Вы тут

Гродзенскія актывісты распрацоўваюць новы турыстычны маршрут


Ініцыятыўная група работнікаў Гродзенскага райвыканкама і грамадскіх актывістаў пабывала на самых знакамітых крыніцах Гродзенскай пушчы, каб вызначыць новы турыстычны маршрут і выбраць месца для правядзення будучага фэсту. Тут упэўнены, што падобнага свята няма нідзе ў Беларусі. Магчыма, крынічны фэст стане адным з брэндаў Гродзенскага раёна.


Ідэя ўзнікла не на пустым месцы. У раёне набываюць папулярнасць крыніцы, якія два гады таму былі аб’яўлены помнікамі прыроды мясцовага значэння. Гісторыя кожнай з іх унікальная. «Дасье» сабрана на шэсць самых вядомых крыніц, якія маюць уласныя назвы. Дарэчы, гэтыя імёны невыпадковыя. Ва ўсіх ёсць пэўны гістарычны падмурак. Аб гэтым добра ведаюць члены творчага калектыву «Крыніца», якім кіруе гродзенская актывістка Тэрэза Белавусава. Удзельнікі гуртка — краязнаўцы, гісторыкі, медыцынскія работнікі, архітэктары, мастакі. Усе яны дбаюць аб захаванні багацця, якое падарыла гэтаму краю прырода. Дзякуючы іх намаганням, крынічная тэма атрымала новы паварот. На водныя аб’екты была звернута ўвага і навукоўцаў, і мясцовых улад, і прыродаахоўных органаў.

Значныя крокі ў гэтым кірунку зроблены ў рамках праекта грамадзянскіх ініцыятыў. Калектыў атрымаў невялікі грант на стварэнне парку мінеральна-крынічных вод заказніка «Гродзенская пушча». У выніку рэалізацыі праекта ў аграгарадку Гожа была добраўпарадкавана крыніца Элізы Ажэшкі. Па словах Тэрэзы Белавусавай, вядомая пісьменніца прыязджала сюды з Гродна ў мясцовы касцёл і наведвала крыніцу, якая знаходзіцца непадалёку. Яе вобраз увасобіў у рамках праекта гродзенскі скульптар Мікалай Скляр. Скульптура знаходзіцца пад навесам на доўгай лаўцы, тут зручна пасядзець і папіць крынічнай вады. Ад дажджу і пякучага сонца можна схавацца ў альтанцы, а таксама пасядзець на дубовых пяньках. Да крыніцы вядзе брукаваная сцежка, якую праклалі паводле праекта.

Трэба сказаць, што гродзенскія актывісты карыстаюцца любой магчымасцю, каб прыцягнуць увагу да гэтай тэмы. А нядаўна яны выехалі да крыніц з работнікамі Гродзенскага райвыканкама. Тэрэза Белавусава ў якасці гіда эмацыянальна расказвала пра якасці крынічнай вады і звязаныя з тымі мясцінамі паданні. Асабліва ўсхвалявала гісторыя крыніцы Райгарад.

Паводле падання, яна ўтварылася на месцы горада, які праваліўся пад зямлю, у выніку чаго ўзнікла глыбокая нізіна. Зараз гэта месца лічыцца самым нізкім у Беларусі, а вёска, якая знаходзіцца паблізу, так і называлася — Правалка. З цягам часу назва трансфармавалася ў Прывалку. Яна вядомая як пункт пропуску на беларуска-літоўскай граніцы. А з сумежнага боку ён носіць назву Райгардас ці Райгарад, што мае сувязь з паданнем. Крыніца была знакамітая і сярод літоўцаў, якія прыязджалі сюды за вадой. Даследаванні паказалі, што яна ўтрымлівае карысныя мікраэлементы і прыраўноўваецца да мінеральнай вады. Важная асаблівасць у тым, што яна падсілкоўваецца мноствам падземных крыніц навакольнага асяроддзя.

Да крыніцы вядзе добра пратаптаная дарожка, ёсць прыступкі, вада выцякае з трубы. Прырода вакол, можна сказаць, дзікая, што і характарызуе пушчу. Але аматары творчага калектыву лічаць, што саму крыніцу варта вызначыць на мясцовасці, стварыць вакол яе адпаведны антураж. Напрыклад, зрабіць больш зручны падыход, нейкі арыгінальны навес, паставіць шыльды, лаўкі. Дарэчы, эскізны праект па просьбе Тэрэзы Белавусавай быў зроблены ў інстытуце «Гроднаграмадзянпраект». Архітэктары прапанавалі зрабіць навес з драўняных планак у выглядзе жар-птушкі. Ці будзе прыняты праект да рэалізацыі, пакуль невядома. Больш верагоднай падаецца ідэя тыпавога добраўпарадкавання ўсіх крыніц. А вось дапаўненні могуць быць розныя. Так лічыць і адзін з удзельнікаў аматарскага калектыву Аляксандр Собалеў, які доўгі час узначальваў праектны інстытут. На яго думку, у кожнай крыніцы павінна быць свая культура. А добраўпарадкаванне варта зрабіць на салідным узроўні, прычым пераважна з натуральных складнікаў — камянёў, пяску, дрэва. Такім чынам тут можна размясціць трывалыя лаўкі, альтанкі, зоны адпачынку. Магчыма дапаўненне з металу, а вось бетон і асфальт не пажаданы. Прагулачная зона павінна быць размешчана метраў за дваццаць ад крыніц.

