На мінулым тыдні Аляксандр Лукашэнка наведаў Мазырскі раён — найбольш пацярпелы ад нядаўняга ўраганнага ветру. Тут у кароткія тэрміны практычна суткамі напралёт у сапраўды гераічным напружанні актыўна ўстараняюцца наступствы разбуральнай прыроднай сілы. А ў гутарцы з жыхарамі аграгарадка Прудок Прэзідэнт закрануў самую балючую тэму апошніх двух гадоў — вайну на Украіне. І ўвагу на гэтым пытанні лідар краіны акцэнтаваў невыпадкова.
Упэўнены, што ўбачыў Аляксандр Рыгоравіч у вачах простых працаўнікоў-палешукоў відавочнае: трагедыя з удзелам суседзяў — братоў-славян — хвалюе іх сёння значна больш, чым часовая адсутнасць электрычнасці або наяўнасць іншых выгод.
На самай справе мінулы ліпень даўся жыхарам Беларускага Палесся, як і многіх сельскіх раёнаў краіны, досыць няпроста. Зусім не тая цяпер вёска, чым 30 гадоў таму: усе выгоды цывілізацыі за гады незалежнасці краіны прыйшлі сюды. Да добрага вельмі хутка прывыкаеш. Але тыя ж мазыране-прудкоўцы разумелі, што ім трэба крыху пацярпець, дапамога абавязкова прыйдзе.
Дарэчы, спецыялісты ўсіх узроўняў і прафесій дагэтуль імкнуцца на маёй роднай Гомельшчыне зрабіць усё, каб нармалізаваць абстаноўку, вярнуць усю інфраструктуру ў ранейшае рэчышча. Той жа факт, як у старыя добрыя часы талакой вяскоўцы і гараджане выходзяць прыбіраць вуліцы, расчышчаць паркі і скверы, ліквідоўваць завалы на могілках, — кажа пра многае.
Найперш: мы навучыліся шанаваць тое, што набылі цяжкай працай, што маем не толькі ў матэрыяльным плане і што можам раптам страціць, а галоўнае — сталі згуртаванай і сталай нацыяй. Так, любую стыхію разам перажывём. Але зусім іншая справа — вайна!
Я сам сабе задаю пытанне: а як ім, мясцовым людзям, не хвалявацца? Праз некалькі дзясяткаў кіламетраў — беларуска-ўкраінская мяжа. А там — тэрыторыя ўсеагульнага болю. Там — вайна і смерць. Перажываюць вяскоўцы, каб не прыйшла крывавая бяда ў наш беларускі дом, як калісьці ў 41-м. Не для яе ж дзетак гадуюць. Выразна разумеюць, што гэтая вайна «да апошняга ўкраінца» вядзецца не па волі суседзяў-украінцаў, а па ўказцы дзядзькі Сэма і за яго грошы. Дзеля чаго толькі? Ды аднаго: калі не знішчыць, падзяліць на падкантрольныя ЗША ўдзелы, прыбраць да сваіх рук прыродныя багацці, каб далей нажывацца, аслабіць Расію. І зусім «дзядзечка» не думае пра людзей-чалавекаў, асабліва — ненавісных яму ўсходніх славян. І як жа ім хочацца ўцягнуць у гэтую смяротную бойню спакойную і мірную Беларусь — самую сапраўдную сёння «Брэсцкую крэпасць»!
Так, зразумеў Прэзідэнт палешукоў з аднаго позірку. Ведае: народ наш па сваёй прыродзе — самы міралюбівы, моцны духам і працавіты. Як ніводнай нацыі ні ў Еўропе, ні на Захадзе, беларусам давялося перажыць за мінулыя стагоддзі столькі чорных дзён і страт, прайсці праз такія жудасныя выпрабаванні, што, мама, не гаруй. Такая сумная праўда: нашым продкам сотні разоў даводзілася мужна стаяць за родную зямлю. Абараніўшы і вызваліўшы яе ад чужаземнай погані ў чарговы раз, у 45-м, народам выпакутавана права жыць на сваёй зямлі без чужых падказак і панукванняў. Прычым беларусы зусім не сляпыя: бачаць, што адбываецца каля нашых меж, знаюць і сваіх унутраных, і знешніх праціўнікаў, і, шчыра скажам, самых заклятых ворагаў. Дык няхай паўсюль нядобразычліўцы ведаюць: такі народ у выпадку чаго сваю зямлю больш нікому не дазволіць знішчаць!
Аляксандр Лукашэнка мае рацыю: беларускі народ на генетычным узроўні ўсё памятае…
Ніколі не забудзе, як падчас Вялікай Айчыннай Беларусь першай у СССР прыняла на сябе вельмі жорсткі ўдар магутнай гітлераўскай машыны і была цалкам разбурана. Такі «падарунак» быў нам ад цывілізаванай Еўропы. Беларусь паўстала супраць ненавіснага ворага! На акупаванай фашысцкімі «дабрадзеямі» тэрыторыі з імі змагаліся больш чым 400 тысяч партызан і каля 70 тысяч падпольшчыкаў. Кожнага з іх лічым і будзем заўсёды лічыць сапраўдным героем!
Мы не забудзем і не дадзім забыцца нікому: не нехта іншы, не скароная Еўропа, якая аддана служыла Гітлеру, а менавіта савецкі салдат, абапіраючыся на шматнацыянальную вялікую краіну, якая аддала ў імя Перамогі ўсё, што ў яе было, перамог «карычневую чуму».
