Лета яшчэ ў разгары, але 1 верасня ўсё бліжэй. А значыць, час падумаць аб набыцці школьнага адзення і іншых неабходных для вучобы рэчаў. Маштабныя распродажы тавараў для школьнікаў ва ўнівермагах па ўсёй Беларусі пачаліся яшчэ ў сярэдзіне ліпеня. А ў першыя жнівеньскія дні стартавалі традыцыйныя школьныя кірмашы, дзе гасцей чакае вялізны асартымент усяго, што неабходна для чарговага вераснёўскага старту ў Краіну ведаў.
Па добрай традыцыі, вакол сезонных школьных распродажаў у розных крамах прыдуманы сімпатычныя актыўнасці для школьнікаў і іх бацькоў: паказы школьных калекцый, інтэрактыўныя гульні, віктарыны з уручэннем падарункаў, розыгрышы прызоў. Ёсць і скідкі, і бясплатныя паслугі — напрыклад, з 1 па 31 жніўня бясплатная дробная «падгонка» швейных вырабаў сукенкава-касцюмнага асартыменту прапануецца ў сталічных ўнівермагах «Беларусь», «ЦУМ Мінск» і ГД «На Нямізе».
Новыя школьныя калекцыі рыхтаваліся яшчэ з мінулай восені, расказала старшыня канцэрна «Беллегпрам» Таццяна Лугіна.
— У 2024-25 навучальны год уваходзім з новымі напрацоўкамі: каля 300 мадэляў былі распрацаваны для дзяцей, — распавяла яна. — У цэлым каля мільёна ста вырабаў мы падрыхтавалі да гэтага гандлёвага сезону, і 65-70% ужо знаходзяцца на паліцах крам.
Трэнд апошніх гадоў у дзіцячым і падлеткавым адзенні (гэта паказваюць пікі продажаў) — мадэлі з трыкатажу або камбінаваныя, дзе выкарыстаны як трыкатажныя, так і тэкстыльныя палотны, дадала Таццяна Лугіна. Што да моды, то сёння ў дзяцей і падлеткаў вельмі папулярныя бомберы замест класічных пінжакоў.
— Таму бомберы сістэмна ўвайшлі ў нашы новыя калекцыі, — падкрэсліла яна.
Акрамя фірменных магазінаў, новыя калекцыі ад брэндаў «Беллегпрама» можна набыць ва ўсіх універмагах і гандлёвых сетках краіны. Асаблівая ўвага сёлета ўдзяляецца рэалізацыі школьных калекцый у сістэме «Белкаапсаюз», расказала Таццяна Лугіна, каб у невялікіх населеных пунктах у пакупніка таксама быў шырокі выбар па кожным элеменце школьнага адзення. Продажы ажыццяўляюцца і праз інтэрнэт-гандаль. Акрамя таго, новыя калекцыі «Беллегпрама» можна набыць на школьных кірмашах, дзе бацькі могуць хутка і зручна знайсці ўсё неабходнае для сваіх школьнікаў. Так, з 27 ліпеня па 5 верасня такі кірмаш праходзіць у Гродне, 10 жніўня — пачнецца ў Маладзечне, а 16 жніўня — у Баранавічах. На 17 жніўня запланаваны школьны кірмаш у Шаркаўшчыне, Слуцку, Салігорску, на 18-е — у Шчучыне і Лоеве, на 24-е — у Жодзіна і аграгарадку Лясны, расказала начальнік упраўлення ўнутранага гандлю і выставачнай дзейнасці Канцэрна «Беллегпрам» Вольга Грабеня.
— Мы разумеем, што мода для малодшых школьнікаў, сярэдніх класаў і падлеткаў моцна адрозніваецца, — падкрэсліла Таццяна Лугіна.
Таму ў калекцыях прадпрыемстваў «Беллегпрама» — вельмі розныя лукі, нават калі яны выкананы ў адной каляровай гаме: а
як правіла, для школьнага адзення найбольш папулярнай застаецца сіняя палітра.
У новых школьных калекцыях — вялікая колькасць сарафанаў рознай канструкцыі і даўжыні, розных фасонаў блузкі і вадалазкі па дэмакратычнай цане. Напрыклад, вадалазка са здымнымі аздобнымі элементамі (карункамі) абыдзецца бацькам у 35-40 рублёў. У асартыменце — самыя розныя фасоны штаноў для дзяўчынак і хлопчыкаў, ад класічных і завужаных да модных цяпер палаца. Папулярныя ў апошнія гады спадніцы-сонца і спадніцы-клёш, а таксама з плісэ ці складкамі рознай шырыні. Усё гэта ёсць на паліцах магазінаў, рэзюмавала Таццяна Лугіна. Больш за тое, калі ў дзіцяці ёсць індывідуальныя асаблівасці фігуры (так званыя «нестандартныя памеры»), прадпрыемствы канцэрна «Беллегпрам» могуць прыняць заказ і пашыць мадэль для канкрэтнага школьніка.
