«Я маю права...» — думаю, што наўрад ці знойдуцца бацькі, якім нашчадкі не заяўлялі падобнае. Канешне, маеце, дарагія дзеці! І вашы правы абараняюць усюды. На заканадаўчым узроўні, на ўсялякі выпадак, прыняты асобны Закон «Аб правах дзіцяці», які дзейнічае з 1993 года, а яшчэ Нацыянальная камісія па правах дзіцяці — якраз аналізуе забеспячэнне абароны гэтых правоў і законных інтарэсаў дзяцей у нашай краіне. І, паверце, гэта толькі малая крыха той заканадаўчай базы, якая заклікана забяспечваць і кантраляваць правы дзіцяці. Толькі пералік міжнародных дакументаў зойме процьму часу, пачынаючы ад Канвенцыі па правах дзіцяці. Не спрачаюся — правы дзіцяці павінны абараняць усе ўсюды і заўсёды, але яшчэ важней, каб і дзіця не толькі ведала і патрабавала свае правы, але і ведала, разумела і выконвала свае абавязкі і, вядома ж, адказвала за свае ўчынкі. Любыя правы і любая свабода — гэта, перш за ўсё, адказнасць.
Як знайсці баланс пры выхаванні дзіцяці, каб і правы захоўваліся, і абавязкі выконваліся? Я невыпадкова закранула тэму абавязкаў і акцэнт хачу зрабіць менавіта на абавязку выканання законаў нашымі дзецьмі. Хоць не такое ўжо і дзіця... у 14 гадоў, калі надыходзіць крымінальная адказнасць па шматлікіх злачынствах.
Ах, праблема бацькоў і дзяцей... Неяк я прачытала папірус Прыса, які лічыцца самай старажытнай кнігай на Зямлі. Па меркаванні навукоўцаў, яна напісана прыкладна ў 3350 годзе да нашай эры, вось толькі тэма яе вечная — паколькі шматлікія навукоўцы сцвярджаюць, што дадзеная праца была напісана ў якасці павучанняў бацькоў сынам. Прывяду толькі адну цытату, якая абвяшчае: «Моладзь пайшла не тая. Усе жадаюць стаць пісьменнікамі, і ніхто не жадае працаваць. Не слухаюць старэйшых». Пагадзіцеся, што сёння гэтая фраза гучыць таксама, хіба што «пісьменнікаў» замяняюць на «айцішнікаў». Вы толькі ўявіце, гэта амаль пяць з паловай тысячагоддзяў таму, а нібыта сёння!
Усё гэта я вяду да таго, як важна ні ў сям’і, ні ў школе не згубіць нітачку даверу, які, як правіла, заўсёды ёсць у падлетка з бацькамі, з настаўнікамі, але ў нейкі момант знікае, і тады падлетак здзяйсняе злачынства. Вядома, давер аднамомантна выпарыцца не можа, а, значыць гэтаму папярэднічалі пэўныя падзеі, якія і падштурхнулі да расчаравання, а потым і да акту непадпарадкавання.
Злачыннасць дзяцей і падлеткаў — асаблівая трывога і для міліцыі, і для грамадства ў цэлым. Адны ідуць на сур’ёзныя парушэнні закона за кампанію, іншых штурхаюць фінансавыя цяжкасці, трэція пераступаюць закон дзеля забаўкі.
Але, хто б што ні казаў, як бы ні лаялі школу, калі непаўналетні здзяйсняе злачынства — віна бацькоў ёсць адназначна. Такое маё меркаванне. Уяўляю, колькі зараз у мой адрас паляцела стрэл... Але ўсё роўна паўтару: значыць бацькі нешта ўпусцілі, нешта не заўважылі, нешта праігнаравалі... Я не кажу, што ў бацькоў не было нейкіх прычынаў на гэта. Бо вельмі часта мамы выхоўваюць дзяцей адны і проста фізічна не паспяваюць сачыць за імі так, як хацелася б. Але адказнасці гэта з бацькоў, на жаль, не здымае.
