У маёй сям’і трое дзяцей: дзве ўжо дарослыя дачкі і малодшы сын, якому 16. Нядаўна я зразумеў, што навучаннем дзяцей бацькі займаюцца ўсё жыццё. Маім бацькам ужо больш за 85, але я да іх прыслухоўваюся нават часцей, чым у дзяцінстве... Проста ў кожным узросце мы ставім перад сабой ужо іншыя задачы.
Як не прамахнуцца і выхаваць з сына насамрэч сапраўднага мужчыну? З някемлівага малога вырасціць абаронцу, здабытчыка, любячага бацьку і мужа. Словам, надзейнага чалавека. Такога, з якім бяспечна, хто пазітыўна глядзіць на жыццё, цвёрда стаіць на нагах і зможа забяспечыць шчасце блізкіх.
Яшчэ калі майму сыну было зусім мала гадоў, я пагутарыў са спецыялістамі. Яны патлумачылі, што незалежна ад часу і асяроддзя сталенне дзіцяці праходзіць у тры этапы.
Першая стадыя — пяшчоты. Доўжыцца да шасцігадовага ўзросту. У дзіцяці любога полу ў гэты час захоўваецца вельмі моцная сувязь з маці. Хлопчык у той час — мамчын сынок, нават калі бацька ўдзельнічае ў працэсе яго выхавання. Таму бацька патрэбен як дадатковая апора, і ўсё.
Другая стадыя — шлях да мужнасці. Працягваецца да 14 гадоў. Цяпер дзіця больш прыглядаецца да бацькі: што ён робіць, як паводзіць сябе ў розных сітуацыях, якія ў яго захапленні. Моцная сувязь з маці пачынае паступова губляцца. На змену ёй прыходзяць інтарэсы з навакольнага жыцця.
Трэцяя стадыя — час станаўлення асобы. Працягваецца да паўналецця. Тут як ніколі патрэбен мужчынскі прыклад збоку. Мамы адыходзяць на другі план. Даросламу сыну цяпер патрабуюцца зносіны з годным дарослым чалавекам. Равеснікі не ў лік, у іх няма жыццёвага вопыту. Добра, калі бацька ў хлопчыка не люмпен, не слюнцяй або размазня. Тады ў маладога чалавека ёсць усе шанцы ператварыцца ў сапраўднага мужчыну.
Ведаючы гэтыя этапы, бацькі змогуць выпрацаваць праграму дзеянняў, падказаць, дапамагчы, навучыць, падтрымаць. Літаральна кожны бацька павінен зрабіць гэта для свайго дзіцяці.
Калі хлопчык ламае цацкі, пэцкае вопратку, б’ецца — не варта злавацца кожны раз і абсякаць яго, трэба проста тлумачыць, што гэта дрэнна. Прыйдзе час, і ён зразумее сам, без ціску, што так рабіць нельга. Адначасова... Кожны бацька абавязаны ведаць, што адбываецца ў жыцці дзіцяці. Так можна падтрымаць яго і засцерагчы ад непрыемнасцяў.
Асобная тэма — навучыць будучага мужчыну прайграваць, бо не заўсёды атрымаецца быць першым. Нельга здавацца, нервавацца, панікаваць, трэба спакойна рэагаваць на пройгрыш — вось чаму павінен навучыцца хлопчык. Тады ён вырасце годным чалавекам. Сёння няма патрэбы абараняць дом і сям’ю са зброяй у руках. Але да мужнасці моцнага полу прад’яўляюцца іншыя патрабаванні. Хлопчык, вырастаючы, павінен гэта разумець, інакш поспеху ён не даб’ецца.
Класічная мужнасць паступова набывае новыя адценні. Прадстаўнік моцнага полу сёння заваюе навакольных сваёй таварыскасцю, уменнем спачуваць і ўлоўліваць настрой.
Ужо ў школе хлопчык павінен умець лічыцца з незалежнасцю іншых людзей. Упартасць і прынцыповасць у яго характары пажадана дапоўніць уменнем манеўрыраваць, быць гнуткім і чулым.
Кожны хлопчык будзе рады сказаць такія словы. І хто, як не бацька, дапаможа яму ў гэтым. Ёсць стандартны мужчынскі набор якасцяў, якія трэба выхоўваць у малога з дзяцінства. Тата можа растлумачыць, паказаць на сваім прыкладзе, дамагчыся поспехаў у выхаванні, і тады сын вырасце упэўненым і здольным праявіць сябе з найлепшага боку.
