Штогод 2 жніўня ў нашай краіне адзначаецца Дзень дэсантнікаў і сіл спецыяльных аперацый Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь. Слаўнае і любімае многімі свята, яно зацверджана Указам Прэзідэнта. Сваю гісторыю гэты дзень вядзе з савецкіх часоў. Карэспандэнт «Звязды» адправіўся ў паўночную сталіцу Беларусі, дзе ваеннаслужачыя 103-й Віцебскай паветрана-дэсантнай брыгады падрыхтавалі мноства цікавых і захапляльных мерапрыемстваў, а таксама даведаўся, з чаго пачалася славутая дэсантная гісторыя.
Гісторыя паветрана-дэсантных войскаў пачынаецца 2 жніўня 1930 года: у гэты дзень на вучэннях Ваенна-паветраных сіл Маскоўскай ваеннай акругі пад Варонежам было дэсантавана на парашутах падраздзяленне ў складзе 12 чалавек. Вялікі ўклад у Перамогу над ворагам унеслі воіны-дэсантнікі і ў гады Вялікай Айчыннай вайны. За баявыя заслугі ўсім паветрана-дэсантным злучэнням было прысвоена званне гвардзейскіх. Тысячы салдат, сяржантаў і афіцэраў ПДВ узнагароджаны ордэнамі і медалямі. Асаблівая старонка ў гісторыі беларускіх паветрана-дэсантных войскаў — удзел Віцебскай паветрана-дэсантнай дывізіі і 334-га асобнага атрада спецыяльнага прызначэння ў баявых дзеяннях у Рэспубліцы Афганістан. Сотні дэсантнікаў былі ўдастоены ордэнаў і медалёў, семярым прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.
У 90-х гадах мінулага стагоддзя ў складзе Узброеных Сіл Беларусі былі створаны мабільныя сілы. А ў 2007 годзе Указам Прэзідэнта краіны быў утвораны новы род войскаў — сілы спецыяльных аперацый Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, які стаў правапераемнікам паветрана-дэсантных войскаў.
Сёння сілы спецыяльных аперацый Узброеных Сіл разглядаюцца кіраўніцтвам краіны як адно з самых надзейных звёнаў у сістэме нацыянальнай бяспекі Беларусі. Яны выступаюць асноўным элементам стратэгічнага стрымлівання і служаць школай воінскага майстэрства для тысяч грамадзян краіны. Дэсантнікі з гонарам выконваюць свой воінскі абавязак, працягваюць слаўныя традыцыі дзядоў і бацькоў, застаюцца сапраўднымі патрыётамі Айчыны.
І кожны год 2 жніўня ўрачыстасці ў гонар свята праходзяць па ўсёй краіне. У гарадах Беларусі — Мінску, Брэсце, Віцебску — гэты дзень адзначаны шматлікімі мерапрыемствамі: праходзяць урачыстыя пастраенні, мітынгі з удзелам ветэранаў, прадстаўнікоў розных грамадскіх арганізацый. Воіны-дэсантнікі дэманструюць свае навыкі ў скачках з парашутам, паказальных выступах, праводзяцца паказы ваеннай тэхнікі і ўзбраення мабільных войскаў. У гарнізонах праходзяць сустрэчы з ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны і паветрана-дэсантных войскаў, выступаюць ваенныя аркестры, разведвальна-дэсантныя роты, спартсмены-парашутысты.
Рыхтавацца да прафесійнага свята ваеннаслужачыя славутага злучэння пачалі загадзя. Так, 30 ліпеня, напярэдадні 94-годдзя паветрана-дэсантных войскаў і сіл спецыяльных аперацый, у Віцебскай абласной бібліятэцы імя У.І. Леніна была прадстаўлена гісторыка-літаратурная кампазіцыя «Дэсантныя старонкі гісторыі Віцебска і вобласці», арганізаваная прадстаўнікамі Віцебскай абласной арганізацыі «Беларускага саюза ветэранаў вайны ў Афганістане». У якасці ганаровых гасцей на мерапрыемстве прысутнічалі прадстаўнікі грамадскіх арганізацый, у першую чаргу Беларускага саюза жанчын. Значную частку гледачоў склалі ваеннаслужачыя 103-й Віцебскай паветрана-дэсантнай брыгады.
