Вы тут

БЭЙ Вэньлі: «... Літаратура — галоўны носьбіт нацыянальнай культуры»


БЭЙ Вэньлі — сапраўдны, шчыры сябра Беларусі, беларускай культуры. Шмат гадоў узначальвае Цэнтр даследвання Беларусі ва Усходне-Кітайскім педагагічным універсітэце ў Шанхаі. Некалі ён працаваў у Мінску. І зараз працягвае кантактаваць з дзеячамі культуры і літаратуры з Беларусі. Зусім нядаўна даследчык прыняў удзел у міжнародным круглым стале, прысвечаным беларуска-кітайскім гуманітарным і літаратурным сувязям. Мы вырашылі пагутарыць з прафесарам БЭЙ Вэньлі пра некаторыя праблемы ў развіцці беларуска-кітайскіх адукацыйных, культурных, літаратурных адносін. 


— БЭЙ Вэньлі, як Вы ацэньваеце на сённяшўнім этапе стан беларуска-кітайскіх гуманітарных і культурных сувязяў? Што з’яўляецца асновай у іх развіцці?

— Абмены студэнтамі, выкладчыкамі, а значыць абмены паміж народамі Кітая і Беларусі, маюць даўнюю гісторыю. За 32 гады, якія прайшлі з моманту ўсталявання дыпламатычных адносін, супрацоўніцтва паміж двума краінамі дасягнула чатырох якасных паляпшэнняў і садзейнічала сцвярджэнню ўсепагоднага і усеабдымнага стратэгічнага партнёрства. Супрацоўніцтва ў галіне гуманітарных навук з’яўляецца важнай часткай двухбаковага супрацоўніцтва. Поруч з палітычным узаемадаверам і эканамічнай выгадай гэта стала краевугольнай кропкай судакранання ў сяброўскіх адносінах паміж дзвюма краінамі. 

— Вы валодаеце магчымасцю разглядаць адносіны з двух бакоў — у Вас ёсць і вопыт дыпламатычнай працы ў Беларусі. Што найболей вылучаецца ў дзейнасці па развіццю гуманітарных адносін паміж нашымі краінамі — у Беларусі, а што ў сваю чаргу ў Кітаі? 

— У гуманітарных адносінах паміж дзвюма краінамі адукацыя заўжды займала важнае месца. Супрацоўніцтва ў галіне адукацыі з’яўляецца дзейсным рухавіком развіцця ўсебаковага супрацоўніцтва паміж краінамі. Асабліва важна, што аўдыторыяй і аб’ектам адукацыйнага супрацоўніцтва з’яўляюцца маладыя людзі. Моладзь — гэта будучыня нацыянальнага будаўніцтва, нацыянальнага і дзяржаўнага развіцця. Глыбокая дружба паміж Кітаем і Беларуссю павінна перадавацца маладому пакаленню на стагоддзі наперад. 

— Безумоўна, беларускія арганізатары культурнага ўзаемадзеяння на першы план у нашых міжкраінавых кантактах вылучаюць прасоўванне розных відаў мастацтва — жывапіс, скульптуру, харэаграфічнае мастацтва, музыку, тэатр. У баку ад вялікага руху аказваецца мастацкая літаратура. Што б вы параілі дзеля таго, каб нацыянальная паэзія, нацыянальная проза сталі значнай змястоўнай часткай гэтых працэсаў?

— Вобразы пластычных і выканальніцкіх мастацтваў яркія і зразумелыя, іх можна хутка ўспрыняць, і яны, натуральна, будуць і надалей выкарыстоўвацца ў якасці культурнага абмену. Літаратурныя ж творы патрабуюць перакладу, а тэкст не дае прамога візульнага вобраза, чытачу неабходны тлумачэнні, параўнанні і асацыяцыі. Аднак менавіта мастацкая літаратура з’яўляецца галоўным носьбітам нацыянальнай культуры. Прыгожыя літаратурныя творы адлюстроўваюць гістарычныя вытокі жыцця, паказваюць духоўны светапогляд і нацыянальныя памкненні. 