На правах аднаго з бацькоў, які мае жыццёвы вопыт, скажу, што тата павінен навучыць хлопчыка быць самастойным, адказным і рашучым. Не ціснуць і прымушаць, а паказваць. Прыклад бацькі вельмі важны. Дзіця будзе паўтараць за ім. Пройдзе час, і пэўныя дзеянні стануць звыклымі. Толькі так можна вырасціць мужчыну.
У адрозненне ад мамы, якая можа пайсці на кампраміс з дзіцем, тату варта праяўляць цвёрдасць і настойлівасць, не пераходзячы мяжы дазволенага. Тады сын навучыцца дамагацца мэты.
І яшчэ вельмі важна, каб бацька патлумачыў, а потым на сваім прыкладзе паказаў, што не ўсё ў жыцці вырашаецца кулакамі. Ёсць шмат спосабаў ліквідаваць праблему мірным шляхам, і трэба навучыцца дамаўляцца. Менавіта гэтыя якасці бацькі хочуць бачыць у сваім дарослым дзіцяці. Калі тата заўсёды трымае слова, то сын будзе яго слухаць, паважаць і імкнуцца быць падобным на яго.
Тое, што хочацца бачыць у дзіцяці, прывіваецца паступова. Добрыя ўчынкі, думкі, жаданні патрабуюць больш часу і сіл на іх ажыццяўленне. Але старанні бацькоў не пройдуць дарма. Сын стане годным мужчынам.
Усе правілы выхавання зводзяцца да аднаго: дзеці — адлюстраванне бацькоў. Таму нам варта часцей глядзець на сябе збоку. А пры зносінах з сынам выконваць пэўныя запаведзі.
Па-першае, трэба вучыць хлопчыка самому прымаць рашэнні і браць ініцыятыву ў свае рукі. Сёння без гэтых якасцяў не абысціся.
Па-другое, фарміраваць у ім паважлівае стаўленне да жанчыны — сын павінен навучыцца дапамагаць маме ва ўсім. У маёй сям’і — гэта паднесці сумкі з крамы, вынесці смецце, пачысціць бульбу. Гэта не ўваходзіць у абавязкі нашага сына, але калі мама не паспявае — ён проста абавязаны прыйсці на выручку (калі побач няма бацькі ці той заняты)
Трэцяя запаведзь — у замацаванні за сынам пэўнай работы па доме, гэта дапаможа вырасціць з яго адказнага мужчыну. У нас цяпер «зносіны» з бытавой тэхнікай і электронікай ажыццяўляе выключна Аляксей. Падключэнне і чыстка пральнай машыны, работа з пыласосам, з сістэмай клімат-кантролю (кандыцыянаванне і ўвільгатненне паветра), а таксама з іншымі механізмамі (дзе патрэбны мужчынскі спрыт) — ужо на працягу паўгода за ўсё пералічанае замест бацькі адказвае сын.
Далей для мяне ўключаецца чацвёртая запаведзь. Не дапамагаць хлопцу ў дробязях, няхай робіць сам, здзяйсняе пры гэтым памылкі і сам выпраўляе іх — тады ён стане сапраўдным памочнікам для блізкіх.
Чатыры папярэднія парады не выключаюць чалавечнасці. Трэба адначасова выхоўваць у сыне пачуццё дабрыні, а гэта магчыма, калі ён бачыць любоў і ласку з боку абаіх бацькоў. Ды і адно да аднаго таксама.
А яшчэ трэба хваліць дзіця за любыя дасягненні ў вучобе і спорце — гэта зробіць яго моцным і паспяховым.
Вянком гэтых правіл выхавання стане ваш гонар за сына, калі вы будзеце адзначаць учынкі, у якіх хлопчык павёў сябе па-мужчынску (абараніў слабага, праявіў смеласць, прынцыповасць і іншае).
Бацькі, якія маюць падрослага сына, павінны памятаць пра тыя рэчы, якія рабіць нельга. Інакш сапраўды адказнага чалавека ім не выхаваць.
