Не першы год Сяргей Белаяр даволі паспяхова асвойвае свой літаратурны космас — міжпланетныя прыгоды герояў яго твораў прынеслі брастаўчаніну акрамя чытацкай зацікаўленасці шэраг узнагарод. Пісьменнік уваходзіў у тройку пераможцаў конкурсу апавяданняў «Звязды»; уганараваны літаратурнай прэміяй Брэсцкага аблвыканкама імя Уладзіміра Калесніка, другім месцам у рэспубліканскім конкурсе фантастычнага апавядання.
Гэтым разам Сяргей Белаяр, гісторык паводле адукацыі, запрашае нас не ў далёкія галактыкі, а ў невялікі горад Старадуб Расійскай імперыі, дзе выпадкова затрымаўся дазнаўца Вілча Гаўруш, які расследуе справы, звязаныя з паранармальнымі з’явамі. Нешта падобнае адбылося напярэдадні ў Старадубе — прынамсі, так сцвярджае мясцовы калежскі дарадца. Ці было здарэнне вынікам сувязі з тагасветнымі сіламі або звычайным крыміналам? Ці, мажліва, чымсьці зусім іншым? Гэта Гаўрушу і давядзецца высветліць.
Алена БРАВА
Паломка была не ў час — выдавец патрабаваў асабістай прысутнасці для рэдагавання рукапісу. Судовы следчы Вілча Гаўруш хмурыўся, але не дазваляў сабе раздражнення. Любая лютасць — рэч разбуральная. У дазнанні яна згубная ўдвая. Калі ўжо прыйшлося зрабіць прыпынак, лепш заняць чаканне навядзеннем парадку ў думках. Апошні тыдзень у Кіеве выдаўся залішне клапотным.
За спінай тактоўна адкашляліся. Судовы следчы без асаблівага задавальнення павярнуўся.
— Прабачце, што парушаю вашу прыватнасць, спадар Гаўруш, але справа не церпіць адкладу.
— Чым абавязаны, спадар э…
— Апраксін. Ілья Отавіч, — прадстаўнічы мужчына пад пяцьдзясят прыўзняў цыліндр. — Павятовы маршалак дваранства і калежскі дарадца. Прашу прабачэння, аднак Старадубу патрабуецца ваша дапамога.
— Вось нават як? — адлюстраваў ветлівую цікавасць судовы следчы.
— Менавіта так, — калежскаму дарадцу было ніякавата, хоць грунтавая вуліца ў гэты ранішні час пуставала. — Жонка спадара Канавалава, тутэйшага купца, Алена Яўстаф’еўна, ледзь не згарэла жыўцом.
— Прабачце, ваша высокаблагароддзе, але я не доктар. Вы звярнуліся не па адрасе.
— Я ведаю, спадар Гаўруш. Вы дазнаўца. Расследуеце справы, звязаныя з усякай нечысцю, — судовы следчы прымусіў сябе захоўваць куртуазны выраз твару. — Начуты... Запэўніваю вас, без дэманаў тут не абышлося.
— Мой досвед, ваша высокаблагароддзе, сведчыць на карысць таго, што большых дэманаў, чым людзі, няма... З дазволу гасудара-імператара ў сваім цяперашнім статусе я сапраўды займаюся асаблівымі справамі. Дазвольце пацікавіцца, чаму вы вырашылі, што ваш выпадак менавіта такі?
— Спадарыня Канавалава стала ахвярай мерцвяка. Падчас спірытычнага сеансу... Здзіўленыя? Думалі, мабыць, што мы тут капусту лапцем сёрбаем?
— І ў думках не было, ваша высокаблагароддзе.
— Калі б не дапамога сябраў клуба, Алена Яўстаф’еўна згарэла б дашчэнту.
— Дазволю сабе паказаць вашаму высокаблагароддзю, што чалавек ніколі не згарае цалкам, — не трэба было спяшацца з высновамі. — І што, калегі і каляжанкі спадарыні Канавалавай могуць пацвердзіць, што меў месца тэлекінез?
— Што, прабачце?
— Узгаранне на адлегласці.
— Іначай яны не адправілі б па мяне слугу. Клуб спадарыні Канавалавай складаецца з паважаных у Старадубе людзей, зусім не схільных да банмо. Ні алкаголь, ні опіум у клубе не вітаецца, а на галюцынацыі члены клуба не пакутуюць. Гэта вам спадар Крыг, наш гарадскі лекар, пацвердзіць.
