выпадку, па тым конкурсе, які сёння склаўся на факультэце журналістыкі БДУ, можна меркаваць, што цікавасць да рэпарцёрскай прафесіі захоўваецца».

Сваё меркаванне выказаў і дэкан факультэта журналістыкі БДУ Аляксей Бяляеў:

— Прафесійная адукацыя важная і патрэбная. За апошні год мы правялі рэфарміраванне навучальных праграм: пакінулі дзве спецыяльнасці «Журналістыка» і «Інфармацыя і камунікацыя». Плануем даваць шырокую адукацыю, рыхтаваць будучых супрацоўнікаў СМІ да работы ва ўсіх медыя. Кожны ў рэдакцыі павінен быць універсальным. Але мы выхоўваем не проста вытворцу кантэнту, але і грамадзяніна, патрыёта.

Удзельнікі мерапрыемства таксама звярнулі ўвагу на канструктыўнае і дэструктыўнае ўздзеянне сусветнай павуціны на моладзь. «Каб захаваць пераемнасць пакаленняў, трэба максімальна задзейнічаць інфармацыйны рэсурс, накіраваны на кансалідацыю грамадства, захаванне гісторыі і духоўна-маральнае выхаванне маладога пакалення, — адзначыў Андрэй Кунцэвіч. — У гэтым кірунку рэдакцыямі дзяржаўных СМІ ствараюцца і развіваюцца розныя цікавыя для моладзі праграмы і інфармацыйныя праекты, галоўная мэта якіх — працаваць на стварэнне, генерыраваць інфармацыйныя патокі канструктыўнага характару».

Яна ВАЛАСАЧ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Што кожны ахвотны можа зрабіць, каб палепшыць любімы горад?

Што кожны ахвотны можа зрабіць, каб палепшыць любімы горад?

Супрацоўнікі Мінпрыроды расказалі, якая карысць ад дрэў у горадзе.

Грамадства

Час рабіць запасы

Час рабіць запасы

Восень для спецыялістаў аграрнай галіны — час падводзіць вынікі, і сёлета яны годныя. 

Навука

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.