Вы тут

Мінскзелянбуд адзначыў юбілей


На працягу вось ужо 90 гадоў УП «Мінскзелянбуд» займаецца азеляненнем і добраўпарадкаваннем сталіцы Беларусі. За сваю доўгую гісторыю прадпрыемства прайшло вялікі шлях і сёння з’яўляецца лідарам у сваёй сферы, а згуртаваны калектыў, які склаўся за доўгія гады, штодзень пацвярджае сваю высокую кваліфікацыю. Карэспандэнты «Звязды» даведаліся, з якімі вынікамі калектыў прадпрыемства сустракае чарговы юбілей.


Лошыцкі сядзібна-паркавы комплекс.

«Вынік за 90 гадоў нашай работы падводзім не мы, а жыхары, — заўважыў генеральны дырэктар «Мінскзелянбуда» Аляксандр Ермаловіч. — Калі ўпрыгожваем горад, а гэта ўсім падабаецца, значыць мы працуем нездарма. Калі мінчане прывыклі жыць у камфортным і ўтульным горадзе, то госці сталіцы дзівяцца і радуюцца прыгажосці, эксклюзіўнасці нашых кветкавых кампазіцый. З году ў год мы нешта дадаём, многае ўжо зроблена, але яшчэ больш нас чакае наперадзе».

Генеральны дырэктар «Мінскзелянбуда» Аляксандр Ермаловіч.

Генеральны дырэктар адзначыў, што 90-годдзе — гэта ўзрост сталасці. Час не стаіць на месцы, як і прадпрыемства. Таму калектыў смела глядзіць у будучыню і ідзе да новых вяршынь.

Парк Перамогі.

Сучаснае аблічча Мінска немагчыма ўявіць без яго дагледжаных паркаў і ўтульных сквераў. «Супрацоўнікі нашага прадпрыемства штодня выконваюць работы рознага характару, — сказала намеснік генеральнага дырэктара Мінскзелянбуда па добраўпарадкаванні і ўтрыманні аб’ектаў зялёнай гаспадаркі Кацярына Кароткіна. — Мы займаемся і добраўпарадкаваннем тэрыторыі, і кветкавым афармленнем, і высадкай драўняна-хмызняковых насаджэнняў. Калектыў прадпрыемства таксама выконвае бягучыя рамонтныя работы аб’ектаў. Акрамя таго, у нас ёсць даччынае прадпрыемства — гадавальнік «Броўкі», дзе вырошчваюцца драўняна-хмызняковыя насаджэнні. Два гады таму мы пачалі вытворчасць шматгадовых кветкавых раслін. Таксама тут вырошчваюць рулонную дзярніну».

Акрамя гэтага, у склад УП «Мінскзелянбуд» уваходзіць прадпрыемства «Мінская лесапаркавая гаспадарка», якое абслугоўвае лясныя масівы ў межах горада. «У структуру УП «Гарадскія паркі Мінскзелянбуду» ўваходзяць Парк Горкага, Парк Чалюскінцаў, парк 900-годдзя, парк 50-годдзя Кастрычніка. Зусім нядаўна адкрылі і парк Уга Чавеса», — дапоўніла намеснік гендырэктара.

Мінск можа ганарыцца сваім азеляненнем — лічыць міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Сяргей Масляк. «На працягу досыць доўгага перыяду свайго працоўнага шляху на розных этапах я працаваў намеснікам дырэктара па добраўпарадкаванні «Зелянбуду Заводскага раёна», некаторы час узначальваў «Зелянбуд Першамайскага раёна». Гэта сапраўды няпростая праца. За доўгі перыяд існавання арганізацыя зрабіла многае для горада і Беларусі. Калі ўспомніць статыстычныя лічбы 2023 года, то ў краіне было высаджана 347 тысяч дрэў, з якіх 12-13 працэнтаў належыць Мінску. Тады высадзілі каля 500 тысяч кустоў, з іх 68 працэнтаў — у сталіцы. Летась было высаджана 20 мільёнаў кветак, палова з якіх — у Мінску, што сведчыць: сёння мясцовыя органы ўлады, Мінскі гарвыканкам аддаюць гэтаму дастаткова сур’ёзную ўвагу, сюды ўкладваецца вялікае фінансаванне. Ацаніць гэтую працу могуць як грамадзяне, так і нашы госці. Сёння чысціня і добраўпарадкаванне немагчымыя без азелянення, бо гэтага — сапраўдны трэнд», — сказаў міністр. Ён павіншаваў прадпрыемства з круглай датай і пажадаў калектыву здароўя, прадпрыемству — далейшага развіцця. 

Міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Сяргей Масляк.

Сяргей Масляк распавёў пра цікавы паказчык — нарматыў азелянення гарадоў: «У нашай сталіцы гэты паказчык складае 43 працэнты. Напрыклад, калі ўзяць Берлін (Германія), там усяго 30 працэнтаў, у Стакгольме (Швецыя) — 39 працэнтаў. Мы можам па праве ганарыцца тым, што Мінск — самая азелянёная сталіца на ўсёй постсавецкай прасторы».