— Часам людзей ахоплівае масавы псіхоз. Яны пачынаюць верыць у тое, у што падсвядома жадаюць верыць... — калежскі дарадца толькі развёў рукамі. — У спадарыні Канавалавай ёсць ворагі?
— Гэта значыць, вы берацеся за нашу справу? — адчуўшы цікавасць судовага следчага, калежскі дарадца заззяў.
— Не бачу прычын для адмовы, — рамонт рысоры абяцаў адабраць сама меней паўтары гадзіны. Наймаць іншую карэту — не варыянт: ніводная не разлічана на перавозку грузу, без якога дазнанне магло стаць смяротна небяспечным. Для мірных грамадзян перш за ўсё.
— Вашы старанні будуць узнагароджаны, — запэўніў калежскі дарадца. — Старадуб няхай і правінцыя, але гэта правінцыя Расійскай імперыі! Аддзячым, калі спатрэбіцца, за кошт уласных сродкаў.
— Пра гэта пазней, — судовы следчы не меў права пакідаць без увагі ні адной справы, калі яна магла быць звязана з тагасветнымі сіламі. — Вы не адказалі.
— Што вы такое кажаце, спадар Гаўруш?! Якія ворагі? — калежскі дарадца жахнуўся. — Спадарыня Канавалава — найдабрэйшай душы чалавек. Імкнецца ўсім дапамагчы. І словам, і справай. На мінулым тыдні, напрыклад, ахвяравала буйную суму на дзіцячы прытулак.
— Страціла ўласнае дзіця?
Калежскі дарадца спалохаўся. Прасачыць за яго логікай не складала цяжкасці — калі маеш справу з тагасветным, хочаш не хочаш, запэцкаешся. Апраксін нават перахрысціўся.
— Сына. Чатыры з паловай гады ўжо мінула, а боль страты ўсё такі ж моцны. Жадаеце экіпаж?
— Пройдземся, з вашага дазволу, — любое дазнанне неабходна пачынаць са збору інфармацыі. Стаяць над душой у Фрола — усё роўна, што перашкаджаць слузе. Кожны павінен займацца сваёй справай. І менавіта сына выклікала спадарыня Канавалава?
— Так, — адбіваючы рытм кіем, мужчыны пакрочылі ў напрамку цэнтра горада. — Алене Яўстаф’еўне сама спадарыня Блавацкая падрабязныя інструкцыі асабістым лістом даслала. Спадарыня Канавалава з ёй у доўгачасовай перапісцы.
Калежскаму дарадцу відавочна імпанавала тое, што Старадуб — не проста пункт на тапаграфічнай карце Расіі.
— Згаданы вамі клуб збіраецца ў спадарыні Канавалавай?
— У доме купца Райхінштэйна. Па пятніцах.
— Сёння толькі серада.
— Спадарыня Канавалава сказала, што не зможа чакаць так доўга. Яна і час збору прызначыла. Грышку, слугу свайго, пасярод ночы адправіла людзей збіраць. Добра, горад невялікі. Хутка даў рады.
— І вы знаходзіцеся ў вышэйназваным клубе, ваша высокаблагароддзе?
— Маю гонар быць запрошаным, — калежскі дарадца не пакрывіў душой. І відавочна адчуваў крыўду, што не зрабіўся членам клуба ў ліку першых. Noblesse oblіge.
— Ці захоўвалася ў пакоі, дзе праходзіў спірытычны сеанс, што-небудзь гаручае? Феерверк?
— Не, спадар Гаўруш. Ні дроў, ні вугалю, ні пораху, ні спірту. Нічога такога. І нікому з сябраў клуба і ў галаву не прыйшло б прынесці нешта гэтакае. Навошта?.. Не на Масленіцу ж сабраліся. Да мёртвых павага павінна быць.
— Не палічыце за працу, ваша высокаблагароддзе, раскажыце мне пра сяброў клуба.
— Што вы хочаце ведаць? — калежскі дарадца ўвесь напружыўся, вырашыўшы, што судовы следчы запатрабуе нейкай канфідэнцыяльнай інфармацыі. Нават спыніўся, каб утаропіцца поглядам у суразмоўцу.
— Што сабой уяўляюць усе гэтыя людзі, — пытацца ў лоб пра патэнцыяльную сувязь з тагасветным было бессэнсоўна — калежскі дарадца мог элементарна не ведаць пра гэта ці схлусіць. Не праверыш. А вяртацца да карэты азначала абразіць Апраксіна недаверам. Да двубоя дайсці можа.
