Вы тут

Пераможцы праекта «Уладар сяла — 2024» Іна і Сяргей Тарэлка — пра хвіліну славы, сямейныя здабыткі і любоў да вясковага жыцця


Аб тым, што яны пераможцы, Іна і Сяргей даведаліся падчас рэспубліканскага купальскага свята «Александрыя збірае сяброў». І хоць фінальныя спаборніцтвы адбыліся напярэдадні свята ў Горках, інтрыга ўвесь час захоўвалася. «Калі намеснік прэм’ер-міністра Ігар Петрышэнка агучыў наша прозвішча, сэрца салодка ёкнула, — прызнаюцца сужэнцы. — Спадзяваліся на перамогу, але канкурэнты былі годныя». Усіх удзельнікаў літаральна завалілі падарункамі, але самым галоўным для сям’і Тарэлка стаў менавіта дыплом абсалютнага пераможцы. За 15 гадоў існавання праекта такое ўпершыню адбылося. Раней прысуджаліся 1-е, 2-е і 3-е месцы. Цяпер «Уладар сяла» — адзіная сям’я на ўсю краіну. Каб даведацца, як гэтай сям’і жывецца, адпраўляюся да іх у госці ў Клічаўскі раён, у аграгарадок Бацэвічы.


Дзякуй дзяржаве за падтрымку!

Тыя, хто лічыць, што жыццё на вёсцы цячэ павольна, глыбока памыляюцца. Іна і Сяргей былі б удзячныя, калі б суткі падоўжыліся на некалькі гадзін. Сяргей — майстар лесу ў Бацэвіцкім лясніцтве, Іна вядзе ў мясцовай школе групу прадоўжанага дня. На рабоце яна да позняга часу, нягледзячы на лета. Цяпер там рамонт, лагер, дзеці з 4 да 8 класаў. У жніўні будзе палатачны лагер для дзяцей старшых класаў.

У Сяргея таксама работы хапае. Нядаўні ўраган абышоў бокам клічаўскія лясы, а вось калегам з Быхаўскага раёна не пашчасціла. Там шмат лесу паваліла. Клічаўскія работнікі дапамагаюць ліквідаваць наступствы.

Раней чым за шэсць гадзін вечара дарослыя звычайна дома не з’яўляюцца. З дзецьмі, а іх у сужэнцаў трое — Раман, Даша і лапуля Маша, — дапамагаюць спраўляцца бабулі-дзядулі, якія пад бокам. Вялікая сям’я збіраецца разам толькі вечарам. І за тыя некалькі гадзін, якія застаюцца да сну, трэба яшчэ дома прыбрацца, вячэру прыгатаваць, памыцца. Адбой строга па раскладзе — у 22.00 — і ні хвілінай пазней.

Сёлета ў сям’і дадалося клопатаў: яны пачалі рэканструкцыю свайго дома і зараз жывуць у стане будаўніцтва. Субсідыю атрымалі, паводле 240-га Указа, як маладая сям’я. Дом вялікі, але былі дзве халодныя веранды.

— Зараз мы іх зносім і будуем дадатковыя памяшканні, — кажуць суразмоўнікі. — Прышлося шмат папер збіраць і паўгода чакаць, каб выдзелілі грошы. Умова атрымання крэдыту — вясковая прапіска. Атрымалі пад будаўнічыя работы 35 тысяч долараў. За 20 гадоў трэба вярнуць дзяржаве толькі 10 тысяч. Вельмі выгадна. Дом наш будзе зусім іншы — камфортны і прасторны.

