На нарадзе па пытаннях цэнаўтварэння на элементы школьнай формы і іх асартыменце ў аб’ектах гандлю, якую правяла Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава, прысутнічалі тыя, хто мае самае непасрэднае дачыненне да тэмы. Акрамя сенатараў, якія манітораць сітуацыю на месцах, у ёй прынялі ўдзел кіраўнікі міністэрства адукацыі, міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю, канцэрна «Беллегпрам». У самым пачатку Наталля Качанава настроіла ўсіх на адкрытую і сумленную размову. Былі агучаныя многія моманты, якія цікавяць бацькоў школьнікаў, ды і ў нейкай ступені і саміх вучняў.
У прыватнасці, гаворачы пра цэнавую палітыку ў гэтым сегменце, Наталля Качанава акцэнтавала ўвагу на тым, што на школьную форму для старшакласнікаў цэны павінны быць больш дэмакратычнымі, чым на адзенне для дарослых людзей.
«Сказаць, што ў нашых гандлёвых аб’ектах ёсць дакладна ўстаноўленая цана, — такога няма. Кашулю можна купіць за трыццаць, сорак, пяцьдзясят, шэсцьдзесят рублёў. Зразумела, што гэта залежыць ад росту і ўзросту дзіцяці, таму маніторынг членамі Савета Рэспублікі праводзіўся па катэгорыях «малодшыя школьнікі», «сярэдняя школа» і «старшакласнікі». Так, нашы старшакласнікі ўжо практычна носяць адзенне дарослых памераў, але трэба разумець, што гэта ўсё роўна школьнікі. На школьную форму цэны павінны быць больш дэмакратычнымі, чым на адзенне для дарослых людзей», — сказала Наталля Качанава. Паводле слоў Старшыні Савета Рэспублікі, цэнавы роскід на школьную форму тлумачыцца таксама тым, што адно швейнае прадпрыемства выпускае прадукцыю па дэмакратычных цэнах, другое — больш дарагога сегменту, а трэцяе вырабляе прадукцыю па даступных цэнах, але яна прадстаўлена не ва ўсіх магазінах.
Часцяком праблема з асартыментам ёсць у рэгіёнах.
«Гандлёвыя сеткі даюць скідкі. Але мы не павінны для школьнікаў рабіць цэны, аналагічныя даросламу адзенню. Нават калі гэта 10-11-ы класы і гэта школьная форма — там цана павінна быць іншая», — падкрэсліла спікер.
У размове з журналістамі па выніках нарады Наталля Качанава закранула яшчэ адно важнае пытанне. Якаснай школьнай формай павінны быць забяспечаны ўсе беларускія вучні, незалежна ад таго, жывуць яны ў мегаполісе ці ў невялікай вёсцы.
«Прэзідэнт даручыў праверыць, як арганізавана работа па асартыментным пераліку адзення дзелавога стылю для школьнікаў і якая цэнавая палітыка. Мы, вядома, у гэтую работу ўключыліся адразу ж, бо разумеем, што гэта вельмі важна. Члены Савета Рэспублікі правялі маніторынг ва ўсіх рэгіёнах краіны. Я асабіста ў Віцебскай вобласці праверыла гандлёвыя аб’екты. І мы ўстанавілі, што не ўсюды ёсць у дастатковым асартыменце добрая школьная форма. Гэта праўда. Недастатковы асартымент ёсць у некаторых магазінах, — расказала Наталля Качанава. — Што да цэнавага фактару, то ён абсалютна розны. Па-першае, гэта залежыць ад памеру — ці гэта малодшыя школьнікі, ці старшакласнікі. Таму мы праводзілі параўнанне коштаў для малодшай, сярэдняй школы і для старшакласнікаў. І, вядома, убачылі, што па цэнавым сегменце можна набыць розную школьную форму, тут усё дэмакратычна».
«Пытанняў, якія ўзніклі б у прадстаўнікоў гандлю да вытворцаў, не было. І вытворцы (прадпрыемствы, якія займаюцца выпускам школьнай формы, — «Калінка», «Славянка», «Купалінка», «Панда») выконваюць усе заяўкі, што паступаюць ад гандлёвай сеткі. Мы акцэнтавалі ўвагу на тым, каб Міністэрства адукацыі яшчэ раз перагледзела колеравую гаму. Калі, напрыклад, толькі 3 % жадаюць насіць шэрую форму, то, вядома, вытворцам няпроста выканаць такі заказ. Але разам з тым яны павінны гэта зрабіць. Таму трэба фарміраваць гэтыя заяўкі раней і скаардынаваць дзеянні. Усё ў нас для гэтага ёсць», — адзначыла спікер.
«Вытворцы выпускаюць школьную форму, гандаль прадае, і тут усё залежыць ад кіраўніка гандлёвага аб'екта. Я пераканалася ў гэтым на 100 працэнтаў. Калі дырэктар гандлёвага аб'екта выконвае свае функцыянальныя абавязкі і зрабіў своечасова заяўкі — у яго найшырэйшы асартымент школьнай формы, — падкрэсліла Наталля Качанава. — Мы гэтае пытанне ўзялі на кантроль, будзем маніторыць і далей, таму што разумеем: жнівень — самы гарачы месяц для пакупкі школьнага адзення. Але смею запэўніць, што няма ніякіх праблем, каб забяспечыць дзяцей і падлеткаў добрай школьнай формай. Больш за тое, прадпрыемства «Калінка» павялічыла на 30 % у параўнанні з папярэднім годам асартымент школьнай формы. Прадпрыемства «Камінтэрн», якое ў тым ліку выпускае форму для школьнікаў, павялічыла ў 2,5 раза выпуск школьнага адзення. Таму тут праблем ніякіх няма, трэба проста ўсім разам скаардынаваць свае дзеянні і зрабіць так, каб любая сям'я, якое б дзіця ні было, мела добрую школьную форму па прымальнай цане. На гэтым таксама быў зроблены акцэнт. Нацэнка на школьную форму — не больш за 30%. Гэта тое, што сёння дазваляе прадаваць па больш дэмакратычных коштах школьную форму. Акрамя таго, гандлёвыя аб'екты павінны шырока практыкаваць скідкі, якія сёння ёсць».
