Міжнародны спадарожнікавы тэлеканал «Беларусь 24» — сапраўднае люстэрка жыцця нашай краіны, праз якое на яе глядзяць ва ўсім свеце. Сёння вяшчанне вядзецца кругласутачна на рускай і беларускай мовах, а таксама гледачам даступны інфармацыйны кантэнт па-англійску і па-польску ў фармаце бягучага радка. Зона пакрыцця тэлеканала — больш як 100 краін свету з патэнцыяльным ахопам аўдыторыі звыш 200 мільёнаў чалавек. А пачыналася ўсё амаль дваццаць гадоў таму, калі спачатку з’явіўся канал «Беларусь-ТБ», а ў 2013-м яго перайменавалі ў «Беларусь 24», што суправаджалася яго рэбрэндынгам, зменай пазіцыяніравання і жанравага напаўнення. За гэты час адбылося шмат падзей, але нязменнымі застаюцца прынцыпы тэлеканала, дзе аб’ектыўнасць, актуальнасць, дакладнасць і своечасовасць інфармацыі — заўсёды на першым месцы. Цяпер галоўным дырэктарам дырэкцыі тэлеканала «Беларусь 24» з’яўляецца вядомы тэле- і радыёжурналіст Павел Лазовік. Сустрэліся з ім, каб распытаць пра надзённыя клопаты, зазірнуць у перспектыву і яго асабістыя звышмэты ў прафесіі.
— Павел Вячаслававіч, амаль год вы ўзначальваеце тэлеканал «Беларусь 24». Якія задачы ад пачатку ставілі перад сабой і перад калегамі?
— Па-першае, гэта адбылося ў патрэбны час і ў патрэбным месцы. Калі пра Беларусь сапраўды вельмі шмат гавораць на міжнароднай арэне. Усё гучней і часцей наша краіна заяўляе пра сябе. Таму тут «Беларусь 24», які прасоўвае беларускую павестку за мяжой, як ніколі аказаўся важным, карысным і запатрабаваным. І мне як чалавеку з немалым досведам працы ў журналістыцы, якому кіраўніцтва Белтэлерадыёкампаніі аказала давер узначаліць гэты тэлеканал, было цікава акунуцца ў новы для сябе вопыт. Паспрабаваць тую нішу, якой мы займаліся ўсе гэтыя гады праз інтэрв’ю з дыпламатамі, з замежнымі гасцямі, праз розныя жанры і формы падачы інфармацыі. Мы знайшлі тую нішу і той прадукт, якія дазвалялі нам выйсці на замежную аўдыторыю. Прычым, вывучаючы гісторыю «Беларусь 24» (яму амаль 20 гадоў), я заўважыў, што першапачаткова ён задумваўся як культуралагічны тэлеканал, які будзе знаёміць іншаземцаў з Беларуссю. Напрыклад, хоча чалавек прыехаць да нас і мы яму распавядаем, што ўяўляе сабой наша краіна, якія тут прыродныя багацці і людзі, дзе ён зможа адпачыць.
А цяпер наша функцыя ўжо значна пашырылася. Акрамя таго, што ёсць у Беларусі, мы паказваем і яе шлях да такіх вынікаў, адстойваем нашы ідэалагічныя пазіцыі, асабліва ў кантэксце таго, калі некаторыя апаненты спрабуюць скажаць нашу гісторыю, інфармацыю пра тое, што адбываецца на мяжы і навокал нас. Сёння задача «Беларусь 24» паказваць свету праўду, адстойваць нашы нацыянальныя інтарэсы і даводзіць беларускую палітыку, нашу інфармацыйную павестку да міжнароднай аўдыторыі.
— Ці ёсць інфармацыя, якая тэматыка найбольш запатрабавана вашай аўдыторыяй, у прыватнасці замежнымі гледачамі?
— Калі меркаваць па статыстыцы, то ў інтэрнэт-карыстальнікаў (гэта інтэрнэт-версія канала і яго сацыяльныя сеткі) па праглядах лідзіруюць навіны ў краіне і ў свеце плюс праграма перадач, што паглядзець. Таксама сярод лідараў анлайн-трансляцыя англамоўнай версіі тэлеканала. А далей ужо ўсё прадказальна — турызм, таму што наша задача — прэзентаваць Беларусь, прэзідэнцкія навіны і жыццё беларускага грамадства. Людзей за мяжой заўсёды найбольш цікавіць, як мы жывём.
Яшчэ вялікую работу мы сталі праводзіць па даследаванні таго, як і ў якіх краінах ідзе прыём сігналу нашага тэлеканала. Глядач, адкрыўшы раздзел «Медыягід», можа даведацца, калі і на якой платформе ён мае магчымасць убачыць «Беларусь 24». Нагадаю, ён некамерцыйны, бясплатны і не кадзіруецца, што вельмі рэдкая з’ява ў наш час, калі мы гаворым пра спадарожнікавае тэлебачанне. У топ-краін, у якіх нас глядзяць, уваходзяць Расія, Германія, ЗША, Нарвегія, Польшча, Нідэрланды, Нігерыя.