— Наогул падтрымка шматдзетным сем’ям, асабліва тым, якія жывуць на сяле, аказваецца істотная, — лічыць Іна. — Трэба толькі самім крыху шавяліцца. Пад ляжачы камень, як той казаў, і вада не цячэ. А хто дбае, той і мае. Сястра Сяргея — Юля, у якой таксама шматдзетная сям’я, субсідыю выкарыстала на будаўніцтва кватэры ў Клічаве, таксама паводле 240-га Указа. Мы ж не хочам выязджаць з Бацэвіч. Тут спакой, цішыня. Калі ажаніліся, ведалі, што жыць будзем толькі ў вёсцы. Нам падабаецца наш дом, які хутка павялічыцца ўдвая, шырокі двор. Справа, злева і насупраць жывуць дачнікі, якія прыязджаюць выключна на лета. Увесь астатні час мы, лічы, адны. І ўся велізарная тэрыторыя наша. Нам ніхто не перашкаджае і мы нікому. Нам крыху за 30, але ў нас ужо ёсць усё — дом, машына, гаспадарка. А галоўнае наша багацце — гэта дзеці. Праз дзяцей да нас і прыйшло ўсё.

У сям’і — наша сіла

Сяргей старэйшы за Іну на 4 гады, у старшых класах яны нават вучыліся ў адной школе. Іна, як актыўная ўдзельніца самадзейнасці, заўсёды была наперадзе ўсіх падзей. Нават на выпускным будучага мужа выступала ў якасці вядучай. Тады нават і ў думках не было, што яны калісьці стануць мужам і жонкай. Але лёс, як кажуць людзі, на кані не аб’едзеш. Сяргей ужо скончыў каледж у Клічаве, вывучыўся на вальшчыка лесу ў Буйнічах і працаваў у лясніцтве разам з родным братам Іны — Андрэем. Аднойчы сябры паехалі адпачываць на крынічку за Бацэвічы, і Андрэй прыхапіў сястру, каб дома не сумавала. Маладыя зацікавіліся адно адным, сталі сустракацца, а ў хуткім часе панеслі дакументы ў ЗАГС.

Абышліся без вяселля. На ўрачыстай цырымоніі прысутнічалі Іна, Сяргей і нават не два, а адзін сведка з боку нявесты. Адзначалі гэты момант таксама сціпла, невялічкай кампаніяй.

— Грошай на вяселле не было, а абцяжарваць бацькоў не збіраліся, — кажа Іна. — Улазіць у крэдыты таксама не хацелася.

— Не крыўдна, што ў белай сукенцы не пакрасаваліся? Гэта ж мара любой дзяўчыны, — не хаваю свайго здзіўлення.

— Гэта не паказчык, — лічыць Іна. — У мяне нават жадання такога не было. У іншых усё, здаецца, ёсць — і белая сукенка, і вяселле некалькі дзён, — а праз год разыходзяцца. Мы жывём разам ужо 10 гадоў і становімся толькі мацней. Магчыма, у будучыні яшчэ і абвянчаемся. У Бацэвічах храм ёсць, мы там Рому і Дашу хрысцілі.

З бацькамі маладыя не жылі ніводнага дня. Пасля таго як распісаліся, пэўны час кватаравалі ў пустуючым доме хроснай. Затым купілі побач дом за сабраныя самастойна грошы, цяпер яго рэканструююць.

Сяргей

Прашу Сяргея крыху расказаць пра сябе. Ён сціпла ўздыхае. Маўляў, ну што тут асаблівага. Нарадзіўся будучы шматдзетны бацька ў вёсцы Усохі Клічаўскага раёна, таксама ў шматдзетнай сям’і. У яго два браты і тры сястры. У гаспадарцы было аж тры каровы. Дзеці дапамагалі сена нарыхтоўваць. Цяпер ва Усохах засталіся толькі бацькі. Усе тры сястры жывуць у Бацэвічах, браты — у Клічаве.

У розных людзей свае хобі. Сяргей любіць грыбы збіраць, прычым аддаецца гэтаму занятку цалкам. Ведае, дзе растуць лісічкі, дзе шукаць падбярозавікі з падасінавікамі. Кажа, што грыбны ўраджай прагназуе па надвор’і. Дажджы прайшлі, значыць, можна адпраўляцца ў лес. Тыя ж лісічкі ў бары растуць, сустракаюцца і ў маладым бярэзніку. За пару гадзін 5-6 кілаграмаў здольны сабраць. Апошні раз нават дамоў не панёс, адразу на нарыхтоўчы пункт. Прайсці міма не можа, а сям’і грыбы ў такой колькасці не патрэбны. Ужо ад’еліся і смажаных з цыбуляй і смятанай, і ў духмяным супе.

