У сераду на Алімпійскіх гульнях пачнуцца спаборніцтвы, на прагляд якіх беларускім аматарам проста неабходна вылучыць час. Сваё алімпійскае выступленне пачне барэц грэка-рымскага стылю Абубакар Хаслаханаў, годны прадаўжальнік слаўных традыцый беларускай школы барацьбы. На гэтага спартсмена варта звярнуць пільную ўвагу.
Абубакар Хаслаханаў нарадзіўся ў Махачкале, але ў шэсць гадоў разам з сям’ёй пераехаў у Мінск. Таму ўсе яго спартыўныя заслугі — дасягненне менавіта беларускай школы. А дасягненняў у 20-гадовага спартсмена нямала. У 2021 годзе Абубакар заваяваў залаты медаль чэмпіянату свету сярод кадэтаў, затым у гэтай жа катэгорыі стаў бронзавым прызёрам чэмпіянату Еўропы. Яшчэ год таму напярэдадні ІІ Гульняў краін СНД старшыня Беларускай федэрацыі барацьбы Алім Селімаў (ён жа двухразовы чэмпіён свету па грэка-рымскай барацьбе) раіў журналістам звярнуць увагу на гэтага здольнага хлопца. І той давер апраўдаў — выйграў спаборніцтвы па грэка-рымскай барацьбе у рамках ІІ Гульняў краін СНД, затым стаў трэцім на чэмпіянаце Еўропы і заняў другое месца на першынстве Еўропы U-23. Сёння Абубакар Хаслаханаў займае трэці радок у сусветным рэйтынгу. Але, як заўважае Алім Селімаў зацыклівацца на рэйтынгу не варта: «На Алімпійскіх гульнях можа здарыцца што заўгодна. І мы спадзяемся, што Абубакар справіцца з вялікай псіхалагічнай нагрузкай і дастойна прадставіць усю беларускую барацьбу. Спартсмен малады, але здольны, загуртаваны. Да, Алімпіяда — гэта самы важны, складаны старт. Але не багі гаршкі абпальваюць».
На чэмпіянаце свету таксама выступаць няпроста. Але ў 2023 годзе ў Бялградзе Абубакар Хаслаханаў паказаў пяты вынік, што і прынесла яму пуцёўку ў алімпійскі Парыж. Заўчасна вешаць медаль на шыю маладому спартсмену, канешне, не варта. Але верыць і падтрымліваць яго з-за ўсіх сіл цалкам неабходна. Тым больш, што ў Абубакара Хаслаханава ёсць усё, каб апраўдаць гэты давер. Ён вырас і сфарміраўся як спартсмен на прыкладзе вялікіх барцоў грэка-рымскага стылю, якія і паказалі, у чым сіла беларускай школы. Першы алімпійскі чэмпіён у гісторыі беларускай барацьбы Алег Караваеў — прадстаўнік грэка-рымскага стылю. Страшным сном для сваіх супернікаў у 1980-я гады быў яшчэ адзін класік — Ігар Каныгін, які на Алімпійскіх гульнях 1980 стаў сярэбраным прызёрам. Яшчэ адна легенда грэка-рымскай барацьбы — алімпійскі чэмпіён 1988 года Камандар Маджыдаў, які, нягледзячы на тое, што нарадзіўся ў Грузіі, на барцоўскім дыване праслаўляў Беларусь. Бронзавы медаль на Алімпійскіх гульнях 1992 года заваяваў Сяргей Дземяшкевіч. На Алімпійскіх гульнях у Атланце ў 1996 годзе беларускія барцы ўпершыню выступалі самастойнай камандай. Дэбют быў узрушаючым. У спаборніцтвах па грэка-рымскай барацьбе Аляксандр Паўлаў і Сяргей Ліштван сталі сярэбранымі прызёрамі. Бронзавым прызёрам — Валерый Цыленьць. Алімпійскія гульні 2000-га года ў Сіднеі прынеслі беларускай камандзе бронзавы медаль барца грэка-рымскага стылю Дзмітрыя Дзябелкі. На Алімпіядзе 2004-га года адзіным прызёрам сярод беларусаў быў класік Вячаслаў Макаранка, ён заваяваў бронзу. У алімпійскім Рыа ў 2016 годзе скарбніца беларускай школы грэка-рымскай барацьбы папоўнілася серабром Джавіда Гамзатава.
Надзвычай добрая тэндэнцыя, якую б варта працягнуць...
Валерыя СЦЯЦКО.
Фота НАК Беларусі.
Наводзіць парадак — з розумам.
Міжнародная спецыялізіваная выстаўка жыллёва-камунальнай гаспадаркі пройдзе ў Мінску.