Курэнне — шкодная звычка. Ды яшчэ і якая!..
Нехта з маленства ведаў пра гэта і таму прынцыпова яе не заводзіў: курыць нават не пачынаў. Нехта, на жаль, пачаў: курыць і кідаць не збіраецца (часта — пакуль смажаны певень не клюне)... Хтосьці спрабуе завязаць, і ў яго атрымліваецца! А хтосьці (яшчэ не «клюнуты»?) нават не збіраўся ні кідаць, ні спрабаваць, але…
Як было?
Сядзяць неяк вяскоўцы-мужыкі сваёй кампаніяй, выпіваюць — па першай, па другой, розныя размовы размаўляюць, закурыць збіраюцца.
— Хлопцы, пацярпіце, га? — просіцца Міша. — Не спакушайце... Вы ж ведаеце: я «ў завязцы», трэці дзень не куру... Магу сарвацца.
— Дык ты што — не мужык? Вырашыў — значыць, трымайся! — стаў павучаць яго Коля. — Мы закурым, а ты сваю волю ў кулак...
— Лёгка гэтак сказаць, — уздыхнуў Міша, — зрабіць цяжэй.
— Але ж можна! — не здаваўся Мікола. — Вось калі б я што надумаў (п’яныя ўсе героі!), — стопудова зрабіў бы!
— А ты паспрабуй, — кінуў нехта з мужчын.
— Хто? Я? Ды лёгка, як два пальцы аб асфальт!
— Давай у заклад!
— Давай!.. На пляшку «Арарату».
Мужчыны ўдарылі па руках і хутка разышліся.
Вечарам, не пакурыўшы, Коля яшчэ неяк заснуў — ноч пераночыў.
Зранку не мог «прачнуцца»: нечага не ставала? І зусім не пахмелкі...
У кішэні ляжаў пачаты пачак цыгарэт. Мікола дастаў яго, панюхаў, пакруціў у руках... «Курыць не буду», — загадаў сам сабе, але ж... Хацеў, прычым так…
Дзень да вечара неяк пратрымаўся. Нават другі яшчэ перацярпеў, хоць і не думаў, што будзе такая ломка (мужыкі, суседзі тым часам «назіралі» за ім)... На трэці не вытрымаў, бедны, сказаў: «Ды гары яно гарам» (як у ваду паглядзеў): я ж толькі адну цыгарэтку і ўсё. Ніхто не ўбачыць... А ў крайнім выпадку — халера з ім — прастаўлю той каньяк!»
Коля ўзяў цыгарэту і пайшоў за хлеў у прыбіральню. Прысеў там, засмаліў — ну зусім жа іншае жыццё! Чыстая нірвана!..
Ледзь выйшаў з яе, акурак у вядро з паперкамі ўкінуў — пайшоў у хату. Сядзіць, з любай жонкай нейкую меладраму глядзіць, а на падворку тым часам драма разгараецца: хлеў дыміць.
Сусед гэта першым згледзеў, пажарнікам пазваніў і лётам да Колі з крыкам: «Га-а-рыш!»
На шум і дым людзі з вёдрамі збегліся, сталі агонь вадой заліваць.
Хвілін праз дзесяць на дзвюх машынах з сірэнамі пажарнікі прымчаліся. І ў добры час, бо «ўзгаранне ім удалося ліквідаваць» (яны заўсёды так кажуць). А заадно — высветліць, што пачалося ўсё з так званага «маленькага дамка», з прыбіральні.
Гаспадар нават не адпіраўся: было, сам ён вінаваты.
І не ў тым, што не стрымаў слова. У тым, што, не падумаўшы, даў яго, каб потым у такую бяду ўваліцца, у клопаты, у лішнія расходы…
Перажываў чалавек, але ж — як ні дзіўна — курыць зусім не хацеў: адвярнула, на ўсё жыццё.
Так што каньяк ён не прастаўляў, курыць кінуў, а вось як яму гэта ўдалося — лепей не пытацца... Не любіць ён ні ўспамінаць, ні расказваць.
Соф’я КУСЯНКОВА
Рагачоўскі раён
Праўду кажуць, што за высокім частаколам слівы смачнейшыя.
Гэту гісторыйку я пачула калісьці ў вёсцы Лукава, што на Маларытчыне, і расказвалі яе прыкладна так.
Ноч. Навальніца, але дажджу пакуль што няма... Сусед да суседа палез у гарод па агуркі: маланка блісне, пасвеціць — ён збольшага ўбачыць і сарве, потым ізноў…
А ў перапынках, у чаканні святла, яшчэ і прытанцоўвае, каля градкі «вершы складае», паўтарае сабе пад нос: «Блісні, блісні, бліскурка, яшчэ вырву агурка...»