Не перапыняйце ініцыятыву дзіцяці, нават пры ўмове што яго дзеянні няслушныя або памылковыя. Нельга лаяцца і крычаць — няхай ён сам убачыць, што гэта няправільна і часам небяспечна. Лепш потым пракаментаваць і растлумачыць усё даступнай яму мовай. І заўсёды трэба быць побач, сачыць і падстрахоўваць. Тады хлопчык зразумее, што не ўсё так проста, як здаецца, навучыцца думаць і прадбачыць наступствы.
Іншая крайнасць — уседазволенасць. Не трэба залішне песціць, інакш можа павялічыцца рызыка выхаваць капрызную натуру. Такі сын, у будучыні муж і бацька, будзе няўважлівы да сваёй сям’і.
Вялікую памылку здзяйсняюць бацькі, якія строга прытрымліваюцца вызначанай сістэмы выхавання. У гэтым выпадку жыццё дзіцяці ператвараецца ў пекла. Любая кніга на такую тэму дае толькі рэкамендацыі. На самай справе іх трэба падвесці да канкрэтнай асобы маленькага мужчыны. Жывучы па строгім рэжыме, ад правілаў якога адступаць нельга, ён вырасце таемным тыранам.
Ці трэба сыну з дзіцячых гадоў чытаць кніжкі пра рыцараў, герояў, выбіраць фільмы, дзе мужчыны паводзяць сябе гераічна? Абавязкова.
Гэта настолькі важна, што ў псіхатэрапіі ёсць нават цэлы раздзел, ён называецца бібліятэрапія. У гэтым раздзеле «трывожным» мамам рэкамендуюць чытаць хлопчыкам творы такіх аўтараў, як Джэк Лондан. Яго кнігі выхоўваюць волю да жыцця.
А калі хлопчык не хоча займацца спортам, ці трэба яго прымушаць? Мабыць, трэба пераканаць.
Няхай займаецца не сілавымі відамі спорту, не боксам, не хакеем, але шахматамі або плаваннем, айкідо. Чалавек павінен фарміравацца гарманічна. А ў жыцці вельмі часта назіраюцца перакосы. Аддалі хлопчыка ў спорт, ён такі ўвесь на мускулах, а ў галаве пуста. Ці наадварот: мудрагелісты батанік, начытаны, інтэлект развіты, але ў фізічным плане ніякі. Таму што сядзіць цэлымі днямі за камп’ютарам і іншымі гаджэтамі. Павінна быць залатая сярэдзіна. Дзіцяці без спорту, без рухальнай актыўнасці нельга. Асабліва хлопчыку.
Яшчэ парада, як выхоўваць волю з дзяцінства. У сям’і павінна быць правіла: кожны дзень трэба рабіць тры справы, якія вельмі не хочацца рабіць. Як я часам жартую з сябе: сёння аналітык Куркач будзе працаваць сантэхнікам. У мяне раз у паўгода на кухні забіваецца труба. Я купіў тросік, мне паказалі, як трэба трубу прачышчаць, і цяпер раблю гэта сам. Хачу не хачу, а раблю, таму што трэба. І ў дзіцяці таксама павінны быць хатнія абавязкі. Стаміўся, не паспяваеш, не хочаш, а зрабіць трэба!
Не прымушайце сына хаваць эмоцыі. Фраза «Будзь мужчынам» часта выкарыстоўваецца ў дачыненні да хлопчыкаў як забарона на слёзы і іншыя праявы эмоцый. Не прымушайце яго з ранняга дзяцінства хаваць пачуцці і трымаць усё ў сабе.
Акрамя таго, размаўляйце з дзіцем, асабліва калі робіце нешта разам. Гэта дапаможа наладзіць эмацыянальную сувязь з сынам і стварыць даверлівыя адносіны. Хлопчык будзе расці больш адкрытым і гатовым да дыялогу. І, вядома ж, гумар. Бацька, які валодае гэтым навыкам, амаль што апрыёры знойдзе дарогу да самых таемных струн юнай душы. А калі сын пастараецца капіраваць стыль паводзін бацькі-гумарыста і ў яго гэта атрымаецца — бінга, гэта будуць не проста сваякі, а два неразлучныя сябры. Спадзяюся, што ў вас атрымаецца таксама.
Сяргей КУРКАЧ
Наводзіць парадак — з розумам.
Міжнародная спецыялізіваная выстаўка жыллёва-камунальнай гаспадаркі пройдзе ў Мінску.