Вы тут

Залаты Літвіновіч і сярэбраны Залаты


У свеце няма падзеі больш цікавай і прыцягальнай, чым Алімпійскія гульні. Нават, калі тэмай для размоў становяцца скандалы, палітычныя інтрыгі, культурныя рознагалоссі — Алімпійскія гульні абмяркоўваюць ва ўсім свеце. І той, няхай вельмі сумны факт, што Алімпіяды абрастаюць зусім не спартыўнымі інфамарцыйнымі нагодамі, пацвярджае, што быць абыякавым да галоўнага старту чатырохгоддзя немагчыма. На шчасце, нягледзячы ні на што, пакуль на Алімпійскіх гульнях усё ж такі перамагае спорт. Перамагае сумленная, чэсная барацьба, у якой наймацнейшыя ў сваёй справе людзі бліскуча выконваюць сваю работу, радуюць сваіх аматараў, не звяртаючы ўвагі ні на што. Менавіта гэта ў першы тыдзень Алімпійскіх гульняў у Парыжы паказалі беларускія спартсмены. Яны прыехалі ў сталіцу Францыі зусім невялікім прадстаўніцтвам — 17 чалавек. Упершыню ў гісторыі яны выступалі ў нейтральным статусе, без сцяга, гімна, упамінання сваёй краіны. Яны пераадолелі мноства лагістычных непрыемнасцяў на гэтым шляху. І ўсё дзеля таго каб паказаць усяму свету, на што яны здольныя.


Іван Літвіновіч

Ні адна перамога не давалася проста

«Чаканы сюрпрыз» — менавіта так можна апісаць выступленне беларускіх батутыстаў на Алімпійскіх гульнях у Парыжы. Дзве Алімпіяды запар на найвышэйшую прыступку п’едэстала падымаліся беларусы. Але тое ў мужчынскіх спаборніцтвах. Сёлетнія Гульні прынеслі Беларусі першы медаль у жаночых. І гэта стала сапраўдным сюрпрызам для ўсіх. Самым прыемным сюрпрызам. Віялеце Бардзілоўскай — 19 гадоў. Яе найлепшы вынік у гэтым сезоне — 10-е месца на этапе Кубка свету. Ліцэнзію на Алімпійскія гульні яна заваявала, заняўшы апошняе месца ў кваліфікацыі. Вялікіх надзей на спартсменку не ўскладалі. А яна даказала ўсім скептыкам, што яны дарма не верылі ў яе здольнасці. У фінале Віялета выступала першай. Планку ў 56,060, якую яна задала, змагла пераадолець толькі брытанская спартсменка Брыоні Пейдж — яе выступленне суддзі ацанілі на 56,480 балаў. Вынік фіналу справядлівы — Брыоні Пейдж 33 гады. У яе актыве ўжо ёсць сярэбраны і бронзавы медалі Алімпійскіх гульняў, цяпер яна заваявала і залаты. З улікам узросту гэта можа быць апошняя Алімпіяда брытанкі. А ў маладой Віялеты Бардзілоўскай усё яшчэ наперадзе, у тым ліку і залаты медаль Алімпійскіх гульняў. Пасля Парыжа ні ў каго не застанецца сумненняў у сілах гэтай дзяўчыны.

Ад алімпійскага чэмпіёна Токіа Івана Літвіновіча ўсе чакалі такога ж паспяховага выступлення, як і ў 2021 годзе. Такі лёс у алімпійскіх чэмпіёнаў — жыць і выступаць пад ціскам чаканняў у свой адрас. Іван Літвіновіч у Парыжы справіўся з гэтым на выдатна. «Невялікае хваляванне і перад спаборніцтвамі, і падчас іх, вядома, прысутнічала. Імкнуўся пераключыць увагу, размаўляў з трэнерам, не глядзеў, як хлопцы выступаюць. Сапернікі паказвалі выдатныя вынікі, гэта магло збіць з настрою. Але ж я абараніў тытул чэмпіёна Гульняў — выдатна! Адзначу, што мне ні адна перамога не давалася проста», — дзяліўся з журналістамі беларускі спартсмен. У фінале індывідуальнага турніру па скачках на батуце ён набраў 63,090 бала, што забяспечыла яму залаты медаль. Цяпер Іван Літвіновіч — першы і адзіны двухразовы алімпійскі чэмпіён па скачках на батуце! Фенаменальнае дасягненне! У гісторыі беларускага спорту суверэннага перыяду не так шмат людзей, якія маюць некалькі залатых медалёў з Алімпійскіх гульняў. У зімовых відах Дар’я Домрачава — чатырохразовая алімпійская чэмпіёнка, у летніх — Кацярына Карстэн двойчы падымалася на найвышэйшую прыступку алімпійскага п’едэстала. Таму перамога Івана Літвіновіча ва ўсіх сэнсах гістарычная.

