...Ой, нібыта ў дзяцінства вярнулася і да бабулі прыехала!.. Колькі дзесяцігоддзяў прайшло, як няма яе на гэтым свеце, а цяпло колішніх сустрэч у вясковай хаце захоўваецца вельмі глыбока. Вось варта было толькі адчыніць дзверы, што вядуць у мастацкую галерэю «Цэнтр» Мінскага абласнога цэнтра народнай творчасці, як у вачах зайгралі ўзоры і колеры, што бачыла даўным-даўно на тканых рэчах, якімі засцілалі ложкі ды канапы. Здавалася, такога ўжо нідзе няма... Дык і няма: сучасныя людзі карыстаюцца рэчамі, выпушчанымі прамысловасцю ў розных варыянтах тканін і больш таннымі. А тыя рэчы з колішняга жыцця былі дарагія, прычым не толькі сэрцу, але і ў матэрыяльным сэнсе, таму што зробленыя рукамі. Гэтыя вясковыя тканыя рарытэты можна пабачыць на выстаўцы «Посцілкі+», але не толькі іх: тут прыклад таго, як традыцыйнае рамяство і народнае мастацтва натхняюць сучасных творцаў — прафесійных мастакоў. Бо ўсе мы маем пэўнае паходжанне, і прырода чалавечага таленту абумоўлена безліччу акалічнасцяў і сувязяў, асабістых якасцяў, якія закладваюцца ў тым ліку і асяроддзем.
Дзіва ў тым, што колішнія посцілкі (і ўзоры на іх) з’яўляюцца крыніцай натхнення для зусім маладых людзей, якія, аказваецца, з дзяцінства памятаюць тое ж, што і я... Беларускі свет у дзеянні — мы знітаваныя адной традыцыяй і разуменнем таго, што ёсць цеплыня дома, цеплыня чалавечых рук і душы. І што важна — як калісьці, так і цяпер. Прычым, як паказвае выстаўка, гэта каштоўнасць уласціва розным відам мастацтва: жывапісу, тэкстылю, ювелірнаму майстэрству…
Цяпло, напрыклад, вылучае тонкая сучасная работа, на якой вытканы вобраз жанчыны на жніве, — работа мастачкі па тэкстылі Наталлі Філіпенка. Але ёсць у ёй адсылка да нейкай сакральнай часткі беларускай рэчаіснасці. Гэта праца невялікая ў параўнанні з посцілкамі, якія развешаны па сценах, раскладзены на падстаўках, ды нават змешчаны на паліцах пад шклом — так ставяцца да сапраўдных музейных рэліквій, якія трэба пільна захоўваць. А за тое, што яны прыехалі на выстаўку, прымеркаваную да 85-годдзя Мінскага абласнога цэнтра народнай творчасці, — вялікі дзякуй арганізатарам. Таму што гэта найлепшы шлях, каб паказаць лучнасць мінулага і сучаснасці. На выстаўцы ў не надта вялікай прасторы галерэі ўмудрыліся размясціць аж 46 посцілак. З іх толькі дзевяць вытканыя нашымі сучасніцамі ў апошнія некалькі гадоў. Уявіце, ёсць майстрыхі, якія займаюцца гэтым сёння, каб захоўвалася рамяство і працягвала жыць традыцыя. Напрыклад, народны майстра Рэспублікі Беларусь Таццяна Волкава — яе аўтарскія работы можна ўбачыць і параўнаць з колішнімі, тым больш, што ёсць аўтарская рэпліка на адну з даўніх посцілак, якая захавалася не вельмі добра. Але большасць экспанатаў у зале — сапраўдныя рарытэты (да іх цяпер адносяць посцілкі 50–70-х гадоў мінулага стагоддзя). Аснову выстаўкі склалі посцілкі з калекцыі Вілейскага краязнаўчага музея, раённага Цэнтра ткацтва з Семежава, фондаў народнага калектыву «Майстры Ігуменшчыны» Чэрвеньскага раённага цэнтра культуры і адпачынку. Успрыманне гледача ўзмацняюць старыя фотаздымкі вяскоўцаў на фоне посцілак. Калісьці іх прымянялі не толькі ва ўтылітарных мэтах, але і дзеля ўпрыгожвання хаты. А калі на вёску прыйшло фота, то яскравыя посцілкі вешалі на сцяну, ля якой размяшчалася сям’я дзеля фотасесіі — яскравы фон рабіў кожны здымак адметным яшчэ і таму, што такія рэчы не выпускала масавая вытворчасць, гэта фактычна быў эксклюзіў.
Цяпер яго ствараюць мастакі. Напрыклад, Міла Землякова стварае тэкстыльныя скульптуры ў аўтарскай тэхніцы — яе цудоўны заяц Васіль нібыта прысеў адпачыць на фоне іншых прыкладаў работ мастачкі, што прадстаўлены на фота, і сярод вялікіх посцілак, размешчаных побач. Тут заўважаеш работы меншыя па памеры — жывапіс. Аўтар палотнаў Андрэй Карпянкоў не ствараў іх адмыслова пад выстаўку, творы былі напісаныя некалькі гадоў таму, калі пра такі праект ніхто і не думаў. Проста і ён бываў у бабулі на вёсцы, і ён бачыў рэчы, якімі напаўнялася хата. І яго свядомасць злучыла іх з мастацтвам — нібыта ўпляла ніткі памяці ў сучасныя творы (нездарма адна з яго серый мае назву «Тканіна жыцця»). Недзе мазкі фарбы імітуюць палатно, недзе праступаюць фрагменты арнаментаў, недзе яны быццам бы ўгадваюцца ў краявідах.
Нават фрагменты з тканых палотнаў — быццам бы вызначальныя элементы. Глядзіш на асобны фрагмент (нават не на тканіне), і прыходзяць думкі: штосьці надта блізкае, знаёмае... Наталля Філіпенка разам з мужам Яўгенам Рыжовым, які з’яўляецца мастаком па метале, прадставілі арыгінальныя вырабы з латуні, асновай для якіх сталі фрагменты некаторых узораў посцілак. Ну, сапраўды, чым не эксклюзіўныя брошкі — прычапіў такую на сукенку, і адчуваецца: свой чалавек! Мастакі шчыра тлумачаць: усе яны мелі бабуль і захоўваюць памяць пра вясковае жыццё, да якога даводзілася далучацца няхай і на канікулах ці ў адпачынку. Можна казаць, што кожны з удзельнікаў выстаўкі нашых сучаснікаў дапамог не толькі стварыць частку экспазіцыі, каб яна была больш разнастайнай, але праз творы зрабіў адмысловае прысвячэнне свайму роду. Таму вельмі сімвалічна і кранальна выглядала фотасесія сям’і Філіпенка-Рыжовых з двума дзеткамі — нават не побач са стыльнымі бацькоўскімі работамі, а на фоне яркіх посцілак. Дарэчы, арганізатары выстаўкі «Посцілкі+» у сталічнай мастацкай галерэі «Цэнтр» абвясцілі фотаконкурс, у якім можа ўзяць удзел кожны наведвальнік: прыйшоў, натхніўся і сфатаграфаваўся з упадабанымі экспанатамі ці на іх фоне. Як калісьці…
Ларыса ЦІМОШЫК
Супрацоўнікі Мінпрыроды расказалі, якая карысць ад дрэў у горадзе.
Восень для спецыялістаў аграрнай галіны — час падводзіць вынікі, і сёлета яны годныя.
У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.