З 1 жніўня вырастуць памеры дапамог па догляду дзіцяці ва ўзросце да трох гадоў і іншыя дапамогі на дзяцей, а таксама даплаты да пенсій, дапамогі па догляду інваліда І групы або асобы, якая дасягнула 80-гадовага ўзросту, сацыяльныя пенсіі.
Як паведамілі ў Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны, з 1 жніўня змяняюцца памеры дапамог па догляду дзіцяці ва ўзросце да трох гадоў, якія разлічваюцца зыходзячы з сярэднямесячнай заработнай платы работнікаў у краіне за ІІ квартал 2024 года (СЗП).
Такім чынам, з 1 жніўня памеры дапамогі па догляду дзіцяці ва ўзросце да трох гадоў будуць павялічаны на 7,3 працэнта.
Дапамога на першае дзіця павялічыцца на 53 рублі і складзе 777,81 рубля (35% СЗП). На другога і наступных дзяцей дапамога вырасце на 60,5 рубля да 888,92 рубля (40% СЗП). На дзіця-інваліда павышэнне складзе 68,1 рубля, дапамога будзе выплачвацца ў памеры 1 000,04 рубля (45% СЗП).
У такіх памерах дапамога па догляду дзіцяці да трох гадоў будзе дзейнічаць з 1 жніўня 2024 года па 31 студзеня 2025 года.
Акрамя таго, з 1 жніўня 2024 года павялічваецца памер бюджэту пражытачнага мінімуму. Новы памер БПМ будзе дзейнічаць да 31 кастрычніка бягучага года.
БПМ у сярэднім на душу насельніцтва ў параўнанні з яго значэннем, устаноўленым з 1 мая, павялічыцца на 3,4% і складзе 433 рублі. Для працаздольнага насельніцтва БПМ разлічаны ў памеры 462,26 рубля, пенсіянераў — 314,13 рубля, дзяцей да трох гадоў — 273,78 рубля, дзяцей ад трох да шасці гадоў — 365,55 рубля, дзяцей ад шасці да 18 гадоў — 428,23 рубля.
У сувязі са змяненнем БПМ аўтаматычна пераглядаюцца ўбудаваныя ў сістэму сацыяльнай абароны розныя надбаўкі і павышэнні, а таксама асобныя сацыяльныя выплаты, якія вылічаюцца ад памеру БПМ. Гэта памеры дзяржаўных дапамог сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей, даплаты да пенсій, дапамогі па догляду інваліда І групы або асобы, якая дасягнула 80-гадовага ўзросту, а таксама сацыяльныя пенсіі.
Апошняя ў жніўні вырасце да 216,5 рубля (цяпер 209,37 рубля). Сацыяльная пенсія інвалідам І групы , у тым ліку інвалідам з дзяцінства, складзе 476,3 рубля (460,6 рубля цяпер), інвалідам з дзяцінства ІІ групы — 411,35 рубля (497,79 рубля), інвалідам другой групы (акрамя інвалідаў з дзяцінства), дзецям у выпадку страты кармільца — 368,05 рубля (355,92 рубля).
Узроставыя даплаты да пенсій атрымліваюць больш за 527 тысяч чалавек ва ўзросце 75 гадоў і старэй. Памер гэтых выплат павялічыцца на 3,4% і для асоб ва ўзросце 75 −79 гадоў складзе 81,19 рубля, 80 гадоў і старэй (з улікам надбаўкі на догляд) — 162,38 рубля, а пры наяўнасці інваліднасці І групы — 216,5 рубля.
Выдаткі на «ўзроставыя даплаты» ў 2024 годзе складуць, па папярэдняй ацэнцы, 790 мільёнаў рублёў.
З 1 жніўня на 3,4 працэнта павялічваюцца і памеры дзяржаўнай дапамогі сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей. Гэта датычыцца выплат, якія вылічаюцца з БПМ.
Такім чынам, са жніўня па 31 кастрычніка бягучага года дапамога ў сувязі з нараджэннем дзіцяці (аднаразовая) пры нараджэнні першага дзіцяці будзе складаць 10 БПМ, або 4330 рублёў, пры нараджэнні другога і наступных дзяцей — 14 БПМ, або 6062 рублі. Дапамога жанчынам, якія сталі на ўлік у арганізацыях аховы здароўя да 12-тыднёвага тэрміну цяжарнасці (аднаразовая) будзе выплачана ў памеры 100% БПМ, або 433 рублі. Сем’і, якія выхоўваюць дзяцей ва ўзросце ад 3 да 18 гадоў, калі маецца і дзіця ва ўзросце да 3 гадоў, могуць разлічваць на штомесячную дапамогу ў 50% БПМ, або 216,5 рубля.
Дапамога на дзяцей, старэйшых за тры гады, з асобных катэгорый сем’яў, прадугледжаных заканадаўствам (штомесячная) (акрамя дзіцяці-інваліда), складзе 50% БПМ або 216,5 рубля, на дзіця-інваліда, старэйшага за тры гады — 70% БПМ, або 303,1 рубля.
Штомесячная дапамога па догляду дзіцяці-інваліда з І і ІІ ступенню страты здароўя да спаўнення дзіцяці 18 гадоў і з ІІІ і ІV ступенню страты здароўя да спаўнення дзіцяці ўзросту трох гадоў складзе 100% БПМ, або 433 рублі, з ІІІ і ІV ступенню страты здароўя пасля спаўнення дзіцяці ўзросту трох гадоў — 120% БПМ, або 519 рублёў. Штомесячная дапамога на дзяцей ва ўзросце да 18 гадоў, інфіцыраваных вірусам імунадэфіцыту чалавека, будзе выплачвацца ў памеры 70% БПМ, або 303,1 рубля.
Дапамогамі, якія вызначаюцца БПМ, у краіне ахоплена больш за 169 тысяч дзяцей.
Алена КРАВЕЦ
«Наш слоган — „У нагу з часам“».
«Я натхнялася творчасцю беларускіх бабуль...»
Супрацоўнікі Мінпрыроды расказалі, якая карысць ад дрэў у горадзе.