Вы тут

Аляксандр Лукашэнка: Няма на свеце справы больш высакароднай, чым праца на карысць сваёй краіны


Кіраўніцтва спраў Прэзідэнта адзначае 30-гадовы юбілей. За гэты час орган дзяржаўнага кіравання прайшоў шлях ад невялікага падраздзялення, якое займалася матэрыяльна-тэхнічным і сацыяльна-бытавым забеспячэннем вышэйшых органаў дзяржаўнай улады, да буйнога шматгаліновага суб’екта гаспадарчай дзейнасці. Гэта стала магчымым дзякуючы самаадданай працы тысяч кампетэнтных людзей. Найлепшым з іх у гонар юбілею Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ўручыў заслужаныя ўзнагароды. 


Як заўважыў кіраўнік дзяржавы, гэта асаблівая, нават унікальная цырымонія ўзнагароджання, паколькі на яе сабраліся прадстаўнікі аднаго вялікага згуртаванага калектыву — Кіраўніцтва спраў Прэзідэнта. Яно было створана 30 гадоў таму, літаральна праз месяц пасля першых у гісторыі суверэннай Беларусі прэзідэнцкіх выбараў. Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што тады гэта было невялікае падраздзяленне, якое забяспечвала матэрыяльна-тэхнічнае суправаджэнне работы дзяржорганаў маладой незалежнай краіны. Некаторыя памылкова лічылі, што Кіраўніцтва спраў будзе займацца толькі вырашэннем бытавых пытанняў, звязаных з работай кіраўніка дзяржавы. Насамрэч у зоне адказнасці гэтай структуры шырокі спектр напрамкаў. «Гэта тысячы чалавек, якія не толькі кормяць, лечаць, але і вырабляюць прадукты харчавання. Гэта вялізнае міністэрства», — сказаў Прэзідэнт.

Зараз на карысць нашай дзяржавы ў сістэме Кіраўніцтва спраў працуюць больш за 20 тысяч чалавек. Сярод іх — работнікі сфер ЖКГ, будаўніцтва, культуры, аховы здароўя, санаторыяў, гандлю, грамадскага харчавання, дыпсэрвісу, гасцініц. «Асобна варта адзначыць працу 6 тысяч аграрыяў. Па многіх напрамках сельскагаспадарчай вытворчасці вы з’яўляецеся лідарамі ў рэспубліцы. Тысячы дабрачынных ініцыятыў і сацыяльна значных праектаў — заслуга супрацоўнікаў Дэпартамента па гуманітарнай дзейнасці. — сказаў кіраўнік дзяржавы. Па словах беларускага лідара, надзвычай важна, што Кіраўніцтва спраў захоўвае наш нацыянальны здабытак, адказвае за сусветна вядомыя прыродныя брэнды Беларусі. «Белавежская пушча і іншыя нацыянальныя паркі, Бярэзінскі біясферны запаведнік, бязмежныя лясы з дзівосным раслінным і жывёльным светам, блакітныя азёры — не проста бясцэнны дар ад Бога і продкаў», — звярнуў увагу ён. Аляксандр Лукашэнка нагадаў, як на світанку свайго прэзідэнцтва прымаў рашэнні, якія дазволілі захаваць гэты ўнікальны прыродны здабытак. У той няпросты час было нямала жадаючых, у тым ліку з іншых краін, якія хацелі выкарыстоўваць гэтыя землі ў сваіх карыслівых мэтах. Але рашэннем Прэзідэнта там быў наведзены парадак. «Там павінны быць нашы людзі, нашы суседзі, хто заўгодна, але адпачываць. Дзяліць запаведнікі і паркі было забаронена, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. — Гэта тое, што мы павінны былі і будзем перадаваць нашчадкам у першародным выглядзе. А яшчэ трэба захаваць і перадаць ім унікальны культурны код, куды разам з роднай беларускай мовай уваходзяць народныя рамёствы. Іншых такіх на Зямлі няма і не будзе», — звярнуў увагу Прэзідэнт. 

Сёння ў канцэрне «Белмастацпромыслы», які знаходзіцца ў структуры Кіраўніцтва спраў, працуюць тысячы найталенавітых майстроў. «Усё гэта знікла б, калі б мы гэта не падабралі ў свой час. Гэта мне даводзілася прымаць рашэнне. Куды б я ні прыехаў, людзі мяне прасілі: «Дапамажыце, захавайце», — расказаў Аляксандр Лукашэнка. Ён таксама заўважыў, што амаль у кожнага майстара ёсць вучні. «Таму мы і нашы дзеці, як і шматлікія турысты, ведаем, як выглядаюць знакамітыя слуцкія паясы, выцінанкі, вышыванкі, тканыя ручнікі, ганчарныя збаны. Мы не страцілі мастацтва пляцення з лазы і саломкі, роспісу па шкле, дрэве, тканіне», — звярнуў увагу беларускі лідар. 

