Новы працоўны тыдзень Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі пачаўся са знешняй палітыкі. Кіраўнік дзяржавы правёў нарады па міжнародных пытаннях. Нагод для гэтай нарады ў апошнія тыдні было нямала: Прэзідэнт з візітам наведаў Расійскую Федэрацыю, прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка — Лацінскую Амерыку, міністр замежных спраў Максім Рыжанкоў — КНДР. Нашу краіну таксама наведала нямала замежных дэлегацый. Не спыняюць сумесную работу з замежнымі партнёрамі беларускія парламентарыі, прадпрыемствы, установы аховы здароўя і адукацыі і іншыя дзяржаўныя органы і арганізацыі. Таму тэм для канструктыўнай размовы дастаткова.
Як заўважыў беларускі лідар, міжнародны парадак дня застаецца вельмі напружаным. Графік міжнародных сустрэч даволі насычаны. Па яго словах, усё гэта патрабуе канцэнтрацыі ўвагі на будучых мерапрыемствах і на тых, што ўжо адбыліся. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў Беларусі прымаюцца вельмі правільныя рашэнні па наладжванні адносін з рознымі краінамі. Візіты Прэзідэнта, урадавых дэлегацый у розныя рэгіёны малююць перспектывы, планы на будучыню. Але часта дамоўленасці не атрымліваюць практычнага ўвасаблення. І, як заўважыў Прэзідэнт, атрымліваюцца паўтурыстычныя паездкі.
«Давайце дамовімся, што роля Прэзідэнта, вобразна кажучы, — адкрыць акно ў тым ці іншым напрамку, стварыць фундамент для будучых дамоўленасцей членаў урада і прэм’ер-міністра», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Па яго словах, рэалізоўваць усе дамоўленасці з замежнымі партнёрамі павінен найперш урад, дзе ў ролі вядучага міністэрства замежных спраў, пад кантролем Адміністрацыі Прэзідэнта. «Турыстычных паездак быць не павінна. Ніякага турызму. Павінен быць вынік», — акцэнтаваў увагу кіраўнік дзяржавы. Па яго словах, на нарадзе трэба зверыць гадзіннікі і прадумаць крокі на бліжэйшую перспектыву і па выкананні дасягнутых дамоўленасцей па выніках візітаў у пэўныя краіны. Аляксандр Лукашэнка вылучыў найбольш важныя напрамкі.
«Я ўжо не ведаю, якія патрэбны фундаменты з майго боку, каб выбудоўваць дыхтоўны дом нашых адносін. І стратэгічныя пытанні вырашаны, і па асноўных накірунках прынятыя рашэнні, і тактычныя», — заўважыў Аляксандр Лукашэнка.
«Вы паставілі, як звычайна бывае, не вырашаныя вамі з урадам Расіі пытанні (а павінны былі вырашыць) — па нафтаформуле (новай формуле цэнаўтварэння), другое пытанне — утылізацыйны збор і трэцяе пытанне — аб перадаплаце за нафту, — звярнуўся Прэзідэнт да ўдзельнікаў нарады. — Усе гэтыя пытанні мы абмеркавалі з Прэзідэнтам Пуціным. Больш за тое, мы дамовіліся аб тым, што я сёння-заўтра (у залежнасці ад таго, як вы гэта падрыхтуеце) накірую яму пісьмовае пасланне, ліст, з выкладаннем сутнасці гэтых трох пытанняў». Прэзідэнт расказаў, што ключавымі пытаннямі яго нядаўных перагавораў з Уладзімірам Пуціным былі пытанні бяспекі, яны насілі закрыты характар. «Падключаць урад я не бачу сэнсу. Усе сілавыя структуры, міністэрства замежных спраў па пэўных пытаннях падключаны. Вось сутнасць гэтых перагавораў, — сказаў ён. — Але яшчэ раз падкрэслю: узаемаразуменне знойдзена па ўсіх пытаннях».
Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што восенню напярэдадні 25-годдзя Дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы, у Мінску адбудуцца ўсе важныя мерапрыемствы — і саюзны Саўмін, і Вышэйшы дзяржсавет. «З Прэзідэнтам Расіі мы дамовіліся, што да гэтага моманту павінны быць закрыты ўсе праблемныя пытанні — і па лініі саўбезаў (аб гарантыях бяспекі), і па тэмах урада», — сказаў Прэзідэнт, дадаўшы, што пры вырашэнні пытанняў канкрэтных, варта не забываць і пра перспектыўныя накірункі. Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што сёння сітуацыя склалася такім чынам, што беларускія спецыялісты, працуючы з расійскімі калегамі, могуць разам з космасам, атамнай энергетыкай адкрыць для сябе новыя кампетэнцыі, вельмі важныя для нашай краіны. Па яго словах, задзелы ў гэтым накірунку, і ў авіябудаванні, і ў мікраэлектроніцы, і асабліва ў станкабудаванні ў нас ёсць. Прэзідэнт расказаў, што падчас наведвання Іркуцкага авіябудаўнічага завода асабіста пераканаўся, што ў Расіі ёсць інтарэс да беларускай тэхнікі, да нашых станкоў. Таму сёння беларускім вытворцам трэба хутка асвойваць новыя тэхналогіі і пастаянна ўдасканальваць сваю прадукцыю, зразумела, не забываючы пра яе якасць.
Аляксандр Лукашэнка нагадаў пра яго дамоўленасці з Уладзімірам Пуціным, дасягнутым падчас апошняга наведвання Мінска расійскім кіраўніком: Беларусь павінна быць незалежнай і самадастатковай краінай з устойлівай эканамічнай асновай. «Але не забывайцеся, з чым мы прыйдзем у гэты юбілей да нашых людзей. Што дае праект Саюзнай дзяржавы простаму беларусу і расіяніну? Што гэта ім дае?», — задаў ён рытарычнае і адначасова злабадзённае пытанне. Беларускі лідар падкрэсліў, што Пастаянны камітэт Саюзнай дзяржавы трэба акунуць у праблемы паўсядзённых спраў. Ён нагадаў пра даручэнне на пляцоўцы Пасткама комплексна прааналізаваць усе аспекты забеспячэння роўных правоў грамадзян. «Зроблена нямала, але і праблем хапае, а мы чамусьці іх замоўчваем», — заўважыў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што нядаўна адбыўся саміт ШАС, дзе Беларусь выступіла ў новым статусе — члена гэтай арганізацыі. «Праведзены шэраг двухбаковых сустрэч. Добрыя былі сустрэчы. Дасягнуты канкрэтныя дамоўленасці. Давайце іх рэалізоўваць. Міністр замежных спраў быў на кожнай сустрэчы. Трэба неадкладна вызначыць стратэгію руху да мэтаў, якія мы акрэслілі», — сказаў ён. У прыклад беларускі лідар прывёў Пакістан. Прэм’ер-міністр гэтай краіны Шахбаз Шарыф падчас сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам у Астане канкрэтна сказаў, што ім цікава і што трэба ў Беларусі. Акрамя таго, была дасягнута дамоўленасць аб візіце Прэзідэнта ў Пакістан. Але, як заўважыў, кіраўнік дзяржавы, да гэтага павінны быць пэўныя напрацоўкі. «Трэба неадкладна вызначыць стратэгію рэалізацыі дамоўленасцей. І рабіць гэта трэба па гарачых слядах», — сказаў ён.