Мы не забываем і бязмерна цэнім за тое, што выстаялі, за нястомную працу ўсіх — ад малога да вялікага — у час вайны і пасля яе. Аднаўленне ж краіны запатрабавала сапраўды тытанічных намаганняў. Менавіта так: гераічных! І гэта таксама цэлыя пакаленні герояў!
Таму я асабіста лічу ў адрозненне ад асобных прадстаўнікоў, у тым ліку і творчага цэха, ад збеглых за мяжу маю Беларусь краінай герояў!
І дзе ні бываю, куды ні закідвае лёс, кажу пра гэта проста: ганаруся сваімі продкамі і сваёй краінай!
І буду ганарыцца!
Ганаруся тым, што за тры дзясяткі гадоў пад кіраўніцтвам богам данага нам кіраўніка, чалавека ад зямлі, абапіраючыся на вопыт продкаў, пераадолеўшы неймаверную разруху 90-х, мы змаглі пабудаваць сваю народную дзяржаву, дзяржаву для чалавека. Самі!
І сваёй працай, сваёй верай, сваімі ведамі мы працягваем умацоўваць, развіваць не толькі эканамічны патэнцыял, але і найлепшыя традыцыі свайго народа.
Суседзі побач з намі дагэтуль дзівяцца: як змаглі ў такіх умовах выжыць гэтыя беларусы? Бо ззаду — страшны развал вялікай краіны і эканомікі ды цэлыя тры дзесяцігоддзі жудаснага ціску на маладую Беларусь звонку! Так, ніхто іншы, як нашчадкі фашыстаў або іх паслядоўнікі заўсёды прагнулі рэваншу за прайграную ў 45-м вайну, менавіта яны накладалі на нас санкцыі. Больш за ўсё ім не падабаецца наш лідар, бачыце! А вам — хочацца спытаць? — якая справа да выбару беларускага народа? Толькі таму, што аб’явілі сябе гаспадарамі свету?.. А чаго каштавала прыўнесеная звонку «рэвалюцыя перамен» у 2020-м, дужа густа пасыпаная для асобных нашых грамадзян як маннай нябеснай дармовым доларам?! Не выйшла... Зрэшты, і да гэтага часу спрабуюць нам «перакрываць кісларод», шкодзіць, дзе толькі магчыма.
Так, з усімі нягодамі мы абавязкова справімся. Мы — моцныя. І адкрытыя для ўсяго свету. І «бязвіз» для 35 еўрапейскіх краін гэтую нашу адкрытасць пацвярджае: прыязджайце, глядзіце, дарагія суседзі, як беларусы адстаялі права жыць па сваім розуме, па законах, якія прымаюць самі для сябе. «Фашысцікі» наўрад ці паедуць да нас, а вось простыя людзі, якія хочуць міру і дабра сваім суседзям, ужо едуць. І робяць высновы. Найперш: дзе ж той славутай дэмакратыі больш: у нас ці на Захадзе?
Я ўпэўнены: каб украінская тэма не стала для нас рэальнасцю, мы, грамадзяне незалежнай Беларусі, павінны быць гатовыя да любога развіцця падзей, дбаць пра абарону рубяжоў нашых, але прытрымлівацца міралюбнай палітыкі на ўсіх узроўнях. І наша дзяржава гэта яскрава дэманструе!
А што да нас, людзей... Мы не проста павінны, а абавязаны працягваць эстафету бацькоў і дзядоў, працаваць па сумленні, захоўваць і прымнажаць іх спадчыну. І таксама, як старэйшыя пакаленні, любіць і берагчы сваю зямлю-маці, прышчапляць гэтую любоў нашым дзецям і ўнукам, не забываць пра патрыятычныя пачуцці. Не паказныя, а сапраўдныя. (Гэта, дарэчы, «дзве вялікія розніцы», хто разумее. Не трэба гэтага паказнога, галоўнае, каб патрыятызм сыходзіў з сэрца...)
Мы абавязаны штохвілінна, нястомна вучыць нашых дзетак дабру, прыстойнасці, сумленнасці, павазе да старэйшых, да грамадства, адно да аднаго, не забывацца на калектывізм і чуласць. У нас іншага рэцэпта, каб і ў будучыні супрацьстаяць любым нягодам, проста няма.
І яшчэ. Кожнаму з нас сёння трэба прыслухацца да даходліва сказаных такіх простых слоў нашым Прэзідэнтам. Вось яны: «На ўзроўні дзяржавы прымаюцца меры па забеспячэнні бяспекі краіны». «Беларусь пад надзейнай абаронай, падстаў для хвалявання няма...» «Але калі мы не хочам ваяваць — мы павінны працаваць, рабіць сваю справу. Працаваць на гэтым кавалку зямлі так, каб было, што пакінуць дзецям...» «Вядома, калі спатрэбіцца, кожны беларус возьме ў рукі зброю і будзе змагацца». «Аднак лепш шмат працаваць, але не ваяваць...»
Лепш працаваць!
Мудрыя словы мудрага палітыка, для якога ёсць толькі адзін клопат: наш беларускі народ.
Уладзімір ГАЎРЫЛОВІЧ, член Пастаяннай камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі Палаты прадстаўнікоў, кіраўнік рабочай групы Нацыянальнага сходу па справах беларусаў замежжа, заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь
Ён прапаноўвае грамадска-палітычны відэакантэнт, галоўныя навіны і ўсе тэлеканалы анлайн.
Восеньскія сельскагаспадарчыя кірмашы — абавязковы атрыбут восені.