Вы тут

Праверка на трываласць


На Гомельшчыне працягваецца пастаянны кантроль сітуацыі ў населеных пунктах, пацярпелых ад стыхіі. Дэпутаты Саветаў дэпутатаў усіх узроўняў, старшыні сельвыканкамаў працягваюць падамовыя абходы жыхароў на сваіх тэрыторыях: цікавяцца, чаго не хапае вяскоўцам, якая дапамога патрэбна. Уся сабраная інфармацыя перадаецца адказным службам. Асаблівая ўвага — пажылым людзям і сацыяльна ўразлівым катэгорыям грамадзян. Між тым дэпутаты дапамагаюць і фізічна — разам з вяскоўцамі добраўпарадкоўваюць населеныя пункты, сацыяльна значныя аб’екты, пацярпелыя ад урагану.


Дэпутат Стадоліцкага сельскага Савета дэпутатаў Ніна Прыбалавец на сустрэчы з вяскоўцамі

Дапамагалі адзін аднаму сем’ямі

«Згуртаваліся сусед з суседам, родныя, знаёмыя і вельмі дружна ўзяліся за справу», аб тым, як хутка самаарганізаваліся, пачалі ўстараняць наступствы стыхіі на сваіх падворках, выпраўляць тое, што натварыў ураган расказвае старшыня Мілашэвіцкага сельвыканкама Лельчыцкага раёна Галіна Гаўрылавец.

На тэрыторыі яе сельсавета два буйныя аграгарадкі — Мілашэвічы і Прыбалавічы. Усяго пражывае 1400 чалавек. Працуюць: дзве сярэднія школы, два дзіцячыя садкі, урачэбная амбулаторыя, два дамы культуры і два сельгаспрадпрыемствы.

— Шчыра ўдзячна жыхарам свайго сельсавета. У нас не было ніякай панікі, ніякай азлобленасці, — дадае Галіна Пятроўна. — Так, непагадзь добра праверыла на трываласць, што і казаць. Пашкодзіла дамы, агароджы, гаспадарчыя пабудовы, нашы сацыяльна значныя аб’екты, грамадскія могілкі.

На тэрыторыі сельсавета працуе Мілашэвіцкі лясгас, які аказаў вяскоўцам неацэнную дапамогу ва ўстараненні наступстваў стыхіі: выдзелілі тэхніку і людзей.

— На вёсцы мы прывычныя, што ваду можна набраць з калодзежаў, а вось узніклі, безумоўна, цяжкасці з-за таго, што працяглы час не было электрычнасці. Многія хваляваліся, бо ў сем’ях і маразільнікі поўныя, і прыпасы, якія хутка псуюцца. Зноў жа людзі адзін аднаго не забылі. Калі прывезлі генератары, згуртоўваліся, прыносілі прадукты на захоўванне, — патлумачыла Галіна Гаўрылавец.

Галіна Пятроўна распавяла, як дружна спрацавалі яе вяскоўцы і падчас рамонту дахаў сваіх дамоў. Дапамагалі адзін аднаму сем’ямі.

— Для людзей па заяўках прывозіла на дом шыфер з раёна будаўнічая арганізацыя. Каму патрэбны — у наяўнасці і ў нашай краме спажыўтаварыства, ёсць таксама дастаўка, — дадае старшыня сельвыканкама. — Людзі адзін аднаму значна дапамаглі і ў рамонце агароджаў, бо вельмі шмат пашкоджанняў такога плану ў нас было.

На тэрыторыі гэтага сельсавета, сапраўды, шмат дзе была неабходна дапамога. Каб навесці парадак пасля стыхіі на сацыяльна значных аб’ектах, неабходна была і тэхніка, і працоўныя рукі.

— На тэрыторыі Мілашэвіцкай сярэдняй школы ураган сарваў больш як сто лістоў шыферу. Дапамог аддзел адукацыі райвыканкама. Прывезлі матэрыялы, адрамантавалі ўсё аператыўна, бо ў школе амаль ўжо быў цалкам праведзены бягучы рамонт перад новым навучальным годам, і гэта было вельмі важна хутка устараніць нанесены будынку ўрон. Дзякуем і брыгадам энергетыкаў, якія прыязджалі да нас, бо было вельмі шмат парываў сетак. Прыязджалі да нас і супрацоўнікі Белдзяржстраха: наведвалі ўсіх жыхароў, правяралі страхавыя выплаты, і ўжо цяпер іх людзі атрымліваюць праз паштовыя аддзяленні сувязі, — звярнула ўвагу Галіна Гаўрылавец.

