Вы тут

Краіна чакае прафесіяналаў


Уступная кампанія ва ўстановы вышэйшай адукацыі Беларусі завяршаецца. Па асобных спецыяльнасцях унутраныя экзамены працягнуцца па 25 ліпеня — абітурыенты здаюць творчыя іспыты, выконваюць заданні па малюнку, нарматывы фізпадрыхтоўкі і г. д. 22 ліпеня, па трох сертыфікатах ЦЭ/ЦТ, шчасліўчыкі ўжо ўбачылі свае прозвішчы ў спісе залічаных, 26-га такі ж спіс з’явіцца і для тых, хто здаваў унутраныя іспыты. ВНУ тым часам пачалі падводзіць вынікі прыёмнай кампаніі. Канчатковая статыстыка вымалюецца пазней. Але ўжо сёння можна зрабіць папярэдні агульны каментарый і ацаніць ход уступнай кампаніі 2024 года, аб чым мы і папрасілі намесніка старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі па адукацыі, культуры і навуцы, доктара гістарычных навук, дацэнта Вячаслава Даніловіча.


Фота pexels.com

— Усе этапы ўступнай кампаніі, якія ўжо прайшлі — цэнтралізаваныя іспыт і тэсціраванне, уступныя экзамены — сведчаць аб яе якаснай падрыхтоўцы і правядзенні як з боку адпаведных органаў, так і ўстаноў вышэйшай адукацыі. Адметная рыса цяперашняй уступнай — яна праходзіць ва ўмовах кропкавых карэкціровак, якія былі прыўнесены яшчэ ў снежні 2023 года Указам Прэзідэнта Беларусі і накіраваны на забеспячэнне роўных, празрыстых магчымасцяў для абітурыентаў і забеспячэнне ўпарадкавання мэтавага набору. Карэкціроўкі далі дадатковыя магчымасці паступлення ў нашы ВНУ адоранай таленавітай моладзі. Калі казаць у цэлым, гэта зрабіла аб’ектыўнасць ацэнкі ведаў яшчэ больш высокай і дакладнай.

— Першымі студэнтамі ВНУ сталі абітурыенты, якія паступалі па мэтавым прызначэнні. Каго найбольш за ўсіх там чакалі?

— Будучых медыкаў, педагогаў, інжынераў. І чаканні апраўдаліся — толькі ў Беларускі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт прынята 673 чалавекі, Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя М. Танка прыняў 289 чалавек, значнай колькасцю будучых інжынераў (266 чалавек) папоўніўся Беларускі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт. І гэта толькі ў вядучых сталічных ВНУ.

Гэта значыць — усё ў свой час было зроблена правільна і прадумана. Сёлета абітурыенты з мэтавымі дагаворамі атрымалі дадатковыя магчымасці і опцыі пры паступленні ў выбраныя імі ВНУ. Упарадкавана практыка мэтавага набору. Міністэрствам адукацыі створаны і зарэгістраваны рэестр заявак на мэтавую падрыхтоўку ад органаў і арганізацый, якія дзейнічаюць на тэрыторыі нашай краіны. Прыёмная кампанія на гэтую траекторыю праходзіла асобна ад агульнай. А этапы ўступнай кампаніі былі спланаваны так, каб маладыя людзі, якія не пройдуць на мэтавыя месцы, змаглі б удзельнічаць у агульным конкурсе, атрымаўшы магчымасць паступіць на бюджэтнае ці платнае навучанне. Пераможцы міжнародных, рэспубліканскіх і абласных алімпіяд, медалісты і ўладальнікі чырвоных дыпломаў каледжаў, выпускнікі Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарку і ліцэяў ВНУ таксама атрымалі важкія дадатковыя опцыі пры паступленні.

— Дзесяцікласнікі — гэта ўжо не дзеці, але яшчэ і не дарослыя людзі. Як вы лічыце, іх выбар арганізацыі, спецыяльнасці, па якой яны збіраюцца навучацца па мэтавай траекторыі, дастаткова сталы, ці, будзем шчырымі, яны выкарыстоўваюць такую магчымасць, каб гарантавана паступіць у ВНУ?

