Вы тут

Рабіце дабро не толькі людзям


Кожнае малое ў дзяцінстве марыць мець хоць каго-небудзь з такога прыблізнага спіса: шчанюка, кацяня, марскую свінку, чарапашку, хамячка, папугая, канарэйку, рыбак. Дзеці пачынаюць прасіць бацькоў здзейсніць іх мару: падарыць ім на дзень нараджэння такога сябра. Пры гэтым абяцаюць належна сябе паводзіць, добра вучыцца, даглядаць сваіх гадаванцаў і клапаціцца пра іх.

Аднак многія бацькі згаджаюцца не адразу, бо, на іх думку, дзіця ўспрымае жывёлінку ці птушачку як цацку і будзе з ёю толькі гуляць, а ўсе астатнія клопаты лягуць на плечы дарослых, у якіх і так шмат сваіх спраў. Але не трэба ігнараваць падобныя просьбы свайго дзіцяці, а лепш прыслухацца і паверыць у праўдзівасць яго слоў. Вы самі, яшчэ не да канца разумеючы гэта, зробіце вельмі добрую справу: будзеце развіваць у дзяцей такія станоўчыя рысы характару, як дабрата, любоў, увага, клопат, добразычлівасць, сардэчнасць, міласэрнасць і г. д. Такія хлопчыкі і дзяўчынкі наўрад ці пакрыўдзяць слабага, заўсёды акажуць дапамогу тым, каму яна патрэбна, з любоўю будуць ставіцца да сваіх родных, паважаць старэйшых. Бо ў іх душах і сэрцах не будзе злосці, жорсткасці і абыякавасці.

Калі ж бацькі не згаджаюцца набыць жывёлінку ці птушачку, дзеці ўсё роўна не перастаюць аб гэтым думаць. Пачынаюць прыносіць з вуліцы бяздомных шчанюкоў ці кацянят — з надзеяй, што менавіта ў такім разе бацькі ім не адмовяць. Але ж калі зноў сутыкаюцца з негатыўнай рэакцыяй дарослых, то часта замыкаюцца ў сабе або становяцца раздражняльнымі, непаслухмянымі. А дарослыя не разумеюць прычыны такіх паводзінаў.

Аднойчы дачушка маёй сястры прынесла з вуліцы дамоў кардонку з маленькім шчанюком. А была ўжо зіма, стаялі вялікія маразы. Можна сабе ўявіць, што здарылася б з беднай жывёлінкай, калі б не добрае сэрца дзяўчынкі. Маці дазволіла дачцэ пакінуць шчанюка. Разам яны яго сагрэлі, накармілі і паклалі спаць у мяккую пасцельку, зробленую спецыяльна для яго. Дзяўчынка сядзела каля сабачкі і ўвесь час ласкава гладзіла яго, пакуль той не заснуў…

Калі ж шчанюк з цягам часу вырас у надта вялікага сабаку і знаходзіцца ў кватэры яму стала цяжка, сястра адвезла яго ў вёску да нашых сваякоў, дзе ён стаў не толькі добрым вартаўніком, але і верным сябрам. Так што з любой сітуацыі можна знайсці выйсце, калі гэтага захацець.

Некалі мая дачушка-першакласніца, пакуль я была на працы, цішком адправілася на рынак, хоць да гэтага часу ніколі адна нікуды не ездзіла. Купіўшы там хамячка, назад пайшла пешшу. Гэта было зімой, і яна несла звярка ў сваёй рукавічцы. Я нават і цяпер здзіўляюся, як яна знайшла дарогу дамоў, бо шлях быў няблізкі... Потым, калі мы пераехалі з маласямейкі ў трохпакаёвую кватэру, у нас з’явіліся птушкі (папугай і канарэйка). Птушачкі так пасябравалі, што заўсёды знаходзіліся побач. Аднойчы папугайчык, разагнаўшыся і моцна ўдарыўшыся аб сцяну залы, пашкодзіў сабе крылца, пасля чаго мог лятаць толькі каля клеткі. Канарэйка рабіла тое ж, не пакідаючы сябра. Мае дзве дачушкі, бачыўшы, з якой цеплынёй і любоўю птушкі адносяцца адна да адной, бралі з іх прыклад. Заўсёды ўсё рабілі разам, ніколі не сварыліся, дапамагалі адно аднаму.

Неяк мая знаёмая падабрала на вуліцы галку з пашкоджаным крылом, на якую паляваў кот. Доўга потым усёй сям’ёй, разам з мужам і сынам, лячылі яе. На балконе зрабілі ўсё неабходнае для знаходжання птушкі. А калі галка ўжо магла самастойна лятаць, выпусцілі яе на волю. Аднак птушка часта прылятала да сваіх сяброў, быццам хацела падзякаваць ім за выратаванне... Вельмі хочацца, каб такіх сем’яў — з добрым сэрцам і чулай душой — было як мага больш. Тады ў нашым свеце, такім непрадказальным і неспакойным, стане больш святла, цяпла, любові і дабрыні.

Таццяна ЧЭКЕД

г. Гомель

Выбар рэдакцыі

Медыя

Запушчаны мультымедыйны партал VІDEOBEL.BY

Запушчаны мультымедыйны партал VІDEOBEL.BY

Ён прапаноўвае грамадска-палітычны відэакантэнт, галоўныя навіны і ўсе тэлеканалы анлайн.

Гандаль

Чым сёлета здзівяць сельгаскірмашы?

Чым сёлета здзівяць сельгаскірмашы?

Восеньскія сельскагаспадарчыя кірмашы — абавязковы атрыбут восені.