Работа працягваецца

Так пасля стыхіі паступова аднаўляецца адзін з найбольш пацярпелых — Лельчыцкі раён. У ліквідацыі наступстваў непагадзі тут актыўна прымаюць удзел ўсе дэпутаты сельскіх Саветаў дэпутатаў, райсавета.

— Урагану, падобнага таму, што абрынуўся на рэгіён 14 ліпеня, як кажуць нашы старажылы на вёсцы, сапраўды, і не згадаюць. У ліквідацыю наступстваў урагану ўключыліся актыўна усе, — падзякавала жыхарам свайго раёна старшыня Лельчыцкага раённага Савета дэпутатаў Таццяна Бяспалая.

Старшыня Лельчыцкага раённага Савета дэпутатаў Таццяна Бяспалая прымае ўдзел у ліквідацыі наступстваў стыхіі разам з ваеннаслужачымі з Мінска, Слуцка і Лунінца.

Ужо не аднойчы ў гэтыя дні лідар дэпутацкага корпусу раёна сама пераапранаецца ў рабочае і бярэцца дапамагаць у ліквідацыі наступстваў непагадзі. Напярэдадні Таццяна Адамаўна разам з супрацоўнікамі Лельчыцкага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, работнікамі камунальнай службы і вайскоўцамі выехалі наводзіць парадак на вясковых могілках у населеных пунктах Асенскія і Картынічы.

— Прыбіраюцца паваленыя дрэвы, аднаўляюцца зламаныя агароджы. Калі кожны асабістым удзелам робіць свой унёсак, тады і парадак наводзіцца хутчэй, — падкрэсліла Таццяна Бяспалая. — Сёння дапамога ў ліквідацыі наступстваў непагадзі працягваецца. Дэпутаты мясцовых Саветаў дэпутатаў усіх узроўняў аб’язджаюць пацярпелыя ад урагану населеныя пункты раёна, цікавяцца, чаго не хапае мясцовым жыхарам, якая патрэбна дапамога. Першачарговая ўвага — пажылым людзям, інвалідам, шматдзетным сем’ям і адзінокім грамадзянам. Акрамя таго раённая вертыкаль, мясцовая ўлада на вёсцы, дэпутаты, сацыяльныя работнікі, прадстаўнікі працоўных калектываў працягваюць інфармаваць людзей, як ідзе ліквідацыя наступстваў стыхіі, што робіцца для гэтага ў раёне, — дадала старшыня райсавета дэпутатаў.

Дэпутат Лельчыцкага раённага Савета дэпутатаў Людміла Андрыеўская і супрацоўнікі тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва аказалі дапамогу вяскоўцам з аграгарадка Дуброва.

 

— Сустракаемся з людзьмі, імкнёмся быць з імі заўжды ў цяжкую хвіліну. Разам наводзім парадак на тэрыторыі сельсавета, на могілках і ў лесе. Шмат зроблена, і спагадлівыя аднавяскоўцы ў гэтым вельмі дапамаглі, за што ім асобная падзяка, — падзялілася дэпутат Стадоліцкага сельскага Савета дэпутатаў Ніна Прыбалавец.

Дэпутат Бараўскога сельскага Савета дэпутатаў Рыгор Барысавец распавёў, як на іх тэрыторыі працягваюць працу па ліквідацыі наступстваў стыхіі. Ён разам з работнікамі Бараўской сярэдняй школы шчыра ўзяліся за працу на сацыяльна значным для вяскоўцаў аб’екце.

Дэпутат Бараўскога сельскага Савета дэпутатаў Рыгор Барысавец.

— На тэрыторыі школы былі павалены 32 дрэвы, пашкоджана 10 квадратных метраў даху, знішчана 30 метраў агароджы. Ніхто з работнікаў школы не застаецца ўбаку. Усе разам узяліся за ўборку. У чарговы раз выказваю падзяку ўсім, хто прымаў і прымае ўдзел у найцяжэйшай працы па ліквідацыі наступстваў стыхіі, — гаворыць Рыгор Барысавец.

«Дзякуй, дзеткі»

Як звяртаюць увагу ў раёне, ліквідацыя наступстваў стыхіі на грамадскіх могілках і памятных месцах — цяпер адна з важных задач па ліквідацыі нанесенага ўрону. Адразу пасля здарэння жыхары населеных пунктаў былі заклапочаны, як давядзецца расчышчаць ад буралому месцы пахавання. Хтосьці змог прывесці ў парадак магілкі родных сваімі сіламі, але ў пераважнай большасці выпадкаў — неабходна была дапамога спецыялістаў. Да таго ж многія састарэлыя людзі не ў сілах справіцца з разборам буралому на пахаваннях, а да некаторых магіл увогуле ўжо няма і каму прыязджаць.

