Да нядаўняга часу агароднікам рэкамендавалі праводзіць тры падкормкі: праз два тыдні пасля з’яўлення ўсходаў, падчас бутанізацыі і падчас паспявання пладоў.
Потым з’явілася рэкамендацыя амаль тую ж колькасць угнаенняў падзяліць на шмат частак і падкормліваць агародніну і пладовыя дрэвы праз кожныя два тыдні. Апрабаваўшы гэтую методыку на практыцы, аказалася, што ўраджай значна вырас. Усё таму, што раней расліны атрымлівалі харчаванне па прынцыпе «то пуста, то густа», а з такім падыходам — раўнамерна ўвесь сезон. У выніку і аддача вышэйшая. Аднак бывае і так, што падкормкі раслінам не патрэбны і могуць нават нашкодзіць будучаму ўраджаю. Што ж нельга падкормліваць у гэты спякотны час?
Пачынаючы са жніўня, ні часнок, ні цыбуля не маюць патрэбы ў падкормках. У іх ідзе адток пажыўных рэчываў у цыбуліну, і ніякія падкормкі станоўчага ўплыву ўжо не акажуць.
Гэта не адносіцца да шматгадовых цыбуль (батун, слізун, шалот і інш.), яны сыходзяць на зімоўку восенню і зараз ім патрэбны фосфарна-калійныя ўгнаенні. Яны палепшаць падрыхтоўку раслін да зімы, імунітэт да хвароб і ўстойлівасць да маразоў. Восеньскія падкормкі адаб’юцца на колькасці і якасці пяра вясной.
Яшчэ адна група агародніны, якую нельга падкормліваць, — гэта зялёная агародніна. У яе вельмі кароткі перыяд вегетацыі, і лічыцца, што ёй дастаткова таго, што ўнеслі пры падрыхтоўцы градкі да пасеву. А яшчэ яна любіць назапашваць нітраты. Таму азотныя ўгнаенні для яе ўвогуле лепш не выкарыстоўваць. Фосфарна-калійныя ўгнаенні асаблівага ўплыву на ўраджай у канцы лета ўжо не акажуць. Так што можна абмежавацца толькі палівамі.
Наогул лічыцца, што падкормліваць у канцы лета — няўдзячная праца, бо ўраджай агародніны такія падкормкі ўжо не павялічаць. Навошта ж марнаваць угнаенне і свой каштоўны час? Але карысць усё ж ёсць, у прыватнасці, агародніна пасля фосфарна-калійных падкормак будзе лепш захоўвацца. Гарбузовыя культуры (агурок, кабачок, патысоны, гарбуз...) стаяць асобна. Яны ў канцы лета маюць патрэбу ў азоце і каліі. Калі калію будзе мала, то плады пачнуць гніць яшчэ на градках, а агуркі стануць кручкаватымі.
Добрая крыніца азоту — настой каравяку (250 г на 10 л вады). Ці можна прымяніць нітрафоску (20-30 г на 10 л вады).
Падкормліваць агуркі трэба раз у тыдзень, астатнія гарбузовыя можна падкормліваць радзей.
Капусце позніх сартоў зараз неабходны толькі азот. Ад яго напрамую будзе залежаць ураджай. Чым даўжэй будзе стаяць цёплае надвор’е і больш азоту атрымае капуста, тым большы будзе ўраджай. Толькі не перастарайцеся: калі даць занадта шмат азоту, то качаны будуць буйнымі, але друзлымі. Дастаткова ўзяць 20 г аміячнай салетры на 10 л вады.
Але ж азот проціпаказаны для морквы, буракоў, перцу, памідораў, баклажанаў, фасолі. А ад фосфару і калію яны не адмовяцца. Цяпер у продажы можна знайсці монафасфат калію — гэта крыніца абодвух гэтых элементаў харчавання. Так што прыкупіце, спатрэбіцца! На 10 л вады дастаткова ўзяць усяго 15-20 г гэтага ўгнаення.
Ірына ТАМКОВІЧ
Цяпер на продаж прапаноўваецца менш як 7,5 тысячы кватэр, а раней звыш 10 тысяч
Наводзіць парадак — з розумам.