Вы тут

Як і для каго працуюць цэнтры сяброўскага стаўлення да падлеткаў


Падлеткавы ўзрост — адзін з найскладанейшых этапаў у жыцці чалавека. Псіхолагі сцвярджаюць: калі дарослы чалавек адчувае тыя ж эмоцыі і перажывае такія ж гарманальныя «ўсплёскі», варта гаварыць пра найцяжэйшы стрэс. А ў падлеткавым узросце такія «ўнутраныя буры» лічацца нормай.


Дапамагчы юнаму чалавеку, які ўступае ў жыццё, без страт і сур’ёзных памылак перажыць гэты няпросты час, а бацькам — не страціць сувязі з падрослым сынам або дачкой — гэтым ужо больш як два дзесяцігоддзі займаюцца Цэнтры сяброўскага стаўлення да падлеткаў.

Мінулы год для такой сістэмы дапамогі падлеткам быў юбілейным. Першыя тры цэнтры адкрыліся ў Мінску ў 2003-м, а сёння іх больш чым 55 па ўсёй Беларусі. Развівае сістэму гэтых цэнтраў Міністэрства аховы здароўя пры падтрымцы Дзіцячага фонду ААН (ЮНІСЕФ), а працуюць яны на базе дзіцячых паліклінік у цесным кантакце з медыкамі, школьнымі педагогамі і псіхолагамі. За апошнія дзесяць гадоў тут атрымалі дапамогу больш чым 500 000 маладых людзей.

Добразычлівасць і канфідэнцыяльнасць

— Гэта форма работы сапраўды эфектыўная, — распавядае псіхолаг Цэнтра сяброўскага стаўлення да падлеткаў Фрунзенскага раёна Мінска «Юнікс» Ігнат Налівайка. — Пабудавана яна на нашых неад’емных прынцыпах — добразычлівасць, даступнасць, давер і канфідэнцыяльнасць. У наш цэнтр, як і ў іншыя такія ж цэнтры, падлеткі могуць звярнуцца па найбольш складаных і важных для іх пытаннях бясплатна і ананімна. Тут можна атрымаць кансультацыю псіхолага, акушэркі, педыятра, даведацца, як прайсці тэст на ВІЧ.

Асноўныя задачы, на якія накіравана работа цэнтраў, — фарміраванне адказных рэпрадуктыўных паводзін і навыкаў здаровага ладу жыцця, прафілактыка ўжывання псіхаактыўных рэчываў, прадухіленне крызісных станаў і суіцыдальных паводзін падлеткаў. Гэтая дзейнасць уключае ў сябе і міжведамаснае ўзаемадзеянне, распавядае спецыяліст.

— Мы працуем не толькі з падлеткамі і іх законнымі прадстаўнікамі (крыху больш чым за шэсць месяцаў толькі мной было праведзена 250 кансультацый, у цэнтры ёсць яшчэ адзін псіхолаг, а таксама акушэрка). Супрацоўнічаем з педагогамі і псіхолагамі школ нашага найбуйнейшага ў сталіцы раёна. Праводзім сустрэчы ў рамках агульнарэспубліканскіх акцый і мерапрыемствы па ўласным плане. Адмысловая ўвага аддаецца фарміраванню камунікатыўных навыкаў, прафілактыцы рызыкоўных і суіцыдальных паводзін.

Не аб’ект, а асоба

З 11 гадоў звярнуцца ў Цэнтр сяброўскага стаўлення да падлеткаў можна ў суправаджэнні законнага прадстаўніка, з 14-гадовага ўзросту — самастойна.

— З падлеткамі трэба гаварыць шчыра, — падкрэслівае суразмоўнік. — Праўда часам бывае страшная, але яе важна данесці да дзіцяці — аб наркотыках, алкаголі, самаразбуральных паводзінах. Што да дарослых, тут важна ў першую чаргу праводзіць інфармаванне па пытаннях узаемадзеяння з падлеткам, узроставых асаблівасцяў і псіхалагічных феноменаў, якія складваюцца ў гэтым узросце. Калі для падлеткаў работа са спецыялістамі ў нашым цэнтры дапамагае больш камфортнаму і лёгкаму ўваходжанню ў дарослае жыццё, то для дарослых гэта — павышэнне іх кампетэнцыі як бацькоў.

