У дзень 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, 3 ліпеня 2024 года, на тэлеканале АНТ адбыўся прэм’ерны паказ дакументальнага фільма «Беларускі фронт Паднябеснай» (аўтар сцэнарыя — член Саюза пісьменнікаў Беларусі, вядомы ў Беларусі і Расіі літаратар, аўтар многіх кніг у «маладагвардзейскай» серыі «Жыццё знакамітых людзей Беларусі» Вячаслаў Бандарэнка).
Ужо на самым пачатку Дзмітрый Бачкоў (ён — вядучы фільма) заўважае: «Феномен сучаснага свету. Магутнейшая эканоміка, найноўшыя тэхналогіі. Знаходзячыся тут, верыш, што будучыня ўжо надыйшла. І ўсё гэта дзіўным чынам спалучаецца з трапяткім стаўленнем да гісторыі і традыцый...» Вядучы запрашае на свае вочы разгледзець велізарныя гмахі, культавыя мясціны Пекіна...
І следам дадае: «...дзякуючы чаму і каму Кітай дамогся такога росквіту? Сярод мноства звыклых адказаў ёсць адзін, пра які амаль што не гавораць за межамі Паднябеснай, але толькі не самі кітайцы. Другая Сусветная для іх, як і для нас Вялікая Айчынная. Гісторыі, якія мы раскажам вам сёння, сведчаць менавіта пра гэта».
А далей — зусім нечаканая знаходка аўтараў. Нечаканая найперш для гледача... Расповед пра кінакамедыю «Джэнтльмены ўдачы». 1971 год. Упершыню фільм паказалі 13 снежня. Камедыю ў першы ж год паглядзела амаль 65 мільёнаў чалавек. Гледачам спадабаўся і эпізод з начальнікам калоніі, якога сыграў кітаец Уладзімір Уан-Зо-Лі. Яго лічылі буратам ці казахам, а ён — сапраўдны кітаец, хоць і нарадзіўся ў Расіі... І далей ідзе расповед пра тое, якой магутнай была хваля рабочай эміграцыі з Кітая ў Расію. Да вясны 1917 года ў Расіі знаходзілася каля 200 тысяч кітайцаў... І ў Беларусі з’явіўся свой цэнтр кітайскай дыяспары — у Віцебску і ваколіцах. Усяго ў Беларусь прыехала 119 пе-расяленцаў з Кітая (згодна перапісу 1926 года)...
У БССР яшчэ напрыканцы 1928 года ўзнік ці не першы калгас — і заснавалі «Кантонскую камуну» якраз кітайцы. Узначаліў гаспадарку Аляксандр Чжан Ван-фу, які ў грамадзянскую вайну служыў у Чырвонай Арміі, а затым — у міліцыі. У 1920-я гады шмат хто з кітайцаў жадаў трапіць у СССР. Сярод такіх ахвотных аказаўся і малады кітайскі лётчык Тан До. Ужо — і пра гэта таксама будзе ў фільме — ён стане генералам у Кітайскай Народнай Рэспубліцы, пройдзе выпрабаванне яшчэ адной вайною... Звесткі пра даўнія падзеі суправаджаюцца паказам дакументальнай кінахронікі.
Фільм «Беларускі фронт Паднябеснай» — гэта яшчэ і расповед пра лёсы ўраджэнцаў Беларусі, якія ваявалі ў Кітаі ў 1945 годзе за вызваленне Паднябеснай ад японскіх агрэсараў. Аўтар сцэнарыя расшукаў цікавінкі пра пяцёрку беларусаў, якія ў баях 1945 года ў Кітаі здзейснілі подзвігі і былі адзначаны высокім званнем Героя Савецкага Саюза.
У Савецкім Саюзе ў Вялікую Айчынную вайну загінула 27 мільёнаў чалавек. У Кітаі ў тыя ж самыя гады — болей 30 мільёнаў... Лічбы ўражваюць, яны як напамін пра еднасць лёсаў, пра тое, якімі выпрабаваннямі, якой цаною прыйшлі да мірнага жыцця нашы народы. Як і ўражвае масштаб той дружбы, што існуе цяпер паміж Беларуссю і Кітаем. Напрыканцы фільма прыводзяцца словы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі:
«...Гэтай дружбе болей 30 гадоў, і з гэтага шляху мы ніводнага разу не звярнулі ні ўлева, ні ўправа. Таму і няма чаго даказваць пра нашу ўсепагодную, усёбаковую дружбу і супрацоўніцтва». І — словы Сі Цзіньпіня, адрасаваныя Аляксандру Лукашэнку: «Мой вялікі сябра, вельмі рады яшчэ раз вас бачыць. У сучасным свеце адбываюцца тытанічныя змены. Узнікаюць новыя рызыкі і выклікі. Шмат што з таго, што адбываецца, для нас нечакана. Кітайскі бок гатовы разам з беларускімі партнёрамі ўмацоўваць стратэгічнае ўзаемадзеянне ў імя стварэння супольнасці Адзінага лёсу чалавецтва».
У фільме ўзяў удзел і Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Беларусь у Кітаі Аляксандр Чарвякоў...
«Беларускі фронт Паднябеснай» — гэта яшчэ і першаштуршок да развіцця кінематаграфічнага летапісу беларуска-кітайскай дружбы ў 1950–1960-я гады. Менавіта ў тыя дзесяцігоддзі было надзвычай шмат стасункаў паміж БССР і КНР, было шмат паездак прадстаўнікоў творчай інтэлігенцыі ў Паднябесную. Некалькі месяцаў працаваў у Кітаі скульптар Сяргей Селіханаў. З вялікай творчай паездкай пабываў у Кітаі, наведаўшы самыя розныя мясціны, Максім Танк. Вынікам яго вандроўкі стаў асобны паэтычны цыкл легендарнага беларускага творцы. У 1950-я гады ў Паднябеснай пабачылі свет у перакладзе на кітайскую мову кнігі Аркадзя Куляшова, Якуба Коласа, Янкі Купалы, Янкі Маўра, Янкі Брыля, Петруся Броўкі, Кандрата Крапівы, Івана Шамякіна... Сяброўства ўмацоўвалася па самых розных кірунках гуманітарнага супрацоўніцтва. І далёка не лішнім будзе ўважліва агледзець гэтую і не такую даўнюю гісторыю і праз пільнае вока беларускага дакументальнага кіно.
Кастусь Лешніца
Наводзіць парадак — з розумам.
Міжнародная спецыялізіваная выстаўка жыллёва-камунальнай гаспадаркі пройдзе ў Мінску.