Рабочы графік Прэзідэнта штотыдзень надзвычай насычаны. І тэмы, якім кіраўнік дзяржавы надае пільную ўвагу, самыя разнастайныя: эканоміка, бяспека, сацыяльная сфера, прамысловасць, грамадска-палітычная абстаноўка і многае іншае. Кожную тэму Аляксандр Лукашэнка вывучае дэталёва, абавязкова робіць акцэнт на праблемах, але і не забывае пра станоўчыя моманты. Ацэнкі Прэзідэнта заўсёды трапныя і змястоўныя. А даручэнні і парады — канкрэтныя. Сабралі топ-5 цытат кіраўніка дзяржавы за мінулы тыдзень, якія акрэсліваюць сітуацыю ў розных сферах жыцця краіны і задаюць вектары яе развіцця.
1. «Мужыкі, спакойна ў гэтым годзе не будзе, — папярэдзіў усіх адказных за ўборачную кампанію Аляксандр Лукашэнка падчас селектарнай нарады, прысвечанай уборачнай кампаніі 2024 года. — Не таму, што мы тут у перадвыбарны год нешта пачынаем. Хаця гэта таксама важна. Мы здаём, як я заўсёды казаў, экзамен беларускаму народу. Не амерыканцам, не палякам, не еўрапейцам. Нам напляваць на іх меркаванне, хоць мы іх меркаванне гатовы ўлічваць. Мы для свайго народа працуем і мы сёння здаем экзамен. Хто б там потым ни быў Прэзідэнтам, народ павінен бачыць, што сістэма, створаная намі, эфектыўна працуе». Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што сёння па вялікім рахунку не можа прад’явіць прэтэнзіі, што нехта адлыньвае ад работы, нехта дрэнна працуе і гэтак далей. Але, звярнуў увагу ён, збоі ёсць, ёсць недахопы. І рэцэпт іх вырашэння зразумелы — жалезная дысцыпліна і безумоўнае выкананне тэхналогій.
2. «Людзі не хочуць разумець, што гэта надзвычайная сітуацыя. Вайна проста, толькі няма стральбы з аўтаматаў і кулямётаў. Тое ж самае, што на вайне. І ніхто не задаецца пытаннем: а што ты зрабіў для таго, каб пераадолець гэтую катастрофу», — заявіў Прэзідэнт, каментуючы працу над ліквідацыяй наступстваў урагану, які абрынуўся на Беларусь. Аляксандр Лукашэнка выказаў шэраг крытычных заўваг у адрас энергетыкаў, органаў МНС, мясцовых улад, якія не адрэагавалі так, як павінны былі. Разам з тым, ён прызнаў, што сітуацыя надзвычайная, з якой даўно не сутыкаліся. Таму галоўная выснова з гэтай сітуацыі — гэта ўрокі, якія павінны вынесці ўсе адказныя.
3. «Мы за Радзіму, канешне. Але найперш павінны разумець, што за намі стаяць нашы сем’і, нашы дзеці, старыя і жанчыны — наш народ. Яны вераць у нас. Іх вера — наша сіла», — адзначыў кіраўнік дзяржавы на цырымоніі ўшанавання выпускнікоў вышэйшых ваенных навучальных устаноў і вышэйшага афіцэрскага складу. Ён заўважыў, што народ вельмі балюча і востра рэагуе на рознага кшталту напружанасці, асабліва на граніцы. І прывёў нядаўні прыклад з напружаннем на беларуска-ўкраінскай граніцы. Інфармацыя аб канцэнтрацыі ўкраінскіх войскаў ад людзей не ўтойвалася. І хоць сітуацыя не была надзвычайнай, людзей гэта насцярожыла. Таму ваенным прыйшлося рэагаваць.
Галоўным досведам з гэтай сітуацыі кіраўнік дзяржавы назваў разуменне таго, што страляць — гэта крайні метад. «Гэта наш метад, мы ім павінны валодаць, але гэта крайняя мера. Трэба заўсёды вучыцца дамаўляцца, у тым ліку і ваенным», — адзначыў кіраўнік дзяржавы. Ён чарговы раз паўтарыў, што беларусы не хочуць ваяваць, але будуць вымушаны страляць толькі ў адным выпадку — калі бот чужы ступіць нашу зямлю. Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што адносіны з суседзямі будуць будавацца выключна дыпламатычным чынам. Але пакуль з заходнімі суседзямі ўзаемнасці няма, як заўважыў Аляксандр Лукашэнка, прыходзіцца быць пільнымі і порах трымаць сухім на паўночна-заходнім і заходнім накірунках.
4. «Мы будзем працаваць над тым, каб Арганізацыя Аб’яднаных Нацый была больш эфектыўнай арганізацыяй, каб своечасова прымаліся рашэнні, і каб гэтыя рашэнні былі справядлівымі для ўсіх краін пераважнай большасці. Хаця б для краін-удзельніц АрганізацыіАб’яднаных нацый, а не так, як гэта адбываецца цяпер, дзякуючы той палітыцы, якую праводзіць Захад, перш за ўсё ЗША, карыстаючыся сваёй дамінуючай перавагай у эканоміцы, фінансах і гэтак далей», — сказаў Прэзідэнт, прымаючы з дакладам пастаяннага прадстаўніка Рэспублікі Беларусь ў ААН Валянціна Рыбакова. Дыпламатычны падыход і тут выходзіць на першае месца.
5. «Лічу, што ў пытаннях рэалізацыі палажэнняў Асноўнага Закона Канстытуцыйнаму Суду неабходна займаць шчыра, не баючыся, лідарскую пазіцыю. Цяпер важна праяўляць ініцыятыўнасць, быць на вастрыі падзей, працаваць на апярэджанне. Словам, грамадства павінна бачыць Канстутыцыйны Суд у справе. Ад гэтай вашай актыўнасці залежыць дзейснасць абароны канстытуцыйнага правапарадку ў нашай краіне», — сказаў Прэзідэнт на сустрэчы з суддзямі Канстутыцыйнага суда.
Валерыя СЦЯЦКО.