Вы тут

У чым карысць ёду і небяспека яго лішку?


Пра ёд мы ўсе даведваемся ў дзяцінстве — з першымі драпінамі на каленках і ў памяці трывала захоўваецца моцная пякота пасля яго выкарыстання. Ёд — моцны антысептык. А яшчэ — важны хімічны элемент, які неабходны для нармальнага фізічнага і разумовага развіцця чалавека, прафілактыкі захворванняў шчытападобнай залозы і яе нармальнай работы. Што ж гэта за элемент пад нумарам 53 у табліцы Мендзялеева? Навошта ён нашаму арганізму і чым небяспечны яго дэфіцыт? Ці можа нашкодзіць лішак ёду? Якія прадукты багатыя на гэты элемент і ці можа папоўніць яго сутачную норму ёдаваная соль? Пра гэта расказаў нейрахірург, навуковы супрацоўнік аддзялення пухлін галаўнога мозгу РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М. М. Аляксандрава, выкладчык кафедры неўралогіі і нейрахірургіі Інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў аховы здароўя Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Гумен Гарбанніджад.


— Доктар Гумен, здаецца, што ёд выкарыстоўваюць спрадвеку і не ведаюць пра яго хіба што ў не кранутых цывілізацыяй лясах Амазоніі…

— Насамрэч адкрыты гэты элемент быў не так даўно — у 1811 годзе ў самы разгар напалеонаўскіх войнаў. І дапамагла гэтаму агнястрэльная зброя. Яго адкрывальнік — французскі хімік Бернар Куртуа, які арганізаваў выраб салетры з марскіх водарасцяў, а яна была неабходная для вытворчасці пораху, запатрабаванага ў той час. Ён заўважыў, што нейкае рэчыва раз’ядае медныя катлы, а калі дадаць да яго сернай кіслаты, з’яўляюцца пары фіялетавага колеру, якія асядалі на сценках шклянога посуду бліскучымі цёмнымі крышталямі.

Бернар Куртуа назваў яго ёдам, ці іадзінам, што ў перакладзе гучыць як «фіялетавы». Праз нейкі час іншы хімік, Касімір Даванье, адкрыў, што ёд можа знішчаць бактэрыі, а значыць, мае моцныя антысептычныя ўласцівасці. Аднак да таго, як ёд дабраўся ў аперацыйныя, прайшло шмат часу. Толькі ў 1908 годзе італьянскі хірург Антоніа Грасіч зразумеў, што яго можна выкарыстоўваць у медыцыне. Акрамя іншага, ёд мае яшчэ і моцныя супрацьзапаленчыя ўласцівасці.

У сухім выглядзе ён нагадвае стружку жалеза сіняга колеру, але насамрэч ён не сіні, а чорны. Ёду шмат у акіяне і больш за ўсё яго назапашваюць водарасці.

— Адкуль яго здабываюць у прамысловых маштабах?

— Усе запасы ёду ў свеце ацэньваюцца прыкладна ў 15 мільёнаў тон, што робіць яго адным з даволі рэдкіх элементаў. І, што характэрна, да 99% гэтых запасаў знаходзіцца ў Чылі і Японіі. У Чылі найбольшая вытворчасць ёду ў свеце, у іх маецца руднік з салетрай, з якой здабываюць ёд. Таксама ёсць ён і ў Расіі, Іране. Там іншыя спосабы, звязаныя са здабываннем з буравых нафтавых вод. Руднікі, адкуль здабываюць ёд, лічацца стратэгічнымі, бо ўсёй планеце патрэбны гэты элемент.

Калі ў арганізме не хапае ёду, пачынаюцца незваротныя працэсы. Таму гэты стратэгічна важны элемент патрэбны ўсяму жывому, пачынаючы ад унутрычэраўнага развіцця і да самай смерці.

