Традыцыя правядзення Свята паэзіі і песні «Ракуцёўскае лета» на Маладзечанскай зямлі носіць даўнюю традыцыю. Аднаўленне гэтай сядзібы, дзе ў 1911 годзе жыў класік беларускай літаратуры, аўтар «Вянка», бярэ сваю гісторыю з 1991 года. Сёння філіял Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры ўключае: Дом арандатара, Дом гаспадара, гумно. Максімаву крыніцу, помнік і Максімаў сад.
У праграме свята ў 2024-м — прывітальная імпрэза каля памятных камянёў з ускладаннем кветак, сустрэча з беларускімі пісьменнікамі, музыкамі, мастакамі; экскурсіі і квэсты; гульні, майстар-класы і самыя розныя іншыя цікавосткі.
Актыўны ўдзел у «Ракуцёўскім леце» прымаюць Саюз пісьменнікаў Беларусі і непасрэдна паэты, празаікі, дзіцячыя пісьменнікі, кнігі якіх у апошні час пабачылі свет у Выдавецкім доме «Звязда». Расказвае супрацоўнік медыйнага і кнігавыдавецкага прадпрыемства Святлана Ганцарэвіч:
— Мы заўсёды з задавальненнем рыхтуемся да прэзентацый на «Ракуцёўскім леце». Гэтаму спрыяе наша сталае супрацоўніцтва з Дзяржаўным музеем гісторыі беларускай літаратуры. Сёння мы прыехалі на свята беларускай паэзіі і прозы разам з пісьменнікамі Кацярынай Хадасевіч-Лісавой, Міхасём Пазняковым, Інай Фраловай, Валянцінай Драбышэўскай, Аленай Басікірскай. «Звязда» прадставіць усім гасцям, удзельнікам свята кнігі паэзіі і прозы, зборнікі казак, добрых вершаў для самага юнага чытача. Спадзяюся, што наш удзел паспрыяе аўтарытэту свята, нагадае пра нашу сістэмную ўвагу да мастацкай літаратуры на беларускай мове.
Дарэчы, зусім нядаўна ў Выдавецкім доме «Звязда» пабачыла свет кніга паэзіі Максіма Багдановіча «Цвяток радзімы васілька», укладзеная старшынёю секцыі паэзіі Саюза пісьменнікаў Беларусі Віктарам Шніпам.
Сяргей ШЫЧКО
Наводзіць парадак — з розумам.
Міжнародная спецыялізіваная выстаўка жыллёва-камунальнай гаспадаркі пройдзе ў Мінску.