Вы тут

Як дзейнічаюць навацыі заканадаўства аб падтрымцы людзей з інваліднасцю?


Сёння ў Беларусі жыве 6% людзей з інваліднасцю. Дзяржаўная палітыка ў галіне сацыяльнай абароны накіравана на іх паўнавартасны ўдзел у грамадскім жыцці. Сёння дапамога інвалідам — гэта не толькі аказанне матэрыяльнай падтрымкі, а найперш інтэграцыя такіх людзей у грамадства. Якія новыя механізмы для гэтага з’явіліся ў заканадаўстве і як яны працуюць, расказалі спецыялісты.


Даступнае асяроддзе

Ад сацыяльнай падтрымкі наўпрост залежыць якасць жыцця чалавека, і важным з’яўляецца забеспячэнне роўных магчымасцяў для ўсіх грамадзян, заўважыла начальнік упраўлення па справах інвалідаў Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Вікторыя ГРАЧЫХА. З 2016 года Беларусь з’яўляецца ўдзельнікам Канвенцыі аб правах інвалідаў. Сёння дзейнічае нацыянальны план па рэалізацыі палажэнняў канвенцыі.

— Сёння выбудаваны сістэмны падыход па падтрымцы людзей з інваліднасцю: ад нараджэння ў сям’і дзіцяці-інваліда да комплекснай рэабілітацыі чалавека з інваліднасцю з атрыманнем прафесіі і працаўладкаваннем. Новы віток развіцця сацыяльная падтрымка інвалідаў атрымала ў рамках Закона «Аб правах інвалідаў і іх сацыяльнай інтэграцыі», які ўступіў у дзеянне са студзеня мінулага года, — адзначыла Вікторыя Грачыха.

Найперш закон выбудаваў сістэмны падыход у забеспячэнні даступнага асяроддзя. Гэта не толькі доступ да аб’ектаў, але і да інфармацыі, прычым для ўсіх катэгорый інвалідаў.

— У нас сфарміравана тэхнічная база нарматыўных прававых актаў. Патрабаванні будаўнічых норм (яны называюцца «Асяроддзе пражывання для фізічна аслабленых асоб») з’яўляюцца абавязковымі для прымянення. Гэта азначае, што не пабудуеш будынак, калі ў праектнай дакументацыі не будуць комплексна ўлічаны ўсе пытанні даступнасці аб’екта, — падкрэсліла суразмоўца. — Сёння зацверджаны правілы забеспячэння даступнасці для інвалідаў аб’ектаў сацыяльнай, транспартнай і вытворчай інфраструктуры, ацэнка ўзроўню іх даступнасці. Гэта дарожная карта перш за ўсё для мясцовых органаў улады па арганізацыі даступнага асяроддзя.

Заканадаўства прадугледжвае новы тып установы сацыяльнага абслугоўвання — цэнтр сацыяльнай рэабілітацыі і абілітацыі інвалідаў.

Задача такіх цэнтраў — сацыяльная адаптацыя да новых умоў жыцця людзей з інваліднасцю. Напрыклад, навучыць чалавека, які страціў зрок ці слых, навыкам самастойнага пражывання, арыентацыі ў прасторы з дапамогай прылад ці тэхналогій, якія спрашчаюць жыццё.
Сёлета ў Мінску плануецца адкрыць Цэнтр рэабілітацыі дзяцей-інвалідаў і інвалідаў «Расток». Раней ён з’яўляўся структурным падраздзяленнем сацыяльнага пансіяната, а цяпер вылучаны ў самастойную юрыдычную асобу і будзе дзейнічаць у рамках новага распрацаванага пад такія ўстановы заканадаўства.

— З іншага боку мы разумеем, што адкрыццё любога новага аб’екта і такіх цэнтраў — гэта дастаткова затратны механізм. Таму на заканадаўчым узроўні замацавана магчымасць стварэння аддзяленняў рэабілітацыі і абілітацыі на базе сацыяльных пансіянатаў. Такі падыход дазваляе ўлічваць мэтавыя запыты людзей з інваліднасцю на рэабілітацыю ў крокавай даступнасці ў кожным рэгіёне. Сёння на базе сацыяльных пансіянатаў ужо ажыццяўляюць сваю дзейнасць сем такіх аддзяленняў, да 2025 года плануецца адкрыць яшчэ дзевяць, — паведаміла Вікторыя Грачыха.