«Дарагія сябры! Я перакананы, што сённяшняя цырымонія стане для ўсіх новым стымулам працаваць яшчэ лепш. І працаваць вы будзеце яшчэ лепей. Таму што няма на свеце справы больш высакароднай, чым праца на карысць сваёй краіны, нашай любімай Беларусі. Час выбраў нас, і выбраў, каб зрабіць яе яшчэ мацнейшай і прыгажэйшай», — падкрэсліў беларускі лідар. 

У тэму 

Вялікі гонар і адказнасць

Сваімі сакрэтамі прафесійнага майстэрства з журналістамі падзяліліся і героі дня. Ляснічы Нацыянальнага парку «Браслаўскія азёры» Уладзімір Прэткель, які узнагароджаны медалём «За працоўныя заслугі», адзначыў, што забяспечанне ўсім неабходным абсталяваннем паляпшаецца з года ў год. «Сёння ў нас ёсць усё, каб працаваць, захоўваць і памнажаць наша прыроднае багацце», — падзяліўся ён. Зараз у супрацоўнікаў Нацыянальнага парка гарачыя дні — турыстычны сезон. А Браслаўлскія азёры нязменна карыстаюцца цікавасцю і выклікаюць захапленне не толькі ў беларусаў, але і ў гасцей з іншых краін. «Некаторыя людзі ў шоку ад такога прыроднага багацця — нашых азёр, разнастайнасці відаў птушак, звяроў» — адзначае Уладзімір Прэткель. 

Наталля Чэчык, загадчык адукацыйнага сімуляцыйнага цэнтра адзела па навукова-адукацыйнай рабоце і міжнародных сувязях Рэспубліканскага клінічнага медыцынскага цэнтра, якая таксама была ўзнагароджана медалём «За працоўныя заслугі», прызналася, што адчувае і гонар, і захапленне за краіну і яе народ. «Я адчуваю вялікую ўдзячнасць за тое, што атрымала такую высокую узнагароду. Я б хацела пажадаць усім маім калегам, нашым супрацоўнікам адчуць такія эмоцыі. Разам з тым гэта вялікая адказнасць. Наш Рэспубліканскі клінічны медыцынскі цэнтр заўжды задаваў тон і гэта надавала вялікую матывацыю працаваць лепей, каб быць лідарам і быць прыкладам. І, дзякуючы намаганням нашага кіраўніцтва, нашага калектыву, у нас гэта атрымліваецца. І ўсё наша жыццё прысвечана медыцыне», — адзначыла яна. 

Трактарыст-машыніст сельскагаспадарчай вытворчасці машыннага двара «Стараселле» ААТ «Александрыйскае» Віктар Мільто стаў заслужаным работнікам сельскай гаспадаркі Беларусі. На яго ліку ўжо 47 уборачных кампаній. Афіцыйна працуе з 1978 года, а неафіцыйна — з сёмага класа, калі бацька прывёў летам папрацаваць памочнікам камбайнера. У гэтым сезоне працуе на нарыхтоўцы кармоў. «Памятаю часы, калі ў нас не было ні саляркі, ні грошай, нічога не было. А потым адбылася рэарганізацыя сельскай гаспадаркі, напрыклад, нашу гаспадарку ўзбуйнілі, паступіла новая тэхніка, тэхналогіі — ураджайнасць павысілася, умовы працы сталі лепей. Сёння ў нас, аграрыяў, ёсць усё, толькі працуй. А без сельскай гаспадаркі сёння немагчыма, усе хочуць есці. І мы адчуваем сваю адказнасць перад людзьмі. І вялікі дзякуй, што пра нас дзяржава не забывае», — адзначыў Віктар Мільто. 

Валерыя СЦЯЦКО

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Медыя

Запушчаны мультымедыйны партал VІDEOBEL.BY

Запушчаны мультымедыйны партал VІDEOBEL.BY

Ён прапаноўвае грамадска-палітычны відэакантэнт, галоўныя навіны і ўсе тэлеканалы анлайн.

Гандаль

Чым сёлета здзівяць сельгаскірмашы?

Чым сёлета здзівяць сельгаскірмашы?

Восеньскія сельскагаспадарчыя кірмашы — абавязковы атрыбут восені.