Віялета Бардзілоўская

«Дарагі Іван! Ты — наш гонар! Дзякую за алімпійскае „золата“. Мільёны беларусаў сёння захапляюцца тваёй воляй да перамогі, мэтанакіраванасцю і сілай характару. Перамагчы на Алімпіядзе — вялікае дасягненне, а абараніць тытул алімпійскага чэмпіёна — спартыўны подзвіг, якім ты паставіў сябе ў адзін шэраг з самымі выдатнымі атлетамі свету», — павіншаваў чэмпіёна Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.

За «парыжскую сенсацыю» на батуце вялізны дзякуй варта сказаць трэнеру Вользе Уласавай. Менавіта яна тры алімпійскія цыклы запар прыводзіць сваіх выхаванцаў да медалёў. Менавіта яна ўвасабляе віцебскую школу скачкоў на батуце, якая сёння, без перабольшання, вядомая на ўвесь свет. Амаль два гады адхілення ад міжнародных стартаў Вольга Уласава не давала сваім спартсменам расслабляцца. Дзеля чаго — усе ўбачылі ў Парыжы. «Ад усёй душы віншую трэнераў і спецыялістаў, якія ўклалі ў гэтую перамогу свае талент і майстэрства. Беларуская школа скачкоў на батуце чарговы раз прадэманстравала найвышэйшы клас і пацвердзіла заслужанае лідарства на сусветнай арэне», — гаворыцца ў віншаванні кіраўніка дзяржавы.

 

Вяслярны трылер

У гісторыі беларускага акадэмічнага веславання — сем алімпійскіх медалёў. І ўсе яны жаночыя. Менавіта так было да гэтых Алімпійскіх гульняў. Першы для суверэннай Беларусі алімпійскі медаль у мужчынскім акадэмічным веславанні заваяваў Яўген Залаты. Ён стаў сярэбраным прызёрам на дыстанцыі 500 метраў. Выдатнае дасягненне атрымалася сапраўды кіношным. У французскую сталіцу весляры-акадэмікі прыбылі першыя, але без сваіх лодак, без якіх яны як без рук і без ног. У Еўрапейскім саюзе ёсць забарона на правоз лодак, інвентар давялося арандаваць і экстрана прывыкаць да яго. Вяслярны канал, дзе праходзілі спаборніцтвы, — прыродны вадаём, а не штучна выкапаны канал. А гэта заўсёды непрадказальна. У папярэднім заездзе Яўген фінішаваў першым. Дзень, калі ён упэўнена прайшоў чвэрцьфінал, запомніцца яму на ўсё жыццё. 30 ліпеня ў Яўгена Залатога нарадзіўся сын. Маладому бацьку паведамілі пра гэта толькі пасля заезду, каб не губляў канцэнтрацыю. Але шчаслівая навіна не перашкодзіла Залатому ў паўфінале пераўзысці алімпійскі рэкорд, адабрацца ў фінал. І вось дзень заключнага заезду. Здаецца, перашкодзіць не можа нішто, але аўтобус, на якім Яўген Залаты едзе на вяслярны канал, ламаецца. «Такія цяжкасці нас гартуюць. Мы ж іх любім. Гэта ўмацавала маю рашучасць, і атрымалася „серабро“. Мы хвілін 20 ехалі на гэтым аўтобусе, але ў яго села батарэя. Гібрыдны аўтобус. Мы патэлефанавалі і папярэдзілі, каб не выходзілі сапернікі на ваду», — скажа потым Яўген журналістам. 

Аўтобус зламаўся, а рашучасць спартсмена — не. У пачатку фінальнага заезду Яўген быў шостым, але на апошнім адрэзку дыстанцыі абышоў амаль усіх сапернікаў. Запаветны медаль прынёс вынік — 6 хвілін 42,96 секунды. Чэмпіёнам стаў немец Олівер Цайдлер, які на пяць секунд апярэдзіў беларуса, бронзу ўзяў галандзец Сымон ван Дорп.

Нараджэнне сына, доўгачаканы медаль насуперак усяму — менавіта за такія гісторыі мы і любім спорт. «Праявіўшы волю, вытрымку і зайздроснае тактычнае майстэрства, ты прадоўжыў слаўныя пераможныя традыцыі айчыннага акадэмічнага веславання, напоўніў радасцю і гонарам сэрцы беларускіх балельшчыкаў. Думаю, што гэты алімпійскі поспех стаў сапраўдным падарункам у гонар нараджэння сына, з чым мы цябе таксама горача віншуем», — падкрэсліў у сваім віншаванні Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.

«Вядома, зараз адчуваю гонар. Гэтага поспеху дабіўся дзякуючы нашай камандзе. Шчаслівы знаходзіцца тут, сярод сяброў. У Парыжы здавалася, што я адзін, але разумеў, што за плячыма стаіць вялізная сям’я, таму стараўся выкласціся па максімуме», — дзяліўся з журналістамі Яўген Залаты.