З якімі запытамі звяртаюцца да псіхолага сучасныя падлеткі? У ліку найбольш частых — узаемаадносіны з бацькамі, адзначае спецыяліст. Сярод «адвечных пытанняў», што хвалююць маладых людзей, — нераздзеленая закаханасць, расставанне, трывожнасць, страх публічнага выступлення і незадаволенасць уласнай знешнасцю. Ну а на трэцім месцы — узаемаадносіны з аднагодкамі (напрыклад, булінг у школе).

— Атрымліваецца, сучасныя бацькі нярэдка не знаходзяць агульнай мовы са сваімі дзецьмі-падлеткамі?

— Хутчэй, падлеткі не заўсёды гатовы прыняць бацькоўскія рашэнні. І тут галоўная памылка бацькоў — успрымаць дзіця не як суб’ект, а як аб’ект бацькоўскай волі. Калі ў вас напалеонаўскія планы на вашага сына ці дачку, хоць бы паведаміце пра іх самому падлетку…

— Якія памылкі звычайна здзяйсняюць сучасныя бацькі ў зносінах з падлеткамі?

— Перш за ўсё, гэта імкненне «зберагчы» дзіця ад праўды свету, ад працы і абавязкаў, — распавядае Ігнат Барысавіч. — Яшчэ адна распаўсюджаная памылка — прыняцце рашэнняў за дзіця. Наступная — тая, аб якой я ўжо казаў: спроба выхоўваць чалавека, які ведае ўсё і ўсё ўмее, незалежна ад таго, ці цікава гэта самому дзіцяці, якія ў яго таленты і «зыходныя даныя». І нарэшце, імкненне абмяжоўваць меркаванне дзіцяці з дапамогай катэгарычных выказванняў і загадаў. У многіх бацькоў ёсць перакананне: я дарослы, дзіця знаходзіцца пада мной на іерархічнай лесвіцы, і таму я адмаўляюся з ім нешта абмяркоўваць. Мая воля бясспрэчная. Калі пачынаецца падлеткавы крызіс і дзіця «выходзіць з падпарадкавання», бацькі часам самі не разумеюць, адкуль у іх столькі непрымання і агрэсіі. А ўся справа ў тым, што дарослыя не дазваляюць сабе бачыць у дзіцяці асобу, суб’ект, а не аб’ект уласнай волі.

Вяртаючыся да распаўсюджаных бацькоўскіх памылак, застаецца дадаць у іх лік гіперапеку, рэзюмуе суразмоўца. То-бок эмацыянальнае абслугоўванне дзіцяці, спробы ператварыць яго жыццё ў вечнае свята, пазбаўленае цяжкасцяў і выклікаў.

— Гэта няправільна. Жыццё разнастайнае, і палітра эмоцый, знаёмых чалавеку, павінна быць багатай. Ідэя, што дзіцяці варта ўвесь час знаходзіцца ў «паветраным шары камфорту і шчасця», па-першае, збядняе яго свет, а па-другое, гэты шар рана ці позна непазбежна лопаецца (якраз у падлеткавым узросце). І непадрыхтаваны чалавек, які не ўмее спраўляцца з крызісамі і цяжкасцямі, адчувае крыўду на ўвесь свет…

— І тут узнікае пытанне: а як жа правільна? Як варта паводзіць сябе бацькам, чый сын ці дачка ў падлеткавым узросце сутыкнуліся з адной з пералічаных вышэй распаўсюджаных праблем?

— Універсальных рэкамендацый быць не можа — трэба разглядаць кожную канкрэтную сітуацыю. Возьмем адну з распаўсюджаных праблем сучаснасці — цкаванне ў школе (булінг). У дзіцяці рэзка змяняюцца паводзіны, бацькі не разумеюць, чаму яно грубае з імі, замыкаецца, плача «без прычыны». Але калі падлетак падзеліцца з імі праблемай, гэта можа стаць першым крокам да яе вырашэння. Іншая справа, што без даверу ў сям’і такая шчырасць немагчымая. І забяспечыць гэты давер — задача бацькоў. Любячая сям’я, даверлівыя адносіны паміж усімі яе членамі (якія як мінімум пражываюць на адной жылплошчы) — апора падлетка ў выпадку крызісаў і залог таго, што ён захоча падзяліцца сваім болем.