Аповед калежскага дарадцы атрымаўся кароткім — скончыўся нашмат раней, чым мужчыны падняліся па прыступках. На стук кіем дубовыя дзверы адчыніў дварэцкі.
— Спадарства?
— Мы па справе, Апанас, — сказаў калежскі дарадца, не прадпрымаючы спроб дастаць візітную картку. — Праводзь нас у пакой, дзе ўсё здарылася.
Тлумачэнняў не патрабавалася — дварэцкі паважна кіўнуў і правёў візіцёраў на другі паверх.
— Карл Дармідонтавіч распарадзіўся аказваць следству ўсялякую дапамогу, — растлумачыў калежскі дарадца. — Сам, на жаль, прадстаўлены быць не можа: жонка злягла з нервовым зрывам. Да спадара Крыгі павезлі.
— Пробашч тутэйшага храма…
— Сабора Раства Хрыстова, — падказаў калежскі дарадца. — Пабудаваны ў адна тысяча шэсцьсот семдзесят сёмым годзе... Айцец Цімафей.
— ...айцец Цімафей дзе знаходзіўся ў момант выкліку душы памерлага дзіцяці?
— Злітуйцеся, спадар Гаўруш, — калежскі дарадца збянтэжыўся, — што гэта вы ўсё каверзныя пытанні задаяце?.. Ці не хочаце вы сказаць…
— Не хачу, ваша высокаблагароддзе, але праверыць павінен.
Калежскі дарадца пажаваў вуснамі.
— На службе айцец Цімафей быў. Прыхаджане і царкоўныя служкі пацвердзіць гэта могуць. Не сумнявайцеся.
— Але спірытызму не ўхваляў? — пакой размяшчаўся на другім паверсе, у самым канцы правага крыла дома. Дварэцкі асвятляў дарогу кандэлябрам з шасцю свечкамі.
— Айцец Цімафей шмат чаго не ўхваляе, — у голасе прагучала лёгкае асуджэнне: свет мяняўся, і людзям трэба было мяняцца ўслед за ім. — Аднак на гвалт не пойдзе. Ніколі.
— А яго падначаленыя?
Для спірытычнага сеанса выбралі невялікі квадратны пакой. Цяжкія чорныя гардзіны на абодвух вокнах не прапускалі святла, і для асвятлення запалілі доўгія тоўстыя свечкі. Спірытычны круг — масіўны круглы стол з дубу, ручной работы, — выстаяў, а вось крэслы былі параскіданыя, персідскі дыван малога памеру перад сакрэтнікам — сарваны і апалены. Накрывалі ім.
— За ўсіх не паручуся. Айцец Цімафей адрозніваецца залішняй міласэрнасцю. Можа і змяю на грудзях прыгрэць.
— Скажыце, Апанас, а хто ў клубе спадарыні Канавалавай служыць медыумам? — погляд судовага следчага, пачаўшы з дошкі Уіджа, заслізгаў па спірытычным коле.
— Спадарыня Райхінштэйн-с.
— Месцы ў сяброў клуба сталыя?
— Так, васпане. Спадарыня Райхінштэйн мяркуе-с, што гэта станоўча адбіваецца на зносінах з духамі памерлых-с. Падпарадкаванне іх парадку-с.
— Ці былі пры апошнім сеансе адсутныя? — судовы следчы абышоў стол і падняў скінуты на паркетную падлогу медны кандэлябр. Прамалёўка дэталяў — паядынку Гектара і Ахілеса — уражвала. Вялікіх грошай павінен каштаваць.
— Не, васпане. Спадарыня Райхінштэйн не пачынала сеансу-с, калі патрабаваны парадак парушала хоць бы дробная дэталь-с.
— Тут што-небудзь краналі? — судовы следчы дастаў з кішэні камізэлькі лупу і пачаў пільна разглядаць зламаныя і растаптаныя свечкі.
— Не, васпане. Спадар Райхінштэйн распарадзіўся адразу ж замкнуць пакой-с.
— Пакажыце, дзе хто сядзеў, — наколькі мог судзіць судовы следчы, свечкі былі звычайнымі — без іншародных уключэнняў. Воск і кнот заставаліся некранутымі.