— Адна з мэт дадзенай траекторыі навучання якраз і заключаецца ў тым, каб моладзь мела магчымасць вызначыцца са сваёй будучыняй як мага раней. Такую магчымасць, дарэчы, дае і навучанне ў профільных класах, выпускнікі якіх пры выкананні пэўных умоў — адзнацы па профільным прадмеце не ніжэй за 8 і агульны бал атэстата не ніжэй за 7 — могуць паступіць у профільныя ВНУ на адпаведныя спецыяльнасці на льготных умовах.

Яшчэ адзін важны аргумент: неабходна пераламаць тую тэндэнцыю, калі мы рыхтуем спецыялістаў па прынцыпе «абы рыхтаваць». Яны павінны быць запатрабаваны. А самы яркі паказчык запатрабаванасці — мэтавая падрыхтоўка. Што датычыцца выкарыстання такой магчымасці, каб гарантавана паступіць ва ўніверсітэт, — перш чым падумаць пра такое, малады чалавек павінен уважліва пазнаёміцца з умовамі дагавора, дзе ўсё агаворана, у тым ліку і сітуацыя яго невыканання суіскальнікам. Наступствы сур’ёзныя. Акрамя таго, на гэтым этапе праходзіць сумоўе, па выніках якога заказчык і прымае адпаведнае рашэнне. А на этапе паступлення ў ВНУ для гэтай катэгорыі абітурыентаў уведзена абмежаванне, у выніку якога 20 працэнтаў бюджэтных месцаў (10 працэнтаў у медыцынскіх ВНУ) прызначаны толькі для паступаючых на агульных падставах, і гэтыя месцы мэтавікі не змогуць заняць.

Адной з галоўных пераваг мэтавага навучання таксама з’яўляецца гарантаванае месца працы і індывідуалізацыя працэсу навучання. Гэта значыць, сваю будучую спецыяльнасць студэнт можа вывучаць не толькі ў працэсе тэарэтычных спазнанняў — з пачатку навучання ён уключаецца ў працоўны працэс, праходзіць у арганізацыі практыку і абараняе дыплом па тэме, якая цікавая гэтай арганізацыі. У выніку туды прыходзіць не проста выпускнік ВНУ, а спецыяліст, якога ўжо не трэба вучыць вытворчым асновам.

— Адной з прывабных для абітурыентаў і актуальнай для эканомікі краіны траекторыяй з’яўляецца паступленне на найбольш запатрабаваныя сёння спецыяльнасці...

— Як вядома, сёлета на тры тысячы павялічана колькасць набору на бюджэтныя месцы, дарэчы, на платнае навучанне — наадварот, скарацілася. Дадатковы набор на гэтыя месцы ажыццяўляўся менавіта па запатрабаваных спецыяльнасцях. Гэта, як я ўжо казаў вышэй, інжынеры, медыкі, педагогі. Гэта аграрыі, работнікі сацыяльнай сферы і іншыя. У бягучым годзе пералік такіх спецыяльнасцяў павялічыўся на 16 і складае 69 пазіцый.

— 2024 год адкрыў новыя магчымасці і для паступаючых у рэгіянальныя ВНУ. Якія яны?

— «Зялёнае святло» атрымалі медалісты, пераможцы алімпіяд рэгіянальных універсітэтаў, выпускнікі профільных класаў. Што гэта дасць у далейшым? Рацыянальна прадуманае размеркаванне кадраў. Мы адыдзем ад сітуацыі, калі кваліфікаваныя спецыялісты канцэнтруюцца ў сталіцы. Рэгіёны ў іх таксама маюць вострую патрэбу. І яны такіх спецыялістаў з часам атрымаюць.

Алена ВІНАГРАДАВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Чым парадуе «Наш дом»?

Чым парадуе «Наш дом»?

Міжнародная спецыялізіваная выстаўка жыллёва-камунальнай гаспадаркі пройдзе ў Мінску.