Многія могуць задацца пытаннем, а з чаго гэта раптам дэпутат так «клапоціцца» аб злачыннасці падлеткаў. Адкажу, што не раптам. Больш за трыццаць гадоў таму, як зараз кажуць «у ліхія 90-я», я пачынала сваю работу ў дзяржаўных органах з камісіі па справах непаўналетніх. Тады структура падлеткавай злачыннасці была іншай. Пераважалі крадзяжы і хуліганствы. Кралі з скляпоў, так званыя «закаткі» на зіму, у крамах прадукты харчавання — таму што хацелі есці. Тысячы разоў можна цытаваць нашага Прэзідэнта, калі, толькі прыйшоўшы на пасаду кіраўніка дзяржавы, ён гаварыў аб тым, што людзей трэба накарміць, а тым больш дзяцей. Не, ні ў якім разе не ў якасці апраўдання маленькім злачынцам, што яны хацелі есці, таму кралі, я пра гэта кажу, але быў зразумелы хаця б матыў. Цяпер сітуацыя іншая.
Цяпер з’яўляюцца зусім новыя віды злачынстваў, і гэта значыць, што неабходна ўносіць змены ў дзейнае заканадаўства, часам прымаць абсалютна новыя законы. Пры гэтым у аснове застаецца пытанне, як у Чарнышэўскага: «што рабіць», каб не толькі не дапусціць рост, але і папярэдзіць учыненне злачынстваў нашымі дзецьмі?
Запэўніваю, думаць, што на парушэнне закона ідуць дзеці толькі з праблемных сем’яў — абсалютная памылка. Сёння правіны і злачынствы ўчыняюць і тыя, хто расце ў добрай сям’і. Дзе ёсць і мама, і тата, і дастатак у хаце, і грошы на кішэнныя выдаткі даюць... Але дзеці абсалютна ўпэўнены, што іх пакаранне не заспее. Яшчэ горш, калі няма страху перад пакараннем.
Вернемся да відаў злачынстваў. Сказаць, што адбыліся ашаламляльныя змены, дык не. Працягваюць пераважаць крадзяжы, вось толькі спосабы іншыя, гэта вам ужо не скляпы са слоічкамі смачнасцяў, а выкарыстанне лічбавых тэхналогій, мабільных банкінгаў.
Бо з бурным развіццём тэхналогій, інфармацыя ператварылася ў адзін з галоўных элементаў нацыянальнага багацця. Вось толькі «багацце» гэта нярэдка незаконна прысвойваюць. Пагадзіцеся, што тэхналагічныя і прамысловыя скачкі заўсёды ўплывалі не толькі на эканамічныя працэсы, якія адбываюцца ў грамадстве, як зараз, але і вялі да павышэння вынаходлівасці, калі хочаце — выдасканаленасці злачынцаў. Будзем называць рэчы сваімі імёнамі — падману людзей.
Асноўным спосабам здзяйснення крадзяжоў грашовых сродкаў з банкаўскіх рахункаў стала ашуканства пры дапамозе вішынгу і фішынгу. Можна пацікавіцца ў пажылых людзей, што такое вішынг і фішынг, але баюся, што акрамя абурэння ды «моцнага слоўца», яны не змогуць адказаць нешта канкрэтнае.
Яшчэ адна праблема, пра якую мы ўжо не гаворым, а б’ём у набат — гэта незаконны абарот наркотыкаў. Цяпер у гэты брудны бізнес уцягваюць самую ўразлівую групу насельніцтва — непаўналетніх, падлеткаў. Нашых дзяцей... На жаль, хлопцы думаюць, што гэта кшталту квэста, і часта не ўяўляюць, наколькі сур’ёзнымі могуць быць наступствы такой «гульні».
Цяпер кожны падлетак ведае, што такое «закладка» — продаж наркотыкаў, расфасаваных у невялікія пакуначкі і прыхаваных у зацішным месцы, вельмі распаўсюджаны. І нават калі дзіця не збіраецца ўжываць, то яго, не сумнявайцеся, будуць спрабаваць прыцягнуць да распаўсюджвання. Вось толькі ў які момант, нават не магу сказаць «непаўналетні»... — дзіця — задумваецца пра адказнасць? Самае крыўднае, што, як правіла, толькі тады, калі ўжо ўсё адбылося і назад шляху няма. Дакладней шлях адзін — арышт, турэмная камера і тэрмін пазбаўлення волі, прычым вялікі.