— А ці ведаюць увогуле ў Кітаі беларускую літаратуру? 

— Гісторыя перакладу і ўваходжання ў чытацкую свядомасць беларускай літаратуры ў Кітаі налічвае некалькі дзесяцігоддзяў. І за гэты час было тры кульмінацыйных моманты. Першы з іх прыпаў на завяршэнне 1940-х — 1950-я гады. Былі перакладзены на кітайскую мову і надрукаваны творы некаторых беларускіх паэтаў і празаікаў. Гэта — зборнік вершаў «Жалейка» Янкі Купалы (выдавецтва «Вэньгуан», выданне 1949 года), паэтычныя творы Якуба Коласа ў шанхайскім зборніку 1950 года «Вершы пра Вялікую Айчынную вайну Савецкага Саюза», кніга Аркадзя Куляшова «Толькі наперад», зборнік апавяданняў Івана Шамякіна. Выйшла таксама ў перакладзе на кітайскую мову аповесць Янкі Брыля... Было і некалькі іншых кніг. У тым ліку — і зборнік вершаў Максіма Танка ў перакладзе такіх вядомых перакладчыкаў, як Гэ Баацюань і Гаа Ман. Кітайскі чытач адкрыў для сябе такія імёны, як Кандрат Крапіва, Янка Маўр, Павел Кавалёў... 

Наступным кульмінацыйным перыядам можна назваць гады з канца 1970-х... Падуў вясенні вецер рэформ і адкрытасці. Кітай пачаў перажываць уздым у галіне перакладу рускай, увогуле савецкай літаратуры. 

І на гэтым этапе ўзмацнілася ўвага і да беларускай літаратуры. Кітайцы адкрылі для сябе прозу Васіля Быкава, у Паднябеснай выйшла каля дзесяці яго кніг. Яго творы «Абеліск», «Дажыць да світання», «Альпійская балада», іншыя аповесці прачыталі мільёны кітайцаў... Па-новаму загучала ў Кітаі імя народнага пісьменніка Беларусі Івана Шамякіна. Ледзьве ці не дзесятак яго раманаў былі перакладзены і выдадзены ў Кітаі. 

У новым стагоддзі адносіны дружбы і супрацоўніцтва паміж Кітаем і Беларуссю пастаянна паляпшаюцца, дасягаюць узроўня «усепагоднага ўсеабдымнага партнёрства». Гэта не толькі стварае добрыя ўмовы для абмена і супрацоўніцтва ў галіне гуманітарнай адукацыі, але яшчэ і вылучае новыя патрабаванні далейшага ўмацавання ўзаемаразумення, стварае паглыбленне ў прызнанні... Сёння як ніколі мы прыгадалі, што ў мастацкай літаратуры ёсць такая важная функцыя, як магчымасць раскрыць перад чытачамі іншых краін асаблівасці нацыянальнага менталітэта свайго народа, паказаць культуру, асновы паўсядзённага жыцця. І асэнсаванне гэтай функцыі падштурхнула да развіцця чарговай, трэцяй, кульмінацыі ў справе перакладу беларускай літаратуры на кітайскую мову. У 2015 годзе паміж Кітаем і Беларуссю быў падпісаны Мемарандум па развіццю кітайска-беларускага праекта па перакладу і выданню класічнай літаратуры. Пабачыў свет у Пекіне зборнік выбраных твораў сучасных беларускіх пісьменнікаў. У гэту своеасаблівую анталогію ўвайшлі проза і паэзія. Выдадзены на кітайскай мове асобныя кнігі Андрэя Федарэнкі, Алеся Бадака. Ведаю, што сіламі перакладчыкаў, якія аб’ядналіся ў агульную каманду ў Другім Пекінскім ўніверсітэце замежных моў, рыхтуюцца новыя выданні... Калі пабачыла свет анталогія, то ў каментарыях адзначалася, што яна «не толькі адкрыла дзверы ў свет сучаснай беларускай літаратуры, але і прыцягнула ўвагу да яе, пасадзейнічала ўзаемнаму прызнанню і сяброўскаму абмену паміж кітайскай і беларускай культурамі». 