— Аднак ёд утрымліваецца і ў паветры, і ў глебе…

— Утрыманне ёду ў зямной кары складае ўсяго некалькі стотысячных працэнта, аднак ён усюдыісны. Найбольшае яго ўтрыманне ў глебе і ў паветры побач з акіянам. Людзі, якія жывуць там, не маюць захворванняў, звязаных з недахопам ёду. Трэба сказаць, што паколькі гэта жыццёва важны элемент, наш арганізм прызвычаіўся атрымліваць яго любымі спосабамі: праз скуру, ежу і нават праз дыханне. Калі ў паветры ўтрымліваецца ёд, ён трапляе ў нашы лёгкія. Нават адзінкавыя малекулы ёду шчытападобная залоза пачынае захопліваць. Паветра побач з акіянам насычана ёдам. Нават калі людзі будуць есці ежу з мінімальнай колькасцю гэтага элемента, яго дэфіцыту не будзе за кошт паветра ці плавання ў марской вадзе.

У выпадку хранічнага недахопу ёду, каб хоць бы адзінкавыя яго малекулы шчытападобная залоза магла атрымаць, яна разрастаецца для павелічэння паверхні, якая захоплівае малекулы гэтага элемента. Уявіце, наколькі крытычны недахоп ёду для нашага арганізма, што прырода стварыла такія механізмы.

У людзей, якія жывуць побач з морам, ужываюць морапрадукты (а міжземнаморская дыета лічыцца самай карыснай у тым ліку і таму, што ў ёй шмат ёду), дыхаюць марскім паветрам, няма дэфіцыту.

У тых абласцях, дзе шмат дажджоў, ёд вымываецца з глебы, бо ён водарастваральны элемент. Да такіх месцаў адносіцца і Беларусь.

— Чым небяспечны яго дэфіцыт у дзяцей?

— Калі ва ўлонні маці плоду не хапае ёду, дзіця атрымае сур’ёзныя неўралагічныя хваробы, якія прывядуць да пажыццёвага зніжэння разумовых здольнасцяў. А калі яго катастрафічна мала, яно нараджаецца з прыроджаным гіпатэрыёзам (гэта недастатковасць шчытападобнай залозы) і крэтынізмам, які застанецца да канца жыцця. Таму важна, каб у цяжарнай жанчыны не было дэфіцыту ёду. Калі гэтага элемента не будзе хапаць сістэматычна ў нейкім раёне цяжарным жанчынам, з часам разумовыя здольнасці гэтых людзей будуць зніжацца, што ў далейшым паўплывае на развіццё краіны і грамадства.

Калі дзецям не хапае ёду кароткі час, гэта не бяда, а калі доўга, то гэта можа прывесці да зніжэння ІQ.

— Якія прыкметы таго, што дзіцяці не хапае ёду?

— Яно становіцца менш уважлівым, не можа сканцэнтраваць увагу, зніжаецца школьная паспяховасць, замаруджваецца рост валасоў, расслойваюцца пазногці, расхістваюцца зубы, захворваюць дзясны, з’яўляюцца частыя запоры, зніжаецца апетыт. Калі доўга не хапае ёду, адстае фізічнае і разумовае развіццё. Каб гэтага не дапусціць, варта ў рацыён дзяцей дадаваць прадукты, якія ўтрымліваюць гэты элемент.

Ёсць і іншы спосаб вызначыць ёдадэфіцыт. Але тут важна, каб не было на яго алергіі, бо ёсць індывідуальная непераноснасць і можна атрымаць апёк скуры. Ватнай палачкай на скуры варта намаляваць ёдавую сетачку. Калі праз 24 гадзіны не засталося ніякіх слядоў, гэта сведчыць, што ў арганізме не хапае ёду, бо ён цалкам яго паглынае.

Фота з адкрытых крыніц

— А як праяўляецца дэфіцыт у дарослых?

— Акрамя захворванняў шчытападобнай залозы, недахоп ёду можа быць крыніцай сардэчна-сасудзістых хвароб, што можа прыводзіць да інфарктаў міякарда і ішэмічнай хваробы сэрца. Можа мяняцца структура касцей, пагаршацца работа стрававальнай сістэмы — то запор, то нястраўнасць, то пякотка, але гэта, вядома, назіраецца і пры іншых хваробах. Недахоп ёду можа прыводзіць да парушэння тлушчавага абмену і выклікаць атлусценне, да розных неўралагічных станаў і павышэння нервознасці, псіхічных расстройстваў, зніжэння разумовых здольнасцяў, калі тармозяцца разумовыя працэсы і становіцца цяжка прымаць рашэнні, рабіць выбар. Калі дэфіцыт ёду працяглы, разумовыя здольнасці таксама могуць зніжацца. Акрамя таго, у дарослых можа рэзка змяншацца працаздольнасць, зніжацца імунітэт, чалавек хутчэй стамляецца на рабоце, горш выконвае свае задачы.