Прэзідэнт падкрэсліў, што з уступленнем у ШАС перад Беларуссю адкрываюцца каласальныя перспектывы. Перш за ўсё — дадатковыя магчымасці доступу на вялізны рынак тавараў і паслуг, абмен вопытам, прыцягненне інвестыцый, і галоўнае — дыверсіфікацыя лагістыкі і разлікаў, зніжэнне палітычных рызык. «Усе беларускія ініцыятывы я абазначыў у Астане. Вы ўсё чулі», — нагадаў ён.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Беларусь запрошана на саміт БРІКС, які хутка пройдзе ў Казані. «Гэта сур’ёзная структура, якая аб’ядноўвае самыя магутныя дзяржавы нашай планеты. Яна ахоплівае больш за 40 працэнтаў насельніцтва Зямлі. І мы зацікаўлены ўключыцца ў інтэграцыйныя працэсы на дадзенай прасторы. БРІКС — яшчэ адна апора, з дапамогай якой мы зможам захоўваць раўнавагу і эканамічную ўстойлівасць. МЗСу неабходна сфарміраваць план нашага ўдзелу на гэтай пляцоўцы і, ў прыватнасці маіх сустрэч без усялкага перабору», — сказаў ён. Прэзідэнт расказаў, што зараз з бору Паўднёвай Афрыканскай Рэспублікі ёсць вялікая зацікаўленасць у супрацоўніцтве з Беларуссю. «Развітая, нябедная краіна, прасунутая краіна. І да таго, што мы маем у Экватарыяльнай Гвінеі, Нігерыі, на ўсходзе ў Кеніі, на поўдні — Зімбабвэ, Мазамбік яшчэ і ў Паўднёвая Афрыканская Рэспубліка, дзе нас чакаюць. Не трэба там расплывацца па ўсіх кантынентах. У нас не тая эканоміка, каб глабалізмам займацца. Трэба вызначыцца ў кожнай кропцы, чым мы будзем займацца, і зрабіць гэта», — адзначыў ён.
Кіраўнік дзяржавы заўважыў, што ёсць ініцыятыва дэлегатаў УНС аб падрыхтоўцы ад імя Усебеларускага народнага сходу звароту аб міры і ўнясенні яго на разгляд у БРІКС. Ён даручыў адказным асобам вывучыць і прапрацаваць гэтую ініцыятыву.
Акрамя таго, звярнуў увагу Прэзідэнт, заяўлены шэраг важных візітаў у Рэспубліку Беларусь. Зусім хутка Мінск наведае Прэм’ер Дзяржсавета Кітайскай Народнай Рэспублікі Лі Цян. Віцэ-прэм’ер Снапкоў далажыў аб выпрацоўцы перагаворнай пазіцыі ў развіццё дамоўленасцей Прэзідэнта з Сі Цзіньпінам. «На перагаворах у Астане мы не чапалі канкрэтныя пытанні, акрэсліўшы іх. На што Сі Цзіньпін сказаў: «Не адштурхоўваецеся толькі ад перагавораў са мной. Прыездзе прэм’ер— усе канкрэтныя пытанні ў яго кампетэнцыі». І мы павінны іх вырашыць», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што нядаўна адбмўся шэраг важных візітаў — урадавай дэлегацыі ў Лацінскую Амерыку і міністра замежных спраў у КНДР. Ён пацікавіўся стратэгійя выбудоўвання адносін з гэтымі краінамі. Разам з тым Прэзідэнт заўважыў, што многія пытанні застаюцца на ўзроўні справаздач і размоў, а канкрэтныя пытанні не вырашаюцца. А міжнароднае супрацоўніцтва — найважнейшае пытанне эканомікі. Эфектыўнасць міжнароднага супрацоўніцтва ў таварна-гандлёвай плоскасці напрамую залежыць ад якасці беларускай прадукцыі, якую мы прапаноўваем замежным партнёрам. На гэты аспект Прэзідэнт звярнуў пільную ўвагу ўсіх удзельнікаў нарады. Ён зрабіў акцэнт на тым, што да якасці беларускіх тавараў не павінна быць ніякіх пытанняў, ні на ўнутраным, ні на знешнім рынках.
Падчас нарады прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка далажыў, што з 13 па 21 ліпеня ўрадавая дэлегацыя з візітам наведала Кубу, Венесуэлу і Нікарагуа. Па яго словах, гэтыя краіны разглядаюцца як істотны рэзерв для росту беларускага экспарту. «У сувязі з гэтым у маі ўрадам была зацверджана праграма дзеянняў па развіцці супрацоўніцтва з гэтымі краінамі, у адаведнасці з якой замацаваныя і даведзеныя да ўсіх нашых экспарцёраў канкрэтныя таварныя пазіцыі з аб’ёмамі паставак на працягу трох гадоў 2024-2026. Лічбы браліся з улікам нашага папярэдняга досведу работы там і аналізу патрэб рынка. Таму, уласна кажучы, кожны ведае, што яму рабіць і якую задачу выканаць па кожнай наменклатуры», — далажыў прэм’ер-міністр.
