Круізная эканоміка Кітая ўстойліва аднаўляецца дзякуючы ўвядзенню бязвізавага рэжыму для замежных турыстаў і адраджэнню сусветнага круізнага рынку, перадае «Сіньхуа».
У першым паўгоддзі міжнародныя круізныя лайнеры здзейснілі больш за 180 уездаў і выездаў з круізных партоў Шанхая. На борце гэтых круізных лайнераў знаходзілася больш за 840 тысяч чалавек. Па стане на пачатак чэрвеня з моманту свайго першага камерцыйнага рэйса ў пачатку гэтага года першае буйнагабарытнае круізнае судна кітайскай вытворчасці «Adora Magic City» абслужыла звыш 150 тысяч турыстаў, паведамілі аператары лайнера.
Круізную эканоміку з доўгім вытворчым ланцужком часта называюць «залатой індустрыяй, якая плавае». Аналітыкі рынка адзначаюць, што яна мае вельмі важнае значэнне для пашырэння ўнутранага попыту, раскрыцці спажывецкага патэнцыялу і культываванні новых драйвераў развіцця.
У Кітаі, берагавая лінія якой доўжыцца 18 тысяч кіламетраў, увесь час удасканальваецца партовая інфраструктура. Багатыя турыстычныя рэсурсы і імклівы рост сектара паслуг робяць КНР адным з асноўных напрамкаў для міжнародных круізных лайнераў.
Даныя, апублікаваныя Ctrip, вядучай турыстычнай платформай Кітая, сведчаць, што ў гэтым месяцы колькасць браніравання круізных паездак аднавілася да 70 працэнтаў ад узроўню, які назіраўся за аналагічны перыяд 2019 года. Старшыня кампаніі Royal Caribbean Cruises па Азіі Лю Цзынань прагназуе, што сёлета агульны аб’ём круізнага рынку Кітая можа аднавіцца да 70 працэнтаў ад узроўню 2019 года і цалкам адновіцца ў 2025-м.
Аднаўленне круізнага сектара Кітая адбываецца ў рэчышчы ажыўлення сусветнага рынку. Паводле справаздачы, апублікаванай Міжнароднай асацыяцыяй круізных ліній (CLIA) у красавіку, па выніках мінулага года пасажырапаток круізных суднаў па ўсім свеце дасягнуў 31,7 мільёна чалавек, перавысіўшы ўзровень 2019 года на 7 працэнтаў.
Каб стымуляваць развіццё галіны, Кітай рэалізаваў шэраг мэтанакіраваных мер. У маі ва ўсіх прыморскіх круізных партах КНР у адносінах да замежных турыстычных груп, якія прыбылі на тэрыторыю краіны на борце круізных лайнераў, пачаў дзейнічаць бязвізавы рэжым. У чэрвені быў абнародаваны набор правілаў, якія датычацца аблягчэння папаўнення запасаў для міжнародных круізаў у кітайскіх партах.
Чыноўнік Дзяржаўнага камітэта па справах развіцця і рэформ (ДКРР) КНР Хо Фупэн адзначыў, што круізны сектар адыгрывае важную ролю ў стымуляванні вытворчых ланцужкоў у апстрым- і даўнстрым-сектарах, ахопліваючы вытворчасць абсталявання, транспарт, вольны час і турызм, фінансава-страхавую галіну, гандаль паслугамі і інш. Паводле яго слоў, ДКРР будзе супрацоўнічаць з адпаведнымі ўрадавымі ведамствамі ў такіх сферах, як кіраванне эксплуатацыйнай работай круізных лайнераў, вытворчасць абсталявання, будаўніцтва дапаможных аб’ектаў і турыстычнае спажыванне, каб садзейнічаць высакаякаснаму развіццю круізнай індустрыі.
Станоўчая дынаміка ў індустрыі круізнага турызму Кітая адлюстроўвае тэндэнцыю да шырэйшага аднаўлення сектара паслуг краіны, што можа значна падвысіць унутраны попыт і агульны эканамічны рост. У першым паўгоддзі эканоміка КНР вырасла на 5 працэнтаў у гадавым вылічэнні, нягледзячы на выклікі ўнутры краіны і за мяжой. Міжнародны валютны фонд павысіў сёлетні прагноз росту ВУП Кітая да 5 працэнтаў з красавіцкага паказчыка ў 4,6 працэнта, спаслаўшыся на аднаўленне прыватнага спажывання і дынаміку росту экспарту ў першым квартале гэтага года.
Наводзіць парадак — з розумам.
Міжнародная спецыялізіваная выстаўка жыллёва-камунальнай гаспадаркі пройдзе ў Мінску.