Такім чынам, без перабольшвання можна сказаць, што ёд адказвае за здароўе ўсёй нацыі. Калі яго не хапае паўсюдна, рабочыя горш працуюць, школьнікі дрэнна вучацца, у навукоўцаў няма адкрыццяў... У далейшым на макраэканамічным узроўні ўпадуць эканамічныя паказчыкі, і краіна быццам бы ўпадае ў анабіёз.

Беларусь знаходзіцца ў зоне, дзе ў глебе вельмі мала ёду. Каб развіццё краіны не спынілася, ёд дадаецца ў соль. І гэта сусветная практыка. 

У ЗША, напрыклад, штучнае ёдаванне праводзіцца з тымі прадуктамі, якія больш за ўсё выкарыстоўваюцца: малако, хлеб і соль. У Беларусі такія меры прывялі да ліквідацыі дэфіцыту гэтага мікраэлемента. З 2013 года на міжнароднай карце па кантролі ёдадэфіцыту Беларусь абазначана як краіна з адэкватным спажываннем ёду.

— Як правільна выкарыстоўваць ёдаваную соль?

— Яна губляе карысныя ўласцівасці на працягу чатырох месяцаў, таму пры куплі пачка солі звяртайце ўвагу на дату вырабу. Саліць гарачыя стравы ёдаванай соллю варта ў канцы прыгатавання. У адваротным выпадку падчас награвання ёд можа выпарвацца. Захоўваць яе трэба ў цёмнай тары, якая не прапускае святло. Пад уздзеяннем святла ўтрыманне ёду ў солі змяншаецца.

Важна адзначыць, што ў наш час атрымліваць ёд толькі ад солі неразумна, бо мы маем доступ да самай экзатычнай садавіны, фруктаў, агародніны, морапрадуктаў, таму ў свой рацыён абавязкова трэба дадаваць рыбу, морапрадукты, марскую капусту, рыбін тлушч, курыныя яйкі, тлустыя гатункі рыбы — такія як скумбрыя. Некаторыя кажуць, што скумбрыя ўтрымлівае ртуць, але каб атрымаць значную для атручвання дозу, трэба з’есці гіганцкую колькасць рыбы, што ў нас ніколі не атрымаецца.

Дарэчы, менш за ўсё ёду ўтрымлівае бульба без лупіны. Для беларусаў (а бульба для нас другі хлеб) гэта толькі пагаршае сітуацыю. Але калі бульбу гатаваць «у мундзірах», ёсць шанцы захаваць яго. Таксама антылідарамі па ўтрыманні лічацца гарох, сачавіца, нут, белая фасоля, кукуруза, кашы — манная, аўсяная, грэцкая, кукурузная, шматкі, здробненая пшаніца, яблыкі, абрыкосы, грушы, слівы і фруктовыя сокі. Але гэта не значыць, што іх трэба выключыць з рацыёну. Недахоп тырэатропнага гармону (ТТГ) таксама сведчыць пра няхватку ёду.

— Ці можа нашкодзіць яго лішак?

— Набываць таблеткі ёду без рэкамендацый урача нельга, паколькі вельмі высокая рызыка развіцця сур’ёзных пабочных эфектаў, пачынаючы ад таксічнага ўздзеяння на страўнікава-кішачны тракт, выяўленых алергічных рэакцый (аж да анафілактычнага шоку) і да пашкоджання шчытападобнай залозы, нават развіцця яе злаякасных утварэнняў.

Алена КРАВЕЦ

Загаловак у газеце: Элемент жыцця

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Чым парадуе «Наш дом»?

Чым парадуе «Наш дом»?

Міжнародная спецыялізіваная выстаўка жыллёва-камунальнай гаспадаркі пройдзе ў Мінску.