— Распрацоўваючы калекцыі для розных узростаў, дызайнеры ўлічвалі і асаблівасці целаскладу дзяцей, і, вядома ж, іх рухомасць, — дадала Таццяна Лугіна.
Таму пільная ўвага ўдзялялася тканінам, з якіх выраблялася школьнае адзенне.
— Шырока прадстаўлены тканіны ад «Камволь», дзе да 30% воўны, а таксама вялікая колькасць вырабаў у полівіскозных тканінах і трыкатаж (а гэта бавоўна, баваўняна-поліэфірныя ніткі), — звярнула ўвагу яна.
Пры выбары тканін значэнне было нададзена іх паветрапранікальнасці, гіграскапічнасці і зносаўстойлівасці, бо школьнае адзенне дзятва і падлеткі носяць штодня. А каб была магчымасць выглядаць разнастайна, прадугледжана вялікая колькасць здымных элементаў.
І яшчэ адзін важны нюанс:
— Мы ўлічылі вопыт мінулых гадоў, і ў калекцыях прысутнічаюць мадэлі штаноў і спадніц з рэгуляванай таліяй.
Прадугледжана і магчымасць для мам лёгка «адпусціць даўжыню» вырабу. Калі за год дзеці падрастаюць, іх школьнае адзенне можа «падрасці» разам з імі.
— І вельмі важны крытэрый пры распрацоўцы нашых калекцый і запуску іх у вытворчасць — цэнаўтварэнне, — сказала Таццяна Лугіна. — Бацькі павінны прыйсці ў краму і знайсці для сваіх школьнікаў не толькі прыгожыя і зручныя рэчы, але і прымальныя па цане.
Вялікую ўвагу ўдзяляем і гандлёвай надбаўцы. Нягледзячы на тое, што фірменныя крамы нашых прадпрыемстваў вызвалены ад рэгулявання гандлёвай надбаўкі, мы палічылі неабходным парэкамендаваць стрымліваць яе для школьнага асартыменту ў памеры 30%.
Таварныя секцыі ўжо аформлены ва ўсіх магазінах краіны. Ёсць асобныя зоны «Для першакласніка». А агульная колькасць школьных кірмашоў перавысіць 170, сказала начальнік упраўлення арганізацыі гандлю і грамадскага харчавання Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю Наталля Мельнікава.
— Уся інфармацыя аб правядзенні такіх мерапрыемстваў ёсць на сайтах гандлёвых аб’ектаў, аблвыканкамаў, Мінгарвыканкама, гар- і райвыканкамаў, — адзначыла яна.
Сёлета арыенціровачны сярэдні кошт камплектаў адзення дзелавога стылю і абутку для школьнікаў складае ад 120 да 620 рублёў, расказала спецыяліст. Прыкладны кошт адзення і абутку для малодшых класаў — ад 120 да 600 рублёў, для сярэдніх класаў — ад 180 да 580 рублёў, бацькам старшакласнікаў давядзецца выкласці ад 170 да 620 рублёў, падлічылі ў МАРГ. Арыенціровачны кошт аптымальнага набору школьна-пісьмовых і канцылярскіх прылад складзе да 270 рублёў для малодшых класаў і да 260 рублёў для старшакласнікаў.
Танней ці даражэй — выбіраць бацькам. Выбар ёсць, і гэта галоўнае.
Сёння гандаль прапануе школьнікам каля 180 мадэляў адзення дзелавога стылю для дзяўчынак і дзяўчат-старшакласніц, і крыху менш — каля 160 — мадэляў для хлопчыкаў і юнакоў. А таксама больш за сотню мадэляў заплечнікаў, школьных сумак і ранцаў, шырокі асартымент абутку і канцылярскіх прылад. Прычым на 90% (па Мінску — на 95%) пакупніцкі попыт у адзенні для навучэнцаў забяспечаны айчынным вытворцам. 75% трыкатажу ў школьных секцыях — таксама беларускай вытворчасці, як і 50% абутку. Найбольш запатрабаванымі гэтым летам сталі калекцыі «Калінкі» і «Славянкі», а таксама «Надэкс», Жлобінскай швейнай фабрыкі, «БелКрэда», «Палесся», «Світанка», «8 Сакавіка», «Купалінкі», «Галантэі» і г. д.
— Устаноўлены гранічныя гандлёвыя надбаўкі на адзенне для дзяцей, — распавяла Наталля Мельнікава. — Для імпарцёраў гэта 40%, як і для айчынных вытворцаў.