— Дзякуй за падказкі па такому вызначэнню галоўных перыядаў, галоўных кульмінацыйных момантаў у развіцці літаратурных адносін Беларусі і Кітая ў XX — XXI стагоддзях. Думаю, што такі падыход возьмуць на ўзбраенне і нашы даследчыкі, і нашы практыкі... На ваш суб’ектыўны погляд, ці можна арганізаваць болей дзейснае партнёрства беларускіх і кітайскіх кніжных выдавецтваў? Ці магчыма стварэнне міждзяржаўнай праграмы ў гэтым накірунку?

— Я ўжо гаварыў пра мемарандум, які існуе паміж нашымі краінамі. Пэўна, варта напоўніць яго дзейсным зместам, выбудаваць у дадатак да гэтай важнай дэкларацыі дарожную карту. Як у Беларусі, так і ў Кітаі... У абедзвюх краін ёсць велізарнае жаданне супрацоўнічаць у галіне літаратуры. Трэба, відаць, паглядзець на вопыт такога супрацоўніцтва ў выпадку з іншымі краінамі. Напрыклад, добрая мадэль — супрацоўніцтва паміж Дзяржаўным упраўленнем па справах прэсы і друку КНР і Міністэрствам лічбавага развіцця, сувязі і масавых камунікацый Расійскай Федэрацыі (былым Федэральным агенцтвам друку і масавых камунікацый). Пачаўшы ў 2013 годзе рэалізоўваць праект па перакладу і публікацыі класічных і сучасных твораў кітайскай літаратуры, расіяне дасягнулі вялікіх рэзультатаў. І ў нас за апошнія дзесяць гадоў было надрукавана мноства кніг рускіх пісьменнікаў у перакладзе на кітайскую мову. Рух павінен быць выключна двухбаковым. За рашэннямі павінны быць канкрэтныя крокі, якія ў стане ажыццявіць непасрэдныя ўдзельнікі выдавецкага, кніжнага працэса. 

— Рухавіком многіх ініцыятыў, стварэннем трывалай платформы ў развіцці сувязяў паміж народамі і краінамі заўсёды з’яўляецца ўніверсітэцкая супольнасць. І зараз шмат увагі надаецца працы створанай у Мінску Асацыяцыі ўніверсітэтаў Кітая і Беларусі. Ці здольны вядучыя ўніверсітэцкія цэнтры Кітая выступіць галоўнымі арганізатарамі працы па літаратурнай кампаратывістыцы, развіццю параўнальнага літаратуразнаўства ў вывучэнні творчасці вядучых пісьменнікаў Кітая і Беларусі? 

— Стварэнне напрыканцы 2023 года Кітайска-Беларускага ўніверсітэцкага альянса з’яўляецца буйнай падзеяй у галіне адукацыі і культуры нашых краін, у галіне ўзаемадзеяння гуманітарнага характару паміж Кітаем і Беларуссю. Параўнальнае вывучэнне кіатйска-беларускіх сувязяў, у тым ліку і ў галіне літаратуры, з’яўляецца адным з важных накірункаў у працы беларускіх даследчыцкіх цэнтраў і цэнтраў культурна-літаратурных даследванняў ў большасці ўніверсітэтаў Кітая. Эксперты з Шанхая і іншых гарадоў праводзяць вялікую працу, афармляюць свае даследванні ў выглядзе манаграфій, асобных навуковых і навукова-публіцыстычных публікацый. Праходзяць акадэмічныя канферэнцыі, семінары, праводзяцца фестывалі культуры і мастацтва... Гэтыя і іншыя мерапрыемствы, канешне ж, павінны стаць цвёрдым грунтам універсітэцкай супольнасці для распрацоўкі далейшых планаў, для аб’яднання рэсурсаў, для болей паглыбленага параўнальнага даследвання мастацкай творчасці кітайцаў і беларусаў. 

