Днямі ў нашай краіне адбылася нарада з удзелам кіраўніка дзяржавы, дзе аналізавалася дзейнасць навукі, у тым ліку — пры развіцці айчыннай сельскай гаспадаркі. Пра новыя аграпрамысловыя тэхналогіі і ўклад беларускіх вучоных у развіццё АПК распавялі спецыялісты.
Аб лепшых сартах «другога хлеба» расказаў намеснік генеральнага дырэктара РУП «Навукова-практычны цэнтр Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па бульбаводстве і плодаагародніцтве» Андрэй Чайкоўскі. У гэтым цэнтры вядзецца селекцыя па 76 культурах, сярод якіх бульба, пладовыя, ягадныя, арэхаплодныя і агароднінныя культуры. Штогод у сельскагаспадарчых арганізацыях краіны пасадка бульбы сартоў айчыннай селекцыі займае 50–55%, яблыні і грушы — каля 80%, а па агароднінных культурах — прыблізна 20%. «За апошнія чатыры гады па выніках дзяржаўнага выпрабавання ў сельскагаспадарчую вытворчасць краіны дапушчаныя 11 новых сартоў бульбы. Яны, як правіла, нематодаўстойлівыя і маюць высокую патэнцыяльную ўраджайнасць», — распавёў Андрэй Чайкоўскі.
Паводле яго слоў, сярод навінак — раннія сарты «Першацвет» і «Юлія», якія вызначаюцца фарміраваннем таварнага ўраджаю ў раннія тэрміны ўборкі. Клубні сорту «Першацвет» добра захоўваюцца ў зімовы перыяд. «Юлія» прыдатная для прамысловай перапрацоўкі на чыпсы і для вакуумнай упакоўкі.
Добра сябе зарэкамендавалі сярэдняраннія «Карсан» і «Мастак», якія маюць комплексную ўстойлівасць да хвароб. «Мастак» у спрыяльных умовах фарміруе ўраджайнасць да 70,5 тоны з гектара. Клубні «Карсана» маюць выдатную здольнасць да доўгага захавання. «Новыя сярэдняспелыя „Гарантыя“ і „Водар“ пераўзыходзяць вядомы „Скарб“ па ўраджайнасці — да 65–70 тон з гектара. Клубні гэтых сартоў прыдатныя для вытворчасці бульбяных прадуктаў з улікам агракліматычнай зоны вырошчвання і часу перапрацоўкі», — заявіў намеснік гендырэктара РУП «Навукова-практычны цэнтр Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па бульбаводстве і плодаагародніцтве».
У прыватнасці, ён падкрэсліў, што беларускія селекцыянеры-бульбаводы традыцыйна працуюць над стварэннем крухмалістых сартоў сярэдняпозняга тэрміну паспявання. Сярод навінак — «Нара» і «Рубін», а таксама «Крок» і «Баярскі» сталовага і тэхнічнага прызначэння. Патэнцыяльная ўраджайнасць — 60–65 цэнтнераў з гектара. Яны валодаюць комплекснай устойлівасцю да хвароб, прыдатнасцю для прамысловай перапрацоўкі на розныя віды бульбяных прадуктаў.
«Крок» і «Баярскі» вызначаюцца высокім утрыманнем крухмалу — да 22%. Пры гэтым апошні мае высокую патэнцыяльную ўраджайнасць — да 71,5 цэнтнера з гектара. Таксама дапушчаны ў сельскагаспадарчую вытворчасць першы беларускі сорт з пігментаванай мякаццю клубняў «Сапфір».
«Сёлета розныя этапы дзяржаўнага выпрабавання праходзяць новыя сарты бульбы беларускай селекцыі. Гэта раннія — «Красавік» і «Умка», сярэдняраннія — «Дзясятка», «Несцерка» і «Фенікс», сярэдняспелыя — «Вілля» і «Венера», а таксама яшчэ адзін сорт з пігментаванай мякаццю клубняў і высокім утрыманнем антыаксідантаў — «Лекар», — адзначыў Андрэй Чайкоўскі.