Таксама новы закон прадугледжвае механізм кватавання рабочых месцаў для працаўладкавання інвалідаў. Ён будзе замацаваны і ў Законе «Аб занятасці насельніцтва», які зараз распрацоўваецца Палатай прадстаўнікоў.

Адукацыя і працаўладкаванне

Дзяржаўная палітыка ў адносінах да інвалідаў — гэта не толькі сукупнасць ільгот, падтрымкі, пенсій, дапамог, але і прадастаўленне магчымасцяў для самарэалізацыі. Гэта і атрыманне адукацыі, прафесіі, даходаў.

— Сёння створаны ўмовы як для атрымання адукацыі, так і для працаўладкавання. Адным з фактараў, што садзейнічае рэалізацыі працоўнага патэнцыялу людзей з інваліднасцю, якія жадаюць працаваць, з’яўляецца якраз наяўнасць прафесіі ў пераважнай большасці з іх. Сярод беспрацоўных людзей з інваліднасцю 42% — з прафесійна-тэхнічнай адукацыяй, амаль 17% — з сярэдняй спецыяльнай, амаль 20% — з вышэйшай. Зараз працуюць 60% інвалідаў працаздольнага ўзросту, якія маюць паказанні да працы, — каля 68 тысяч чалавек, — прывяла лічбы Вікторыя Грачыха.

У 2024 годзе пры садзейнічанні службы занятасці працаўладкавана больш за 73% інвалідаў ад колькасці зарэгістраваных у якасці беспрацоўных. Пастаўлена задача максімальна працаўладкаваць тых, хто жадае працаваць. Для гэтага служба занятасці інфармуе ўсіх непрацуючых інвалідаў аб магчымасцях і вакансіях.

У асаблівым фокусе ўвагі — тыя, хто ўпершыню атрымаў інваліднасць ці рэкамендацыі да працы. Летась амаль 4,5 тысячы чалавек, якія ўпершыню атрымалі інваліднасць, якраз і былі працаўладкаваны. З 2019 года служба занятасці прымяняе яшчэ адну форму работы — індывідуальнае суправаджэнне беспрацоўных інвалідаў да наймальніка для вырашэння пытання працаўладкавання. Яе эфектыўнасць пацвярджаецца — пачынаюць працаваць больш за 95%.

Такім чынам чалавеку з інваліднасцю дастаткова звярнуцца ў службу занятасці, дзе яго зарэгіструюць у якасці беспрацоўнага, а далей пачнецца індывідуальная работа. Са згоды заяўніка спецыяліст службы занятасці дамаўляецца з наймальнікам аб візіце на гутарку, наведвае яго разам з інвалідам, удзельнічае ў перамовах, расказвае пра асаблівасці будучага супрацоўніка. Таксама магчыма працаўладкаванне інвалідаў на забраніраваныя працоўныя месцы — больш за чатыры тысячы чалавек працаўладкаваны за кошт броні

за апошнія пяць гадоў.
Сярод навацый і аказанне дапамогі на розных этапах працаўладкавання пры садзейнічанні персанальнага асістэнта, і павелічэнне тэрміну адаптацыі да працоўнай дзейнасці для інвалідаў з інтэлектуальнымі парушэннямі да двух гадоў (раней такая працягласць была да года).

Адным са стрымлівальных фактараў для працаўладкавання да нядаўняга часу быў бар’ер на атрыманне права на першачарговае бясплатнае санаторна-курортнае лячэнне. Яно давалася толькі непрацуючым інвалідам 1 і 2 групы.

— Вельмі часта людзі казалі: «Навошта мне працаваць, калі я згублю такую магчымасць?» Са студзеня бягучага года ўступілі ў сілу змяненні Указа Прэзідэнта аб санаторна-курортным лячэнні і аздараўленні, і такое права сёння дадзена інвалідам незалежна ад іх занятасці адзін раз у два гады, — растлумачыла Вікторыя Грачыха.

