Вы тут

Якая галоўная мэта навукі, што трэба рабіць, каб не ваяваць, чаму чыноўнікі не павінны быць турыстамі


Рабочы графік Прэзідэнта штотыдзень надзвычай насычаны. І тэмы, якім кіраўнік дзяржавы надае пільную ўвагу, самыя разнастайныя: эканоміка, бяспека, сацыяльная сфера, прамысловасць, грамадска-палітычная абстаноўка і многае іншае. Кожную тэму Аляксандр Лукашэнка вывучае дэталёва, абавязкова робіць акцэнт на праблемах, але і не забывае пра станоўчыя моманты. Ацэнкі Прэзідэнта заўсёды трапныя і змястоўныя. А даручэнні і парады — канкрэтныя. Сабралі топ-5 цытат кіраўніка дзяржавы за мінулы тыдзень, якія акрэсліваюць сітуацыю ў розных сферах жыцця краіны і задаюць вектары яе развіцця.


Фота: БелТА

1. «Галоўнае — айчынная навука павінна рухаць эканоміку краіны. Гэта значыць, павінен быць канкрэтны вынік, адчувальны для дзяржавы і людзей. Асабліва зараз», — канстатаваў Прэзідэнт падчас нарады з рабочай групай па аналізе дзейнасці Нацыянальнай Акадэміі навук. Рабочая група створана для таго, каб з боку паглядзець на дзейнасць НАН, аб’ектыўна ацаніць недахопы ў працы і сумесна знайсці рашэнне праблем. Гэта асабліва важна, паколькі сёння, па словах кіраўніка дзяржавы, навука павінна апярэджваць час, а не плесціся ў хвасце. Тым больш, што, як заўважыў Аляксандр Лукашэнка, мы жывём у эпоху беспрэцэдэнтных магчымасцей развіцця нашай краіны: «Магчымасці каласальныя ўпусціць нельга. Ёсць устойлівая база і пэўныя вынікі як у традыцыйных галінах, так і ў новых напрамках эканомікі. Але без рэальнага прарыву ў навуцы падняцца на наступную прыступку будзе не проста складана — немагчыма. А, развіццё навукі, нагадаў Прэзідэнт, — найважнейшы прыярытэт дзяржаўнай палітыкі. «У свой час мы не далі знішчыць навуковыя школы і шматгадовыя напрацоўкі. Зрабілі ўсё магчымае для іх захавання. Мы зрабілі ўсё, як хацелі нашы вучоныя, акадэмікі, члены-карэспандэнты, дактары і кандыдаты навук», — сказаў ён. 

2. «Турыстычных паездак быць не павінна. Ніякага турызму. Павінен быць вынік», — акцэнтаваў кіраўнік дзяржавы ўвагу ўдзельнікаў нарады па міжнародных справах. Нагод для гэтай нарады ў апошнія тыдні было нямала: Прэзідэнт з візітам наведаў Расійскую Федэрацыю, прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка — Лацінскую Амерыку, міністр замежных спраў Максім Рыжанкоў — КНДР. Галоўнае патрбаванне Прэзідэнта — ад усіх паездак павінен быць вынік на карысць краіны. А сачыць за рэалізацыяй шматлікіх дамоўленасцей з рознымі краінамі і па розных накірунках павінен, па словах беларускага лідара, найперш урад, дзе ў ролі вядучага міністэрства замежных спраў, пад кантролем Адміністрацыі Прэзідэнта. Яшчэ адно жалезнае патрабаванне — сачыць за безумоўнай якасцю беларускай прадукцыі, якая пастаўляецца як на знешнія, так і на ўнутраны рынак. Паколькі менавіта якасць забяспечвае эфектыўнасць гандлёва-экамічнага супрацоўніцтва з замежнымі партнёрамі. 

3. «Белавежская пушча і іншыя нацыянальныя паркі, Бярэзінскі біясферны запаведнік, бязмежныя лясы з дзівосным раслінным і жывёльным светам, блакітныя азёры — не проста бясцэнны дар ад Бога і продкаў. Гэта тое, што мы павінны былі і будзем перадаваць нашчадкам у першародным выглядзе. А яшчэ трэба захаваць і перадаць ім унікальны культурны код, куды разам з роднай беларускай мовай уваходзяць народныя рамёствы. Іншых такіх на Зямлі няма і не будзе», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка на ўрачыстай цырымоніі ўручэння дзяржаўных узнагарод супрацоўнікам Кіраўніцтва спраў Прэзідэнта. Па словах беларускага лідара, надзвычай важна, што гэта структура захоўвае наш нацыянальны здабытак, адказвае за сусветна вядомыя прыродныя брэнды Беларусі і ўнікальныя народныя рамёствы нашай краіны.

4. «Мне з гамяльчанамі і поўднем Брэста прасцей, я ім заўсёды гавару: не хочаце ваяваць, давайце будзем працаваць, — сказаў кіраўнік дзяржавы жыхарам аграгарадка Прудок Мазырскага раёна. — Калі будзем працаваць і не будзе ў нас адно да аднаго пытанняў, паверце, вайны не будзе. Гэта ўсё залежыць толькі ад вас, не ад мяне. Вы бачыце, што мы стараемся ўсялякімі шляхамі, каб гэта зараза сюды не прыйшла». Разам з тым Аляксандр Лукашэнка папярэдзіў, што Беларусь гатова за сябе пастаяць у выпадку неабходнасці, аднак вайна — гэта заўсёды дрэнна. «Гэта загінуць з усіх бакоў людзі. Тысячы, тысячы людзей гінуць на вайне. Таму нам вайна не патрэбна. Гэта маё пытанне. Калі будуць праблемы, я да вас звярнуся, мы возьмем зброю і будзем абараняць зямлю. Але лепш не ваяваць, і мы гэтай вайны не хочам», — заявіў беларускі лідар.

5. «Нашы збеглыя ж да прэзідэнцкіх выбараў таксама рыхтуюцца. Выпрацавалі праграму: перш за ўсё трэба паказаць, што Прэзідэнт абакраў усіх. Я проста аб гэтым кажу: калі ласка, забярыце! Забярыце мае грошы. Кажуць, у Эміратах — едзьце, забярыце. Цяпер грошы схаваць немагчыма, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Ён падкрэсліў, што калі падстаў для таго, каб абвінававіць у крадзяжы няма, тады пачынаюцца спекуляцыі на здароўі. «Мяне хаваюць ужо гадоў 25 сапраўды. Ды я не збіраюся. Я ў Бога прашу толькі аднаго: каб і надалей так было са здароўем», — заўважыў кіраўнік дзяржавы, каментуючы плёткі пра сваё самаадчуванне. 

Валерыя СЦЯЦКО

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Прапанова зніжаецца, а цэны растуць

Прапанова зніжаецца, а цэны растуць

Цяпер на продаж прапаноўваецца менш як 7,5 тысячы кватэр, а раней звыш 10 тысяч

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам не варта сядзець у выхадныя дома.