«Мне таксама пуцёўку ў жыццё даў «Мінскзелянбуд», — падзяліўся першы намеснік міністра спорту і турызму Аляксандр Дараховіч. — 13 ліпеня 2004 года, роўна 20 гадоў таму, я прыйшоў працаваць у «Мінскзелянбуд». Я магу з упэўненасцю сказаць, што тут работаюць самыя адказныя і працавітыя людзі».

Добраўпарадкаванне каля Палаца Рэспублікі.

Віноўнікаў урачыстасці чакала канцэртная праграма са шматлікімі віншаваннямі і ўзнагароджаннямі. У малой зале Палаца Рэспублікі прысутнічалі таксама 40 ветэранаў прадпрыемства і пяць былых генеральных дырэктараў. На цырымонію прыехалі прадстаўнікі органаў улады сталіцы.

«Жыхары і госці горада пастаянна ацэньваюць чысціню нашых вуліц. Асаблівасць такога эфекту ў тым, што ў «Мінскзелянбудзе» 70 працэнтаў супрацоўнікаў — жанчыны, — адзначыў старшыня Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў Арцём Цуран. — Тое, з якім вопытам, скрупулёзнасцю, уважлівасцю яны падыходзяць да свайго жылля (а горад Мінск — гэта наш агульны дом), і дае такі вынік. «Мінскзелянбуд» — адзін са слупоў гарадскіх камунальных службаў, на якім трымаецца не толькі «зялёная» гаспадарка, але і будаўніцтва ў многіх кірунках. Добраўпарадкаванне аб’ектаў, якія з’яўляюцца ў сталіцы, ляжыць на плячах гэтага прадпрыемства. Усе паркі, зоны адпачынку, новыя атракцыёны — гэта таксама адказнасць «Мінскзелянбуду», з якой яны выдатна спраўляюцца. Калектыў прадпрыемства стварае лакацыі, якія жыхары любяць і наведваюць з задавальненнем».

Старшыня Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў Арцем Цуран.

Супрацоўнікі арганізацыі — гэта прафесіяналы. Спецыялісты прадпрыемства любяць сваю працу, уносяць значны ўклад у фарміраванне станоўчага іміджу горада.

«Унітарнае прадпрыемства «Мінскзелянбуд» працягвае дынамічна развівацца, нягледзячы на свой вялікі ўзрост, — акцэнтаваў намеснік старшыні Мінскага гарвыканкама Алег Корзун. — Дзякуючы гэтай арганізацыі наш горад зялёны, ён увесь патанае ў кветках. Дзякуючы «Мінскзелянбуду» ў нас адкрываюцца новыя зоны адпачынку. Мы бачым, што ў Мінску на гэты момант ужо 54 такія месцы».

Намеснік старшыні Мінгарвыканкама Алег Корзун.

90 гадоў — яшчэ і свята некалькіх пакаленняў людзей. Пра гэта расказаў намеснік міністра жыллёва-камунальнай гаспадаркі Андрэй Рамашка. Ён перадаў словы віншавання міністра ЖКГ Генадзя Турбіна: «Сёння «Мінскзелянбуд» з’яўляецца найбуйнейшай у краіне арганізацыяй па азеляненні і добраўпарадкаванні. Выконваючы работы з прымяненнем перадавых тэхналогій, найноўшых будаўнічых матэрыялаў, разнастайнага фасадачнага матэрыялу, арганізацыя задае высокі ўзровень для ўсіх рэгіёнаў рэспублікі. Прадпрыемства пастаянна ўкараняе сучасныя прыёмы па азеляненні, найноўшыя тэхналогіі па кіраванні і абслугоўванні атракцыёнаў, фантанаў, мадэрнізуе паркі і скверы, пры гэтым максімальна захоўваючы існуючыя зялёныя насаджэнні, выключыўшы іх неабгрунтаванае выдаленне. Выконваецца значны комплекс работ па развіцці зялёнай сістэмы сталіцы. Новыя паркі, такія як парк імя Паўлава, Уга Чавеса, Цівалі, Лошыцкі, пасля маштабнай рэканструкцыі не толькі ўпрыгожваюць горад, узбагачаюць яго архітэктуру, але і спрыяюць стварэнню ў ім здаровых умоў для жыцця».

Намеснік міністра жыллёва-камунальнай гаспадаркі Андрэй Рамашка ўзнагароджвае генеральнага дырэктара «Мінскзелянбуда» Аляксандра Ермаловіча.

2024 год абвешчаны Годам якасці. Гэта нагадвае пра важнасць дасягнення высокіх стандартаў ва ўсім, магчымасць для кожнага праявіць сябе з найлепшага боку, паказаць свае самыя лепшыя якасці. І высокія ўзнагароды для супрацоўнікаў прадпрыемства — яркае пацвярджэнне высокай якасці іх працы. Падзяку ў выглядзе ганаровых грамат і нагрудных знакаў «Ганаровы работнік жылёва-камунальнай гаспадаркі» атрымалі 60 супрацоўнікаў.

Азеляненне тэрыторыі па вуліцы Леніна.

Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ

Фота Кацярыны УРБАН

Выбар рэдакцыі

Спорт

Фантастычнае шоу прайшло ў «Мінск-арэне»

Фантастычнае шоу прайшло ў «Мінск-арэне»

Час любіць, памятаць, ствараць і... перамагаць.

Грамадства

Плацяжы за «камуналку»: ёсць нюансы

Плацяжы за «камуналку»: ёсць нюансы

Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.