Прэс-сакратар Міністэрства па падатках і зборах Сяргей Саладуха пракаментаваў сітуацыю з чэргамі на атрыманне ключоў электроннага лічбавага подпісу (ЭЛП).
Днямі ў сацыяльных сетках з’явіўся відэаролік, у якім блогер абурылася начнымі чэргамі ў падатковую для атрымання ключа электроннага лічбавага подпісу.
У прыватнасці, Сяргей Саладуха адзначыў, што, на жаль, многія індывідуальныя прадпрымальнікі не паклапаціліся загадзя, да апошняга цягнулі з атрыманнем ключа ЭЛП. У выніку гэтага адбылася перагрузка рэгістрацыйных цэнтраў. Паводле яго слоў, у Беларусі выданне і падаўжэнне сертыфікатаў ЭЛП ажыццяўляюць 12 рэгістрацыйных цэнтраў, акрэдытаваных дзяржаўнай сістэмай кіравання адкрытымі ключамі праверкі электроннага лічбавага подпісу. У цяперашні час дзейнічаюць 44 пункты аказання электронных паслуг рэспубліканскага засведчвальнага цэнтра ДзяржСКАК, інфармацыя аб якіх размешчана на партале НЦЭП.
«Для зручнасці плацельшчыкаў ва ўсе рэгістрацыйныя цэнтры (акрамя пункта па адрасе: Мінск, праспект Машэрава, 25) магчымы папярэдні запіс праз афіцыйны сайт. Гэта значыць, можна выбраць дату і час наведвання цэнтра», — адзначыў Сяргей Саладуха.
РУП «Інфармацыйна-выдавецкі цэнтр па падатках і зборах» з 4 ліпеня перамясціў пункт аказання электронных паслуг, які раней размяшчаўся па адрасе: Мінск, праспект Машэрава, 7, у больш камфортнае памяшканне па адрасе: Мінск, праспект Машэрава, 25, кабінет 200, дзе з’явілася зала чакання, а таксама абсталявана 16 дыстанцыйных працоўных месцаў замест 12.
«Міністэрства па падатках і зборах улічыла максімальную загружанасць рэгістрацыйных цэнтраў, акрэдытаваных ДзяржСКАК, а таксама прыняло да ўвагі звароты плацельшчыкаў аб немагчымасці выканання ў такіх умовах абавязкаў па прадстаўленні падатковых дэкларацый індывідуальнымі прадпрымальнікамі ў электронным выглядзе. Падатковыя дэкларацыі (разлікі), пададзеныя на папяровым носьбіце, будуць прымацца падатковымі органамі ва ўстаноўленым парадку», — расказаў Сяргей Саладуха. Гэта значыць «індывідуалы» могуць па-ранейшаму падаваць дэкларацыі на паперы.
Прэс-сакратар таксама звярнуў увагу на магчымасці ідэнтыфікацыйных карт. «Пры наяўнасці ІD-карты індывідуальны прадпрымальнік мае магчымасць працаваць у асабістым кабінеце плацельшчыка і накіроўваць розныя электронныя дакументы без дадатковага выкарыстання атрыбутнага сертыфіката.
ІD-карта выдаецца грамадзяніну тэрмінам на 10 гадоў. Адначасова з яе выдачай выпускаецца сертыфікат адкрытага ключа на той жа тэрмін. Для пашырэння магчымасці падачы плацельшчыкамі дэкларацый (разлікаў) пры дапамозе ІD-карты ва ўсіх інспекцыях МПЗ абсталяваны спецыяльныя працоўныя месцы са счытвальнікам, на якіх любы плацельшчык можа запоўніць, падпісаць і накіраваць дэкларацыю ў падатковы орган», — адзначыў ён.
Сяргей КУРКАЧ
Практыка комплекснага добраўпарадкавання населеных пунктаў на Гомельшчыне дае новае жыццё райцэнтрам рэгіёна.
Са студзеня даходы пенсіянераў павялічацца — у некаторых да 500 рублёў.