— Вы з’яўляецеся кіраўніком Цэнтра даследванняў Беларусі. Якое месца ў арганізацыі яго працы займаюць гуманітарныя, культурныя сувязі з Беларуссю? 

— Цэнтр даследвання Беларусі ва Усходне-Кітайскім педагагічным універсітэце быў створаны ў 2012 годзе. Гэта першы даследчыцкі ўніверсітэцкі цэнтр, зарыентаваны на вывучэнне Беларусі. У 2014 годзе Усходне-Кітайскі педагагічны ўніверсітэт і Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь падпісалі Пагадненне аб супрацоўніцтве па развіццю Цэнтра вывучэння Беларусі пры УКПУ. Ключавой пазіцыяй Пагаднення з’яўляецца тое, што партнёрамі нашага Цэнтра могуць быць усе ўстановы адукацыі, падведамасныя беларускаму міністэрству. Гэта забяспечвае для нас унікальныя магчымасці, спрыяльныя ўмовы для супрацоўніцтва, абмена з беларускімі ўніверсітэтамі. Мэта ў Цэнтра — быць вядучай агульнацыянальнай базай для вывучэння беларускай гісторыі, культуры і кітайска-беларускіх адносін, а таксама для практычнга і эфектыўнага развіцця кітайска-беларускіх гуманітарных абменаў і супрацоўніцтва. 

Па выніках даследванняў маіх калег, якія працуюць у Цэнтры, надрукаваны шэраг калектыўных манаграфій, прысвечаных гісторыі, культуры Беларусі, пытанням нацыянальнай самасвядомасці беларусаў, дзяржаўнай ідэялогіі Рэспублікі Беларусь. Мы прынялі ўдзел у працы па падрыхтоўцы і выпуску зборнікаў нарысаў, у якіх адлюстраваны погляды кітайцаў на сучасную Беларусь, успаміны паслоў, дыпламатычных работнікаў Кітая, якія працавалі ў Беларусі. Выдалі зборнік беларускіх народных песень і займаемся яго прасоўваннем у розных асяродках. За гады існавання Цэнтра праведзена мноства студэнцкіх семінараў. Мы разглядалі на іх ініцыятыву «Адзін пояс, адзін шлях», падводзілі вынікі 30-годдзя дыпламатычных адносін паміж Беларуссю і Кітаем. Дзень роднай мовы, Дзень Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь, іншыя нацыянальныя, дзяржаўныя святы беларусаў — гэта і святы нашага Цэнтра. Параўнальна нядаўна я ўдзельнічаў у фармаце анлайн у Тыдні кітайскай культуры і літаратуры ў Брэсцкай абласной бібліятэцы імя М. Горкага. Цікава было асэнсоўваць, што кітайская літаратура, кітайская культуа прасоўваюцца ў самыя розныя рэгіёны Беларусі. 

— Імёны якіх класікаў кітайскай літаратуры, на Ваш погляд, варта прасоўваць у Беларусі найперш?

— Кітай мае даўнюю гісторыю літаратаурнай творчасці. Пачатак — «Кніга вершаў» ці «Канон вершаў», помнік кітайскай літаратуры, які належыць VI стагоддзю да нашай эры... Ва ўсе эпохі кітайская літаратура была багатай на мноства яркіх мастацкіх асоб, мноства зорак. Літаратурная творчасць была напоўнена шэдэўрамі, якія і сёння не страцілі свайго высокага зместу. Выбіраць некага аднаго, вылучаць усяго некалькі імёнаў — справа няпростая. Гэта падобна на тое, каб паказваць адну з граняў брыльянта. Я спадзяюся, што мае белаурскія сябры здолеюць разгледзець мноства зіхоткіх мастацкіх граняў літаратурнага брыльянта Кітая!

— Пачынаючы з 2014 года, мы выдалі ў Беларусі серыю з 14-ці кніг «Светлыя знакі: паэты Кітая», прадставіўшы ў перакладах на беларускую мову творы Ван Вэя, Ду Фу, Лі Бо, Ай Ціна, Лі Цінчжаа, Ван Гачжэня, Мэн Хаажаня, Вэнь Ідо, Сюй Чжыма... Каго б Вы яшчэ з паэтаў Кітая параілі выдаць у гэтай серыі? 

