Вы тут

Час плаціць падаткі


Начальнік Галоўнага ўпраўлення падаткаабкладання фізічных асоб Міністэрства па падатках і зборах Андрэй Кавалеўскі параіў уладальнікам маёмасці правяраць паштовыя скрыні. Бо, калі ў вас ёсць нерухомасць, участак зямлі або аўтамашына, прыйшоў час плаціць падаткі. У гэтым годзе іх упершыню аб’ядналі ў адзіны маёмасны плацёж. Паведамленні адправяць па пошце, а тыя, у каго ёсць асабісты кабінет на сайце МПЗ, атрымаюць таксама (дадаткова) электронную версію.


Атрымальнікі — 3,5 мільёна чалавек

Гэты сезон стаў асаблівым для падаткавікоў, цяпер яны будуць рассылаць паведамленні пра адзіны маёмасны плацеж два месяцы — з 1 жніўня да 1 кастрычніка (раней было да 1 верасня). Іх атрымаюць 3,5 мільёна жыхароў нашай краіны. Адзіны маёмасны плацеж — гэта не новы падатак, а спосаб аплаты трох маёмасных падаткаў (на нерухомасць, зямельнага і транспартнага). Цяпер усе тры віды падаткаў будуць у адным паведамленні, а не ў розных, як раней. Гэта зроблена ў першую чаргу для зручнасці плацельшчыкам, растлумачыў прадстаўнік МПЗ.

Не трэба, як некалькі гадоў таму, атрымліваць некалькі паведамленняў ад розных раённых інспекцый: адно за кватэру ў Мінску, іншае за лецішча на Вілейшчыне. Плацельшчыкі адразу бачаць у адным паведамленні ўсе аб’екты падаткаабкладання, разлік падатку па кожным аб’екце і агульную суму да аплаты.

Па словах Андрэя Кавалеўскага, раней у АРІП трэба было аплачваць кожны падатак асобна, а таму перыядычна людзі аплачвалі падаткі «не туды», узнікала блытаніна.

«Цяпер плацеж аплачваецца адной сумай. Але, атрымаўшы паведамленне, вы не павінны ўнесці ўсю суму. Як і раней, падаткі можна плаціць часткамі, — падкрэсліў Андрэй Кавалеўскі. — Вельмі зручна, што наладжана ўзаемадзеянне з АРІП: калі плацельшчык атрымаў паведамленне, напрыклад, на суму 100 рублёў па ўсіх трох падатках, ён сёння можа аплаціць 10 рублёў, літаральна праз хвіліну, зайшоўшы ў АРІП паўторна, ён ужо ўбачыць рэшту запазычанасці».

Калі ў чалавека ёсць якія-небудзь ільготы на выплату падатку на нерухомасць, зямельнага або транспартнага падаткаў, то гэта ўжо будзе адлюстравана ў паведамленні. Самастойна разлічваць нічога не трэба, у падатковую варта звярнуцца, толькі калі вы заўважылі памылку ці няўлічаную льготу.

Таксама ў самім паведамленні будуць код хуткага плацяжу для ўводу ў сістэму АРІП і QR-код для аплаты. Можна аплаціць падатак па маёмасным нумары, пра які можна будзе даведацца на сайце падатковага органа. Там жа можна і перааформіць паведамленне, калі яно было згублена.

Каму прадугледжаны льготы?

Асобы, якія дасягнулі агульнаўстаноўленага пенсіённага ўзросту, інваліды І і ІІ груп, непаўналетнія дзеці вызваленыя ад выплаты падатку ў дачыненні да адной кватэры. Усе астатнія грамадзяне ўносяць аплату падатку нават за адзіную кватэру. Шматдзетныя сем’і цалкам вызваленыя ад аплаты падаткаў, нават калі ў іх уласнасці некалькі жылых памяшканняў. Аднак павінна выконвацца ўмова — у дадзенай сям’і на ўтрыманні і выхаванні павінны знаходзіцца трое і больш дзяцей ва ўзросце да 18 гадоў. Калі старэйшыя ўжо дасягнулі 18-годдзя і ў сям’і засталося менш трох непаўналетніх дзяцей, то дадзеная сям’я для мэт падаткаабкладання не разглядаецца як шматдзетная і льгот не мае.

У гэтым годзе ад падатку на нерухомасць вызваляецца адзін не завершаны будаўніцтвам капітальны будынак, або яго частка, які належыць:

— асобе, якая дасягнула агульнаўстаноўленага пенсіённага ўзросту, або асобе, якая мае права на пенсію па ўзросце са зніжэннем агульнаўстаноўленага пенсіённага ўзросту;

— інваліду І і ІІ груп;

— непаўналетняму дзіцяці;

— асобе, прызнанай недзеяздольнай;

— ваеннаслужачаму тэрміновай ваеннай службы;

— чалавеку, які праходзіць альтэрнатыўную службу;

— удзельніку Вялікай Айчыннай вайны і іншай асобе, якая мае права на льготнае падаткаабкладанне ў адпаведнасці з Законам «Аб ветэранах».