Новая паслуга персанальнага асістэнта ўлічвае індывідуальныя запыты чалавека з абмежаваннямі. Яго могуць суправаджаць у паліклініку, службу занятасці, на выстаўку, у музей, дапамогуць у складанні рэзюмэ, пошуку інфармацыі, запаўненні дакументаў і іншых неабходных рэчах. Аб’ём паслугі персанальнага асістэнта складае ад 20 да 60 гадзін у месяц і залежыць ад тыпу парушэнняў здароўя, а таксама ад таго, пражывае ён разам са сваякамі ці адзін. Аказваюць такую паслугу на базе тэрытарыяльных цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.

Сродкі рэабілітацыі з кампенсацыяй

Змяненні ў заканадаўстве ўдасканалілі і механізм забеспячэння грамадзян тэхнічнымі сродкамі сацыяльнай рэабілітацыі. Чалавек з інваліднасцю можа самастойна набыць неабходныя яму сродкі рэабілітацыі з наступнай кампенсацыяй затрат. Пакуль такая магчымасць прадастаўлена на 10 сродкаў, якія не вырабляюцца ў нашай краіне. У асноўным гэта смартфоны, тэлефоны, сістэмныя прылады пераважна для людзей з парушэннем зроку ці слыху. Пры гэтым захавана права для грамадзян, якія не хочуць купляць сродкі рэабілітацыі самастойна, атрымліваць іх у органах па працы, занятасці і сацыяльнай абароне. Пры гэтым больш за 80% інвалідаў прыходзяць па сродкі рэабілітацыі ў тэрытарыяльныя цэнтры.

Акрамя таго, былі пашыраны катэгорыі інвалідаў, якія маюць права на забеспячэнне сродкамі рэабілітацыі. Дадаткова такое права дадзена інвалідам 3 групы і дзецям-інвалідам — бясплатна ці на льготных умовах. Новы закон прадугледжвае і бясплатнае забеспячэнне грамадзян, якія не з’яўляюцца інвалідамі, але па медыцынскіх паказаннях маюць патрэбу ў сродках рэабілітацыі, вонкавай часткай сістэмы кахлеарнай імплантацыі.

Уведзена ў законе паняцце і дзяржаўны стандарт «яснай мовы». Беларусь — адзіная сярод краін СНД, дзе такая норма прапісана ў заканадаўстве. Ясная мова — гэта спрошчаная структура падачы інфармацыі, што забяспечвае паўнацэннае ўспрыманне яе людзьмі, якія адчуваюць цяжкасці пры чытанні ці разуменні тэксту. Карыстаюцца гэтай паслугай не толькі людзі з інваліднасцю, але і пажылыя грамадзяне, пенсіянеры і іншыя.

З 2024-га ўведзены новыя нормы ў заканадаўства ў частцы прадастаўлення інвалідам дадатковых сацыяльных гарантый. З 1 студзеня бягучага года дзейнічае змяненне ў Працоўным кодэксе, паводле якога бацькі, якія працуюць і выхоўваюць дзіця-інваліда, могуць выбіраць: або выкарыстоўваць адзін свабодны дзень у тыдзень, або скарачаць працоўны дзень на адну гадзіну.

Вікторыя Грачыха дадала, што работа па забеспячэнні даступнага асяроддзя ажыццяўляецца ў нашай краіне з 2007 года ў рамках дзяржаўных праграм. З улікам таго, што гэта затратныя як па часе, так і фінансах мерапрыемствы, то вядзецца яна паэтапна. Цалкам даступнымі для ўсіх катэгорый інвалідаў у 2020-м былі 22 тысячы аб’ектаў (каля 17%), да 2025-га плануецца абсталяваць яшчэ восем тысяч аб’ектаў. І іх колькасць вырасце да 30,5 тысячы, а працэнт даступнасці павысіцца да 23,4.

