Часовая занятасць моладзі ў вольны ад вучобы час арганізавана службай занятасці ва ўсіх рэгіёнах Беларусі, паведамілі ў Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны. Традыцыйна найбольш запатрабавана працаўладкаванне ў маладых людзей у перыяд летніх канікулаў.
Толькі за чэрвень службай занятасці працаўладкавана 18,5 тысячы навучэнцаў і студэнтаў, з іх 95 працэнтаў — у арганізацыі з выкарыстаннем сродкаў бюджэту дзяржаўнага пазабюджэтнага фонду сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь. Усяго ж з пачатку года працаўладкавана 28,2 тысячы моладзі, з іх 16,7 тысячы непаўналетніх.
Заключана больш як дзве тысячы дагавораў з наймальнікамі з выкарыстаннем сродкаў, што выдзяляюцца на фінансаванне мерапрыемстваў па занятасці насельніцтва. У цэлым жа на гэтыя мэты дзяржаўнай праграмай «Рынак працы і садзейнічанне занятасці» ў 2024 годзе прадугледжана больш чым 13 мільёнаў рублёў.
На партале дзяржаўнай службы занятасці наймальнікі прапануюць звыш 16 тысяч вакансій для працаўладкавання моладзі. У пералік арганізацый, гатовых часова прыняць на работу навучэнскую моладзь з аплатай працы за кошт наймальнікаў, а таксама за кошт сродкаў дзяржавы, уключана 1,7 тысячы арганізацый.
З агульнай колькасці вакансій каля 6,5 тысячы даюцца для працаўладкавання непаўналетніх. У час канікул школьнікі, навучэнцы і студэнты могуць уладкавацца ў якасці падсобных і кухонных рабочых, паляводамі і прадаўцамі, кур’ерамі і сакратарамі, афіцыянтамі і прыбіральшчыкамі памяшканняў. Да таго ж летні перыяд дыктуе пэўную сезоннасць. Таму наймальнікі актыўна прапануюць падсобныя работы на збожжатоках, у лесагадавальніках, цяпліцах, работы па праполцы, зборы ягад.
Зарплаты для непаўналетніх пры выпрацоўцы поўнай працягласці працоўнага часу ў месяц стартуюць ад 626 рублёў. Напрыклад, у Чавускім раёне Магілёўскай вобласці шукаюць чалавека для работы на лесагадавальніку і гатовы плаціць 626 рублёў.
У Брэсцкім раёне прапануюць 650 рублёў за працу афіцыянтам. У Мінскім раёне на тую ж пасаду шукаюць работніка, прапануючы заробак 1000 рублёў. У Жодзіне дзяўчатам, якія маюць кваліфікацыю «швачка 3-га разраду», прапануюць 1000–2000 рублёў на ТАА «Марк Фармэль».
З падрабязным пералікам арганізацый, гатовых прыняць моладзь на перыяд летніх канікулаў, можна азнаёміцца на партале дзяржаўнай службы занятасці насельніцтва. Для аказання садзейнічання ў працаўладкаванні маладыя людзі могуць звярнуцца ў службу занятасці па месцы жыхарства або ва ўстанову адукацыі.
Тым, хто яшчэ не вызначыўся са сваёй кар’ернай траекторыяй, на сайце дзяржаўнай службы занятасці даступны сэрвіс «Крок у прафесію». Гэта маштабны лічбавы рэсурс па прафесійнай арыентацыі для ўсіх грамадзян незалежна ад узросту.
Прайшоўшы тэсціраванне, чалавек зможа вызначыцца са сферай інтарэсаў і выбраць прафесію з улікам сваіх схільнасцяў і пераваг. Яму таксама даецца магчымасць убачыць не толькі кар’ерную траекторыю па канкрэтнай прафесіі, але і адпаведныя ўстановы адукацыі, дзе можна яе атрымаць.
Алена КРАВЕЦ
Ён прапаноўвае грамадска-палітычны відэакантэнт, галоўныя навіны і ўсе тэлеканалы анлайн.
Восеньскія сельскагаспадарчыя кірмашы — абавязковы атрыбут восені.