Без медалёў, але з досведам

Таццяна Клімовіч у спаборніцтвах па акадэмічным веславанні заняла восьмае месца. Па ходзе турніру ў жаночай адзіночцы на 2000 метраў беларуска пераадолела папярэднюю і чвэрцьфінальную стадыі, але ў паўфінале не змагла прабіцца ў вырашальны заезд і адправілася ў фінал В, дзе разыгрываліся месцы з 7-га па 12-е. У суцяшальнай гонцы Клімовіч паказала вынік 7 хв. 25,61 сек. і фінішавала другой, прапусціўшы наперад толькі немку Аляксандру Фостэр.

 

Яўген Залаты

Адзіная прадстаўніца Беларусі ў веласіпедным спорце Ганна Церах скончыла сваё выступленне на Алімпійскіх гульнях. У жаночай групавой гонцы на 158 кіламетраў Ганна некаторы час была сярод лідараў. Але да фінішу беларуская спартсменка прыехала 61-й. У жаночай гонцы з раздзельным стартам Ганна паказала 29-ы вынік.

Найлепшы вынік беларускіх спартсменаў у парыжскім басейне для плавання — восьмае месца. Аліна Змушко заняла гэтую пазіцыю па выніках заплыву на 100 метраў брасам. Дарэчы, у паўфінале на гэтай дыстанцыі Аліна аднавіла ўласны нацыяльны рэкорд — 1 хв. 05,93 секунды. «У прынцыпе, выступленне ацаню на здавальняюча, я абнавіла рэкорд Беларусі. У фінале ўсё далося крыху цяжэй, эмацыянальна або фізічна — будзем разбірацца. Галоўнае — зрабіць правільныя высновы», — дзялілася Аліна пасля стамятроўкі. На дыстанцыі 200 метраў брасам Аліна Змушко скончыла сваё выступленне па выніках папярэдніх заплываў. Яе вынік у 2 хв. 28,19 секунд аказаўся 21-м, а ў паўфіналы прайшлі 16 мацнейшых спартсменак. У фінал на дыстанцыі 200 метраў на спіне прабілася Анастасія Шкурдай. Яе вынік у 2 хв.10,63 секунды забяспечыў ёй восьмае месца, на дыстанцыі 100 метраў на спіне яна размясцілася на 20-й пазіцыі. Такім чынам, нікому з беларускіх плыўцоў не ўдалося заваяваць алімпійскія медалі. Да гэтага Ілья Шымановіч на сотні брасам паказаў 10-ы вынік.

Дэбютантка Алімпійскіх гульняў Дар’я Чупрыс скончыла сваё выступленне на 24-м месцы ў спаборніцтвах па стральбе з вінтоўкі ў трох становішчах. У кожным з практыкаванняў (стральбе лежачы, стоячы і з калена) Чупрыс набрала па 193 балы з 200, агульны вынік Дар’і склаў 579 ачкоў, што прынесла ёй выніковае 24-е месца. Не адабралася ў фінал і яшчэ адна беларуска Аляксандра Пятрова. У спаборніцтвах па стральбе з малакалібернага пісталета на 25 метраў яна набрала 288 балаў з 300, што адпавядала 23-му месцу, а ў практыкаванні на хуткасць вынік нашай спартсменкі ў 278 ачкоў аказаўся 40-м. За абодва віды праграмы Пятрова зарабіла 566 балаў і размясцілася на выніковым 39-м радку.

На гэтым выступленні беларусаў у Парыжы не заканчваюцца. 7 жніўня свае выступленні пачнуць барэц грэка-рымскага стылю Абубакар Хаслаханаў і адзіны прадстаўнік Беларусі ў таэквандо Георгій Гурцыеў, 8 жніўня ў барацьбу за медалі ўступяць весляры на байдарках і каноэ — у гэтым відзе нашу краіну прадставяць Уладзіслаў Кравец і Юлія Трушкіна. 

У пятніцу 9 жніўня пачынаем балець за барца вольнага стылю Магамедхабіба Кадзімагамедава. У Токіа ён заваяваў сярэбраны медаль і абяцаў вярнуцца па «золата», павінна быць цікава. Цяжкаатлетам Яўгену Ціханцову і Сюзане Валадзько, якія выйдуць на памост у пятніцу, таксама ёсць што сказаць.

Валерыя СЦЯЦКО

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Прапанова зніжаецца, а цэны растуць

Прапанова зніжаецца, а цэны растуць

Цяпер на продаж прапаноўваецца менш як 7,5 тысячы кватэр, а раней звыш 10 тысяч

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам не варта сядзець у выхадныя дома.