У размове з журналістамі Раман Галоўчанка падкрэсліў, вялікае знаяэнне для Беларусі рынка Лацінскай Амерыкі звязана з вялікім патэнцыялам рынку (насельніцтва больш за 600 мільёнаў чалавек) і прыродных запасаў карысных выкапняў, уключаючы нафту, літый, медзь, серабро. «Таму нам трэба паступова замацоўвацца, кожны год павялічваць нашу там прысутнасць», — падкрэсліў ён. «Мы не кідаемся з боку ў бок. Выбралі курс, якім і рухаемся. Магчыма, дзесьці працэсы ідуць не так хутка, як нам хацелася б. Хтосьці прывык жыць больш спакойна і ставіцца больш спакойна да часавага фактару. У нас такі магчымасці няма. Нам трэба ўсё хутка. Таму расслабленасць нашых партнёраў будзем кампенсаваць нашай напорыстасцю і ўрэшце выйдзем жаданы вынік», — сказаў Раман Галоўчанка.
Што тычыцца супрацоўніцтва Беларусі і Расіі, то, па словах прэм’ер-міністра, зараз тут няма вострых пытанняў, якія не вырашаюцца. Ідзе характэрны для краін з такімі цеснымі ўзаемасувязямі працэс выбудоўвання мадэлей супрацоўніцтва ў канкрэтных сферах. У гэтым працэсе так ці інакш узнікаюць некаторыя пытанні, у тым ліку якія патрабуюць дазволу на ўзроўні Прэзідэнтаў. Гэта непазбежна, бо адносіны Беларусі і Расіі — жывая матэрыя. Да таго ж, яны развіваюцца вельмі бурна. Таму і Прэзідэнты дзвюх краін сустракаюцца досыць часта.
Раман Галоўчанка расказаў, што мадэль супрацоўніцтва дзвюх краін выбудоўваецца наступным чынам: Прэзідэнты абмеркавалі, далі даручэнні, абазначылі асноўныя падыходы, а затым урады і міністры кладуць на паперу дасягнутыя дамоўленасці. «Канструкцыі гэтыя заўсёды няпростыя. Яны завязаны на сур’ёзныя фінансавыя пытанні, узаемную фінансавую, вытворчую, лагістычную падтрымку. Гэта ўсё трэба пакласці на паперу», — растлумачыў ён. Тое ж самае адбылося і падчас перагавораў Уладзіміра Пуціна і Аляксандра Лукашэнкі на Валааме.
Першы віцэ-прэм’ер Мікалай Снапкоў падкрэсліў, што візіт прэм’ера Дзяржсавета КНР Лі Цяна ў Беларусь будзе гістарычным — першым за апошнія 17 гадоў. На парадку дня візіту будзе ўся канкрэтыка беларуска-кітайскіх адносін, найперш у гандлёва-эканамічнай і інвестыцыйнай сферах. «Мы ўпэўнены, што гэты візіт дасць магутны імпульс для кітайскага бізнесу па шырокім інвестыцыйным прыходзе ў Беларусь. У аснове будзе эканамічная стратэгія, якую вызначыла на апошнім пленуме Кітайская Народная Рэспубліка. Гэта новыя прадукцыйныя сілы, якія ўключаюць у сябе навуку, інавацыі, чалавечы капітал» — заявіў Мікалай Снапкоў. Ён расказаў, што ў рамках візіту таксама плануецца падпісаць дакумент аб аб’яўленні наступнага года ў супрацоўніцтве паміж Беларуссю і Кітаем Годам навукі і інавацый.
