У Магілеве праходзіць III абласны фестываль студэнцкіх атрадаў «Маладосць у байцоўцы», прысвечаны 80-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Старт яму быў дадзены сёння на плошчы Славы. Школьнікі, навучэнцы, студэнты з розных раёнаў вобласці сустрэліся тут, каб пакласці кветкі да Вечнага агню і аддаць даніну павагі тым, хто падарыў нам мір і незалежнасць.
— Наш фестываль не выпадкова пачаўся з ускладання кветак, — адзначыў камандзір Магілёўскага абласнога штаба студэнцкіх атрадаў Алег Бойка. — Гэта наша гераічная гісторыя і дзе як не ў студатрадзе рабяты павінны гэтым прасякнуцца. Гэта дасць ім магчымасць стаць годнымі грамадзянамі Беларусі, патрыётамі нашай краіны.
Беларускаму руху студатрадаў спаўняецца сёлета 61 год. Гісторыя працягваецца з савецкіх часоў, калі маладыя людзі збіраліся, каб ствараць, будаваць розныя па значымасці аб’екты. Сучасная моладзь не менш актыўная і матываваная. Сёння шмат прыкладаў, калі на ўборцы ўраджаю працуюць экіпажы з ліку студэнтаў, маладыя людзі аб’ядноўваюцца ў сельскагаспадарчыя атрады, каб дапамагаць гаспадаркам забяспечваць харчовую бяспеку краіны. Лета ў разгары і шмат хто яшчэ задзейнічаны ў рабоце студатрадаў, нехта ўжо вярнуўся пасля адпрацоўкі, ці яшчэ толькі збіраецца адправіцца. Каб аб’яднаць і тых, хто ад нас на адлегласці, мы разам з Рэспубліканскім штабам студэнцкіх атрадаў арганізуем анлайн квіз, які дазволіць рабятам выказацца пра дзейнасць беларускіх студэнцкіх атрадаў. Шмат мерапрыемстваў пройдзе ў Мінску, дзе будуць і прадстаўнікі ад Магілёўшчыны.
У Магілёў прыехала вялікая каманда моладзі з Бабруйска, якая прадстаўляе на фестывалю студэнцкія атрады бабруйскіх механіка-тэхналагічнага, аграрна-эканамічнага, гандлёва-эканамічнага каледжаў.
— Мы падрыхтавалі песні, будзем дэманстраваць таксама свае спартыўныя дасягненні, — расказвае другі сакратар Бабруйскага гаркама БРСМ Кацярына Бязродных. — Нам гэты фестываль цікавы тым, што тут збіраюцца байцы студэнцкіх атрадаў з усёй Магілёўскай вобласці і дзеляцца ўражаннямі дзе працавалі, якія мерапрыемствы праводзілі. Нашы рабяты працавалі на вядучых бабруйскіх заводах — Таім, Аграмаш, Беларусгуматэхніка, галоўных будоўлях краіны, у тым ліку АЭС у Астраўцы, выязджалі за межы краіны, у той жа Краснадарскі край.
Дзяўчаты з аграгарадка Трылесіна Дрыбінскага раёна яшчэ школьніцы, але гэта не перашкодзіла ім ўжо далучыцца да руху студатрадаў.
— Віялета, Вераніка, Яраслава і я — мы ўсе навучэнкі Трылесінскай сярэдняй школы, — кажа Дарья Кавалёва, камісар атрада «Патрыёт». — Другі год дапамагаем нашай мясцовай гаспадарцы «Трылесіна-Агра» збіраць ураджай. Цікава працаваць у калектыве, там усе свае — знаёмыя, сябры.
Фестывальная афіша вельмі вялікая і насычаная. Моладзь чакае змястоўная творчая праграма ў Палацы культуры вобласці, пікнік «ТрудКрут» і турнір міні-гольфу пад той жа назвай. Сёння рабята вызначаць лепшых па некалькіх кірунках — творчым (вакал, харэаграфія і арыгінальны жанр) і спартыўнай эстафеце «Весела стартуе студатрад».
У рамках праекта «Дзень ударнай працы» адбудзецца збор сродкаў, якія пойдуць на будаўніцтва рэспубліканскага патрыятычнага цэнтра ў Брэсце. У Магілёве ж аб’ект маладзёжнай ўвагі № 1— будаўніцтва на Буйніцкім полі музея Славы Магілёўшчыны. Там другі год запар працуюць студэнцкія атрады.
Нэлі ЗІГУЛЯ
Фота аўтара
Ён прапаноўвае грамадска-палітычны відэакантэнт, галоўныя навіны і ўсе тэлеканалы анлайн.
Восеньскія сельскагаспадарчыя кірмашы — абавязковы атрыбут восені.