Любоў да лесу ў Сяргея з дзяцінства. Адзначае, што апошнім часам стала больш лясных жыхароў — казулі, алені, нават рысі ёсць. Мядзведзі сталі заходзіць з Кіраўскага раёна. Аднойчы, калі Сяргей быў вальшчыкам, сутыкнуўся з цэлым статкам кабаноў, якія рушылі наўпрост на яго. Хлопец не разгубіўся, завёў бензапілу, і тыя адразу ж разбегліся.

Іна

У шматдзетнай сям’і, дзе нарадзілася Іна, яна самая малодшая. Адзін старэйшы брат Дзіма жыве ў Магілёве, другі — Андрэй — непадалёк ад сястры, у Бацэвічах. Пасля школы пайшла вучыцца ў Магілёўскі эканамічны каледж на страхавога агента і аператара ЭВМ. На адпрацоўку прыехала ў Бацэвіцкую школу. Пасля яе хацела з’ехаць у горад, але сустрэла Сяргея. Зноў вярнулася ў школу і працавала там да першага свайго «дэкрэта». Калі Рому споўніўся год і дзевяць месяцаў, у сям’і з’явілася Даша. Маладая маці часу дарэмна не губляла, паспела падрыхтавацца і паступіла на факультэт «Дашкольнае выхаванне» Магілёўскага МДУ імя А. Куляшова. Самай малодшай дачушцы Машы сёння тры з паловай гадкі, а яе мама ўжо на 4-м курсе ўніверсітэта.

Самае вялікае захапленне Іны — спяваць. Голас у яе добра пастаўлены, гучны. Прызнаецца, што спявае з дзяцінства. Калі вучылася ў школе, затым у каледжы — усюды выступала і цяпер з песняй не расстаецца. У раённым конкурсе патрыятычнай песні заняла 1 месца і летась, і сёлета. З красавіка ў мясцовым Цэнтры культуры і вольнага часу яна ўзначальвае ансамбль народнай песні, дзе раней спявала. Любоў да песні ў яе спадчынная. Бацька — гарманіст-самавучка, маці пела ў ансамблі народнай песні. Іна, лічы, за кулісамі і вырасла.

Экзамен на ўладара сяла

У раённым конкурсе выйгралі за кошт візітоўкі, дзе дзеці паказалі сябе як сапраўдныя артысты. Паўплывалі матуліны гены. Усе шэсць членаў раённага журы сям’і па 10 балаў паставілі. На абласным конкурсе было складаней. Там канкурыравалі 14 сем’яў. Але і тут візітоўка дапамагла плюс перамога ў асобных іспытах. Напрыклад, дранікі на калодзе Сяргей і Іна зрабілі першымі. У Сяргея атрымалася хутка калоду распаліць і надзёрці бульбы. Так стараўся, што гумавую пальчатку падраў. Трэба было рабіць усё вельмі хутка, на якасць эксперты менш увагі звярталі. Але дранікі сям’і Тарэлка ацанілі ўсе.

— А мне падабалася вершы расказваць, — дзеліцца ўражаннямі ад конкурсу Даша і дэкламуе: «Галаву сям’і мы любім і вельмі паважаем і ласкава татулем яго мы называем. А гэта наша мама, Інай Сяргееўнай завуць, працуе чараўніцай, і дзеці вам не лгуць...»

— Мы сталі яшчэ больш згуртаваныя, падтрымліваем адно аднаго, — кажуць сужэнцы. — На нас шмат усяго звалілася, і не ўсё было так гладка, як падавалася. Але мы пераадолелі ўсе перашкоды. Не трэба звяртаць увагу на нейкія кпіны, неабходна быць гатовымі да таго, што не ўсе за вас парадуюцца. Поспех іншых некаторых наогул раздражняе.