— У наступным годзе тэлеканал «Беларусь 24» будзе святкаваць сваё 20-годдзе. З чым, на ваш погляд, найбольш важным падыходзіце да юбілею? Што ўдалося захаваць, а што, наадварот, хочацца зрабіць па-іншаму?
— Вы слушна адзначаеце пра важнасць захаваць найлепшае, таму што за гэтыя гады ўжо сфарміравалася аблічча канала, яго ўласны стыль, па якім пазнаюць «Беларусь 24». І геаграфія краін у нас вельмі шырокая. Нас глядзяць і ведаюць, пішуць лісты, што дарагога варта. Нядаўна з Расіі быў зварот: маўляў, хачу з дапамогай вашага тэлеканала падзякаваць урачам, якія выратавалі мне жыццё ў беларускім санаторыі. Мы, вядома, перанакіравалі ліст, бо ў нас няма адпаведнай праграмы. Але тое, што водгук ідзе ў асацыяцыі з тэлеканалам, гэта прыемна. Ці пішуць з просьбай уключыць у прагноз надвор’я той альбо іншы горад, бо глядзяць прагноз менавіта на «Беларусь 24». І такіх прыкладаў безліч, бо з гадамі сфарміраваліся ўзаемаадносіны з аўдыторыяй. Гэта натхняе на працу з новымі ідэямі і над новымі праектамі.
Актыўна развіваемся ў інтэрнэце. Удзельнічаючы ў розных галіновых выстаўках, прыйшлі да высновы, што ўсё большая колькасць людзей выкарыстоўвае для атрымання інфармацыі не кабельныя сеткі, не стацыянарны тэлевізар, а менавіта мабільныя прылады (тэлефон, планшэт) і ІР-тэлебачанне. Мяркую, за гэтым будучыня. Прычым тады прасцей вызначыць, якая аўдыторыя калі нас глядзіць і ў якой краіне. Маючы лічбы медыявымярэнняў, можна вывучыць запыты гледачоў. Аднак, у «Беларусь 24» яна вельмі разнастайная, бо тэлеканал глядзяць ад Уладзівастока да Зімбабвэ і Лацінскай Амерыкі. Таму для нас так важна нарошчваць цяпер вяшчанне на англійскай мове.
На 2025 юбілейны год у нас ёсць задача зрабіць крок у далёкія гарызонты: запланаваны ўдзел у буйных галіновых выстаўках, будзем працягваць наладжванне супрацоўніцтва з медыяхолдынгамі замежных краін, бо ў нас ёсць што прапанаваць. Напрыклад, нядаўна мы наладзілі абмен кантэнтам з медыякарпарацыяй Кітая. Што дазваляе больш дазнавацца пра іх, пашыраць нашу аўдыторыю. Сёння «Беларусь 24» працуе над мінімум чатырма галоўнымі задачамі: рэтрансляцыя ўсяго найлепшага, што ствараюць Белтэлерадыёкампанія і нашы рэгіянальныя тэлеканалы, з адаптацыяй для міжнароднай аўдыторыі, вытворчасць уласнага кантэнту, прамоўшан нашага тэлеканала і распаўсюджванне яго сігналу ў новыя рэгіёны.
— Павел Вячаслававіч, у структуры Белтэлерадыёкампаніі вы працуеце ўжо больш чым 20 гадоў. Якія перыяды за гэты час былі пераломнымі?
— Кропкі росту заўсёды складаныя, а ўвогуле, лічу, што не бывае простых перыядаў у жыцці. Цяпер такі рытм ва ўсім, што ўсё адбываецца разам з намі, мы пішам сваю гісторыю. І, як ніхто іншы, заўважае гэта чалавек у кадры. Праз нас праходзіць безліч важных падзей. Часам ты проста думаеш, наколькі ўсё скарацечна ў свеце. І разам з тым усведамляеш, як табе пашчасціла быць часткай усяго, што адбываецца, пражываючы гэта ў кадры. Бывае няпроста. І я зараз кажу не пра фізічную стомленасць кшталту прачнуцца а пятай раніцы, каб падрыхтавацца да прамога эфіру. Складана ў тым сэнсе, што ты пастаянна існуеш у паскораным тэмпе і, упісаўшыся ў яго, бяжыш, часам нават на апераджэнне. Такія мы, тэлевізіёншчыкі. Хацець, гарэць, бегчы і быць першымі — гэта ўсё пра нас. Прычым мы так жывём 24/7, без выхадных. Але якое задавальненне адчуваеш ад удала знятых кадраў, патрэбных ракурсаў і прамых эфіраў, калі многае залежыць ад таго, што ты знаходзішся ў патрэбны час у патрэбным месцы! «Час выбраў нас», як казаў неаднойчы Прэзідэнт, і, працуючы на тэлебачанні, мы гэта цудоўна разумеем.