— Праца, якую ажыццявіў Выдавецкі дом «Звязда», у супрацоўніцтве з выдавецтвам «Мастацкая літаратура», працы кіраўнікоў гэтых калектываў, працы перакладчыкаў — усё гэта выклкіае вялікую павагу. Мы ў Кітаі ўзрушаны рэалізацыяй гэтай праграмы. Мяркую, што вы ўжо набылі вопыт, які дае вам права працягнуць рэпрэзентацыю кітайскай паэзіі праз выданне «Кнігі вершаў». Яна павінна дапамагчы вам сфарміраваць храналагічную вось у справе знаёмства беларускага чытача з кітайскай паэзіяй на роднай беларускай мове... 

— З Шанхаем звязаны лёс Лу Сіня. У Мінску ў 1954 годзе была выдадзена яго кніга «Апавяданні» у перакладзе Льва Салаўя. Чаму б кітаязнаўцам Беларусі, беларусазнаўцам Кітая не абвясціць 2026 год Годам Лу Сіня? Навукова-праткычная канферэнцыя ў яго гонар, падрыхтоўка і выпуск манаграфіі пра Лу Сіня на рускай і беларускай мовах, даследванне пра ўвагу да вобраза Лу Сіня беларускага скульптара Заіра Азгура — гэта толькі частка ініцыятыў, якія можна было б рэалізаваць у 2024 — 2026 гады ў пярэдадзень юбілея класіка кітайскай літаратуры Лу Сіня. 

— Спадар Лу Сінь — вялікі кітайскі мысляр і пісьменнік. Апошнія дзесяць гадоў свайго жыцця ён правёў у Шанхаі (яго родны горад Шаосін, правінцыя Чжэцзян, непадалёку ад Шанхая). Гэта быў таксама самы яркі ў яго жыцці перыяд яго літаратурнай творчасці. Ён пісаў прозу, эсэ, выдаваў часопісы і займаўся мастацкім перакладам. Лу Сінь часта падкрэсліваў, што «руская літаратура — наш настаўнік і сябра».

Калі ён толькі пачынаў займацца пісьменніцкай працай, у 1907 годзе стварыў трактат, у якім пазнаёміў кітайскага чытача з творчасцю Пушкіна, Лермантава, Гогаля. Калі Лу Сінь расказваў пра сваю ўласную творчасць, ён неаднаразова згадваў пра ўплыў на яго рускай літаратуры. Ажно да самай сваёй смерці пісьменнік уважліва праглядаў свой пераклад другой часткі гогалеўскіх «Мёртвых душ». Калі гэта праца была надрукавана, Лу Сінь ужо памёр. Творы пісьменніка такога масштаба здольны пераадольваць час і прастору. З’яўляюцца вечнай класікай. Колькі іх не перачытвай, заўсёды зможаш знайсці нешта новае...

У Мінску мне выпаў гонар наведаць Мемарыяльны музей Заіра Азгура. Скульптура Лу Сіня, створаная выдатным беларускім майстрам, зрабіла на мяне глыбокае ўражанне. Я быў проста агаломшаны тым, як беларускі мастак здолеў адлюстраваць прыгажосць асобы нашага пісьменніка, яго ўнутраны свет... Безумоўна. 145-годдзе Лу Сіня стане знакавай падзеяй у Кітаі, у нашым універсітэце. Будуць праведзены навуковыя семінары, канферэнцыі, будуць новыя публікацыі даследванняў пра творчасць класіка. Спадзяюся, што ў гэтай працы поруч з намі будуць і беларускія сябры!

Гутарыў Алесь КАРЛЮКЕВІЧ

Шанхай (Кітай) — Мінск (Беларусь).

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Чым парадуе «Наш дом»?

Чым парадуе «Наш дом»?

Міжнародная спецыялізіваная выстаўка жыллёва-камунальнай гаспадаркі пройдзе ў Мінску.