Сярод навацый у галіне інфарматызацыі — стварэнне аўтаматызаванай інфармацыйнай сістэмы па ўліку даступнасці аб’ектаў сацыяльнай інфраструктуры. Гэта доўгатэрміновы сацыяльны праект, які пачаў рэалізоўвацца ў 2023 годзе. Будзе сфарміравана электронная база даступных аб’ектаў сацыяльнай інфраструктуры, звесткі будуць размяшчацца на публічнай кадастравай карце ў інтэрнэце. Кадастравая карта і цяпер даступная, там ёсць адрас і пэўная характарыстыка аб’ектаў, а з дапамогай аўтаматызаванай сістэмы кожны аб’ект атрымае дадатковую інфармацыю: часткова ці цалкам даступны або недаступны. Такая карта стане віртуальным гідам па горадзе. З яе дапамогай людзі з інваліднасцю змогуць пабудаваць маршрут без перашкод. Мяркуецца, што яна пачне працаваць з 1 студзеня 2025 года.

У звыклым хатнім асяроддзі

Як паведаміла начальнік упраўлення арганізацыі абслугоўвання Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Наталля КАРАВАЯ, сацыяльнае абслугоўванне ажыццяўляецца на падставе Закона «Аб сацыяльным абслугоўванні», які ўступіў у дзеянне ў новай рэдакцыі з 1 ліпеня 2024 года. Сёння сістэма сацыяльнага абслугоўвання прадстаўлена 146 тэрытарыяльнымі цэнтрамі і 90 сацыяльнымі пансіянатамі.

Сацыяльнае абслугоўванне атрымлівае больш за 170 тысяч грамадзян, з іх больш як 40% складаюць асобы з інваліднасцю.

— Калі мы працавалі над новай рэдакцыяй закона, ставілі перад сабой задачу ўдасканаліць сістэму сацыяльнага абслугоўвання такім чынам, каб яна дапамагала грамадзянам з інваліднасцю арганізоўваць сваю дзейнасць самастойна, — адзначыла Наталля Каравая.

Сярод навацый, замацаваных у законе, — прыярытэтнае знаходжанне грамадзян у звыклым хатнім асяроддзі. Акцэнт зроблены на развіцці сацыяльных паслуг, якія дапаўняюць абмежаванне жыццядзейнасці і дазваляюць людзям з інваліднасцю жыць дома самастойна. У далейшым у развіцці сацыяльнага абслугоўвання таксама будзе зроблены ўпор на прасоўванні і ўвядзенні новых стацыянарназамяшчальных форм сацыяльнага абслугоўвання.

— Пры арганізацыі сацыяльнага абслугоўвання мы прадугледзелі механізм індывідуальнай ацэнкі патрэбы ў сацыяльных паслугах. У параўнанні з мадэллю, якая дзейнічала раней і прадугледжвала толькі медыцынскія паказанні, сёння ў комплексе будзе разглядацца і сацыяльнае асяроддзе, у якім пражывае інвалід. Мяркуем, што дадзеная сістэма дазволіць нам індывідуальна падабраць комплекс сацыяльных паслуг, які дапаўняе і кампенсуе абмежаванні, што маюцца ў інваліда, — падкрэсліла Наталля Каравая.

Таксама заканадаўствам прадугледжана і сістэма доўгачасовага догляду. Гэта суправаджэнне чалавека, які мае патрэбу ў такім доглядзе, адначасова сацыяльнымі і медыцынскімі службамі. Будзе складацца індывідуальная праграма, якая ўключае як медыцынскую дапамогу, так і сацыяльныя паслугі.

Для забеспячэння даступнасці сацыяльных паслуг таксама прадугледжаны падвоз ва ўстановы сацыяльнага абслугоўвання — для тых катэгорый інвалідаў, якія наведваюць аддзяленні сацыяльнай рэабілітацыі. Таксама ўведзена дыстанцыйная форма сацыяльнага абслугоўвання, з дапамогай якой можна атрымаць падтрымку псіхолага, паўдзельнічаць у мерапрыемствах і атрымаць іншыя паслугі. Апроч гэтага прадугледжаны дамы суправаджальнага пражывання, іх задача — навучанне навыкам самастойнага пражывання інвалідаў і выпускнікоў сацыяльных пансіянатаў.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Чым парадуе «Наш дом»?

Чым парадуе «Наш дом»?

Міжнародная спецыялізіваная выстаўка жыллёва-камунальнай гаспадаркі пройдзе ў Мінску.