— Як загадаеце-с, васпане, — дварэцкі рушыў па крузе. Спыняючыся каля кожнага месца, ён клаў рукі на стол і называў прозвішчы. Ні чын, ні паходжанне, ні багацце не ігралі ў рассаджванні аніякай ролі.
Судовы следчы падзякаваў дварэцкаму і падняў крэсла, на якім сядзела Канавалава. Затым прыставіў яго да стала і паставіў на стальніцу кандэлябр.
— Ці не занадта шмат свечак, Апанас? — спірытычны сеанс патрабаваў цемры. Напаўцемры, але ніяк не святла сонечнага дня. Для нядобрасумленных медыумаў цемра служыла асноўным саюзнікам у падмане кліентаў.
— Я іх у такой колькасці толькі перад пачаткам і пасля канца сеанса запальваю-с, васпане. Гэтыя не гасіў-с. Спадарам Райхінштэйнам не загадана было-с. Каб сляды не чапаць-с.
— Кандэлябр дзе стаяў дакладна?
— Няўжо гэта мае нейкае значэнне? — выказаў здзіўленне калежскі дарадца. Апраксін, які чакаў дзеяння, быў расчараваны.
— У маёй справе дэталі выключна важныя, ваша высокаблагароддзе.
— Тут-с, — дварэцкі ўстанавіў кандэлябр. — Заўсёды ў адным і тым жа месцы-с.
— На спадарыні Канавалавай у гэтую ноч была сукенка з крыналінам?
Калежскі дарадца, які перастаў штосьці разумець, адкрыў і закрыў рот.
— Цалкам дакладна-с, васпане, — дварэцкі кіўнуў. — Нябесна-блакітная-с.
— Што ж, мне ўсё зразумела, — на судовым следчым спыніліся запытальныя погляды. Гаўруш прыбраў лупу і растлумачыў: — Ні мерцвякі, ні нячысцікі, ні людзі не маюць да сумнага здарэння ніякага дачынення. Гэта быў няшчасны выпадак: спадарыня Канавалава мела неасцярожнасць закрануць краем сукенкі полымя свечкі. Яшчэ адна ахвяра моды. Сукенка спадарыні Канавалавай, вядома, не ідзе ні ў якое параўнанне з вар’яцкімі купалападобнымі прызборанымі спадніцамі англічанак, якія тыя насілі яшчэ трыццаць гадоў таму, але бясшкоднейшай ад гэтага яна не становіцца: сам матэрыял вогненебяспечны, а абручы ствараюць паветраныя кішэні.
— І ўсё гэта вы вызначылі па лапіку сукенкі, спадар Гаўруш? — захапленне суседнічала ў калежскім дарадцы з забабонным страхам. Судовы следчы не здзівіўся б, калі б даведаўся, што Апраксін прымае яго за д’ябла ў цялесным вобразе. Людзі ўвогуле схільныя гіпербалізаваць уласныя страхі. Можа, таму, што тады спалох не падаецца такім ганебным?
— Не толькі. Характарыстыка сябраў клуба, пачутая ад вас, ваша высокаблагароддзе, таксама аказалася карыснай... Версію ўмяшання тагасветных сіл я выключыў адразу — у падобных выпадках усё здараецца інакш. Забойцы не магло быць сярод прысутных: сябры клуба першымі трапляюць пад падазрэнне. І пры іх статусе не стануць пэцкаць уласныя рукі. Ёсць мноства іншых, больш дзейсных спосабаў расправы... Як вы можаце бачыць, у пакоі няма вогненебяспечных рэчываў. А методыка зносін з душамі памерлых, якую прапануе спадарыня Блавацкая, не працуе. Плюс крэслы — для зручнасці карыстання імі дамамі ў сукенках, «расцягнутых на крыналіне», у іх зрэзаны падлакотнікі.
— Брава, спадар Гаўруш! — калежскі дарадца запляскаў у ладкі.
— Спадарыні Канавалавай яшчэ пашанцавала, што побач з ёй былі людзі. Клетка, якой, па сутнасці, з’яўляюцца спадніцы на цяжкім каркасе, на жаль, можа стаць смяротнай пасткай.
«Абавязак кожнага беларуса — прагаласаваць за сваю будучыню».
Новая гісторыя гістарычнага факультэта.
Мы змаглі пераадолець наступствы заходняга санкцыйнага ціску.
Зрабіўшы якасць неад’емнай часткай іміджу Беларусі як краіны, займацца ёй неабходна пастаянна і ва ўсіх напрамках.