У ходзе прэзентацыі выступілі ветэраны паветрана-дэсантных войскаў, 103-й паветрана-дэсантнай дывізіі і вайны ў Афганістане, старшыня Віцебскай гарадской арганізацыі Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў Ларыса Аленская. Выступаючыя падзяліліся сваімі ўспамінамі аб станаўленні і развіцці славутага роду войскаў, яго ўкладзе ў абараназдольнасць дзяржавы і аб значных момантах у сваёй ваеннай службе.
30 ліпеня дэсантнікі прынеслі свята ў Віцебскі абласны спецыялізаваны Дом дзіцяці. Кожны з выхаванцаў гэтай установы марыць толькі аб адным — знайсці сваіх маму і тату. Безумоўна, ваеннаслужачыя не могуць замяніць дзецям бацькоў альбо цяпло, якое мамы і таты даюць сваім сынам і дочкам. Аднак у іх сілах зрабіць жыццё малых хоць на некалькі імгненняў шчаслівей і ярчэй.
Напярэдадні свайго прафесійнага свята ваеннаслужачыя 103-й Віцебскай паветрана-дэсантнай брыгады зладзілі невялікае свята для дзяцей і работнікаў установы. Віцебскія дэсантнікі штогод наведваюць падшэфныя ўстановы і дораць падарункі, уключаючы салодкія і карысныя. У гэты раз абаронцы Айчыны падарылі дзецям часцінку святочнага настрою. Акрамя таго, дэсантнікі з разуменнем ставяцца і да патрэб ўстановы. Яны перадалі для дзяцей падарункі, пачаставалі малых ласункамі і салдацкай кашай.
Калі бачыш, як малыя ўсміхаюцца і радуюцца, адчуваеш сябе на сёмым небе ад шчасця. Аднак воляй-няволяй сэрца сціскаецца неверагодна моцна, па целе прабіраюць дрыжыкі, бо знаходзіцца ў сценах гэтай ўтульнай, але ўсё ж рэжымнай установы, глядзець на твары дзяцей, у якіх, мякка кажучы, не самы лёгкі лёс — усё гэта не можа прымусіць чалавека застацца абыякавым... Аднак гэты візіт каштаваў таго, бо няма нічога важней ўсмешкі дзіцяці, а іх сапраўды было шмат!
Нягледзячы на тое, што кіраўніцтва і педагогі ўстановы аховы здароўя клапоцяцца пра сваіх выхаванцаў, дзеці пазбаўленыя самага галоўнага — сваёй сям’і. Таму важна дарыць яркія ўражанні, рабіць добрыя справы, асабліва дзеля тых, хто верыць у цуд. Ваеннаслужачыя славутага злучэння з вялікім задавальненнем зрабілі гэта.
Віцебскія дэсантнікі ўзялі ўдзел у святочным канцэрце, прысвечаным надыходзячаму Дню дэсантнікаў і сіл спецыяльных аперацый. У парку Пераможцаў ваеннаслужачыя разгарнулі выставу стралковай зброі і формы адзення. Для шматлікіх гледачоў і проста жыхароў горада, якія гулялі ў парку, гучалі песні ў жывым выкананні ад прадстаўнікоў вакальных ансамбляў Віцебскай вобласці, ветэранаў паветрана-дэсантных войскаў і сіл спецыяльных аперацый Узброеных Сіл, саліста групы «103 рэгіён» гвардыі старшага лейтэнанта Аляксея Масальскага, а таксама артыстаў з Расійскай Федэрацыі.
