Вы тут

Для кіроўцы Ягора Гудкоўскага шчыраваць на зямлі — гэта сямейнае


І сярод камбайнераў, і сярод вадзіцеляў па перавозцы збожжа ёсць людзі, якімі трэба ганарыцца. На Гомельшчыне, нягледзячы на выпрабаванні стыхіяй і анамальнай спякотай, якая змянілася дажджамі і навальніцамі, аграрыі не збаўляюць узятых тэмпаў жніва. Усё больш гаспадарак можа пахваліцца «тысячнікамі». Камбайнераў і кіроўцаў, якія задаюць тэмпы ўборачнай, ушанавалі ў Лоеўскім раёне.


Ягор Гудкоўскі — удзельнік рэспубліканскай акцыі БРСМ «Моладзь за ўраджай»

Запаветны рубеж першымі пераадолелі хлебаробы ААТ «Ураджайны». У гэтай гаспадарцы кіроўца-тысячнік — Сяргей Лёля, а экіпаж-тысячнік па намалоце — тандэм Сяргея Давыдоўскага і яго памочніка Івана Пікаса. Не адстаў па тэмпах жніва ў гэтай гаспадарцы і экіпаж Аляксея Макеенкі і Івана Цеснаўца. Прыйшла добрая навіна і з ААТ «Каўпень-Агра» Лоеўскага раёна. Кіроўца Ягор Гудкоўскі перавёз запаветную тысячу тон зерня. Малады працаўнік, удзельнік рэспубліканскай акцыі БРСМ «Моладзь за ўраджай» прымаў віншаванні прама ў полі. Карэспандэнт «Звязды» асабіста пераканалася, што для кіроўца-тысячніка шчыраваць на зямлі — гэта сямейнае. Гудкоўскія ў гаспадарцы — моцная працоўная каманда.

Другая стужка «тысячніка» ў капілцы

Кіроўца Ягор Гудкоўскі ў «Каўпень-Агра» працуе ўжо дванаццаты год. Раней — на трактарах і камбайнах, і вось другі сезон за рулём МАЗа перавозіць збожжа.

— У дзень восем-дзевяць рэйсаў выходзіць. Працаваць прывычны, — ёмка і коратка аб рабоце ў цяперашнюю пару гаворыць Ягор.

Ён першы ў сваёй гаспадарцы перавёз тысячу тон збожжа новага ўраджаю. Паўтарыў леташні поспех. Што такое перажываць рытм гарачай уборачнай пары, Ягор добра ведае з дзяцінства. Сын механізатара, ён у кабіне камбайна — з сярэдніх класаў школы. Як толькі дазволіў узрост, працаваў памочнікам камбайнера ў экіпажы бацькі.

Поспехі кіроўцы ААТ «Каўпень-Агра» ў рабоце заўважныя ў раёне. Павіншаваць маладога аграрыя ў поле прыехалі старшыня Лоеўскага раённага Савета дэпутатаў, лідар Лоеўскай раённай арганізацыі Беларускай партыі «Белая Русь» Ірына Пастухова, першы сакратар раённай арганізацыі БРСМ Святлана Пятрэнка і старшыня Каўпеньскага сельвыканкама Людміла Прымак.

— Узнагароджанне перадавікоў — добрая традыцыя на Лоеўшчыне. Нялёгкая, напружаная праца, дасягненні працаўнікоў — своеасаблівы маяк, прыклад для іншых аграрыяў, — падзякавала Ягору Гудкоўскаму за ўзорную працу Ірына Пастухова.