А ў цэлым, адзначае псіхолаг, адказ на пытанне «Як правільна паводзіць сябе бацькам, калі падлетак сутыкнуўся з няпростай сітуацыяй?» датычыцца такога феномену, як «стратэгія саўладання». І яна можа быць як адаптыўнай, так і дэзадаптыўнай.

— Адаптыўная — маецца на ўвазе магчымасць нанова наладзіць свае адносіны са светам пасля крызіснай падзеі. Яе аснова — не сыход ад праблемы, а пошук шляхоў рашэння. Дэзадаптыўная ж стратэгія — гэта калі падлетак, якому дрэнна, спрабуе алкаголь, цыгарэты, часам нават наркатычныя рэчывы, каб забыцца, сысці ад сітуацыі. Але адкуль ён пра гэтыя «спосабы» даведаўся? З кніг, кіно, «Цік-Тока»? Не ўсякі падлетак шмат чытае, не ва ўсіх ёсць акаўнты ў сацсетках. А асяроддзе ёсць ва ўсіх…

Калі «ўключаць аўтарытэт»?

— Чаму падлеткаў прыцягваюць алкаголь, наркотыкі, асацыяльныя паводзіны, нягледзячы на тое што кожнаму і педагогі, і бацькі, напэўна, распавялі: гэта небяспечна?

— У школе, вядома, пра гэта распавядаюць. Але што датычыцца бацькоў, далёка не ў кожнай сям’і мамы і таты знайшлі час на такую гутарку. Акрамя таго, існуе паняцце «бацькоўскае пасланне». Бацька або маці можа казаць усё што заўгодна, але дзіця больш паверыць вачам, чым вушам. Бацька паўтарае сыну аб шкодзе алкаголю, а сам часта ўжывае алкаголь, і ў дзіцяці ўзнікае ўнутраны канфлікт.

Калі казаць аб ужыванні алкаголю ў падлеткавым узросце, прычынай можа быць салідарызацыя з асяроддзем або групай аднагодкаў, але часцей гэта — жаданне сысці ад нейкай цяжкай сітуацыі, адзначае псіхолаг. Алкаголь сапраўды на кароткі час можа падарыць прыемныя адчуванні, але цана будзе занадта высокай, асабліва калі казаць аб падлетках.

— Для ап’янення, блізкага да непрытомнасці, падлетку дастаткова ўсяго толькі 60 грамаў спірту, — тлумачыць суразмоўца. — Той стан, да якога даросламу трэба даходзіць цэлы вечар, падлеткам дасягаецца нашмат хутчэй у сілу фізіялагічных прычын. Таму неабходна данесці да яго, што бясшкодных алкагольных напояў не бывае: нават слабаалкагольныя «ліманады» ўтрымліваюць этылавы спірт.

Алкаголь — тое псіхаактыўнае рэчыва, якое ўпісана ў еўрапейскую культуру. Але размаўляць пра яго разумнае спажыванне важна правільна, падкрэслівае Ігнат Барысавіч.

— Не варта казаць падлетку: «Алкаголь можна ўжываць толькі з 18 гадоў»: цалкам магчыма, проста ў дзень свайго паўналецця ён вырашыць «праявіць даросласць» і трапіць у бальніцу з алкагольным атручэннем. Правільна казаць: «Чым пазней, тым лепш».

— А як гаварыць з падлеткам пра наркотыкі?

— Шчыра і прадметна. Не проста інфармаваць аб шкодзе наркотыкаў. Улічваючы падлеткавы антаганізм, мы атрымаем у адказ толькі: «Не грузі!» Бацькам лепш разам з падлеткам (прычым зрабіць гэта пажадана ў раннім падлеткавым узросце) прачытаць артыкулы Крымінальнага і Адміністрацыйнага кодэксаў, якія датычацца тэмы наркотыкаў; гісторыі пра людзей, што ўжывалі такія рэчывы; паглядзець відэа аб уздзеянні на арганізм тых ці іншых груп наркатычных рэчываў. Фраза «Папярэджаны — значыць, узброены» тут сапраўды працуе.

