Пасля разбору хатняга архіва завітаем у госці да сваякоў і правядзём апытанне. Ваша мэта — сабраць як мага больш звестак пра гісторыю сваёй сям’і. Старэйшыя сваякі, вашы бабулі і дзядулі могуць памятаць аб продках тое, чаго няма ні ў якіх афіцыйных дакументах: звычкі, знешні выгляд, характар, адносіны да жыцця. А сам працэс збору звестак будзе карысны для ўзмацнення адносін паміж сваякамі.
Каб нічога не страціць пры размове і не стаміць сталых сваякоў, загадзя акрэсліце кола дакладных пытанняў: дзе і калі нарадзіўся той ці іншы продак; дзе працаваў, вучыўся; з кім і калі ажаніўся; колькі ў іх было дзяцей; іх імёны і дні нараджэння; якую любімую ежу гатавалі; як бавілі вольны час; у якім доме жылі; што мелі ва ўласнасці; чым займаліся іх бацькі?
Запіс размоў са сведкамі ёсць сэнс запісаць на дыктафон. Пазначце крыніцу інфармацыі: прозвішча, імя і імя па бацьку сваяка, кім ён даводзіцца продку, дату апытання.
Запісвайце ўсё — гэта спросціць пошук на наступных этапах, аднак мы не павінны забываць, што ў генеалагічных даследаваннях да звестак сваякоў трэба ставіцца як да гіпотэзы: ёсць такая з’ява, як міфамізацыя мінулага, калі ўспаміны пры шматлікіх паўторах абрастаюць недакладнасцямі, перабольшваннем. Таму, каб родавае дрэва не ператварылася ў дрэва вішні на галаве аленя, пра якое распавядаў барон Мюнхгаўзен, — слухайце, фіксуйце, але абавязкова правярайце аповед дакументальна.
Зусім іншая справа, калі аднойчы «сведкай» выступіць... сам продак, якому надакучаць твае марныя патугі хоць нешта высветліць пра яго, і ён раптам «падасць голас» праз стагоддзе — і ты будзеш лавіць кожнае яго слоўца, ашалеўшы ад радасці.
Вось чытаю: «Рашэнне Спадара земскага начальніка 4 участка Ігуменскага ўезда ад 14 сакавіка 1912 года, якім пакінуў без наступстваў скаргу маю на рашэнне Пухавіцкага валаснога суда па іску Васіля Баешкі спагнаць з мяне 26 рублёў за сена і плот, я лічу вельмі крыўдным і неабходным адмяніць. Я прыналежнае ісцу сена не забраў, а агароджу не знішчыў, а скасіў дабранабыты мною сенакос ва ўрочышчы Каплінцы».
Увесь парадокс у тым, што істец у гэтай судовай справе Васіль Баешка — мой прадзед. А скаргу падаў на яго Хведар Паўловіч — родны дзядзька майго дзеда Івана Паўловіча.
І самі спрачальнікі з вёскі Бабы нават і не здагадваюцца, што ў 1925 годзе стануць сваякамі, а праз сто гадоў... аб’ектам маіх генеалагічных даследаванняў. Іван Паўловіч і Васілёва дачка Ксеня Баешка пабяруцца шлюбам якраз на Пятрок, 12 ліпеня, пражывуць разам шэсцьдзесят тры гады, народзяць пяць дзетак, і сярод іх — дзяўчынку Раечку, маю матулю.
Неяк аднойчы падчас апытання яе сястра, 95-гадовая цётка Соня, нечакана згадала пра асабістую прыкмету Васіля Баешкі: «У яго не было падушачак пальцаў на абодвух руках, толькі абрубкі без пазногцяў. А што і калі здарылася — таго не ведаю». Здавалася, знайсці ў архіўных справах дарэвалюцыйных часоў такі дробязны факт з біяграфіі звычайнага селяніна — з’ява малаверагодная. Але, як ні дзіўна, мне пашанцавала!
Перад маімі вачыма — асабістая справа Баешкі Васіля Гаўрылавіча — стрэлачніка на Лібава-Роменскай чыгунцы: з 28 верасня 1900 года да 5 ліпеня 1917 года. Кавалак жыцця майго прадзеда даўжынёй 17 гадоў — на 40 аркушах! Я бачу яго подпіс, прыгожы почырк, ведаю, што ён служыў бамбардзірам-наводчыкам павышанай кваліфікацыі ў войску Расійскай імперыі (што адпавядае яфрэйтару ў пяхоце) і што дзень яго нараджэння 13 красавіка 1887 года, а галоўнае — бачу яго фотаздымак ад 1900 года! І чаму мне падаецца такім родным твар гэтага маладога 29-гадовага чалавека, які нарадзіўся 152 гады таму? Дык ён жа глядзіць на мяне вачыма маёй бабулі Ксені!