У населеных пунктах Лельчыцкага раёна да навядзення парадку на грамадскіх могілках падключыліся добраахвотнікі, працаўнікі прадпрыемстваў і арганізацый, вайскоўцы і ўсе неабыякавыя людзі. Адны з тых, хто падтрымаў акцыю — супрацоўнікі Тонежскай базавай школы і актывісты БРСМ, якія ўзяліся за навядзенне парадку на могілках у аграгарадку Тонеж. «Дзякуй, дзеткі», — толькі словы ўдзячнасці састарэлыя вяскоўцы перадаюць добраахвотным рупліўцам.

Прафсаюзны актыў Лельчыцкай раённай арганізацыі работнікаў адукацыі і навукі зладжана папрацаваў на ўборцы могілак ў Лельчыцах. У аграгарадку Баравое Лельчыцкага раёна арганізавалі аднаўленчыя работы на могілках. Выйшлі працоўныя брыгады, у складзе якіх вайскоўцы.

І ў іншых раёнах Гомельшчыны непагадзь навяла свой бязлітасны «парадак» на месцах грамадзянскіх пахаванняў. Ад урагану ў рэгіёне ў цэлым пацярпела 912 могілак. Высокія аварыйныя дрэвы прыбіраюць спецтэхнікай, задзейнічаны прамысловыя альпіністы. На раніцу панядзелка 29 ліпеня каля 500 могілак былі ўжо ўпарадкаваны. Дапамагаюць ў гэтай справе не толькі камунальныя службы раёнаў, але і супрацоўнікі лясгасаў, МНС, калектывы прадпрыемстваў, актывісты грамадскіх аб’яднанняў, дэпутаты, вайскоўцы і праваахоўнікі, моладзь.

Вайскоўцы 336 рэактыўнай артылерыйскай брыгады падключыліся да навядзення парадку ў Мазырскім раёне. Іх працоўны дэсант расчысціў ад паваленых дрэў месца пахавання ў аграгарадку Прудок. У Добрушы прыйшлі на дапамогу актывісты раённай арганізацыі ГА «Белая Русь». Выкарчаваныя дрэвы, заваленыя бураломам праходы паміж пахаваннямі, пашкоджаныя агароджы магіл: з такой «карцінай» на грамадскіх могілках «Лядцы» не захацелі мірыцца жыхары Добрушчыны. Значную работу па расчыстцы тэрыторыі правялі работнікі камунальнай службы, але каб справіцца з усім аб’ёмам аднаўленчых работ, дадатковыя працоўныя рукі былі вельмі дарэчы.

— Як неабыякавыя да роднага горада і яго жыхароў людзі, мы вырашылі дапамагчы, — падзяліліся актывісты, якія згуртаваліся на працу ў каманду з 12 чалавек.

Пашкоджаныя агароджы могілак, помнікі, крыжы, зламаныя дрэвы і галіны... У Гомелі неабыякавыя гараджане ўзялі на сябе значны аб’ём работ на могілках у Асаўцах. Яшчэ раней службы Гомельскага спецыялізаванага камбіната і супрацоўнікі МНС распілавалі пашкоджаныя і зламаныя дрэвы. Падчас акцыі добраахвотнікі расчысцілі тэрыторыю могілак і прылеглую частку.

Ва ўсіх пацярпелых раёнах Гомельскай вобласці — у ліку актыўных добраахвотных памочнікаў ліквідацыі наступстваў стыхіі — супрацоўнікі праваахоўных органаў рэгіёна. Яны забяспечваюць правапарадак на пацярпелых тэрыторыях і расчышчаюць ад буралому тэрыторыі населеных пунктаў. Праваахоўнікі дапамагаюць з аднаўленчымі работамі як арганізацыям, так і мясцовым жыхарам: ладзяць агароджы, убіраюць паваленыя дрэвы на прысядзібных участках, месцах агульнага карыстання, могілках.

Наталля КАПРЫЛЕНКА, 

Лельчыцкай раённай газеты «Светлае жыццё»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Чым парадуе «Наш дом»?

Чым парадуе «Наш дом»?

Міжнародная спецыялізіваная выстаўка жыллёва-камунальнай гаспадаркі пройдзе ў Мінску.