Сваімі ўражаннямі ад візіту ў Карэйскую Народна-Дэмакратычную Рэспубліку і вынікамі гэтага візіту з журналістамі падзяліўся міністр замежных спраў Максім Рыжанкоў. Ён назваў КНДР канкрэтным прыкладам, як працуюць фэйкі, якія навязваюцца міжнароднай супольнасці. «Краіна вельмі цікавая, — сказаў міністр. — Акуратная краіна, якая развіваецца. Пхеньян вельмі чысты добры горад. З пункту гледжання краіны для жыцця выглядае прыстойна і можа даць фору многім іншым краінам». Па словах Максіма Рыжанкова, у Паўночнай Карэі маюць патрэбу ў нашай прадукцыіі. «Асабліва я хацеў бы вылучыць прадукцыю фармацэўтычнай прамысловасці. Для мяне было вялікім сюрпрызам убачыць у аптэцы польскія лекі і адсутнасць беларускіх, — расказаў ён. — Адпрацоўваліся пытанні паставак нашага харчавання — малочнай і мясной прадукцыі. Іх цікавіла дзіцячае харчаванне». Таксама абмяркоўваліся пытанні аб супрацоўніцтве ў сферах аховы здароўя, адукацыі. Ужо дасягнута дамоўленасць, што беларускія спецыялісты наведаюць КНДР і абмяняюцца вопытам у выбудоўванні работы дашкольнай адукацыі. Максім Рыжанкоў падкрэсліў, што ў Беларусі і КНДР ёсць вялікі спектр напрамкаў, дзе краіны маглі б адна другой дапамагчы.
Паколькі ў выбудоўванні адносін з ШАС роля Міністэрства замежных спраў адыгрывае асноўную ролю, кіраўнік ведамства расказаў, як ідзе работа ў гэтым накірунку. Па яго словах, хутка будзе прызначаны спецыяльны нацыянальны каардынатар, некалькі чалавек будзе назначана ў Сакратарыят ШАС (аб гэтым дасягнута дамоўленасць) і ў антытэрарыстычны цэнтр. Максім Рыжанкоў заявіў, што Беларусь мае намер выбудаваць вельмі дакладнае ўзаемадзеянне ў плане работы па лініі ШАС. Найперш за кошт уцягвання міністэрстваў і ведамстваў у мерапрыемствы галіновага характару, якія праводзяцца пад эгідай арганізацыі. Па словах міністра, зараз парадак дня ў ШАС насычаны пытаннямі развіцця эканамічнага і фінансавага ўзаемадзеяння. Максім Рыжанкоў выказаў упэўненасць, што ў краін-членаў ШАС прысутнічае палітычная воля ісці далей па фінансава-эканамічным трэку.
«Стаўшы членам ШАС, Беларусь зараз паўнапраўна ўдзельнічае ва ўсіх сегментах яго дзейнасці. Будзе распрацаваны і адпаведны нацыянальны план. У бліжэйшую сераду да нас прыедзе прадстаўнік старшынства КНР і нас азнаёміць са сваім парадкам дня на гэты бліжэйшы год. Будзем зыходзіць з арыенціраў, якія нам прапануюць нашы кітайскія таварышы», — сказаў Максім Рыжанкоў.
Яшчэ адна міжнародная пляцоўка, пра якую падчас нарады ўзгадваў Прэзідэнт, — БРІКС. Міністр замежных спраў падкрэсліў, што Беларусь удзельнічае абсалютна ва ўсіх мерапрыемствах пад парасонам БРІКС, што дало сур’ёзны імпульс да дадатковага развіцця адносін з дзяржавамі гэтага аб’яднання. «Мы імкнемся не проста да такога спарадычнага ўдзелу, але да атрымання нейкага статусу ў гэтай арганізацыі. Статуса партнёра па супрацоўніцтве», — расказаў Максім Рыжанкоў, дадаўшы, што ўсе краіны-ўдзельніцы гэтай арганізацыі падтрымліваюць гэты статус. Пакуль стрымлівае толькі юрыдычнае афармленне гэтага статусу, не ў адносінах да Бедарусі, а ў прынцыпе як юрыдычнага тэрміна. «Будзем спадзявацца, што да саміту ў кастрычніку ён будзе выпрацаваны», — адзначыў Максім Рыжанкоў.
Валерыя СЦЯЦКО
Наводзіць парадак — з розумам.
Міжнародная спецыялізіваная выстаўка жыллёва-камунальнай гаспадаркі пройдзе ў Мінску.