Падобныя прыёмы праводзяцца пастаянна, і для членаў Савета Рэспублікі яны вельмі важныя. З красавіка да ліпеня бягучага года сенатарамі праведзена 186 асабістых прыёмаў, 92 прамыя тэлефонныя лініі. Разгледжана звыш 1960 зваротаў. За кожным з іх — гісторыі людзей, якія трапілі ў складаную жыццёвую сітуацыю. Таму, як неаднаразова падкрэслівала Наталля Качанава, трэба ўважліва разглядаць кожную канкрэтную сітуацыю і прыкладаць максімум намаганняў, каб дапамагчы чалавеку.
«Работа са зваротамі грамадзян з’яўляецца адным з асноўных кірункаў дзейнасці Савета Рэспублікі. І сенатары, і Старшыня няўхільна выконваюць патрабаванні заканадаўства і рэгламенту. Сёння па традыцыі спектр пытанняў дастаткова шырокі. Што хацелася б адзначыць: на гэты раз людзі звяртаюцца са шматлікімі пытаннямі, якія ўжо прыняты да разгляду экспертным саветам пры Савеце Рэспублікі. І што радуе: пазіцыя экспертаў, членаў Савета Рэспублікі супадае з пазіцыяй грамадзян. Гэта значыць, работа ідзе ў адзіным рэчышчы, адпавядаючы спадзяванням і чаканням насельніцтва», — адзначыў у размове з журналістамі Сяргей Бервін, намеснік начальніка інфармацыйна-аналітычнага ўпраўлення Сакратарыята Савета Рэспублікі. Па яго словах, самая распаўсюджаная праблема, з якой грамадзяне звяртаюцца да сенатараў, — паляпшэнне жыллёвых умоў. На прыёме грамадзян у сераду гучала пытанне і аб інклюзіўнай адукацыі дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. «Вы ведаеце, што пры Савеце Рэспублікі створаны кансультатыўны савет, які шчыльна займаецца гэтай тэмай. І звароты грамадзян прагучалі таксама ў адзіным рэчышчы з пытаннямі, што разглядаюцца Саветам Рэспублікі», — падкрэсліў Сяргей Бервін.
Са зваротам да Наталлі Качанавай звярнулася Крысціна Анатольеўна, якая прыехала з Жабінкі. Жанчына адна выхоўвае 7-гадовага сына-інваліда з трэцяй ступенню страты здароўя — аўтызмам. Бацька ў хлопчыка ёсць, але ён пазбаўлены бацькоўскіх правоў. Жанчына расказала, што родных у яе няма і разлічваць можа толькі на сябе. Перад сям’ёй вельмі востра стаіць жыллёвае пытанне. Зараз Крысціна Анатольеўна разам з сынам жыве ў сяброўкі. Наталля Качанава даручыла знайсці сям’і зручнае жыллё, узяла сітуацыю на кантроль і запэўніла, што пастараецца максімальна дапамагчы ў гэтай сітуацыі. Праблема са сваім жыллём і ў жыхара Івацэвіч Ігара Мікалаевіча і яго шматдзетнай сям’і. Мужчына папрасіў дапамагчы ў атрыманні дзяржаўнай падтрымкі на будаўніцтва жылля — крэдыты на будаўніцтва ў сям’і ёсць, але яны не льготныя. Пытанне гэтае будзе разгледжана сумесна з Міністэрствам архітэктуры і будаўніцтва і будзе вырашацца сумесна з банкаўскімі структурамі.
На ўсе прыёмы грамадзян у Савет Рэспублікі запрашаюцца прадстаўнікі адпаведных ведамстваў і арганізацый. Гэта робіцца для таго, каб людзей, якія прыязджаюць за сотні кіламетраў, не проста выслухалі, а адразу далі парады, кансультацыі і ўзялі на кантроль. Усе праблемы бярэ на свой асабісты кантроль і Наталля Качанава.
«Гэтую гісторыю я бяру на кантроль і цяпер буду яе каментаваць усюды. Чалавек лічыцца беспрацоўным, знаходзіцца на сацыяльным забеспячэнні, яго сям’я карыстаецца ўсімі сацыяльнымі дабротамі ў Беларусі. А ён насамрэч тым часам працуе за межамі краіны. Так быць не павінна», — адзначыла Старшыня Савета Рэспублікі, каментуючы праблему, з якой звярнулася жыхарка Бабруйска Ніна Аляксандраўна. Яна ўжо амаль пяць гадоў не можа спагнаць аліменты з былога мужа. Мужчына працуе ў Літве, мае заробак, але ў Беларусі лічыцца беспрацоўным, і аліменты на дзіця выплачвае як беспрацоўны. Наталля Качанава ўзяла гэту справу на асабісты кантроль і адзначыла, што сітуацыя будзе разглядацца сумесна з Міністэрствам унутраных спраў і Міністэрствам працы і сацыяльнай абароны.
Многія людзі прыязджаюць у Савет Рэспублікі за сотні кіламетраў. Але тыя, у каго няма такой магчымасці, усё роўна могуць звярнуцца па дапамогу. Старшыня і члены Савета Рсэпублікі рэгулярна праводзяць выязныя прыёмы грамадзян, тэлефонныя лініі. Добра сябе зарэкамендавалі адзіныя дні прыёму грамадзян з поўным ахопам пэўнага рэгіёна. У маі такое мерапрыемства прайшло ў Гомельскай вобласці. Кожны жыхар, не выязджаючы за межы свайго рэгіёна, меў магчымасць звярнуцца непасрэдна да прадстаўніка вышэйшага заканадаўчага органа. Такі фармат узаемадзеяння з насельніцтвам дае магчымасць аператыўна рэагаваць на існыя праблемы і, што яшчэ больш важна, папярэджваць прычыны іх узнікнення.
Валерыя СЦЯЦКО
З чым яшчэ прыходзілі людзі на прыём да Старшыні Савета Рэспублікі — падрабязна ў наступным выпуску «Мясцовага самакіравання».
Наводзіць парадак — з розумам.
Міжнародная спецыялізіваная выстаўка жыллёва-камунальнай гаспадаркі пройдзе ў Мінску.