Крысціна Архіпава, якая жыве і працуе ў Йошкар-Але (Расійская Федэрацы, Марый Эл), выдала ў Мінску ў перакладзе на беларускую мову сваю аповесць-казку «Бардаклюшы ведаюць, чым заняцца». З выдавецкай анатацыі да кнігі: «Ёсць на свеце такія мясціны, дзе прыгоды не заканчваюцца ніколі. Дзе цябе заўсёды рады бачыць, тым больш калі ты верыш у цуды. Там жывуць маленькія істоты — бардаклюшы, і любяць яны наводзіць беспарадак, асабліва ў кішэнях...» Так, бардаклюшы — маленькія істоты, якія жывуць у кішэнях старой кашулі. Выпадкова на іх натрапляе хлопчык Савелій, якому яны давяраюць сваю таямніцу, расказваюць пра тое, што яны сябравалі яшчэ з яго дзядулем. Для доказнасці звяртаюць увагу хлопчыка на кнігу, якую ў шуфлядцы стала прыхаваў дзядуля, які і пісьмо-запавет пакінуў свайму ўнуку...
Гульцяш і Бурчун, так завуць бардаклюшаў, разам з Савеліем патрапляюць у самыя розныя гісторыі, але ўсе іх прыгоды звязаны з тым, каб усталёўваць справядлівасць, парадак, каб спрыяць перамозе дабрыні над злом і непарадкам. І ў выніку дзіўныя казачныя героі перамагаюць.
На беларускую мову аповесць-казку Кацярыны Архіпавай пераклаў Алесь Карлюкевіч. Кніга, якая выйшла ў свет у Выдавецкім доме «Звязда», ілюстравана малюнкамі Дар’і Масунавай, марыйскага кніжнага графіка.
Новае кніжнае выданне — працяг развіцця беларуска-марыйскіх літаратурных, кнігавыдавецкіх сувязяў. У апошнія гады на старонках беларускай літаратурна-мастацкай перыёдыкі з’явіліся публікацыі перакладаў твораў марыйскіх паэтаў і празаікаў Святланы Грыгор’евай, Юрыя Салаўёва, Генадзя Аяра, Анатоля Ціміркаева, Ігара Папова, Васіля Краснова. Зараз да выдання ў Марый Эл рыхтуецца анталогія беларускай дзіцячай літаратуры ў перакладзе на марыйскую мову.
Сяргей ШЫЧКО
Наводзіць парадак — з розумам.
Міжнародная спецыялізіваная выстаўка жыллёва-камунальнай гаспадаркі пройдзе ў Мінску.