Вы тут

Жыхары аграгарадка Разанцы ў Мсціслаўскім раёне будуюць храм


Аграгарадок Разанцы ў Мсціслаўскім раёне інтэрнацыянальны. Тут жывуць беларусы, рускія, украінцы, малдаване, таджыкі, іншыя нацыянальнасці. А будаваўся ён у 1990-м годзе як пасёлак для перасяленцаў, пацярпеўшых ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Паступова стаў прывабны для ўсіх, каго розныя абставіны прымусілі пакінуць радзіму.


Наогул вёска пад назвай Разанцы існавала і раней, але другое жыццё яна атрымала пасля таго, як было прынята рашэнне будаваць тут жыллё для тых, хто пацярпеў ад аварыі на ЧАЭС. Яна дала назву паселішчу, якое з’явілася ў 1,5 кіламетрах ад яе ў 1991 годзе. На былым калгасным полі хутка матэрыялізаваліся новыя жылыя двухпавярховікі і ўся неабходная інфраструктура: дарогі, крамы, дзіцячы садок-школа, пошта, ФАП. У пачатку 90-х з Чэрыкаўскага раёна сюды пераехалі першыя перасяленцы. Неўзабаве пачалі прыязджаць жыхары былых рэспублік Савецкага Саюза. Але статус чарнобыльскага пасёлка захоўваецца. Некалькі гадоў таму тут была рэалізавана ініцыятыва грамадзян і ўстаноўлены памятны знак у год 35-й гадавіны са дня аварыі на Чарнобыльскай АЭС. 

У зборы сродкаў удзельнічалі члены Камітэта тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання, навучэнцы і педагогі мясцовай школы, іншыя жыхары. Жаданне пабудаваць у населеным пункце храм было заўсёды запаветнай марай мясцовых. Але рэалізаваць яе атрымалася зусім нядаўна.

— Грамадскую ініцыятыву падтрымала сельгаспрадпрыемства «Кастрычнік», — удакладняе старшыня Сапрынавіцкага сельсавета Вера Агароднікава. — Асноўная сума, якая ўкладзена ў будаўніцтва храма, менавіта ад гаспадаркі. Жыхары таксама дапамагалі і рублём, і працай. Атрымалася сапраўдная народная будоўля. Храм амаль гатовы, зроблена добраўпарадкаванне прылеглай да яго тэрыторыі, пакладзена дарожка з пліткі. Але яшчэ трэба зрабіць унутраныя работы і напоўніць прастору царкоўнымі прадметамі. Каб храм быў прыгожы як звонку, так і знутры, збор грошай працягваецца. Між тым службы ўжо праводзяцца. Сёлета айцец Ігар прыязджаў з Мсціслава, каб асвяціць кулічы.

Ажыццявіць мару дапамаглі мясцовыя актывісты. Шмат намаганняў прыклаў былы старшыня ААТ «Кастрычнік» Пётр Лаўнікаў. Старажылы з удзячнасцю ўспамінаюць, што, калі ён узначаліў гаспадарку, якая, лічы, на ладан дыхала, справы пайшлі ўгору, і яна хутка выйшла ў лідары. Добрым пераемнікам стаў цяперашні кіраўнік гаспадаркі Аляксандр Ігнаценка. Ён таксама заўсёды адгукаецца на пажаданні сялян.

— Пётр Лаўнікаў працягвае працаваць у гаспадарцы, толькі на іншай пасадзе, — кажа Вера Агароднікава. — Падчас яго кіраўніцтва быў наведзены парадак у Сапрынавічах, Разанцах, Новых Віхранах, Аслянцы, Рыках, Пастэрнаках. Было прыбрана шмат старых пустых дамоў, зроблена добраўпарадкаванне. Жыхары вельмі ўдзячныя яму. І пра будаўніцтва храма ў Разанцах сам доўгі час марыў. Пры цяперашнім кіраўніцтве гэта стала магчыма. Гаспадарка — асноўны спонсар народнага праекта.

Актыўна папрацавала на карысць будаўніцтва храма старшыня Камітэта тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання з Разанцаў Таццяна Шахава. Яна паштавік, усіх ведае ў твар. З кожным абмеркавала пытанне, і ахвотныя падтрымаць будаўніцтва хутка знайшліся.

Адна з іх — Ірына Апаровіч. Яе сям’я жыве ў Разанцах з 1991 года, нават ордэр на кватэру значыцца пад № 1.

— Месца выключнае, усё пад бокам, — кажа Ірына. — Да Мсціслава ад нас усяго шэсць кіламетраў, прыгарадны аўтобус ходзіць рэгулярна. Калі трэба, можна скарыстацца 

паслугамі таксі. У пасёлку ёсць усё, што неабходна для камфортнага жыцця. Працуе дзве крамы, адна з якіх прыватная, плюс пошта, дзе таксама ўсяго ў дастатку. Цяпер і храм будзе. Прыемна, што будаваўся ён з нашым удзелам. На такую справу грошай не шкада. Будзе, дзе памаліцца і свечку паставіць. Сёлета я там ужо і кулічы асвячала.

Каб уявіць сабе памеры населенага пункта, дастаткова сказаць, што з 1129 чалавек, якія жывуць на тэрыторыі сельсавета, 628 — жыхары Разанцаў. Да Расіі адсюль зусім рукой падаць. Сельсавет кампактны, аб’ядноўвае 12 населеных пунктаў, адлегласць паміж крайнімі з якіх не болей 10 кіламетраў. Некаторыя вёсачкі зусім маленькія, там жыве ўсяго па 2-3 чалавекі.

— Самае галоўнае, што нашы жыхары не абыякавыя, самі імкнуцца зрабіць сваё жыццё лепш, — кажа Вера Агароднікава. — Нядаўна адзначалі ў Янаўцы Дзень вёскі, шмат людзей прыехала. Не забываюцца пра радзіму. Летась у Сапрынавічах дзіцячую пляцоўку пабудавалі, жыхары самі арэлі рабілі, лаўку, іншае абсталяванне. Нядаўна раённая арганізацыя аб’яднання «Белая Русь», якую ўзначальвае старшыня райсавета Алена Клеянкова, падтрымала праект рублём. І сёлета для пляцоўкі набытыя дадаткова дзве футбольныя сеткі, гульнявы комплекс. А Магілёўская абласная асацыяцыя мясцовых Саветаў дэпутатаў нядаўна выдзеліла грошы на аздабленне храма ў Разанцах.

Вялікая работа праведзена па ўвекавечанні памяці землякоў, якія не вярнуліся з вайны. Усе помнікі ў гонар воінскай славы сёлета былі абноўленыя, а ў Сапрынавічах, Пячкоўцы і Аслянцы з’явіліся абагульненыя памятныя дошкі з прозвішчамі загінулых чырвонаармейцаў, ураджэнцаў адразу некалькіх тутэйшых вёсак.

Усім светам тут вырашаюць і яшчэ адну важную праблему пад назвай «Чыстая вада». У рамках яе рамантуюцца калодзежы, наводзіцца парадак на прылеглай тэрыторыі. Жыхары ніколі ў баку не застаюцца. Бо прывыклі адносіцца да сваёй зямлі па-гаспадарску.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота з архіва Сапрынавіцкага сельсавета

Мсціслаўскі раён

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Чым парадуе «Наш дом»?

Чым парадуе «Наш дом»?

Міжнародная спецыялізіваная выстаўка жыллёва-камунальнай гаспадаркі пройдзе ў Мінску.