Пры гэтым спікер падкрэсліла: важна школьнай формай забяспечыць не толькі буйныя гарады, але дайсці да кожнай невялікай вёсачкі, дзе жывуць дзеці. «Таму мы гатовы тут уключыцца і дадзім даручэнні старшыням сельсаветаў пад заказ прывезці па памерах школьную форму для дзяцей, якія жывуць у невялікіх вёсках», — дапоўніла Старшыня Савета Рэспублікі.
На думку міністра адукацыі Андрэя Іванца, які прысутнічаў на нарадзе, дзелавы стыль адзення для вучня — важны элемент, які павінен захавацца ў школах. «Ужо на працягу двух гадоў рэалізуюцца адзіныя падыходы да школьнай формы і ўвядзення адзіных элементаў школьнай формы ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі нашай краіны, — сказаў ён журналістам. — Хацелася б адзначыць, што і сёлета, і летась ніякіх змен, навацый у гэтых адносінах не было. І зараз мы бачым: многія школы краіны ўжо вызначыліся са сваімі элементамі. Каля 80 % — гэта камізэлькі розных расфарбовак і каля 20 % — гэта адпаведныя пінжакі для хлопцаў і блузы для дзяўчат. У гэтым годзе мы гаворым аб тым, што падыходы ў нас не змяніліся, і ў наступным яны таксама змяняцца не будуць. Мяркуем, што дзелавы стыль адзення для школьніка — гэта вельмі важны элемент, які павінен захавацца ў нашых школах».
Паводле яго слоў, рэкамендуецца ўсім школам падыходзіць з разуменнем да выбару адзінага элемента школьнай формы для вучняў розных узростаў. «Відавочна, што для пачатковай школы, як правіла, гэта павінны быць больш зручныя трыкатажныя вырабы. Старшакласнікі, як правіла, выбіраюць ужо пінжакі, больш дзелавы стыль адзення. І ў сувязі з гэтым мне здаецца, што сёння тая лінейка, якая прадстаўлена (ад бомбераў да пінжакоў), дазваляе рабіць выбар кожнай школе, каб ён быў і камфортным, і зручным і, самае галоўнае — дзелавым для нашых школьнікаў», — падкрэсліў міністр.
Член Савета Рэспублікі Ірына Ляўковіч, якая, як і іншыя яе калегі-сенатары ўдзельнічала ў маніторынгу, падзялілася сваімі назіраннямі: «Тыя маніторынгі, якія мы ўжо правялі на сённяшні дзень, пераканаўча паказваюць, што прадпрыемствы «Беллегпрама», іншыя пастаўшчыкі, прадпрыемствы гандлю, незалежна ад формы ўласнасці, — гатовыя да школьнага сезона. І сёння бацькі для любога дзіцяці могуць падабраць адзенне дзелавога стылю ў любым цэнавым дыяпазоне, і ў любым мадэльным шэрагу».
Паводле яе слоў, прадпрыемствы лёгкай прамысловасці падрыхтаваліся да новага навучальнага года. «Выпусцілі новыя, актуальныя, сучасныя капсулы для дзяцей, якія разнастайныя, як па мадэльным шэрагу, так і па колеравым дыяпазоне. І па вялікім рахунку, сёння ўсё тое, што запатрабавана, — прадстаўлена», — адзначыла член Савета Рэспублікі.
«Тыя кропкавыя праблемы і недапрацоўкі, якія мы перыядычна выяўляем у магазінах у рэгіёнах, аператыўна вырашаюцца сумеснымі намаганнямі членаў Савета Рэспублікі, якія праводзяць маніторынгі, і прадстаўнікамі выканаўчай улады на месцах, — дапоўніла Ірына Ляўковіч. — Гэта кропкавая адсутнасць або памерна-роставай шкалы, альбо чагосьці з мадэляў. Так, часам не задавальняе цэнавы дыяпазон. Але з улікам таго, што адзенне дзелавога стылю сёння прадстаўлена ў суб'ектаў гаспадарання розных форм уласнасці і фармату, у бацькоў заўсёды ёсць выбар».
Асноўны крытэрый пры пашыве школьнай формы — модна, стыльна і, галоўнае, якасна. «Прадпрыемствамі краіны вядзецца планамерная, шматгадовая работа ў гэтым напрамку. І, сапраўды, калі я кажу, што сёння ёсць выбар, ён насамрэч ёсць. І трэба разумець, што тое адзенне, якое выпускаецца для дзяцей нашымі прадпрыемствамі, адпавядае ўсім патрабаванням, якім павінна адпавядаць адзенне і абутак для дзяцей», — падкрэсліла Ірына Ляўковіч.
Паводле БелТА
Ён прапаноўвае грамадска-палітычны відэакантэнт, галоўныя навіны і ўсе тэлеканалы анлайн.
Восеньскія сельскагаспадарчыя кірмашы — абавязковы атрыбут восені.