— Гаворка ідзе аб усіх шасці крыніцах Гродзенскай пушчы, якія нядаўна аб’яўлены помнікамі прыроды мясцовага значэння. Людзі, якія будуць сюды прыязджаць, павінны адчуваць сябе ўтульна, трэба, каб архітэктары працавалі над кожнай зонай і на кожную з іх зацвердзілі матэрыял, каб тут не было ніякай самадзейнасці, а ўсе аб’екты адпавядалі нормам, — прафесійна акрэсліў сваю пазіцыю член творчага калектыву.
Магчымасці крыніц зацікавілі работнікаў культуры райвыканкама. Той факт, што ўсе яны знаходзяцца ў адной мясцовасці і маюць непаўторны прыродны антураж, спрыяе стварэнню экалагічнага турыстычнага маршруту.

— Вядома, у ідэале хацелася б паказаць падрыхтаваныя пляцоўкі, усё прадумаць старанна. Магчыма, дапоўніць яго іншымі аб’ектамі, каб людзі атрымалі яшчэ нейкія ўражанні, каб ім было цікава. Стварыць максімальна насычаны маршрут. Пакуль мы бачым, што ўсе крыніцы патрабуюць значных фінансавых укладанняў, бо трэба зрабіць і пад’езды, і самі аб’екты. Гэта кладзецца на плечы землекарыстальнікаў. Добра тое, што да крыніц зараз з’явіўся інтарэс з боку ўлад і грамадскасці, таму што гэта агульнае багацце. Трэба турыстычны патэнцыял Гродзенскага раёна дапаўняць інфармацыяй аб крыніцах. Магчыма, знойдуцца зацікаўленыя людзі, спонсары, каб праводзіць такую работу, бо тэма актуальная, людзі ўсё больш цікавяцца такімі натуральнымі аб’ектамі, — выказала меркаванне начальнік аддзела культуры Гродзенскага райвыканкама Таццяна Кузьма.

Галоўны спецыяліст аддзела культуры Іна Кандрацюк патлумачыла, што ў райвыканкаме існуе праграма падтрымкі гісторыка-культурных каштоўнасцяў, якія ахоўваюцца дзяржавай. На гэтыя мэты выдзяляюцца бюджэтныя сродкі. Але помнікі прыроды не ўваходзяць у склад дадзеных аб’ектаў.

Між тым і яны не будуць пакінуты без увагі. Каментарый у сувязі з гэтым даў галоўны спецыяліст Гродзенскай гаррайінспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Аляксандр Красцін. Ён паведаміў, што ёсць даручэнне Міністэрства прыроды аб добраўпарадкаванні ахоўных тэрыторый, помнікаў прыроды, заказнікаў. Праўда, гаворка пакуль ідзе аб устаноўцы і аднаўленні інфармацыйных шыльдаў. Неабходныя рэкамендацыі ўжо дастаўлены па адрасах землекарыстальнікаў, у канцы года іх выкананне будзе праінспектавана эколагамі.

Што датычыцца крынічнай тэмы, гродзенскія аматары не губляюць надзеі давесці гэту справу да лагічнага завяршэння. І гэта зразумела. Праведзена значная папярэдняя работа, у працэс уцягнуты навукоўцы, праведзены шматлікія лабараторныя даследаванні. Тэрэза Белавусава расказала, што творчы калектыў збіраецца прыняць удзел у чарговым абласным конкурсе грамадзянскіх ініцыятыў з праектам добраўпарадкавання крыніц мінеральна-крынічнага парку. А яшчэ яна выказала ідэю праводзіць у Гродзенскім раёне Крынічны фэст.

Добра, што хоць у такім выглядзе мы змаглі захаваць гэтае прыроднае багацце — сапраўдны бясплатны санаторый пад адкрытым небам. Тут не толькі крыніцы ёсць, а і ўнікальнае сапрапелевае поле, якое абмываюць пад зямлёй сотні крыніц і сілкуюць яго. Прыйшла пара для шырокай папулярызацыі гэтай тэрыторыі, напрыклад у выглядзе Крынічнага фэсту. Свята можа стаць брэндавым для Гродзенскага раёна, — упэўнена актывістка.

Матэрыял, які сабраны творчым калектывам, даволі аб’ёмны. Ёсць магчымасць, напрыклад, стварыць тэатралізаваную пастаноўку «Дарогай Элізы Ажэшкі», падрыхтаваць літаратурна-музычную праграму. З песнямі, вершамі, музыкай — атрымаецца прыгожа, а галоўнае, у гармоніі з прыродай, лічыць Тэрэза Белавусава. Абавязковым атрыбутам стане частаванне вадой са знакамітых крыніц, кожная з якіх мае свае аздараўленчыя ўласцівасці. У гэтым упэўнілася не адно пакаленне гродзенскай актывісткі.

Дарэчы, ідэю фэсту гатовы падтрымаць і навукоўцы. Па словах вядучага навуковага супрацоўніка лабараторыі гідрагеалогіі і гідраэкалогіі Інстытута прыродакарыстання НАН Беларусі Васіля Пашкевіча, даўно пара звярнуць увагу на прыродныя аб’екты ў шырокім сэнсе. Мала хто ведае, што яны з’яўляюцца помнікамі прыроды. Разам з тым не ўсюды крыніцы знаходзяцца ў належным стане. Варта, каб людзі разумелі іх важнасць і каштоўнасць, беражліва ставіліся да водных рэсурсаў і да прыроды ў цэлым. Гэтым абумоўлены і выбар даты правядзення фестывалю — у Сусветны дзень навакольнага асяроддзя, які адзначаецца 5 чэрвеня. На думку навукоўца, такі падыход стане нагодай больш пільна заняцца добраўпарадкаваннем крыніц, многія з якіх могуць знікнуць.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота аўтара

Загаловак у газеце: Ад устаноўкі шыльдаў да крынічнага фэсту

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Чым парадуе «Наш дом»?

Чым парадуе «Наш дом»?

Міжнародная спецыялізіваная выстаўка жыллёва-камунальнай гаспадаркі пройдзе ў Мінску.