Вельмі ганарова для Сяргея і Іны было асабіста сустрэцца з міністрам лясной гаспадаркі. На свяце ў Александрыі, калі ён даведаўся, што Сяргей — работнік ляснога ведамства, прыйшоў да маладых знаёміцца.

Вялікая сям’я

— Я люблю маляваць і гуляць у лялькі, — кажа Даша. — Мая любімая — лялька Энчанцімал — з свету эльфаў. А вось Машу лялькі не цікавяць, яна любіць з машынкамі гуляць.

Рома, як і бацька, сур’ёзны, разважлівы. У краме дзяўчынкі заўсёды просяць нешта ім купіць, а ён рэдка. Раней вельмі любіў Lego, мог займацца канструктарам гадзінамі. Цяпер яго любімая цацка — дзіцячая «Яндэкс. Станцыя Аліса», якую падарылі на праекце «Уладар сяла». «Аліса сама падбірае музыку, можа зрабіць яе гучней, — кажа Рома. — Я вельмі люблю слухаць песні». Ацанілі дзеці і батут, які таксама быў сярод падарункаў ад праекта.

Сертыфікат на 1,5 тысячы рублёў, які канкурсантам уручылі «за вобласць», сям’я ўжо выкарыстала — купілі мультыварку для Іны і якасны мабільны тэлефон для Сяргея. Іна майстрыха прыгатаваць нешта смачнае, і мультыварка для яе першая памочніца.

— Што датычыцца кухні, там гаспадыня толькі я, — кажа Іна. — Сяргей выконвае мужчынскую работу: дамаўляецца наконт трактара, каня, каб агарод разараць. З кожным годам наш зямельны ўчастак становіцца ўсё больш і больш. Дом, які мы набылі, 16 гадоў стаяў пусты, у агародзе ўсё бур’янам зарасло. Перааралі ўчастак, распрацавалі зямлю. Сотак 13 ужо ёсць. Заўсёды саджаем шмат бульбы і робім градкі, на якіх растуць капуста, памідоры, агуркі, цыбуля — усё, што трэба для кансервацыі. Праполваць градкі Даша дапамагае. Рома больш з Сяргеем мужчынскімі справамі займаюцца. Дзеці пыл могуць у доме працерці, ложак заслаць, але ўсё па жаданні, лічым, нікога прымушаць не трэба. Але спаць трэба класціся не пазней за 22.00. Гэта звычка ў нас з таго часу, як Сяргей вальшчыкам працаваў і ў 4 раніцы ўставаў. Тады мы наогул у 21.00 клаліся, калі сонейка за вокнамі яшчэ свяціла.

Дзякуй усім, хто быў з намі

На развітанне сям’я просіць выказаць падзяку ўсім, хто перажываў за іх у спаборніцтве за званне «Уладар сяла». Сяргей і Іна вельмі ўдзячны першаму сакратару БРСМ Клічаўскага раёна Юліі Комар, якая нават сваю сям’ю да падрыхтоўкі падключыла. Сям’і Калініных — Яўгену і Вользе, якія сталі ўладальнікамі трэцяга прызу праекта «Уладар сяла — 2023». Яны таксама з Клічаўскага раёна, перажывалі за Сяргея і Іну, дапамагалі парадамі. Вельмі падтрымалі падчас іспытаў галоўны бухгалтар Клічаўскага райкама БРСМ Ала Трушко, кіраўнік ансамбля «Купалачка» Наталля Коктыш. Група падтрымкі была і ў складзе Валерыя Патачыца і Таццяны Вароніч. «Гэтыя людзі ўсялялі ў нас надзею, дапамагалі ў складаных сітуацыях, выручалі падказкамі, — кажуць Сяргей і Іна. — І мы — перамаглі. Гэта наша агульная перамога».

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота аўтара

Клічаўскі раён

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Чым парадуе «Наш дом»?

Чым парадуе «Наш дом»?

Міжнародная спецыялізіваная выстаўка жыллёва-камунальнай гаспадаркі пройдзе ў Мінску.