Вы тут

Музейшчык у генеральскім мундзіры


25 лютага 2016 года галоўная расійская ваенная газета «Красная звезда» (добра вядомае на ўсёй постсавецкай прасторы выданне, першы нумар якога выйшаў, дарэчы, 1 студзеня 1924 года. Галоўрэдам газеты, між іншым, у 1930 годзе быў прызначаны ўраджэнец магілёўскіх Бялыніч армейскі камісар 2-га ранга Міхаіл Маркавіч Ланда) надрукавала некралог у знак памяці Усевалада Іванавіча Аніковіча, савецкага і расійскага ваеннага дзеяча, якія сыйшоў з жыцця 22 лютага 2016-га...


Заслужаны дзеяч культуры Беларускай ССР, заслужаны работнік культуры РСФСР, заслужаны дзеяч культуры Польскай Народнай Рэспублікі генера-маёр Усевалад Аніковіч (1925 — 2016) нарадзіўся ў Магілёве. У 1943 годзе закончыў Маскоўскі чыгуначны тэхнікум. 16 лютага 1943 г. нашага земляка прызвалі ў Чырвоную Армію. Наступных два гады — курсант 2-га Ленінградскага артылерыйскага вучылішча. З 13 студзеня 1945 года — на фронце, у дзеючай арміі. Ваяваў камандзірам ўзвода ўпраўлення і ўзвода артылерыйскай разведкі на 1-м Прыбалтыйскім фронце. Быў паранены. 4 мая 1945 года загадам па 94-й гаўбічнай артылерыйскай ордэна Кутузава другой ступені брыгадзе 27-й Духоўшчынскай Чырванасцяжнай артылерыйскай дывізіі ад імя Прэзідыўма Вярхоўнага Савета СССР нашага земляка ўзнагародзілі ордэнам Чырвонай Зоркі. Вайсковае злучэнне, дарэчы, прайшло з баямі і праз Беларусь, удзельнічала ў Гарадоцкай наступальнай аперацыі, у Віцебскай і Полацкай аперацыях... Толькі ўсё гэта было раней, да таго часу, пакуль у злучэнне патрапіў 19-гадовы малодшы лейтэнант Сева Аніковіч…

Як і ў соцень тысяч жыхароў Беларусі, вайна пакінула ў лёсе Аніковіча шмат крывавых, жорсткіх адмецін. Загінулі многія родзічы. Спалены, раструшчаны быў родны край... Маці, падпольшчыца, сувязная партызанскага атрада, хаця і выжыла ў дзікай калатнечы, прайшла праз пакуты і выпрабаванні нямецка-фашысцкага канцлагера... 

Пасля Вялікай Айчыннай вайны афіцэр вучыўся ў Рыжскім ваенна-палітычным вучылішчы, якое закончыў у 1949 годзе. У 1951 — 1953 гг. служыў у Групе савецкіх войск у Германіі. У 1955 годзе закончыў Вышэйшую афіцэрскую школу прапагандыстаў Савецкай Арміі. У 1960-я гады служыў ў Чырванасцяжнай Беларускай ваеннай акрузе. Займаў пасаду начальніка акружнога Дома афіцэраў. Многія ветэраны Узброеных сіл і сёння памятаюць Аніковіча... Завочна закончыў гістарычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. У 1968 годзе быў узнагароджаны ўжо другім ордэнам Чырвонай Зоркі. Атрымаць такую ўзнагароду афіцэру культурна-асветніцкай службы, ды яшчэ ў мірны час, — высокая адзнака. 

Наступным месцам службы Аніковіча было Галоўнае палітычнае ўпраўленне Савецкай Арміі і Ваенна-Марскога Флота. Спярша займаў пасаду старшага інструктара па культурна-масавай рабоце, а затым праслужыў 18 (!) гадоў на пасадзе начальніка аддзела культуры і мастацтва. У запас генерал-маёр Усевалад Аніковіч зволіўся толькі ў 1987 годзе, калі за плячыма было болей шасцідзесяці гадоў... 

