Сёлета 5 жніўня Нацыянальная дзяржаўная тэлерадыёкампанія Рэспублікі Беларусь адсвяткуе 30-годдзе з дня свайго стварэння. Але першыя пазыўныя Беларускага тэлебачання прагучалі 1 студзеня 1956 года, калі да аўдыторыі звярнулася Тамара Бастун: «Добры вечар, дарагія таварышы! Пачынаем нашы пробныя перадачы».
У той дзень пачала вяшчанне першая ў БССР студыя тэлебачання, якая размяшчалася на вуліцы Камуністычная, 6 у Мінску. Спачатку вяшчанне доўжылася толькі 2-3 гадзіны ў суткі, але паступова аб’ём павялічваўся. Дарэчы, падрыхтоўкай і выхадам у эфір кіраваў Камітэт па радыёвяшчанні і тэлебачанні пры Савеце Міністраў БССР, створаны ў чэрвені 1957 года. Пасля, у 1970-я гады пачалося ўзвядзенне новага будынка тэлецэнтра ў Мінску на Макаёнка, 9. І 5 жніўня 1994 года на базе Дзяржаўнага камітэта па тэлебачанні і радыёвяшчанні стварылі Нацыянальную дзяржаўную тэлерадыёкампанію Рэспублікі Беларусь.
Пачынаючы толькі з аднаго цэнтральнага тэлеканала і праваднога радыё, Белтэлерадыёкампанія пераўтварылася ў буйны медыяхолдынг з уласнай вытворча-тэхнічнай базай. Сёння ў яго структуры 6 рэспубліканскіх тэлеканалаў, сярод якіх галоўны інфармацыйны канал краіны «Беларусь 1», пазнавальна-забаўляльны «Беларусь 2», сацыякультурны тэлеканал «Беларусь 3», «НТБ-Беларусь», спартыўны тэлеканал «Беларусь 5» і міжнародны спадарожнікавы «Беларусь 24», а яшчэ рэгіянальныя тэлеканалы (яны з 2015 года выходзяць пад агульнай назвай «Беларусь 4» і з указаннем вобласці).
Вельмі разнастайную і насычаную палітру з больш за 300 праграм можна знайсці і на 5 каналах Беларускага радыё, дзе значацца Першы нацыянальны канал Беларускага радыё, канал «Культура», радыёстанцыя «Сталіца», замежнае радыё «Беларусь» і радыёстанцыя «Радиус-FM». У прыватнасці, вяшчанне на замежную аўдыторыю (у больш за 100 краін) вядзецца з выкарыстаннем магутнасцяў і магчымасцяў тэлеканала «Беларусь 24» і Міжнароднага радыё «Беларусь».
Асаблівую каштоўнасць мае тэлерадыёфонд медыяхолдынгу, які ўяўляе сабой архіў аўдыявізуальных твораў, створаных за дзесяцігоддзі існавання тэлебачання і радыё ў нашай краіне. Аб’ёмамі толькі алічбаваных і адрэстаўраваных фондавых матэрыялаў можна забяспечыць кругласутачнае вяшчанне аднаго тэлеканала на перыяд у два гады. Архіў штомесячна папаўняецца новымі матэрыяламі, што дазваляе ствараць своеасаблівы эфірны летапіс Беларусі.
А вось у сетцы Інтэрнет медыяхолдынг прадстаўлены афіцыйным сайтам і сайтамі тэле- і радыёканалаў, спартыўным вэб-парталам, дзясяткамі старонак у сацыяльных сетках і адзіным у краіне інтэрнэт-каналам «Беларусь 5. Інтэрнэт», які дае беларускім прыхільнікам спорту бясплатны onlіne-доступ да відовішчных спартыўных трансляцый.
Яшчэ на афіцыйных YouTube-каналах Агенцтва тэлевізійных навін, тэлеканала «Беларусь 24» і радыё «Беларусь» публікуюцца матэрыялы на англійскай і польскай мовах, што дае магчымасць суседзям атрымліваць актуальную, аператыўную і даставерную інфармацыю.
Эфір тэлеканала Белтэлерадыёкампаніі — гэта арыгінальны кантэнт, рэйтынгавыя фарматы і вядомыя вядучыя. Праграмы арыентаваныя на шырокую аўдыторыю, заўсёды адметныя сваёй інфармацыйнай насычанасцю і жанравай разнастайнасцю. Да галоўных і гучных прэм’ер апошніх гадоў можна аднесці шоу «Фактар. by», «Героі», «100 пытанняў даросламу» і «Добры вечар», кожнае з якіх нязменна дэманструе высокія рэйтынгі тэлепрагляду. Застаюцца заўсёды любімымі аўдыторыяй і праекты-доўгажыхары: «Беларуская часінка», «Панарама», «Добрай раніцы, Беларусь!», «Тэлебарометр», «Калыханка». Вядома, вялікую ўвагу ўдзяляюць і інфармацыйна-аналітычнаму вяшчанню, і аўтарскай журналістыцы. Напрыклад, адным з падраздзяленняў медыяхолдынга з’яўляецца Агенцтва тэленавін, супрацоўнікі якога аператыўна асвятляюць падзеі ў краіне і ў свеце, ствараюць шэраг тэматычных праектаў, ток-шоу, рубрык, дакументальных цыклаў і тэлефільмаў. Убачыць гэты кантэнт тэлегледачы могуць у эфіры «Беларусь 1», «Беларусь 24» альбо на відэахостынгу YouTube. І, варта адзначыць, што рэгулярна, спецпраекты і расследаванні журналістаў Агенцтва тэленавін маюць вялікі рэзананс і знаходзяць водгук не толькі ў Беларусі, але і ў краінах блізкага замежжа.
У 2023 годзе Белтэлерадыёкампанія і Нацыянальная кінастудыя «Беларусьфільм» аб’явілі аб пашырэнні супрацоўніцтва ў рамках вытворчасці арыгінальнага тэлепрадукта. Медыяхолдынг мае таксама багаты вопыт арганізацыі і правядзення міжнародных песенных фестываляў і нацыянальных тэлевізійных конкурсаў: міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску», нацыянальнага конкурсу «Тэлевяршыня», радыёконкурсу «Маладыя таленты Беларусі» і іншых. Летам 2019 года тэле- і радыёканалы холдынга трансліравалі ў прамым эфіры і шырока асвятлялі падзеі ІІ Еўрапейскіх гульняў у Мінску, а ў 2023 годзе — спартыўныя мерапрыемствы ІІ Гульняў краін СНД.
Штогод да новага вяшчальнага сезона, які стартуе восенню, усе тэле- і радыёканалы Белтэлерадыёкампаніі рыхтуюць серыю прэм’ер. Сезон 2024\2025 года не стане выключэннем. Будзем трымаць вас у курсе падзей.
Алена ДРАПКО
Фота Белтэлерадыёкампаніі
Наводзіць парадак — з розумам.
Міжнародная спецыялізіваная выстаўка жыллёва-камунальнай гаспадаркі пройдзе ў Мінску.