Пры наяўнасці ў вышэйзгаданых катэгорый фізічных асоб двух і больш не завершаных будаўніцтвам капітальных будынкаў, іх частак, падатковая льгота прадастаўляецца ў дачыненні да аднаго такога аб’екта падаткаабкладання, кошт якога больш, чым кошт іншых такіх аб’ектаў падаткаабкладання, якія належаць плацельшчыку.

«Рэтрааўто» і электракары

Андрэй Кавалеўскі адзначыў, што гэтым падаткам абкладаюцца транспартныя сродкі, зарэгістраваныя ў органах ДАІ. Выключэнне складаюць выпушчаныя раней 1992 года, а таксама аўтамабілі, якія прыводзяцца ў рух выключна электрарухавіком. Для апошніх ільгота дзейнічае да канца 2025 года.

Стаўка транспартнага падатку зніжаецца на 50% у дачыненні да машыны, якая зарэгістравана на асоб, якія дасягнулі пенсіённага ўзросту, інвалідамі І і ІІ груп, членамі шматдзетных сем’яў, удзельнікамі баявых дзеянняў на тэрыторыі іншых дзяржаў. «Але пры адной умове — у такой асобы павінна быць сапраўдным пасведчанне кіроўцы адпаведнай катэгорыі, — звярнуў увагу Андрэй Кавалеўскі. — Калі пенсіянеру па ўзросце належаць легкавы і грузавы аўтамабілі, але ў яго правы толькі катэгорыі В, то за легкавое аўто стаўка будзе зніжана ў два разы, а за грузавое яна не зменіцца.

Павышаную стаўку за прэміяльныя машыны — толькі налета

Паводле Падатковага кодэкса, транспартны падатак вылічаецца са ставак, павялічаных у 10 разоў, паводле транспартных сродкаў, з года выпуску якіх прайшло не больш за тры гады, уключаных у пералік аўтамашын павышанай камфортнасці, вызначаны ўрадам, растлумачыў Андрэй Кавалеўскі. У гэтым пераліку — увесь мадэльны шэраг Aston Martіn, Aurus, Bentley, Bugattі, Ferrarі, Lamborghіnі, Maseratі, McLaren, Porsche, Rolls-Royce, некаторыя мадэлі Audі, BMW, Cadіllac, Land Rover, Lexus, Mercedes-Benz, Toyota.

«Гэтая норма ўведзена з 1 студзеня 2024 года. Аднак фізічныя асобы аплачваюць падаткі па завяршэнні года. Адпаведна, гэтая норма закране аплаты падаткаў у 2025-м. Гэта значыць, сёлета ні адна фізічная асоба не аплачвае павышаны транспартны падатак», — сказаў спецыяліст.

Падатковыя органы атрымаюць ва ўстаноўленым парадку звесткі па транспартных сродках павышанай камфортнасці, з года выпуску якіх прайшло не больш за тры гады. «Мы зробім разлікі і будзем разумець, колькі людзей у 2025 годзе будуць аплачваць гэты падатак. Аднак па папярэдніх даных ужо ясна, што колькасць такіх плацельшчыкаў будзе абсалютна нязначный, і аплачваць павышаны падатак яны будуць па сапраўды прэміяльных транспартных сродках», — падкрэсліў прадстаўнік МПЗ.

Тэрміны і штрафы

Маёмасны плацеж трэба заплаціць не пазней за 15 лістапада. Андрэй Кавалеўскі падкрэсліў, што гаворка ідзе пра аплату за мінулы каляндарны год.

Пені па адзіным маёмасным плацяжы будуць налічвацца на суму, якая ўяўляе сабой розніцу паміж агульнай сумай трох налічаных падаткаў і сумай, аплачанай (спагнанай) у якасці адзінага плацяжу.

Калі па стане на 31 снежня каляндарнага года агульны доўг па адзіным маёмасным плацяжы не перавышае 1 рубель, такі доўг прызнаецца безнадзейным і спісваецца.

Норму аб увядзенні адзінага маёмаснага плацяжу, які аб’ядноўвае тры асноўныя падаткі для грамадзян, увялі ў Падатковы кодэкс сёлета. Хоць раней меркавалася, што гэта новаўвядзенне запрацуе толькі ў 2025-м.

Сяргей КУРКАЧ

Загаловак у газеце: Тры ў адным

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Чым парадуе «Наш дом»?

Чым парадуе «Наш дом»?

Міжнародная спецыялізіваная выстаўка жыллёва-камунальнай гаспадаркі пройдзе ў Мінску.