І адразу, літаральна праз дзень-два: на новай і цікавай працы — дырэктар музея-запаведніка «Царыцына». Масштаб дзяржаўнага гісторыка-архітэктурнага, мастацкага і ландшафтнага музея-запаведніка, які быў заснаваны ў 1984 годзе, уражвае. Як уражвае і гісторыя нараджэння ў гэтай прасторы музея... Спярша, у 1927 годзе, у Маскве ў Трэцім кавалерскім корпусе (умоўная назва трох пабудоў, якія былі створаны па праектах і пад кіраўніцтвам Васіля Блажэннага ў час арганізацыі падмаскоўнай рэзідэнцыі Кацярыны II) пачаў працу Царыцынскі гісторыка-мастацкі і краязнаўчы музей. Праз некаторы час ён быў пераарыентаваны на прапаганду калгаснага ладу жыцця, а ў 1937 годзе і ўвогуле зачынены. Пасля Вялікай Айчыннай вайны распрацоўваліся праекты пераабсталяваць Царыцына пад санаторый альбо пад загарадныя дыпламатычныя вілы, нават пад завод шампанскіх він. І ўсё ж распрацавалі праект рэстаўрацыі Вялікага палаца для размяшчэння ў ім Акадэміі архітэктуры СССР. Але задумку не ажыццявілі... У 1979 годзе пастановай Савета міністраў РСФСР сядзібе быў нададзены статус помніка садова-паркавага мастацтва. У 1984 годзе ў Царыцына быў створаны Дзяржаўны музей дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва народаў СССР пад кіраўніцтвам мастака Іллі Глазунова…

Што ж удалося зрабіць нашаму земляку, калектыву ўстановы пад яго кіраўніцтвам у няпростым музейным узнаўленні Царыцына?.. Найперш былі самастойна завершаны рэстаўрацыйныя работы большасці бажэнаўскіх пабудоў: Сярэдняга (Опернага дома) і Малога палацаў, Першага і Другога кавалерскіх карпусоў, Фігурных варот, Вялікага і Фігурнага мастоў. Лёгка сказаць — «самастойны завершаны»... Гэта была літаральна тытанічная праца па прывядзенню яшчэ і інфраструктуры, навакольнай прасторы ў належны стан…

З 1996 года пачалі праводзіцца першыя музейныя выстаўкі ў Малым палацы. А ў адрэстаўраваным Оперным доме адбыліся дэбютныя выступленні — на працягу наступных дзесяці гадоў ён з’яўляўся галоўнай канцэртнай і выставачнай пляцоўкай.У 1998 годзе Патрыярх Алексій II правёў урачыстае асвячэнне Храма іконы Божай Маці «Жываносная крыніца», які ўваходзіць у склад палацавага ансамбля... У 1997 годзе Усевалад Іванавіч быў узнагароджаны ордэнам Дружбы — «за заслугі перад дзяржавай і вялікі ўклад у развіццё айчыннай музейнай справы». У 2000-м — ордэнам «За заслугі перад Айчынай» IV ступені («за заслугі перад дзяржавай і шматгадовую плённую культурна-асветніцкую дзейнасць»). Пасаду дырэктара «Царыцына» Усевалад Аніковіч займаў 15 гадоў... І сёння з вышыні часу гэтыя тры пяцігодкі нашага земляка ўспрымаюцца не іначай як яго грамадзянскі подзвіг!.. 

Несумненнай адзнакай памяці пра Усевалада Аніковіча павінна стаць наданне яго імя адной з маскоўскіх вуліц. А мо і ў Магілёве ўдзячныя землякі ўзгадаюць гэтую яркую і прыкметную асобу, дбаючы пра захаванне слядоў блізкай гісторыі, слядоў нашых папярэднікаў..?

Кастусь Лешніца, фота з адкрытых крыніц

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Чым парадуе «Наш дом»?

Чым парадуе «Наш дом»?

Міжнародная спецыялізіваная выстаўка жыллёва-камунальнай гаспадаркі пройдзе ў Мінску.