Жыхары вёскі Раманавічы Гомельскага раёна сваімі сіламі абнавілі памятны знак землякам, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, а таксама добраўпарадкавалі прылеглую тэрыторыю знакавага месца памяці.
Вяскоўцаў натхніў на гэту ініцыятыву прыклад жыхароў населеных пунктаў іх Улукаўскага сельсавета. Актывісты Улукаўя, Перамогі, Іпуці, Бярозак не так даўно правялі маштабную работу па адкрыцці ў аграгарадку Улукаўе памятнага знака землякам, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Ініцыятыўная група жыхароў сельсавета пры падтрымцы Улукаўскага сельвыканкама і аддзела культуры райвыканкама падрыхтавала праект грамадзянскіх ініцыятыў. Ён увайшоў у лік пераможцаў конкурсу грамадзянскіх ініцыятыў Гомельскай абласной асацыяцыі мясцовых Саветаў дэпутатаў. З абласнога бюджэту на рэалізацыю ініцыятывы было выдзелена 10 тысяч рублёў. Дзесяць працэнтаў ад сумы, неабходнай на ўвасабленне ідэі ў жыццё, сабралі самі вяскоўцы. Падключыліся да збору таксама прадпрыемствы, арганізацыі раёна, індывідуальныя прадпрымальнікі.
Ацаніўшы справу, за якую ўзяліся вяскоўцы Улукаўскага сельсавета, жыхары вёскі Раманавічы вырашылі добраўпарадкаваць існуючы ў іх населеным пункце памятны знак і прылеглую тэрыторыю сваімі сіламі. За справу ўзялася ініцыятыўная група вяскоўцаў: Таццяна Кавалёва, Ніна Помазава, Ала Саламыкіна, Святлана Сецкая і Святлана Бельская. Жанчыны займаліся арганізацыйнымі пытаннямі і аднаўленчымі работамі. Падтрымала вяскоўцаў у добрай справе і дэпутат Гомельскага раённага Савета дэпутатаў, загадчык Раманавіцкага фельчарска-акушэрскага пункта Марыя Чуйкова.
Як распавяла дэпутат, жыхары Раманавічаў правялі суботнік, прыбралі хмызняковую расліннасць, якая закрывала пліты з імёнамі загінулых. Вяскоўцы добраўпарадкавалі клумбы, дзе высадзілі кусты руж. У аднаўленні меў патрэбу і сам памятны знак. Яго ўмацавалі цэментам і пафарбавалі. Аднавілі фарбамі і надпісы на мемарыяльных плітах. Гэтую частку работы ўзяла на сябе жыхарка Раманавічаў Яўгенія Туркова. Аднавілі вяскоўцы падчас добраўпарадкавання і памятную дошку ў гонар ураджэнца пасёлка Ільіч — Героя Савецкага Саюза Міхаіла Семянцова, які загінуў у 1945 годзе.
Дэпутат райсавета, загадчык Раманавіцкага фельчарска-акушэрскага пункта Марыя Чуйкова заўважыла, што жыхары Раманавічаў вельмі ўдзячныя за дапамогу ў ажыццяўленні патрыятычнай справы жыхарам мікрараёна «Раманавічы» Гомеля, а таксама прыхаджанам храма свяціцеля Мікалая Цудатворца ў Раманавічах. Так, шмат неабыякавых людзей дапамагалі і фінансава, і фізічна ва ўвасабленні ў жыццё ініцыятывы: працавалі на суботніку, дапамагалі падчас аднаўленчых работ і добраўпарадкавання тэрыторыі вакол памятнага знака.
— Асаблівую падзяку выказваем савету ветэранаў Камуністычнай партыі Беларусі Чыгуначнага раёна Гомеля, а таксама асабіста нашаму земляку Віталю Мельнікаву, які ўваходзіць у склад гэтай арганізацыі. Яны закупілі новую плітку і выклалі пляцоўку і дарожку да помніка, замянілі старую агароджу на новую жалезабетонную. Так памятны знак і прылеглая тэрыторыя, сапраўды, значна змяніліся, — ад сябе асабіста і вяскоўцаў падзякавала за падтрымку дэпутат.
У Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь і 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў каля абноўленага помніка у Раманавічах прайшоў урачысты мітынг. Яго ўдзельнікі адзначалі, што значэнне ўвасобленай ў жыццё ініцыятывы вяскоўцаў цяжка пераацаніць. Пліты памятнага знака захоўваюць прозвішчы карэнных жыхароў Раманавічаў, герояў-франтавікоў, памяць пра іх вельмі важна захаваць будучым пакаленням.
— Работа па падтрымцы ў належным стане помнікаў і брацкіх пахаванняў на тэрыторыі сельсавета праводзіцца на сталай аснове. Праведзены капітальны рамонт брацкага пахавання ў аграгарадку Улукаўе, праведзены бягучыя рамонты ўсіх памятных знакаў і брацкіх пахаванняў у іншых населеных пунктах. Але вельмі прыемна, калі ініцыятыва добраўпарадкавання знакавага памятнага месца ідзе ад саміх жыхароў сельсавета. У Раманавічах людзі зрабілі добрую справу талакой, вынік вельмі радуе, — падкрэсліла старшыня Улукаўскага сельскага Савета дэпутатаў Гомельскага раёна Жанна Бізня.
Наталля КАПРЫЛЕНКА
Фота Улукаўскага сельвыканкама Гомельскага раёна
Ён прапаноўвае грамадска-палітычны відэакантэнт, галоўныя навіны і ўсе тэлеканалы анлайн.
Восеньскія сельскагаспадарчыя кірмашы — абавязковы атрыбут восені.