Супрацоўнікамі цэнтра за апошнія 30 гадоў праведзена вялікая работа па пашырэнні асартыменту агароднінных культур. На 2024 год для прафесійнага агародніцтва ўключана 102 сарты і 37 гібрыдаў па 34 агароднінных культурах.
«Асабліва шырокі асартымент адзначаецца па асноўных культурах. Напрыклад, па тамаце створана 26 сартоў і гібрыдаў — ад драбнаплодных да буйнаплодных, рознай афарбоўкі, на любы густ. Яны прызначаныя для вырошчвання ў адкрытым грунце і грунтавых халодных цяпліцах. Па агурку маецца 15 сартоў і гібрыдаў. Асноўная стаўка робіцца на сарты грунтавыя, пчолаапыляльныя і ўніверсальнага прызначэння. Акрамя таго, маюцца сарты для вытворчасці карнішонаў, а таксама гетэразісныя гібрыды», — падкрэсліў намеснік гендырэктара.
Ён дадаў, што па капусце белакачаннай створана лінейка сартоў і гібрыдаў з 19 найменняў усіх груп спеласці — ад ультраранняй да позняй.
Па цыбулі рэпчатай створана дзевяць сартоў, розных па форме, афарбоўцы цыбуліны. Маюцца сарты для аднагадовай і двухгадовай культуры, асноўная перавага — высокае ўтрыманне сухіх рэчываў, што спрыяе добрай лежкасці. Маецца шэсць сартоў буракоў і пяць — морквы, рознай па форме, з высокімі смакавымі якасцямі і добрай лежкасцю. Створаны таксама сарты беларускай селекцыі і па іншых агароднінных культурах, у тым ліку малараспаўсюджаных.
Першы намеснік генеральнага дырэктара па навуковай рабоце навукова-практычнага цэнтра НАН Беларусі па земляробстве Эрома УРБАН адзначыў, што вынікова ажыццяўляецца селекцыя асноўных сельскагаспадарчых культур, якія ў цяперашні час прысутнічаюць на палях краіны: гэта збожжавыя, зернебабовыя, кармавыя, тэхнічныя, крупяныя, а таксама шматгадовыя травы. Пачынаючы з 1965 года да цяперашнега часу цэнтрам створана больш за 600 новых сартоў.
— Сёлета на палях краіны апрацоўваліся 160 сартоў нашай селекцыі, і ўвогуле яны займалі каля 3 млн гектараў — гэта амаль 70% пасяўных плошчаў, якія адводзяцца пад пасяўныя збожжавыя і зернебабовыя культуры. А па некаторых з іх, такіх, як азімае жыта, авёс, кармавы ячмень, грэчка, яравая пшаніца, нашы сарты займаюць больш за 90%, — адзначыў спецыяліст.
У апошнія гады распрацавана серыя новых сартоў па ўсіх сельскагаспадарчых культурах. Паралельна распрацоўваюцца тэхналогіі іх вырошчвання для таго, каб цалкам рэалізаваць генетычны патэнцыял прадукцыйнасці.
Варта адзначыць, што першы айчынны гібрыд азімага жыта «Белгі», які ўключылі ў Дзяржаўны рэестр у 2022 годзе, актыўна ўкараняецца ў вытворчасць сартоў харчавання. «А ўсе сарты нашай селекцыі нічым не саступаюць замежным. Дасягненні па якасці, прадукцыйнасці, адаптыўнасці, устойлівасці да хвароб, зімаўстойлівасці і па іншых параметрах, улічваючы ўмовы надвор’я Беларусі, цалкам могуць замяніць сарты заходняй селекцыі, якія займаюць пэўныя пасяўныя плошчы ў нашай вытворчасці», — падкрэсліў Эрома Урбан.
Сяргей КУРКАЧ
Наводзіць парадак — з розумам.
Міжнародная спецыялізіваная выстаўка жыллёва-камунальнай гаспадаркі пройдзе ў Мінску.