Дэлегацыя з Германіі наведала Камянецкі раён, а дакладней Ражкоўку, населены пункт з унікальным лёсам. У вёску на ўскраіне Белавежскай пушчы цяпер нярэдка заязджаюць экскурсіі. Гасцям з Германіі таксама паказалі асаблівае месца памяці.
Старшыня Дзмітравіцкага сельскага Савета Вячаслаў Русакевіч нагадаў падзеі 1942 года, калі карнікі хацелі знішчыць вёску: «Людзей прыехалі забіваць 28 верасня. Яму выкапалі адразу за вёскай, вялікую, як траншэя. Усё адбывалася па такім жа сцэнарыі, як у іншых паселішчах. Мужчыны капалі яму, жанчыны галасілі, старыя маліліся. Але на ачэпленую вайскоўцамі тэрыторыю раптам прызямліўся самалёт, адтуль выйшаў нямецкі афіцэр і сказаў, што пакаранне адмяняецца.
Як потым патлумачылі перапалоханым людзям, лётчык-афіцэр у небе ўбачыў выяву Божай Маці, палічыў, што гэта знак, і прыняў рашэнне памілаваць людзей.
Гэта быў лётчык маёр Эміль Хербст. Праз некалькі месяцаў ён пабываў у Ражкоўцы, падарыў мясцовай грамадзе абраз Божай Маці, напісаны нямецкім салдатам, які, дарэчы, да гэтай пары захоўваецца ў царкве. А потым, пасля ўрачыстай царкоўнай службы, як згадвалі старажылы, немцы падвялі прыхаджан да вялікай ямы, нагадалі ім, што жыццё іх да гэтай пары вісіць на валаску і залежыць ад іх паводзін. І ўдакладнілі: калі жыхары пачнуць патураць партызанам, яма можа быць выкарыстана па яе прызначэнні.
Яму тую закапалі канчаткова толькі пасля вызвалення. Паступова пра яе сталі забываць... Пазней у Ражкоўскай царкве паявіўся новы выратавальны абраз, які зрабілі прафесіяналы па праваслаўных канонах. Але ж і ранейшы карыстаецца заслужанай павагай у прыхаджан. Пра гэта гасцям расказваў тутэйшы святар Ігар Пяркоўскі.
Паказалі і крыж, які стаіць у цэнтры былой вялікай ямы. Яго, дарэчы, устанавілі не так даўно. На гэтым пляцы, які за дзесяцігоддзі зарос хмызняком, правялі добраўпарадкаванне, паклалі дарожкі. Такім чынам з’явілася яшчэ адно месца, дзе можна нагадваць нашчадкам, якія выпрабаванні выпалі на долю продкаў, як стаялі ў чаканні расстрэлу ні ў чым не вінаватыя людзі і як важна захоўваць памяць.
Пра гэта гаварылі над расстрэльнай ямай і з нямецкімі гасцямі. Прадстаўнік нямецкай партыі «Дойчэ Міттэ» Олівер Шнэеман і яго паплечнікі падкрэслівалі сімвалічнасць свайго наведвання менавіта ў 80-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
Пабывалі ўдзельнікі мерапрыемства і ў царкве, якая названая ў гонар Ражкоўскай Божай Маці, экскурсію па храме і яго тэрыторыі правёў Ігар Пяркоўскі.
Пра важнасць супрацоўніцтва, пра ролю народнай дыпламатыі ў пытаннях захавання гістарычнай памяці гаварыў з гасцямі намеснік старшыні Камянецкага райвыканкама Дзяніс Шпак. Олівер Шнэеман заўважыў, што на яго радзіме цяпер неахвотна згадваюць падзеі пачатку 40-х гадоў, але ён і яго аднадумцы разумеюць важнасць і неабходнасць захавання памяці.
Святлана ЯСКЕВІЧ
Фота тэлеграм-канала газеты «Навіны Камянеччыны»
Наводзіць парадак — з розумам.
Міжнародная спецыялізіваная выстаўка жыллёва-камунальнай гаспадаркі пройдзе ў Мінску.