І, напэўна, вельмі шмат іх нарваў бы, што называецца, на халяву, але ж гаспадар застукаў: трошкі паназіраў, паслухаў ягоную «песню», а ўрэшце выцягнуў з тыну добрую лазіну і як смальне зладзюжцы па спіне!
— Во-о, — здзіўляецца той, — шчэ не бліснула, а ўжо свіснула.
...У зладзеяў так часта бывае: не кажы «гоц», калі не пераскочыў.
Валянціна ГУДАЧКОВА
г. Жыткавічы
Гэта гісторыя, як той казаў, «мела месца быць». І не ў нейкім там чужым жыцці, а ў нашым, філфакаўскім: сам яе згадаў, сам напісаў, сам пасмяяўся, бо адметная сабралася група — аж сем хлапцоў было (у іншых — адзін ці два)... Дзяўчаты нас бераглі. А ўжо Колю — сціплага разумніка, «вершаплёта» і гумарыста — дык, здаецца, найболей?! І ўсё ж…
Студэнцтва…
Сцежкай успамінаў
Туды, бывае, забрыдзём
І ўбачым…
след, які пакінуў
Легенда курса — Коля Дзём…
Цяпер сказалі б — «крэатыўнік»:
Трымаўся лініі сваёй,
Навукі спасцігаў актыўна,
І больш — уласнай галавой.
Занудлівых цураўся лекцый,
Дзе сон не сон —
лепш ноччу спаць...
І дэканат рашыў, што трэба
Яго стыпендый пазбаўляць.
...У «ленінцы» ў той дзень Мікола
Намучыў звіліны зашмат:
Перад экзаменам
у голаў
Убіць стараўся дыямат.
Настрой быў кепскі, бо патраціў
Такі чаканы выхадны...
А горш таго — галодны страўнік
Не марш іграў — балюча ныў.
Не дзіва — Колева актыўнасць
Пад вечар стала заціхаць:
Не лепш была і перспектыва —
Ізноў,
не еўшы,
легчы спаць.
У інтэрнат папоўз тым часам —
Да роднай Паркавай дабрыў.
А там,
у кухні,
вараць... мяса —
Свініну...
З тузіну рабрын!
Па ўсім паверсе інтэрната
Струменіцца спакусны пах,
Кухараць, ведама, дзяўчаты,
А водар...
Коля
чуць не ўпаў!
Відаць,
прэзент камусьці з дому
Даходзіў на малым агні...
Быў павагаўся трохі Дзёма,
Ды «абстаноўку ацаніў»:
Ані душы вакол!..
Каструлю
З агню —
сабе пад паліто
І ў наш пакой —
хутчэй за кулю —
Каб, божа крый,
не згледзеў хто.
Ён нават не адчуў адразу,
Ад болю не разявіў рот,
Як бок каструлі — во зараза! —
Да пухіроў
апёк жывот!
...«Аднапакойнікі» не спалі,
Ніхто,
скуль мяса,
не спытаў...
Умомант лыжкі замільгалі,
Для юшкі кубак нехта браў.
Апаражнілі ўсю каструлю:
Рэчдоказам не месца тут!
Больш не галодныя —
пачулі
У дзверы
досыць моцны стук.
Сляды не знішчаны злачынства,
І посуд на стале пакуль...
А на парозе — чын па чыну —
Як хмара, Клава...
Пяты курс.
Каструлю грэбліва забрала...
Далей —
на цёплы шчэ абрус
Крышан — ды з прорасцямі! — сала
Паклала...
Немаленькі кус.
Маўляў, крадзеж — нядобры метад,
Спыталі б —
іншы паварот...
Затым дзяўчаты, як умелі,
Міколу мазалі жывот.
Давалі розныя парады,
Бабровы тлушч дасталі днём..
Ад гэткай шчырае спагады
Ледзь не жаніўся Коля Дзём!
М. КАМАРОЎСКІ
г. Орша
Замест пасляслоўя.
З Міколам (светлай памяці!) мы сябравалі са школьнай парты. Прозвішча яго я змяніў, хоць мог бы і пакінуць: ён любіў пасмяяцца з сябе.
І яшчэ. Пра тое, што многія з дзяўчат мазалі хлопцу жывот, я таксама «крыху» загнуў: тады былі зусім іншыя часы ды іншыя норавы. Дзяўчаты хіба мазі маглі прыносіць. Але ж і гэтага было дастаткова, каб хутка паправіцца.
Рубрыку вядзе Валянціна ДОЎНАР
«Абавязак кожнага беларуса — прагаласаваць за сваю будучыню».
Новая гісторыя гістарычнага факультэта.
Мы змаглі пераадолець наступствы заходняга санкцыйнага ціску.
Зрабіўшы якасць неад’емнай часткай іміджу Беларусі як краіны, займацца ёй неабходна пастаянна і ва ўсіх напрамках.