У абласным цэнтры падобнае мерапрыемства ў гонар прадстаўнікоў паветранага братэрства адбылося ўпершыню. Намеснік старшыні Віцебскага гарвыканкама Віктар Глушын адзначыў, што ў сталіцы беларускіх дэсантнікаў гэтае прафесійнае свята выйшла за межы традыцыйнага Дня дэсантнікаў і сіл спецыяльных аперацый і размяшчэння славутай 103-й Віцебскай паветрана-дэсантнай брыгады.
Для жыхароў і гасцей горада выступілі творчыя калектывы, выхаванцы школы ўсходніх адзінаборстваў, а таксама самадзейныя артысты з ліку віцебскіх дэсантнікаў. Вядучыя нагадалі, што гісторыя стварэння паветрана-дэсантных войскаў сыходзіць у 1930 год, калі 2 жніўня адбылася выкідка парашутнага дэсанту, які паспяхова выканаў баявую задачу.
Для маленькіх і дарослых наведвальнікаў свята сапраўдным падарункам стала выстава зброі. Дарослыя і дзеці спрабавалі сабраць і разабраць аўтамат, фатаграфаваліся з арсеналам, выстаўленым у парку. І нават чароўныя дамы цікавілася, для чаго патрэбен той ці іншы від зброі, а таксама прымяралі на сябе частку амуніцыі дэсантнікаў. У цэнтры ўвагі былі і людзі ў форме дэсантнікаў і спецназаўскім камуфляжы. Іх абступалі з усіх бакоў і стараліся зрабіць крутое сэлфі на памяць у іх кампаніі.
Гледачы хорам падпявалі вядомыя салдатам у блакітных берэтах песні, а моладзь не саромелася танцаваць пад рытмічную музыку. У канцы ўсіх жадаючых запрасілі ў размяшчэнне 103-й Віцебскай паветрана-дэсантнай брыгады, дзе ў Дзень дэсантнікаў і сіл спецыяльных аперацый Узброеных Сіл Беларусі традыцыйна праходзяць відовішчныя выступленні лепшых байцоў дэсантных войскаў і спецназаўцаў. Будзе вельмі цікава!
Напрыканцы ваеннаслужачыя славутага злучэння ўсклалі вянок да помніка «Дэсантнікам усіх пакаленняў».
Напярэдадні галоўнага летняга свята дэсантнікі раздавалі чырвоныя ружы прадстаўніцам прыгожага полу. Усё гэта суправаджалася музычнымі кампазіцыямі на саксафоне ў выкананні саліста аркестра паветрана-дэсантнай брыгады гвардыі старшага сяржанта Міхаіла Аршанскага.
«Штогод ваеннаслужачыя нашай брыгады праводзяць такое мерапрыемства напярэдадні некаторых святаў. Гэта выдатная акцыя, якая стварае пазітыўны настрой на цэлы дзень дзяўчатам, якія атрымалі кветку. А для нас самае прыемнае — бачыць іх усмешкі і прымаць у адказ віншаванні з нашым прафесійным святам, — распавёў ваеннаслужачы 103-й Віцебскай паветрана-дэсантнай брыгады, гвардыі малодшы сяржант Герман Шумкоў. — Усе, хто сустрэўся нам сёння, вельмі добра ставяцца да дэсантнікаў і дзякуюць за надзейную абарону. Я рады, што мне выпаў гонар паўдзельнічаць у такой добрай акцыі. Гэта было трохі хвалююча, але прыемна, і я б з задавальненнем яшчэ паўдзельнічаў у падобных мерапрыемствах».
Жанчыны, якіх павіншавалі дэсантнікі, не скупіліся на прыгожыя ўсмешкі і словы падзякі. І хай добрая акцыя праводзіцца не ўпершыню, яна нязменна радуе як саміх віцяблянак, так і дэсантнікаў.
Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ,
Фота з тэлеграм-канала 103 Віцебскай паветрана-дэсантнай брыгады
Цяпер на продаж прапаноўваецца менш як 7,5 тысячы кватэр, а раней звыш 10 тысяч
Наводзіць парадак — з розумам.