Бываюць сітуацыі, калі бацькам падлеткаў трэба ўжываць уладу і аўтарытэт, падкрэслівае псіхолаг, бо кожны хоча зберагчы сваё дзіця ад наркотыкаў, алкаголю, крыміналу.

— Але калі жыццёвыя праблемы падлетка звязаны, дапусцім, з булінгам, які не парушае закону (гаворка ідзе не аб фізічным гвалце, а аб ігнараванні падлетка аднакласнікамі), або аб канфлікце з настаўнікам, то, знаходзячыся з падлеткам на сувязі, дарослым важна дазволіць яму самому абраць інструментарый для вырашэння гэтых задач. Дайце яму навучыцца акумуляваць тое моцнае, што ў ім ёсць, і тады ў далейшым ён справіцца з любой жыццёвай сітуацыяй.

Менавіта таму, падкрэслівае суразмоўнік, псіхолаг не мае права даваць падлетку гатовыя «рэцэпты поспеху». Яго задача — дапамагчы юнаму чалавеку ўбачыць сітуацыю з розных бакоў і зразумець, як з ёй справіцца.

Як жыць з падлеткам?

Быць падлеткам і жыць з падлеткам — аднолькава няпроста. І тое, як пражыве гэты перыяд сям’я, шмат у чым залежыць ад «даросласці» і сталасці бацькоў.

— Перш за ўсё, бацькам падлетка важна ладзіць з сабой і светам, мець уласны маральны компас і ўсведамляць свае прынцыпы, — кажа псіхолаг цэнтра «Юнікс». — Калі чалавек з унутраным канфліктам спрабуе быць маральным аўтарытэтам для іншага чалавека з унутраным канфліктам, гэта наўрад ці можа камусьці дапамагчы. Бацькам важна самім зразумець, што для іх у паводзінах падлетка прымальна, а што — недапушчальна.

Спецыяліст адзначае, што калі падумаць пра гэта спакойна, то становіцца зразумела: не варта выстаўляць свайму падлетку так шмат забарон, а многія канфлікты можна і зусім не пачынаць.

Верце ўласным дзецям

— Заўсёды ўспрымайце сказанае імі сур’ёзна. Напрыклад, шантаж самагубствам небяспечны тым, што «несапраўдны» суіцыд з мэтай напалохаць можа выпадкова атрымацца сапраўдным, — кажа псіхолаг. — Калі ставіцца да слоў падлетка сур’ёзна, вы зможаце выбудаваць з ім даверлівы, канструктыўны дыялог.

І нарэшце трэцяя парада бацькам. Важна навучыцца быць «чалавекам для сябе». Нярэдкія выпадкі, калі бацькі — асабліва мамы — чакаюць ад дзяцей падзякі за свой клопат. У падлеткавым узросце дзіця гэтай падзякі ім не дае, і мамы адчуваюць расчараванне, гнеў і зрываюцца на сыне або дачцэ, якія ўваходзяць у дарослае жыццё.

— Вы маеце права на шчасце, адпачынак, захапленні і хобі, нейкія іншыя моманты жыцця, не звязаныя з бацькоўствам, — падкрэслівае псіхолаг. — Гэта не робіць вас дрэннымі бацькамі. Вельмі многія жывуць з перакананнем: «Я дрэнная маці», «Я недастаткова добры бацька». Гэта ў корані няправільная ўстаноўка. Задача бацькоў дзіцяці, якое перажывае падлеткавы крызіс, — стаць для яго апорай. Але найперш яны павінны стаць надзейнай апорай для саміх сябе.

Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Чым парадуе «Наш дом»?

Чым парадуе «Наш дом»?

Міжнародная спецыялізіваная выстаўка жыллёва-камунальнай гаспадаркі пройдзе ў Мінску.