Выдавецтва «Беларусь» па традыцыі працягвае выпуск адрыўных каляндароў. Ужо ў кнігарнях краіны можна знайсці і выданне, якое раскажа нам пра кожны з дзён наступнага года. Заказ і фінансавую падтрымку «Роднаму краю» ажыццявіла Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь. Тыраж каляндара — 3000 экзэмпляраў.
З выдавецкай анатацыі: «Вы трымаеце ў руках адрыўны каляндар "Родны край" на 2025 год — своеасаблівую энцыклапедыю на кожны дзень. У календары вы знойдзеце шмат цікавага пра нашу краіну, яе гісторыю, культуру, славутыя мясціны. Наш каляндар дапаможа вам прасачыць юбілейныя даты знакамітых людзей нашай краіны, славутых беларусаў, што жылі ў розны час. Значнае месца ў выданні адведзена роднай мове. Вы даведаецеся пра старажытныя міфалагічныя ўяўленні нашых продкаў...» Каляндар адкрываецца па традыцыі словамі Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь... «Мы, беларусы, — мірныя людзі,/ Сэрцам адданыя роднай зямлі...» Нагадаем, што словы гімна належаць Міхасю Клімковічу і Уладзіміру Карызну, а музыка — Нестару Сакалоўскаму.
У 2025-м, — 1210 гадоў з дня нараджэння Мяфодзія (815 — 885) — славянскага асветніка, аднаго са стваральнікаў славянскай азбукі, прапаведніка хрысціянства. І ўжо лісток ад 2 студзеня 2025 года — напамін пра гэтае імя, пра гэтую падзею. Увогуле на старонках адрыўнога календара прыстунічае шмат згадак пра пісьменнікаў, асветнікаў, дзеячаў культуры. У 2025 годзе, нагадвае «Родны край», юілеі наступных беларускіх пісьменнікаў: 16 студзеня — 120 гадоў з дня нараджэння беларускага дзіцячага пісьменніка Алеся Пальчэўскага; 16 лютага — 100 гадоў з дня нараджэння народнага пісьменніка Беларусі Івана Навуменкі; 21 сакавіка — 185 гадоў з дня нараджэння аднаго з пачынальнікаў сучаснай беларускай літаратуры Францішка Багушэвіча; 25 сакавіка — 120 гадоў з дня нараджэння паэта і акадэміка, вучонага-біёлага Алеся Вечара...
«Родны край» падказвае юбілейныя даты ўпамінання ў розных летапісах паселішчаў Беларусі. Не забыліся выдаўцы (шкада, што з выхадных дадзеных невядомы імёны ўкладальнікаў, тых шчырых рупліўцаў, хто працаваў над падрыхтоўкай календара) і пра розныя добрыя парады. Так што, па традыцыі «Родны край» — не проста адрыўны каляндар з днямі-лісточкамі, а яшчэ і кніга даведачнага, сапраўды энцыклапедычнага характару.
Набыць каляндар «Родны край» можна ва ўсіх кнігарнях ААТ «Белкніга» — у Мінску і іншых паселішчах краіны, а таксама ў кнігарні «Акадэмкніга» у Мінску па адрасе: праспект Незалежнасці, 72.
Прыемных уражанняў на кожны дзень! Прыемных чытацкіх акдрыццяў з «Родным краем»!
Мікола Берлеж
Цяпер на продаж прапаноўваецца менш як 7,5 тысячы кватэр, а раней звыш 10 тысяч
Наводзіць парадак — з розумам.