Сёння назіраецца росквіт нацыянальнага тэлебачання (я магу рабіць такую выснову, бо за дваццаць гадоў бачыў рознае). Маладым у нас — дарога. Шмат магчымасцяў, каб рэалізоўваць сябе. А раней трэба было дачакацца сваёй чаргі, каб проста паспрабаваць штосьці сказаць і каб цябе паказалі. У краіне ў нас многа ўсяго адбываецца, мы не сумна жывём. Узяць хоць бы лета: колькі свят, фестываляў, мерапрыемстваў агульнанацыянальнага і міжнароднага масштабу, дзе Беларусь удзельнічае ці арганізоўвае і на годным узроўні ўсё праводзіць. Як не распавядаць пра гэта на тэлебачанні? Нам пашчасціла жыць у такой краіне і ў такім свеце. Мы вось робім праект «Погляд на Беларусь», дзе запісваем многіх іншаземцаў, і мы ж не прымушаем іх з цеплынёй расказваць пра нашу краіну, але ім камфортна ў нас, яны выбіраюць Беларусь сваім другім домам. А мы жывём тут і проста многія рэчы ўспрымаем як належнае і звыклае, думаем, быццам так заўсёды было. Таму асабліва моладзі мы цяпер імкнёмся паказваць, наколькі па-іншаму жылося беларусам раней. Што нічога нам не ўпала з неба.
І тады сапраўды на гэта адгукаецца нешта ўнутры ўсіх нас і з’яўляецца разуменне, што толькі працай кожнага на сваім месцы можна дасягнуць агульнага добрага выніку.
— А чаму сёння даводзіцца вучыць моладзь у прафесіі? Ці супадае яе жаданне атрымаць усё і адразу з навыкамі?
— Сёння шмат крэатыўных маладых людзей, якія прыходзяць да нас і кажуць, што жадаюць зрабіць. Яны развіваюцца на практыцы, у кадры. Раней уявіць, што ў чалавека ў 20 гадоў можа быць уласны праект, было проста немагчыма, а цяпер гэта рэальна.
...Але вучыць іх трэба — уменню больш шырока глядзець на ўсё, што адбываецца навокал. Бо здараецца, што чалавек гатовы працаваць з табой у адным тэмпе, а шырыні погляду яму часам не хапае, каб праз канкрэтныя прыклады рабіць высновы пра вялікія праблемы. Калі глабальна казаць пра прэстыж журналістыкі, то ён заўсёды быў і нікуды не знік. І магія тэлебачання па-ранейшаму жывая. Але тым, хто жадае трапіць у кадр, патрэбна разумець, што іх чакае вялікая адказнасць. Прыход на тэлебачанне не павінен быць самамэтай, яго варта ўспрымаць як час магчымасцяў. І ў якім бы статусе (вядучы, рэдактар альбо кіраўнік) ты ні знаходзіўся, заўсёды павінен быць гатовы даказаць, што можаш аднолькава добра працаваць ці нават у разы лепш, чым раней. Я з радасцю працую на любым праекце на тэлебачанні. Сёння мы робім маладое, амбіцыйнае тэлебачанне. Не саромеемся ламаць каноны і спрабаваць новае. І ўсё ж якой бы цудоўнай ні была карцінка, у кадры павінна быць асоба. Гэтаму таксама трэба вучыць маладое пакаленне.
— За што вы ўдзячныя прафесіі сёння і якой бачыце сваю місію ў ёй?
— Я ўдзячны прафесіі, што падаравала мне знаёмствы з многімі людзьмі. Мы вучыліся ў тых журналістаў, якія былі мудрэйшымі за нас, мелі старыя падыходы ў працы і загартоўку. Мне пашчасціла спасцігаць майстэрства ў ветэранаў журналістыкі, калі мы яшчэ без камп’ютараў працавалі і ўсё рабілася ад рукі. Сёння ў нас таксама шмат класных спецыялістаў, за знаёмства з якімі я ўдзячны лёсу. І ў іх вучуся такту, інтэлігентнасці, здольнасці паглыбляцца ў працэс. На тым жа шоу «Фактор. by 60+» няма суфлёра, там патрэбна лёс кожнага героя прапусціць праз сябе. А вынік, які даходзіць да гледачоў, — гэта вялікая камандная работа. Мы даказалі найперш самім сабе, што ўмеем рабіць класныя праекты. Краіна дае шанс тым, хто па-сапраўднаму таленавіты, трапіць на вялікую сцэну. Там няма амбіцый ва ўдзельнікаў, але так шмат асабістага, чым яны жадаюць падзяліцца. Людзі ідуць на праект, каб выканаць песню, прысвяціўшы яе блізкаму чалавеку, ці стрымаць абяцанне, дадзенае самім сабе.
Так і для мяне: быць у прафесіі — гэта мая звышмэта. Я вельмі шчаслівы ад таго, чым займаюся ў жыцці. Лічу, важна быць патрэбным, дарыць радасць людзям. Магчыма, зноў пачну выкладаць.
Я ўпэўнены, што журналістыка яшчэ доўга будзе цікавай, і мне хочацца рухацца наперад разам з ёй!
Алена ДРАПКО
Наводзіць парадак — з розумам.
Міжнародная спецыялізіваная выстаўка жыллёва-камунальнай гаспадаркі пройдзе ў Мінску.