Вы тут

Пластычны спектакль «Шынель»: не наўпрост, а праз уяўленне


Напэўна, нічога такога Мікалай Васільевіч Гогаль не меў на ўвазе. У яго героя Акакія Акакіевіча шынель як сімвал самавітасці, пэўнага чалавечага дасягнення, пры страце якога яго жыццё наогул спыняецца. Але ў пластычным спектаклі «Шынель», прэм’ера якога адбылася ў Беларускім дзяржаўным маладзёжным тэатры напрыканцы сезона, гэты прадмет вопраткі абыгрываецца з розных пунктаў гледжання з пазіцый нашага часу, і ў залежнасці ад таго, хто сядзіць у зале, набывае варыянты ўспрымання.


Гогаль, відаць, моцна б здзівіўся: яго аповесць з нетаропкім і размераным апавяданнем, красамоўнымі дэталямі і тлумачэннямі розных абставін і сітуацый, у якія трапляе герой, загучала вельмі дынамічна — бо усё, што адбываецца, нам паказваюць без адзінага слова, выключна праз рухі і пад музыку, якая стварае пэўны настрой. Адсюль і ўмоўнасць з якой успрымаецца дзеянне — нават у частцы сюжэта: у спектаклі без словаў кожны глядач фактычна будзе яго выбудоўваць сам.

Вядома, гогалеўскі «Шынель» — толькі падстава для размовы, нездарма пазначана «па матывах». Кірыл Балтрукоў, які выступіў харэографам-пастаноўшчыкам спектакля на малой сцэне Беларускага дзяржаўнага маладзёжнага тэатра, не ствараў літаратурную пастаноўку, дзе ўсё ідзе дакладна па сюжэце, дзе абазначаны (і маюць сваю характарыстыку) і пазнавальныя ўсе героі, дзе ўзноўленыя і прайграныя ў драматычным ключы сітуацыі, у якія яны трапляюць. Зрэшты, пры жаданні, захоплены чытач і аматар Гогаля будзе ўсё гэта шукаць (і можа нават знайсці, калі моцна пастараецца). Але сутнасць у тым, што сам герой перажыў розныя часы і захаваўся. Па сутнасці не змяніўся: той жа маленькі чалавек з яго маленькімі радасцямі і праблемамі, якімі толькі і занятая ўся яго свядомасць, якія ў яго ўласным ўяўленні набываюць мега-значэнне. Гэта канстатацыя, пазбаўленая якой бы то ні было адзнакі: людзі жывуць па-рознаму, гэта іх уласны выбар.

Здаецца, ну дзе могуць быць эмоцыі ў такім спектаклі, калі няма ніякай выразнай сцэнаграфіі, прастора, у якой існуюць артысты, фактычна пустая, умоўнасць падкрэслівае чорны фон, а выканаўцы выглядаюць амаль аднолькава? (Мастаком-пастаноўшчыкам з’яўляецца сам Кірыл Балтрукоў, а мастаком па касцюмах — Кацярына Герасіменка.) Аднак эмоцыі нараджаюцца ўнутры кожнага канкрэтнага чалавека, які сядзіць у зале. І яны могуць быць недатычныя Гогаля. Бо тут шынель — не столькі вопратка, колькі сімвал і спосаб існавання. Так, артысты яго апранаюць — прычым, не толькі парадным, але і адваротным бокам, у ім ходзяць, у яго прасоўваюць рукі, каб прымераць (чужое ці для мяне?). У яго захінаюцца, а часам здаецца, што ў ім хаваюцца ад вонкавага свету. З ім зжываюцца, і ён нібыта становіцца часткай натуры. На сцэне некалькі чалавек, але ўсе як адзін: засяроджана-напружаныя, чорна-шэрыя, месцамі адчайна рэзкія і зноў стрыманыя, як і павінна быць. Тут людзі, якія існуюць у вялікім горадзе, затурканыя справамі, знясіленыя мітуснёй, калі не застаецца нейкай унутранай цеплыні, а толькі функцыя. З задачамі пастаноўшчыка спраўляюцца артысты Кацярына Герасіменка, Ганна Мядзведзева, Марыя Кірылава, Яна Дзямідчык, Лізавета Есіпава, Ганна Ляпо, Дыяна Уласава, Мікіта Скурат, Канстанцін Мацукевіч (магчымыя варыянты выканальніцкага складу).

Амаль гадзіна назіранняў за выканаўцамі, за тым, як яны кантактуюць адзін з адным і з нешматлікімі прадметамі, што ёсць ці з’яўляюцца на сцэне (напрыклад, стол ці чайнік), дае адчуванне не таго далёкага, а сучаснага чалавека, які, можа, і не хацеў бы лічыць сябе маленькім, бо кожны ўпэўнены, што на сваім месцы робіць вялікую і важную справу, але ў гарадскіх маштабах (ці яшчэ шырэй, нават да сусветных) ён проста пясчынка, ад якой мала што залежыць. Ён нават можа паглядзець на сябе збоку, нібыта ў люстэрка. І што там убачыць кожны з нас — праца яго ўласнага ўяўлення і разумення свету. Бо і пясчынкі здольныя ўтвараць горы.

Дзякуючы гэтаму спектаклю афіша маладзёжнага тэатра стала больш разнастайнай (хоць пластычныя пастаноўкі тут з’яўляліся і раней, у тым ліку дзякуючы Кірылу Балтрукову). Гэта не харэаграфія ў тым сэнсе, як мы прывыклі пра яе думаць. І пластычных спектакляў цяпер у драматычных тэатрах няшмат (хоць яны былі раней вельмі яркія, у тым ліку паводле літаратурных твораў). Але ёсць частка гледачоў, якія шукаюць у тэатрах нечага іншага па форме, дзе гавораць не наўпрост, а праз уяўленне. І калі ласка...

Ларыса ЦІМОШЫК

Загаловак у газеце: Нібыта дадатковая скура

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Што кожны ахвотны можа зрабіць, каб палепшыць любімы горад?

Што кожны ахвотны можа зрабіць, каб палепшыць любімы горад?

Супрацоўнікі Мінпрыроды расказалі, якая карысць ад дрэў у горадзе.

Грамадства

Час рабіць запасы

Час рабіць запасы

Восень для спецыялістаў аграрнай галіны — час падводзіць вынікі, і сёлета яны годныя. 

Навука

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.