Я быццам запусціла руку ў бяздонны куфар Гісторыі і выцягваю скарб за скарбам…
І раптам натыкаюся на запіс, ад якога замірае сэрца: за тры дні да дня нараджэння жыццё Васіля павісла на валаску!
Чытаю ў медыцынскім пасведчанні і быццам чую Васілёў голас:
«10 красавіка 1917 года ў 6 гадзін вечара на дзяжурстве я ўбачыў на рэйках медную трубку велічынёй з папяросную гільзу. Я падняў яе і пачаў выціраць аб сценку стрэлачнай будкі наліпшы бруд, ад чаго адбыўся выбух, які пашкодзіў мне пальцы». Увечары таго ж дня ў Мінскім прыёмным пакоі фельчар М. Г. Багдановіч установіць, што ў стрэлачніка станцыі «Раз’езд № 18» Васіля Баешкі адарваны ногцевыя фалангі трох пальцаў — правай рукі і раненне скуры над правым брывом. Потым у Гомельскай лякарні высветліцца, што таксама раздроблены дзве фалангі мезенца і левай рукі.
6 ліпеня 1917 года, праз тры месяцы пасля лячэння, Галоўная ўрачэбная камісія прызнае Баешку здольным працягваць службу стрэлачніка з абмежаваннем працаздольнасці на 15 працэнтаў, начальства будзе прыспешваць Васіля, які пакутаваў ад болю, хутчэй прыступаць да працы.
Але між радкоў тут хаваецца і нейкая загадка. Вось у пратаколе знаходжу іншы варыянт паказанняў Баешкі: «Я разглядаў знойдзены на рэйках патрон, які выбухнуў і параніў руку і твар».
Чаму Васіль у адным месцы ўхіліста называе снарад «меднай трубкай», якую ён «выціраў аб сценку будкі», а ў другім — «патронам»? І яшчэ: ці мог вайсковец-бамбардзір не ведаць, што за рэч ён знайшоў на рэйках і як з ёю трэба абыходзіцца?..
Калі мы працягнем на прыкладзе асабістай справы вывучаць жыццё продка, то яго «жывы абрыс» лепш за ўсё праявіцца ў графе аб налажэнні спагнанняў і прызначэннях.
Мы ўбачым, што служыў Баешка старанна. Пачынаў насільшчыкам, каравульным вартаўніком, стрэлачнікам. Правіннасці былі зусім дробныя. 1 жніўня 1913 года ён паспяхова вытрымаў іспыт на пасаду кандуктара і быў прызначаны стрэлачнікам з жалаваннем 228 рублёў у год.
Але наступны запіс 3 сакавіка 1914 года «аддаляе чаргу павышэння па службе на 10 разоў чаргі...»
Што ж здарылася? Дадзім слова Васілю:
«26 студзеня я зайшоў у дзяжурны пакой памочніка загадчыка раз’езда, каб распісацца ў прыёме дзяжурства, — пачынае ён апавядаць. — Мяне бачыў памочнік Дзіакалаў і нічога не сказаў. Праз паўгадзіны загадчык запатрэбаваў мяне ў раз’езд. Там я застаў Дзіакалава і загадчыка Дрыноўскага. Апошні прызнаў мяне п’яным. Я адказаў, што зусім не піў, а толькі рабіў прыпарку на шчаку з-за хваробы зуба».
Далей праводзіцца такое дбайнае расследаванне, з паказаннямі сведак, якія падзеляцца на два супрацьлеглых «лагера», што і не разбярэшся — хоць дэтэктыў пішы!
Стрэлачнік Уладзімір Запольскі пацвердзіць, што бачыў 26 студзеня ўвечары Баешку і той быў абсалютна цвярозым: «Калі Баешку адхілілі ад службы — збіралі стрэлачнікаў і прасілі быць сведкамі яго нецвярозасці, я пайшоў да начальніка і засведчыў, што Баешка цвярозы. Я ведаю яго на працягу 2 гадоў і п’яным на службе ніколі не бачыў. Мне вядома, што Баешка доўгі час пакутуе ад зубоў», — дадаў ён.
Памочнік загадчыка раз’езда № 18 Міхаіл Альшамоўскі выкажа іншае меркаванне:
«26 студзеня паміж 8 і 9 гадзінамі да мяне на кватэру прыйшоў Дзіакалаў і паведаміў пра нецвярозасць Баешкі. Прыйшоўшы ў пакой, я ўбачыў, што Баешка сапраўды трохі выпіўшы, хадзіў, размаўляў, але не так, як заўсёды. Баешка заўсёды вядзе цвярозы лад жыцця. Нецвярозым я яго бачыў у першы раз за чатыры гады».