Так адбылося з гомельскім юнаком, які быў арыштаваны на вачах сваіх аднагодкаў і сяброў. Хлопец з добрай сям’і, з прэстыжнай навучальнай установы, і ...літаральна два месяцы таму сядзеў у зале на такім жа публічным арышце такога ж падлетка. Узнікае слушнае пытанне, калі ішоў рабіць закладку, не разумеў, што чакае такая ж доля? Яго адказ на гэтае пытанне быў просты: «Я думаў, што мяне не зловяць». А далей — больш. Хлопец вучыўся на «дзявяткі» і займаўся крыптавалютай, зарабіў, трэба сказаць, вельмі прыстойную суму для падлетка, каля пяці тысяч долараў. Але, як у мультфільме пра залатую антылопу: хачу больш, больш, больш... У адзін цудоўны дзень, спрабуючы зарабіць больш, уся крыптавалюта была страчана. Пачаліся пошукі новых спосабаў зарабіць і... знайшліся...
Няма патрэбы расказваць, як дзіця можа стаць удзельнікам наркабізнесу. Інтэрнэт «кішыць» заманлівымі аб’явамі аб тым, што патрабуецца высокааплатны кур’ер. Знаёмы прапануе «зарабіць без натугі», а падлеткі вельмі давяраюць аднагодкам, ды і грошыкі патрэбныя. Першая закладка, а потым, думаюць яны, грошы ракой паплывуць, вось толькі ракі не атрымліваецца.
Што рабіць бацькам? Колькі матчыных слёз праліта? І тут важна не забываць, што любая доза наркотыкаў — патэнцыяльная смерць.
Больш за пяць гадоў таму маці асуджаных падлеткаў па 328-м артыкуле Крымінальнага кодэкса аб’ядналіся ў нефармальны рух «Матчын рух 328». Чаму 328? Тым, хто не ў курсе: гэты нумар артыкула Крымінальнага кодэкса нашай краіны прадугледжвае пакаранне за «незаконны абарот наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх прэкурсораў і аналагаў». Мне прыйшлося не аднойчы мець зносіны з маці, чые дзеці асуджаныя да вялікіх тэрмінаў пазбаўлення волі па дадзеным артыкуле. А прадугледжана па ім пакаранне ні многа, ні мала — да дваццаці гадоў пазбаўлення волі. І кожная з маці лічыла, што менавіта яе сын «трапіў выпадкова», «ні за што, ні пра што пасадзілі...». Вось толькі ці думаюць яны, што, калі б іх сын ужыў гэтыя самыя наркотыкі (зараз распаўсюджаны сінтэтычныя наркотыкі, якія смяротна небяспечныя для падлеткаў), як бы тады яны ставіліся да «закладчыкаў»? Міжволі хочацца прапанаваць мацяркам асуджаных сустрэцца з жанчынамі, якія страцілі сваіх дзяцей, або чые дзеці сталі наркаманамі пасля першай дозы.
І зноў пытанне: чаму працверажэнне прыходзіць, толькі калі на запясцях прыгожых маладых хлопцаў зашчоўкваюцца кайданкі?..
Наогул, калі ўзяць злачыннасць як сацыяльную з’яву, то яна шмат у чым паказвае культуру нашага грамадства, усведамленне ім каштоўнасці права. Сёння злачыннасць з’яўляецца адной з найважнейшых сацыяльных праблем. Балюча, калі ў парушэнне законаў уцягваюць дзяцей, якія нават не дасягнулі ўзросту крымінальнай адказнасці. А ведаеце, што тыя, хто ўцягвае такіх маленькіх удзельнікаў завуць «маладыя дарослыя», відавочна маючы на ўвазе, што гадуюць новае пакаленне злачыннага свету.
Але ж нашым дзецям ад нас трэба так мала — наша ўвага і любоў. Лепшае, што можна выдаткаваць на дзяцей — гэта ваш час, знаходзьце яго, чаго б гэта ні каштавала, або потым не наракайце, што не даглядзелі.
Ірына Даўгала, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па правах чалавека, нацыянальных адносінах і СМІ.
«Абавязак кожнага беларуса — прагаласаваць за сваю будучыню».
Новая гісторыя гістарычнага факультэта.
Мы змаглі пераадолець наступствы заходняга санкцыйнага ціску.
Зрабіўшы якасць неад’емнай часткай іміджу Беларусі як краіны, займацца ёй неабходна пастаянна і ва ўсіх напрамках.