Старшыня Лоеўскага раённага Савета дэпутатаў, лідар Лоеўскай раённай арганізацыі Беларускай партыі «Белая Русь» Ірына Пастухова павіншавала  кіроўцу-тысячніка на адвозцы зерня ААТ «Каўпень-Агра» Ягора Гудкоўскага

Высокая планка

Сам малады працаўнік падзяліўся, што яму важна выкладвацца па поўнай. Ёсць з каго браць прыклад. Ужо каля трыццаці гадоў у роднай гаспадарцы годна працуе галава сям’і — Віктар Ягоравіч Гудкоўскі. Ён быў механізатарам не адзін дзясятак гадоў. Па стане здароўя рабіў паўзу ў рабоце за штурвалам камбайна, працаваў кіроўцам. Але аднавіўся і апошнія гады зноў у перадавіках на жніве. Сёння на ўборачнай правая рука бацькі, старшага камбайнера Віктара Ягоравіча Гудкоўскага, — малодшы сын Дзмітрый. Хлопцу 22 гады. І ён першым з вялікай сям’і вырашыў паступаць у ВНУ, але гаспадарку і родных у вёсцы не пакінуў. Пасля школы Дзмітрый Гудкоўскі паступіў у Гомельскі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт імя П. В. Сухога. Але хутка па прызыве пайшоў у армію, дзе служыў на грузавой машыне. Пасля службы вясковы хлопец перавёўся ў Гомельскі дзяржуніверсітэт імя Ф. Скарыны. Цяпер вучыцца завочна па спецыяльнасці «інжынер-праграміст», а працуе ў роднай гаспадарцы ААТ «Каўпень-Агра» інжынерам па ахове працы. Дзмітрый Гудкоўскі першы сезон дапамагае камбайнеру ў экіпажы бацькі. Падтрымлівае маральна сваіх мужчын жонка і маці Алія Камілеўна Гудкоўская. Яна таксама працуе ў гаспадарцы — аператарам машыннага даення. Калісьці на жніве жанчына сама была памочнікам механізатара. Выходзіла ў поле з мужам.

Работа кіпіць

Трыцікале, гарох, ячмень, пшаніца... Розныя культуры ўжо давялося ўбіраць з поля экіпажам Гудкоўскіх. Бацька і сын набралі добрую хуткасць на жніве.

— Азімую пшаніцу ўжо ўбралі поўнасцю, перайшлі да ўборкі яравога аўса і трыцікале, — тлумачаць працаўнікі. — Паўзы ў рабоце мінімальныя. Абедаем у полі, усё добра, толькі старайся. За дзень у залежнасці ад таго, на які ўчастак выходзім, — да пяцідзесяці тон убіраем.

Экіпаж працуе на камбайне, для якога гэта толькі другое жніво. Што значыць беражлівыя адносіны да кожнага зярнятка і да сваёй «баявой машыны», Гудкоўскім тлумачыць не трэба.

— Вельмі важна берагчы тэхніку, шкадаваць яе. Робім абавязковы агляд: і перад выхадам раніцай, і на працягу дня, — адзначае Віктар Гудкоўскі.

Калі паспрыяе надвор’е, «тысячу» тон намалочанага збожжа гэты экіпаж плануе запісаць на свой рахунак ужо пасля выхадных, на наступным тыдні.

Экіпаж старшага камбайнера ААТ «Каўпень-Агра» Віктара Гудкоўскага  і памочніка Дзмітрыя Гудкоўскага

Фінішуюць на жніве

Між тым у цэлым па вобласці аграрыі Гомельшчыны ўпэўнена набліжаюцца да фінішнай прамой. Паводле аператыўнай інфармацыі, на раніцу 1 жніўня ў рэгіёне зерневыя і зернебабовыя культуры ўбраны на плошчы 229,1 тысячы гектараў. Гэта 73 працэнты ад плана. Валавы збор у бункернай вазе склаў 462,5 тысячы тон. Па тэмпах уборкі ўпэўнена лідзіруе Жыткавіцкі раён, дзе ўбрана 93 працэнты плошчаў. Не адстае і Брагіншчына, аграрыі якой убралі з палёў 90 працэнтаў ад плана. Гаспадаркамі Добрушскага раёна — 85 працэнтаў ад запланаванага. Такі ж паказчык і ў аграрыяў Акцябрскага раёна.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота Лоеўскай раённай газеты «Лоеўскі край»

Загаловак у газеце: І на машыне, і за штурвалам камбайна

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Чым парадуе «Наш дом»?

Чым парадуе «Наш дом»?

Міжнародная спецыялізіваная выстаўка жыллёва-камунальнай гаспадаркі пройдзе ў Мінску.