На дзіцячы абутак такая надбаўка складае 30% для імпарцёраў і 40% — для айчынных вытворцаў, на пісьмовыя і канцылярскія прылады, адпаведна, 20 і 30%, на заплечнікі і ранцы вучнёўскія — 30% для беларускіх і замежных тавараў.
— У сярэднім у крамах памер гандлёвай надбаўкі на школьны асартымент з улікам акцый і скідак складае прыкладна 23%, — адзначыла прадстаўнік МАРГ.
Па рэгіёнах сума, якую бацькам трэба будзе выдаткаваць на «набор школьніка», вар’іруецца.
— Сёння танней абыходзіцца школьная «экіпіроўка» ў рэгіёнах з меншай колькасцю насельніцтва, — сказала спецыяліст. — У Мінску і сталічнай вобласці цэны вышэйшыя.
У сталіцы арыенціровачны кошт аптымальнай «экіпіроўкі» для малодшых класаў — 320–1200 рублёў, для старэйшых класаў — 390–1300 рублёў, адзначыла намеснік генеральнага дырэктара прадпрыемства «Сталічны гандаль і паслугі» Алена Царыкава.
— Кошт школьнай экіпіроўкі ў бягучым годзе ў параўнанні з мінулымі гадамі, з улікам пастановы № 713 «Аб рэгуляванні цэн», знізіўся па асобных катэгорыях на 4–14%, — дадала яна.
Для зніжэння цэнавай нагрузкі на пакупнікоў у крамах на пастаяннай аснове праводзяцца сумесныя з вытворцамі і пастаўшчыкамі мерапрыемствы па продажы тавараў са скідкамі, адзначыла Наталля Мельнікава. Прапануюцца праграмы крэдытавання і растэрміноўкі як за кошт уласных сродкаў гандлю, так і за кошт сродкаў вытворцы. Ёсць магчымасць скарыстацца банкаўскімі картамі растэрміноўкі (Халва, Магніт, Картафан). Набыць тавары для школьнікаў у гандлёвых аб’ектах можна з прыцягненнем банкаўскіх крэдытаў на некалькі месяцаў. І, вядома, універмагі і гандлёвыя цэнтры праводзяць акцыі са скідкамі ад 15 да 30%. Напрыклад, такія мерапрыемствы запланаваны прадпрыемствамі Спажыўкааперацыі (зніжка ад 5 да 15%). А школьныя калекцыі мінулых гадоў у шэрагу магазінаў краіны можна набыць на скідцы да 50%.
Акрамя таго, у шэрагу ўнівермагаў прадугледжаны дысконтныя карты, а для аказання адраснай сацыяльнай дапамогі (шматдзетным сем’ям і сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў) пры прад’яўленні пацвярджаючых дакументаў можна атрымаць дадатковую зніжку на школьны асартымент.
Прадбачлівыя бацькі ўжо, не спяшаючыся, купляюць усё да школы, але самая гарачая пара ў аддзелах для школьнікаў пачнецца, зразумела, у канцы жніўня. Прадстаўнікі гандлю запэўнілі: усім усяго хопіць. З 1 жніўня МАРГ пачаў шырокамаштабныя маніторынгі арганізацый гандлю па наяўнасці тавараў школьнага асартыменту.
Акрамя таго, увесь жнівень спецыялісты Міністэрства гандлю будуць аналізаваць і рознічныя кошты на школьныя тавары.
Не забыўся гандаль і аб асартыменце швейных вырабаў, якія школы і гімназіі абралі ў якасці абавязковых — то-бок элементаў школьнай формы (часцей за ўсё гэта камізэлькі і жакеты). Адпаведныя заяўкі гандлю павялічаны.
— У 2024-25 навучальным годзе Міністэрствам адукацыі прынята рашэнне аб замацаванні тых падыходаў да школьнай формы, якія былі выбраны раней, — паведаміла кансультант упраўлення агульнай сярэдняй адукацыі Галоўнага ўпраўлення агульнай сярэдняй і дашкольнай адукацыі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Ірына Булаўкіна. — Кожная ўстанова адукацыі працягне працу па паэтапным пераходзе да школьнай формы.
Ну, а каб бацькі не разгубіліся і не забыліся набыць усё, што трэба да 1 верасня, на сайце Мінадукацыі адкрыта рубрыка «Падрыхтоўка да новага навучальнага года», дзе размешчаны прыкладны пералік асноўных пакупак да школы. Акрамя таго, у Міністэрстве адукацыі ў сувязі з чарговай кампаніяй па зборы дзяцей да новага навучальнага года працуе гарачая лінія.
Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ
Фота: БелТА
Цяпер на продаж прапаноўваецца менш як 7,5 тысячы кватэр, а раней звыш 10 тысяч
Наводзіць парадак — з розумам.