На яго баку выступіць і другі памочнік загадчыка Парфірый Дзіакалаў, праз якога ўся тая каша і заварылася:
«26 студзеня ад стрэлачніка Баешкі, які ўступіў на дзяжурства, пахла гарэлкай. Ён, відаць, быў выпіўшы, аб чым я паставіў у вядомасць загадчыка раз’езда Дрыноўскага».
Але вось што цікава: чаму ў самую першую чаргу для медыцынскага агляду Баешкі не быў запрошаны... урач?
У заключэнне 3 сакавіка 1914 года загадчык раз’езда № 18 Дрыноўскі напіша ва Упраўленне Лібава-Роменскай чыгуначнай дарогі наступнае:
«Маю гонар дакласці, што нецвярозасць стрэлачніка пры расследаванні пацвердзілася. Прымаючы, аднак, да ўвагі, што аб Баешку дадзены вельмі пахвальныя водгукі як загадчыкам раз’езда, так і памочнікам Альшамоўскім, хадайнічаю аб змякчэнні яго пакарання...»
Здаецца, сухі канцылярскі стыль дакументаў, але якая каларытная гісторыя і яскравыя яе персанажы! Такім чынам, я бачу не абстрактную фігуру продка, а жывога, кемлівага чалавека з нейкай хітрынкай, якому трэба выжыць самаму і пракарміць 10 чалавек, у тым ліку і старую маці, якая жыла з імі (як я даведалася з той жа невычэрпнай справы).
На гэтым асабістая справа абрываецца. Але гісторыя Васіля Баешкі не спыняецца. Яму 46 гадоў, наперадзе яшчэ 36 гадоў жыцця. У яго народзяцца хлопчык і сем дачок. У 30-х ён трапіць пад раскулачванне. Васіль напіша ліст Калініну і здолее адстаяць свае правы, нешта з маёмасці вернуць. У пачатку Вялікай Айчыннай вайны камандзір партызанскага атрада «Полымя» Яўген Філіпскіх будзе сябраваць з сям’ёй Баешкаў, часта іх наведваць, дапамагаць калоць дровы, а Васілёва жонка Дар’я Лазараўна будзе пячы хлеб партызанам. У бацькоўскай хаце з Філіпскіх пазнаёміцца 24-гадовая Таццяна Баешка, зубная доктарка з лякарні ў мястэчку Пухавічы. Яна будзе перадаваць медыкаменты і сакрэтныя звесткі ў атрад «Полымя», але ў красавіку 1943-га маладую дзяўчыну схопяць і расстраляюць за сувязь з партызанамі…
І я ніколі не знайшла б згаданыя вышэй каштоўныя справы, каб не шчаслівы выпадак, які звёў мяне з валанцёрамі праекта па індэксацыі вопісаў Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі і Аленай Кароўчанка, яго кіраўніком, вядомым генеолагам у Беларусі з 20-гадавым стажам, аўтарам кнігі «У архіўным пошуку».
— Наш праект узнік тры гады таму, — распавядае Алена Кароўчанка. — За гэты час у ім узялі ўдзел дзясяткі людзей з розных краін. Большасць зацікавілася магчымасцю лёгка знайсці справу аб сваіх продках, якія пражывалі на тэрыторыі сучаснай Беларусі. Але былі і тыя, хто проста захацеў нам дапамагчы.
Па словах кіраўніка праекта, у цяперашні момант, напрыклад, у базе Мінска налічваецца 722 406 найменняў набраных валанцёрамі спраў, Гродна — 170 210! Цяпер не трэба губляць месяцы працы ў чытальнай зале архіва, каб паглядзець уручную вопісы і знайсці патрэбную справу.
— Дастаткова стаць удзельнікам праекта, унесці сваё ўкладанне і атрымаць доступ да базы, — тлумачыць генеолаг Кароўчанка. — Тады за некалькі хвілін вы даведаецеся, у якіх справах захоўваецца інфармацыя па вашым пошукавым прозвішчы ці населеным пункце. Відавочная карысць праекта не толькі для генеолагаў, але і для краязнаўцаў, гісторыкаў, усіх, хто неабыякава ставіцца да сваіх каранёў. І вось мы, валанцёры, быццам золаташукальнікі, старанна перапісваем тысячы радкоў, спадзеючыся, што недзе блісне залатой макулінкай і роднае прозвішча, вёсачка, а можа, знойдзецца цалкам архіўны Кландайк!
Вы з намі? Тады пішыце Алене Кароўчанка на электронную пошту: poіskpredkov@maіl.ru
Ала ЖУР
Цяпер на продаж прапаноўваецца менш як 7,5 тысячы кватэр, а раней звыш 10 тысяч
Наводзіць парадак — з розумам.